October 17, 2019

Краснасельскія крэйдавыя кар'еры

У мінулую нядзелю першапачаткова я планаваў нікуды не ехаць, а "займацца справамі" (пад справамі мелася ва ўвазе сядзенне дома і глядзенне валейбола, футбола і гандбола ў інтэрнэціку) - ну, хіба што ўраніцы скатацца куды-небудзь пад Лясную. Але ж у выніку адгукнуўся на прапанову скатацца "куды-небудзь". Пад словам "куды-небудзь" хавалася даўно ўжо жаданае для мяне месца - Краснасельскія кар'еры. Я туды хацеў патрапіць ужо даўно, але аднаму туды дабірацца, не ведаючы, што там робіцца зараз, было неяк стрыкотна. У кампаніі ж чалавека, які там ужо быў і кар'еры больш-менш ведае - калі ласка

01. На стартавую кропку ехалі дызелем Баранавічы-Гродна. Паколькі ўначы спаў мала, то спаць хацелася так, што ледзь заскочыўшы ў цягнік на п.п.Лакаматыўнае Дэпо (не стамляюся дзякаваць Белчыгунцы за тое, што ранішні гродзенскі дызель цяпер прыпыняецца тут, бо раней пасля Баранавічаў-Цэнтральных ён каціў без перапынкаў ажно да Палонкі), нават не паспеў толкам прывітаць сваіх калегаў па сённяшняй вандроўцы Аляксея і Кацярыну і заваліўся спаць. З перапынкамі праспаў ажно да Азярніцы, дзе ўжо пачало світаць

02. Праязджаем Краснасельскі з індустрыяльным краявідам на тэрыторыю "Краснасельскбудматэрыялаў". Дзесьці недалёка адсюль і знаходзіцца мэта нашай сённяшняй паездкі, але стартавалі мы не тут, а ў Мастах

03. У Мастах хутка сабралі ровары, выскачылі з цягніка, пакацілі гарадскімі вуліцамі...

04. ...і неўзабаве ўжо пад'ехалі да досыць вядомага сярод беларускіх турыстаў пешаходнага маста праз Нёман. Мост яшчэ нядаўна быў на рамонце, але вось ужо зноў адкрыты. Што там зрабілі - не ведаю, victogan па фотачках казаў, што нават не відаць каб пафарбавалі, а я ж у самым пачатку, паспрабаваўшы праехаць мастом, адчуваў яўны нахіл улева

05.

06. Унізе - шырокі Нёман, якога ў гэтым годзе ў маіх нататках, сам ведаю, занадта многа

07. Вяртацца ў горад і каціць роварнай сцежкай уздоўж трасы Р41 асабіста мне не хацелася, таму паспрабавалі праехаць намаляванай на мапе сцежкай, вядучай уздоўж левага берага Нёмана праз лес у бок Мастоў Левых. Сцежка выявілася досыць добрай і хуткаснай, а ў такую пару - яшчэ і досць маляўнічай; тут я першы (і не апошні) раз на гэтым маршруце пашкадаваў, што пакінуў фотаапарат дома, вырашыўшы рабіць сёння ўсе фотачкі на тэлефон, які, нажаль, восеньскага хараства гэтай дарогі не перадаваў (там было яшчэ і не зусім зручнае святло збоку)

08.

09. Рака ўвесь час была дзесьці зусім побач, але за дрэвамі; адзін раз, ужо пад Левымі Мастамі, пад'ехалі да яе

10. За Левымі Мастамі было 8 кіламетраў асфальту супраць ветру да вёскі Пескі. Там цячэ Зальвянка

11.

12. А яшчэ там ёсць цікавы неагатычны касцёл маці Божай Ружанцовай пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. Некалькі год таму я ўжо быў у Песках і фатаграфаваў яго, але ж хіба мне і на гэты раз шкада для вас фотачак?

13. За Пескамі звярнулі ў бок вёскі Зарудаўе. Па дарозе сустрэлі Ката-Ў-Ботах у вёсцы Міжава...

