November 12, 2019

Багданаў-Валожын-Ракаў-Заслаўе

Пакуль за вокнамі восеньскія дажджы, яшчэ раз вярнуся у сонечнае і цёплае лета і распавяду вам пра яшчэ адзін свой летні маршрут. У суботу 29 чэрвеня я здзейсніў чарговую паездку "з чыгункі на чыгунку", але асаблівасць яе была ў тым, што чыгуначны вузел, напрамкі якога я звязаў гэтым разам, быў Маладзечанскі - то бок, той, на вузлавую станцыю якога маршрутаў прыгарадных цягнікоў з Баранавічаў няма. Як вынік, дарога на старт і ад фінішу трэка заняла прыкладна столькі ж часу, колькі сам трэк

01. Дызелем Баранавічы-Ліда на 5.11 раніцы даехаў да Ліды. Там можна было нават не выходзіць з вагона (але ўсёльткі заскочыў у вакзальную кавярню), бо гэты жа баранавіцкі цягнік праз гадзіну пайшоў рэйсам Ліда-Маладзечна. У 10.24 прыехаў на станцыю Багданаў. Вакол станцыі знаходзіцца аднайменны аграгарадок, а ўвогуле побач ёсць вёска Багданава (ад якой яўна ўся гэтая паланізаваная чыгуначна-аграгарадковая тапаніміка і пайшла), але да яе бліжэй, здаецца, не "свая" станцыя, а п.п. Вайганы

02. Інтэр'ер вакзала

03. Тут хуценька сабраў ровар і рушыў на поўдзень. Па іншы бок чыгункі ад Багданава - вёска Дзесятнікі з пахаваннямі жаўнёраў I сусветнай вайны

04. Тут пахаваныя нямецкія, аўстрыйскія і расійскія жаўнёры

05.

06. Увагі заслугоўвае мемарыяльны слуп з арлом наверсе

07.

08. За Дзесятнікамі рушыў на мясцовыя дарогі (хаця маршрут увогуле быў пераважна асфальтавы)...

09. ...і хутка дабраўся да былой сядзібы Храптовічаў "Адравонж" (ці "Андрывонш") каля вёскі Коцеўшчына

10. Каб дабрацца да ўваходу ў будынак, прыйшлося лезці праз дрэвы (на фотаздымках яшчэ нулявых гадоў будынак стаіць на адкрытай пляцоўцы і добра праглядваецца, хаця дэстрой там адчуваўся ўжо тады). У савецкія часы тут быў дзіцячы санаторый "Церамок"

11. Усярэдзіну лезці нешта не хацелася

12. Дарэчы, навокал сядзібы - даволі масштабны парк, але ён у прыкладна такім жа стане. Але сцежкі праз яго ёсць: я так разумею, дзякуючы рыбакам, якія катаюцца на паркавую сажалку, схаваную дзесьці за дрэвамі (да якой я не паехаў, бо і так камары каля сядзібы з'елі)

13. Калі вы думаеце, што ўжо савецкія пабудовы санаторыя захаваліся лепш, то вы вельмі дужа памыляецеся

14. Далей рушыў на захад, праехаўшы мастом праз каналізаваную рэчку Альшанку

15. А за ракой - вёска (былое мястэчка) Вішнева, вядомае перад усім тым, што тут нарадзіўся будучы прам'ер-міністр і прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс. Нагадваю даўні (аўтарства не маё, канешне ж) жарт-назіранне пра тое, што ў Беларусі нарадзілася больш прэзідэнтаў Ізраіля, чым прэзідэнтаў Беларусі. Дзесьці ў вёсцы ёсць месца, дзе калісьці стаяў яго родны дом, але я яго шукаць пашкадаваў часу, абмежаваўшыся тут старадаўнім Благавешчанскім касцёлам (17 ст.)

16.

