December 6, 2019

Спякота на Дзень ведаў: Наваградак-Любча-Мір - ч.2. Уздоўж Нёмана

ПАПЯРЭДНЯЯ ЧАСТКА

01. Пасля Любчы рэльеф кардынальна змяніўся - замест Наваградскага ўзвышша я цяпер практычна ўвесь час амаль да самога Міра каціў роўнай далінай Нёмана. Чаго пужаўся, дык гэта таго, што цяпер мне належала практычна ўвесь час да самага фініша рушыць на паўднёвы ўсход, адкуль у той дзень і дзьмуў вецер. На шчасце, быў ён у той дзень зусім не моцны, а да таго ж, ён прыносіў хоць нейкую прахалоду, бо нядзеля была вельмі спякотная. Забягаючы наперад, гэта была мая апошняя "летняя" (за надвор'ем, а не за станам календара) катанка гэтага роварнага сезону - больш у гэтым годзе такога цяпла не было. Выезд з Любчы быў вельмі хуткасным - асфальт і якасны жвір, якім пяток кіламетраў праляцеў, нават не заўважыўшы гэтага. У Купіску прыпыніўся каля могілак сфатаграфаваць царкву, яшчэ і спаймаў момант з праязджаючай машынкай - і ўжо потым пабачыў, што тут яшчэ і козлік мне папазіраваў :)

02. Папярэднюю частку скончыў на тым, што мне вельмі хацелася перакусіць на беразе ракі, а па магчымасці яшчэ і ў ваду залезці. Бераг ракі побач з дарогай такі знайшоўся - праўда, схожаны кароўкамі, таму і дно там вязкае і патаптанае гэтымі жывёламі, і вадзічка каламутная і зусім не чыстая. Прыйшлося водныя працэдуры адкласці

03. Перакусіўшы бутэрбродзікамі, снікерсам і колай, пакаціў праз Гнесічы. Хутка быў ужо каля першага на сёння маста праз Нёман

04. Мост гэты вядзе да Лаўрышаўскага манастыра - моднай зараз сярод праваслаўных паломнікаў кропкі. Калі я быў тут мінулым разам (год мо 10 таму), над мастом была шыльда з надпісам "Въезд только по благословению настоятеля". Зараз яе ўжо няма

05. Фота ракі з маста

06.

07. Манастыр сустракае гламурненька

08. Відавочна, жылы будынак, які нагадваў б які-небудзь лясны санаторый, калі б не купалы побач

09. На тэрыторыі манастыра - некалькі каплічак

10. І нешта яшчэ будуецца (і пакуль больш нагадвае які-небудзь ДОТ часой Першай сусветнай вайны)

11. Пакінем праваслаўнае праваслаўным і пакацім далей. За межамі манастыра - звычайнае жыццё. Спякота выгнала ў той выходны дзень з навакольных населеных пунктаў да ракі многіх

12. Напэўна, самы каларытны з мастоў таго дня я пабачыў не даязджаючы да вёскі Аўдзеевічы

13.

14.

15. Крышачку вышэй можна пабачыць рэшткі, відавочна, яшчэ больш старога маста

16. А ультразумам з маста можна на максімальным павялічэнні "спаймаць" расплываючуюся ў дымцы Свята-Ўспенскую царкву ў Лаўрышаве

17. Ад Аўдзеевічаў да Шчорсаў быў нявялікі асфальтавы кавалак трэку. Шчорсы - мястэчка таксама вядомае, тут шмат чаго засталося ад сядзібы Храптовічаў. Ужо ад дарогі бачная так званая "Мураванка" - былы гаспадарчы двор, здалёк нагадваючы рэшткі сапраўднага замка.

18. Калісьці гэтыя пабудовы хаваліся за дрэвамі, а ад асфальту вось тут вось ішла прыгожая алея, але некалькі год таму дрэвы алеі з невядомай мне нагоды спілавалі

19.

20. Ад самога палаца Храптовічаў (згарэўшага падчас Першай сусветнай вайны) да нашых часоў засталіся толькі сутарэнні, але пры гэтым захаваліся іншыя аб'екты - стайні, флігель і нешта яшчэ. Найбольшую цікавасць з усіх гэтых пабудоў мае зараз будынак былой бібліятэкі, які наведвальнікі комплекса за адсутнасцю галоўнага будынка часам памылкова называюць самім палацам

21.

22.

23. Навабуд побач

24.

25. За Шчорсамі пачалася першая на маршруце порцыя глухаманяў. Пераехаў чарговым мастом праз раку

26. Нягледзячы на надпіс вялікімі літарамі пра забарону купання на з'ездзе з маста, адпачываючых навокал было многа

27.

28. На некаторы час дарога трэкам практычна знікла, але потым раптам з'явілася

29. Насупраць вусця Сервэчы, каля вёскі Панямонь, нарэшце (1 верасня!) адчыніў купальны сезон - спякота на той момант ужо дастала. Вадзічка там была чысцюткая і прахалодная. Калі б не заўтра на працу і не жаданне праз тое вярнуцца дадому да ночы, то прыпыніўся б там на пару гадзін, а потым працягнуў б ужо паездку бліжэй да вечара. Але не, прыйшлося каціць далей ужо праз 20 хвілін. А што да Сэрвачы, то там увогуле была нечаканка: бачу, што права насупраць захода ў ваду праз кусты да Нёмана нейкі ці то канал, ці то рэчка далучаецца, гляжу потым на мапу - вось, а гэта Сэрвач, фактычна галоўная рака Наваградскага ўзвышша, была! Толькі што чамусьці фотаздымкаў той лакацыі не зрабіў. Пасля купанкі каціць стала лягчэй: ці то дзякуючы прахалоднай вадзічцы, ці то таму, што потым была першая ў той дзень (кіламетраў на 5) порцыя лясных сцежак

30. Потым сцежка выйшла на жвіроўку, якой я даехаў да Сіняўскай Слабады. На фотаздымку гэтая жвіроўка выглядае трэшавата, але на самой справе там можна было каціць даволі хутка

31. У Сіняўскай Слабадзе зноў пераязджаю праз раку, і далей - маляўнічая дарога ўздоўж Нёмана ў ваколіцах Ярэмічаў

32.