14. ...і пабачылі Пакроўскую царкву ў Белавічах

15. На кар'еры, як можна пабачыць на мапе ў пачатку артыкула, заязджалі непарадна: мясцовымі дарогамі і з поўначы, а не асфальтам і з боку Краснасельска. У Агародніках я трошкі падзавіс над мапай, не зусім ведаючы, куды каціць далей, але тут дапамог мясцовы жыхар: "Вы на кар'ер? Вам налева і прама-прама-прама..."
Вось і кацілі такой дарожкай прама-прама-прама да Калядзічаў і праз вёску

16. За Калядзічамі павярнулі на ўсход - і вось збоку ўжо странныя ўзгоркі

17. А што ж там за ўзгоркамі... А вось і кар'ер. Іх там, у ваколіцах Краснасельскага, многа; мы ў той дзень паспелі наведаць толькі тры з паловай. Наколькі я разумею, гэты кар'ер скончылі распрацоўваць не так даўно

18.

19. Перакусіўшы (бо менавіта на той момант ужо праехалі кіламетраў 30), паехалі ўніз. Туды ішоў досыць рэзкі спуск

20. Унізе

21.

22.

23. Сюды станавіцца не трэба

24. Бераг

25. Тут жа, за своеасаблівым міні-перавалам, знаходзіцца і, відавочна, дзеючы кар'ер. Але менавіта ў тым месцы ў той дзень аніякага руху не было

26. Вось гэтую бандуру (каб мне яшчэ ведаць, як яна завецца...) мы, дарэчы, бачылі здалёк, яшчэ дзесьці па дарозе з Пескаў на Зарудаў'е, пасля Міжава. Каб вы ведалі масштаб яе памераў, там наверсе побач ёсць чалавек - маленькая такая чорная плямачка на фоне кучы пароды справа. Гэта, відавочна, які-небудзь ахоўнік, які хадзіў краем прорвы і лузаў семкі. Мы ж да таго кар'ера каціць ужо не сталі: усё роўна ўнізе дарога хавалася пад вадой, ствараючы брод - і яўна прызначаны для БелАЗаў, а не для ровараў

27.

28. Кацім далей, першая порцыя кар'ераў (самыя ўсходнія) засталася ззаду

29. Маляўнічы і ўжо зарослы былы кар'ер каля дарогі

30. Забараняючыя шыльды

31. Хатка каля асфальтавай дарогі, якой возяць на завод пароду БелАЗы. Хатка жывая, дарэчы, тут нават сабака ёсць у кадры (можаце пагуляць у гульню, хто яго пабачыць)

32. Звярнуўшы з асфальту, пакацілі ў бок самага вялікага і, напэўна, самага вядомага кар'ера. Дзесьці да сярэдзіны 10х гадоў гэтыя кар'еры былі вельмі баянным і папсовым месцам, фактычна тут быў своеасаблівы курорт, з загараючымі і купаючыміся ў прыгожага колеру вадзічке. Вадзічка гэтая сама па сабе небяспечная за хімічным складам, да таго ж гэта прамысловы аб'ект, і глыбіня тут досыць значная. Таму не дзіва, што там нават хтосьці тануў ці зрываўся з высокіх берагоў. У выніку, некалькі год таму аб'ект вырашылі зачыніць, наставілі бетонных блокаў (якія, але ж, перашкодай для людей не сталі), а вядучую да кар'ера дарогу вось вырашылі разбіць (прычым, яўна нядаўна, бо на зусім не старых фотачках гэтага месца я яе бачу)

33.

34. У спякотнае надвор'е там, як кажуць, бываюць рэйды міліцыі і службы аховы завода. Але ў той дзень мы аніякіх міліцыянтаў і ахоўнікаў не бачылі, але бачылі там мясцовых, і сцежачкі там досыць ясныя, а ўжо на берагах возера пару разоў бачылі месцы вогнішчаў - то бок, людзі туды па-ранейшаму заглядаюць нярэдка

35. А вось і возера

36.

37. Колер вадзічкі. У тырнэце пішуць, што раней яна была больш мяккага і цікавага колеру

38.

39.

40.

41. Кар'ер цягнецца даволі далёка на паўночны ўсход, і зверху падобны на досыць шырокую раку

42.