17. Брама-званіца

18. І праваслаўная царква-"мураўёўка" св. Казьмы і Дам'яна

19. Хутка пакаціў у бок Валожына. Мясцовыя абарыгены

20. Царква Прарока Іллі на могілках у Сакаўшчыне. Сакаўшчына, дарэчы, была такая доўгая-доўгая, што мне ажно абрыдла праз яе каціць

21. А за вёскай - вадасховішча на яшчэ невялікай тут Заходняй Бярэзіне

22. Вятрак дзесьці пад Валожынам

23. На вадасховішчы многа рыбакоў ці простых адпачываючых

24. А яшчэ там быў у той дзень моцны вецер

25. Калісьці я называў у сваім блогу Мазыр самым "горным" горадам Беларусі (таксама не майго аўтарства эпітэт, канешне ж), але Валожын, нягледзячы на сціплыя памеры (жыве тут каля 10 тысяч чалавек), зможа за гэты тытул з "Перлінай Палесся" паспрачацца - перапад вышыняў там сапраўды добры (і яўна большы, чым, напрыклад, у тым жа Наваградку), а гарадскія мікрараёны вельмі эфектна глядзяцца ад цэнтра на вышынях супрацьлеглых узгоркаў - нажаль толькі, чамусьці я фотаздымкаў гэтага не зрабіў, абмежаваўшыся ў Валожыне толькі архітэктурай

26. Драўляная царква-"мураўёўка" св. Канстанціна і Алёны

27. Будынак былой ешывы

28.

29. "Птушыны" мурал у цэнтры горада

30. Забудова савецкая...

31. ...але ёсць будынкі і больш старыя

32. Плошча Свабоды - цэнтральная плошча Валожына

33. Перакусіў (30 кіламетраў - усё як заўсёды) каля будынка выканкама

34. Горад, відавочна, рыхтавалі да якіх-небудзь чарговых "Дажынак", таму цэнтр быў дзе-нідзе перакапаны - як тут, перад касцёлам св. Іёсіфа

35. На поўдзень ад плошчы Свабоды знаходзіцца самае цікавае, што ёсць у Валожыне - былы палацавы комплекс Тышкевічаў. Зараз большая яго частка занятая вайсковай часткай: ад варот будынкі бачна, але проста так усярэдзіну, відавочна, не патрапіць, дый фатаграфаваць я не рызыкнуў, бо ў той момант надта многа вайскоўцаў ля варот тусавалася. Таму абмежаваўся будынкам былой аранжэрэі, які да вайсковай часткі не адносіцца - там зараз сядзіць ваенкамат і рэдакцыя мясцовай газеты

36. Будынак аўтавакзала. Чыгункі ў Валожыне, дарэчы, няма, хаця станцыя "Валожын" паміж Лідай і Маладзечнам ёсць - але яна знаходзіцца даволі далёка ад горада

37. На могілках выездзе ў бок трасы М6 - Спаса-Ператварэнская капліца 19 стагоддзя, да непазнавальнасці перабудаваная ўжо ў нашыя часы

38. Трошкі асфальту на поўдзень, да Бабровічаў, паварот на ўсход - і сюрпрыз у выглядзе колькі-но кіламетраў брукаванкі

39. Брукаванка на захадзе Беларусі - не такая ўжо і рэдкасць, але звычайна яны мне трапляюцца ў глухаватых вёсках у бок ад галоўных дарог; тут жа брук - гэта менавіта што некалькі кіламетраў дарогі паміж населенымі пунктамі ад Бабровічаў ажно да Ляшчаткі. Выглядае прыгожа і цікава, але каціць такой дарогай, канешне ж, цяжка і не вельмі прыемна

40. Але ад Ляшчаткі зноў пайшоў асфальт, якім я прыехаў у Першаі

41. Тут патрабуе ўвагі каталіцкі касцёл св.Юр'я

42. За гэтай вёскай была, напэўна, самая лепшая і лёгкая частка трэка. Добры асфальт і адсутнасць аўтамабільнага руху дазволілі хуценька ляцець узгоркамі, разглядваючы шырокія навакольныя прасторы