33. Пад Ярэмічамі таксама на берагах тут-сям было многа адпачываючых. Не вытрымаў і я, у нейкім закутку яшчэ раз залезшы ў воду. Праўда, там яна была не такая чыстая, як пад Панямоннем, таму на доўга мяне не хапіла. Трошкі прахаладзіўся, павячэраў - і качу далей

34. Мосцік праз нейкі ручай

35. Апошні на сёння (і, відавочна, у 2019 годзе) мой фотаздымак Нёмана

36. Яшчэ адзін мосцік

37. Але ўжо не праз Нёман, а праз яго прыток Ушу, што мае недзе ўжо вось за гэтым паваротам сутоку з галоўнай ракой басейна

38. Я люблю фатаграфаваць рэшткі старых мастоў, як вы мо заўважылі

39. Вадзічка ва Ўшы празрыстая, і яна так і маніла залезці туды - але трэба спяшацца, ды і сходу да ракі там нармалёвага не было. Бачна было, што недзе бліжэй да вусця таксама людзі ёсць

40. Правільным вырашэннем, напэўна, было б пасля Ярэмічаў не геройстваваць і каціць прамой дарогай на Мір, але я вырашыў "дабіваць" трэк, хаця там у прынцыпе не планавалася нічога цікавага. Далей было многа кіламетраў амаль бязлюднымі лясамі, з парай ціхіх схаваных вёсачак і "вясёлай" тапанімікай: Воўчае балота, рака Воўчая... Потым мне давялося прачытаць, што ваўкоў там сапраўды хапае, і мясцовыя на вуліцу пасля заходу сонца не надта выходзяць. Праўда, у мяне да ночы яшчэ была пара гадзін. Праблема была іншая - дарогі пагоршыліся, хуткасць зменшылася, а я хацеў бы патрапіць на як мага ранейшую электрычку

41. Пра наступныя кіламетраў 20 распавядаць не асабліва ёсць чаго: круціў і круціў сабе, пару раз абносіў дрэвы, адзін раз пераблытаў павароты, але своечасова знайшоў памылку... Нёман увесь час быў недзе недалёка, але больш дарога на яго бераг не выходзіла

42.

43. Дзесьці праз паўтары гадзіны ўжо бачыў перад сабой вежы замка ў Міры - фінішнай кропкі марафона і, адпаведна, майго трэка. Але да яго яшчэ трэба было даехаць, а жвіроўка, якой мне належала ўязджаць у Мір (не ўпершыню, дарэчы) - адна з найгоршых, якімі мне даводзілася каціць: мяккі глыбокі пясок, пральная дошка і каменне

Каля замка быў прыкладна ў 18.30. Прыгадаўшчы расклад цягнікоў, зразумеў, што яшчэ магу паспець на цягнік на 19.31 ад Асіпаўшчыны. Наступнага трэба было потым чакаць больш за гадзіну. Таму не стаў нават фатаграфаваць замак і заглядваць у краму з яе вялікай чаргой (ежа скончылася, пітва таксама мала засталося) і пакаціў далей. Да Асіпаўшчыны адсюль кіламетраў 16 - цяпер я ведаю, што трэба было на самой справе каціць асфальтам да Гарадзеі, але каціць запружанай дарогай не хацелася, ды і адкуль мне было ведаць, што дарога да Асіпаўшчыны праз Вялікае Сяло выявіцца такой дрэннай?...

Прыблізная храналогія дарогі Мір-Асіпаўшчына:
18.35 - паварочваю на жвір ў бок Вялікага Сяла, але яшчэ нічога не падазраваю
18.40 - дарога - жэсць
18.50 - у Старым Сяле больш-менш нічога
19.00 - выехаў са Старога Сяла, дарога зноў жэсць, ужо пачынаю нешта падазраваць
19.10 - праязджаю Азярское, намагаюся падлічыць верагоднасць таго, што ў Асіпаўшчыне ці ў суседніх Горках у нядзелю ўвечары працуе крама, каб хаця б перакусіць да наступнай электрычкі
19.15 - пераязджаю трасу М1; бачу, што далей дарога далей пераўтвараецца ў дрэнную сцежку полем
19.18 - лячу настолькі хутка, наколькі магу, палявой дарогай з усімі яе ямамі
19.19 - і чаму я на Гарадзею не пакаціў?
19.20 - "Лепей б у краму ў Міры схадзіў - так бы хаця б меў зараз піва, колу і якія-небудзь чыпсы на гадзіну чакання настунага цягніка"
19.23 - пайшла жвіроўка, а на яе канцы - Асіпаўшчына
19.25 - лячу праз Асіпаўшчыну - чыгуначны прыпынак дзесьці за вёскай
19.28 - усё, паспеў, выпіваю рэшту вады і даядаю апошні "снікерс"
19.35 - а дзе цягнік? :/

Электрычка прыкаціла недзе ў 19.45 *ЗАСЛОНА*

Дзякуй за ўвагу!