43. Сцежкі, як бачыце, на ровары цалкам праязджаюцца

44. Даехалі да самага, наколькі памятаю фатаздымачкі ў інстаграмчыках-вконтакціках тых часоў, папсовага месца (якое, нажаль, выглядае ўжо зусім інакш - акрамя іншага колеру вады, тут была і больш зрэзаная берагавая лінія, зараз жа водную прастору яўна пашырылі, а да таго ж і берагі падзарасталі)

45. Дарэчы, па дарозе сюды трэба быць асцярожным - склад глебы тут своеасаблівы, таму сцежка слізкая, мяне на спуску дзесьці пасярэдзіне добра занесла набок, але, на шчасце, каціў я няхутка

46. Усё, час каціць далей. Абавязкова вярнуся сюды ўжо з фотаапаратам і дзе-небудзь вясной ці летам

47. Вось так гэты кар'ер (ці, калі дакладней, месца, дзе ён стаіць) выглядае збоку, з дарогі

48. Пад'ехалі да завода. Туды б нас ніхто, канешне ж, не пусціў, але паглядзець на брутальную індустрыяльшчыну з адлегласці ніхто не перашкаджае, канешне ж

49. Там у нас была сотня метраў кавалку дарогі да нейкага дзеючага кар'ера, якою туды-сюды насіліся БелАЗы. Уявіце сабе, што гэтая шайтан-машына лётае тут з досыць вялікай хуткасцю, а да таго яшчэ і паглядзіце на край дарогі - відавочна, што часам з гэтых машын яшчэ і нешта падае. Крэйдавыя кар'еры (нават ужо не дзеючыя) - не тое месца, дзе варта забываць пра бяспеку

50. Дарэчы, так выглядалі колы майго ровара пасля гэтай сотні метраў, якую мы праляталі ў паўзе, калі на гарызонце не было аніякіх БелАЗаў

51. Далей была пара кіламетраў не самай прыемнай катанкі супраць ветру добра запружанай трасай Р44

52.

53. Але за Мінеўшчынай звярнулі на ўсход і пакацілі ў бок Зэльвы. Дарога там была хуткасная (спачатку якасная - асфальт не заўсёды такі роўны - жвіроўка, а ўжо ў Зальвянскім раёне - асфальт), вецер дзьмуў цяпер аднекуль ззаду, таму кацілася хутка, і я доўга дзеля фотаздымкаў не прыпыняўся, хаця мясціны там досыць маляўнічыя (і ўзгорыстыя; таму і дарога амаль заўсёды вяла то ўніз, то ўверх - Ваўкавыскае ўзвышша жа!). Пад Крамяніцай выкацілі на трасу Р50, якая вяла прама на Зэльву (не любячы "аранжавыя" аўтамабільныя дарогі OSMand прапаноўваў нам нейкія альтэрнатыўныя шляхі, але адзін з іх выводзіў на зарослую дарогу праз поле ўжо ў 200 метрах ад дарогі, а на другі я нават зварочваць не рызыкнуў, бо на мапё ён праз нейкую дупу ішоў). Праўда, перагон ад Крамяніцы до Зэльвы мне якраз-такі не спадабаўся - машын цяпер значна пабольшала, а якасць асфальту пагоршылася

54. Ужо ў 15.00 былі ў Зэльве, таму часу (да цягніка заставалася яшчэ паўтары гадзіны) хапіла на тое, каб паабедаць і памедытаваць на Замкавай гары з панарамай на Зальвянскае вадасховішча (праўда, фотаздымкі вадасховішча ў мяне не атрымаліся, таму трымайце панарамку мястэчка)

55. І зальвянскія вятракі, канешне ж

56. Дадому кацілі дызель-цягніком Гродна-Баранавічы на 16.42. Цягнік быў не казаць каб пусты, але нам пашчасціла - у другім ад хваста вагоне нікім не была занятая пляцоўка каля ўвахода, дзе хапала месца на тое, каб паставіць тры ровары са знятымі коламі (праўда, нягледзячы на такія меры, да мяне ўсё роўна спрабаваў прычапіцца нейкі падпітак - маўляў, сідушкі пэцкаем; але я праігнараваў яго)

57. Слонім праязджалі ўжо падчас захаду сонца, а ў пачатку восьмай гадзіны я выскачыў на сваім каханенькім-родненькім прыпыначным пункце "Лакаматыўнае дэпо"

Усяго больш за 80 кіламетраў за дзень, хаця першапачатковы маршрут іх складаў толькі крыху за 60. Ну а на кар'еры я яшчэ абавязкова вярнуся - з фотаапаратам і ў больш "зялёны" час