43. Будынак аграсядзібы ў Малой Люцінцы - роднай вёсцы беларускага пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

44. А на ўсход ад вёскі Люціна - рэшткі сядзібы Зэляў

45. У сажалцы паміж дарогай і сядзібай плаваў нейкі вадалаз, але што ён там шукаў - пытаць не стаў, бо ён і так яўна быў не рады, што тут нейкі цудзік стаіць з фотаапаратам і фатаграфуе яго

46. Капліца-пахавальня Жаброўскіх каля вёскі Падневічы

47.

48. А каля капліцы - каталіцкія могілкі, дзе знаходзіцца магіла Дуніна-Марцінкевіча. Наколькі я разумею, гэтыя могілкі - такі сабе міні-"Лічакаў" для каталіцкай шляхты з навакольных вёсак

49. Драўляная Траецкая царква ў Кіяўцы

50. Ад Кіяўца ўжо прамая дарога на Мінск, і блізкасць да сталіцы тут ужо адчуваецца - вёска людная і жывая (я нават на вясковай вуліцы сустрэў машыну эўраоптаўскай "е-дастаўкі"), таму рух асфальтавымі дарогамі у раёне Кіяўца (ці, калі быць больш дакладным, ужо ад Падневічаў) вялікі. Прабірацца далей на ўсход я вырашыў мясцовымі дарогамі - і рушыў на поўдзень ад вёскі, да мосціка праз прабягаючую побач Іслач. Мосцік, дарэчы, экстрэмальненькі - поручань тут (як мо бачна на фота, хаця і не вельмі) адваліўся набок, таму пераносіць ровар прыйшлося балансуючы на дошках, якія яшчэ дзесьці пасярэдзіне нахіліліся направа

51. Іслач тут мае дзікаваты і трохі "джунглевы" выгляд

52. А трошкі вышэй знайшлася маляўнічая стаянка (дарэчы, стаянак у акрузе на мапе вельмі многа, і ўвогуле Іслач у беларускіх турыстаў-воднікаў рэчка досыць папулярная), дзе я зноў жа трошкі адпачыў і перакусіў

53. Праз лес...

54. ...вясковым брукам...

55. ...і ўзгоркамі...

56. ...даехаў да Ракава

57. Мост праз Іслач

58. Сажалка ў цэнтры мястэчка

59. І касцёл Багамаці Ружанцовай

60. Адчынены, можна патрапіць усярэдзіну

61. Нават палякі сюды дабраліся

Ракаў, канешне, мястэчка вядомае, але прызнаюся, што я чамусьці чакаў ад яго трошкі большага - мне неяк думалася, што тут будзе які-небудзь гістарычны цэнтр, але на самой справе гэта проста вялікая і вельмі цывільная вёска (дзе зноў жа, трэба адзначыць, ужо адчувалася блізкасць да сталіцы краіны - машын многа, людзей многа, дамы пераважна багатага выгляду, у цэнтры мястэчка - крама адной з агульнабеларускіх гандлёвых сетак). Пракаціўся, але ж, нешматлікімі цікавосткамі

62. Трошкі кітчавы, але каларытны будынак музею-галерэі "Янушкевічы"

63.

64.

65. Спаса-Ператварэнская царква

66. Каталіцкая капліца святой Ганны

67. Могілкі побач з капліцай

68.

69.

70. Склеп-пахавальня Друцкіх-Любецкіх

71.

72. За Ракавам працягнуў па магчымасці пазбягаць запружаных падмінскіх дарог, таму спачатку трошкі паблукаў у лесе...

73. ...але хутка выехаў да трасы М-14 (так званай МКАД-2)

74. На шчасце, тут былі адкрытыя форткі, таму я змог перабегчы трасу (тым болей, руху на ёй увогуле амаль не было), інакш прыйшлося б вяртацца ў Ракаў

75. Дарогі размытыя пасля нядаўніх дажджоў

76. Лесам раптам выехаў да нейкіх дэпрэсіўных панэлек, якія пры падрыхтоўцы маршруту неяк прапусціў

77.

78. Гэта ў нас пасёлак Аксакаўшчына. Сюды ўжо, як бачыце, нават ходзяць рэйсавыя аўтобусы ад канцавой станцыі Мінскага метрапалітэну

79. Дзесьці за лесам знаходзіцца Рэспубліканская клініка лячэбнай рэабілітацыі, і ўезд да Аксакаўшчыны і клінікі аформлены вось так вось праваслаўненька

80. Нейкія "сталкеры" даследуюць закінутую "панэльку" каля Ліхачоў

81. А ў Новым Полі я патрапіў да сядзібнага дома Друцкіх-Любецкіх, які зараз знаходзіцца на тэрыторыі Навапольскага аграрна-эканамічнага каледжа (і нешматлікія студэнты, якія невядома што рабілі ў кампусе каледжа чэрвеньскім суботнім вечарам, са здзіўленнем паглядалі на гэтага вар'ята з роварам, які хадзіў тэрыторыяй і нешта тут фатаграфаваў)

82.

83.

84. За Новым Полем праехаў яшчэ пару людных гэтым суботнім вечарам вёсачак - і далей была ўжо сапраўдная глухамань

85. За глухаманню выехаў на "бетонку", а праз пару кіламетраў пабачыў збоку шырокую водную прастору

86. Гэта ў нас вадасховішча Крылова, зробленае ў 1980я гады для водазабеспячэння Мінска ў выпадку надзвычайных становішчаў

87. Вадаём стратэгічны, таму навокал - забор, праз які ніяк не пралезці

88. Ужо добра вечарэла, але фініш недалёка. Спачатку бетонкай, а потым дрэнным асфальтам я усё больш набліжаўся да Заслаўя. У вёсках адчуваўся суботні вечар, бо ўсюды было многа дачнікаў. Вось і на тэрыторыі аграсядзібы каля вёскі Дзічкі колькі адпачываючых

89. Я ж непарадна, праз старыя кар'еры, заязджаю ў Заслаўе

90. Мясцовая гапата

91. Яшчэ трошкі прыгараднай глухамані, а за ёй - ужо знаёмы горад, таксама досыць людны ў такі час

92. Часу хапіла яшчэ і на заслаўскае замчышча скатацца

93. Вечаровая панарама горада

94. Спаса-Ператварэнская царква

Ад Заслаўя паехаў электрычкай на Мінск, у Мінску прыкладна дзве гадзіны ў запоўненай зале чакання - і начной электрычкай на Баранавічы. У Баранавічах яшчэ мяне трошкі пратрымалі вакзальныя міліцыянты, абфатаграфаваўшыя мой ровар і мяне з нім: нейкая ў іх новая акцыя для барацьбы з роварнымі крадзяжамі - са стварэннем базы раварыстаў і іх транспартных сродкаў. Як на маю думку, ідэя зусім бессэнсоўная (вось паглядзеў б я, як яны б шукалі ў выніку чаго з гэтай базай мой Silverback Stride 10, які досыць масава прадаецца, здаецца, па ўсёй эўрапейскай частцы былога СССР года так з 2014га), але вось прыйшла яна, відавочна, камусьці з кіраўніцтва на думку - і прыходзіцца радавым міліцыянтам выконваць. Прычым, трапляў пад такую "акцыю" не я адзін - дакладна ведаю, што некаторых баранавіцкіх раварыстаў ужо потым гэтак жа сама на баранавіцкім вакзале абфатаграфавалі.

Дома ж я быў ужо пасля 3 гадзін ночы і потым праспаў ледзь не палову наступнага дня