December 25, 2019

Месяц Шэрань: Бязверхавічы-Сунаі-Ванілевічы

Снежань у гэтым годзе па традыцыі нічым не падобны на зіму і ўжо які год вымушае абывацеляў спаміць у сацыяльных сетках мемасікамі з тэкстамі кшталту "Здаецца, снежань забыў, што ён зіма" (праўда, ужо не так актыўна, як мо гады тры таму - здаецца, гэтыя пчолы пачалі нешта падазраваць), таму можна працягнуць роварны сезон (які раней у мяне, наколькі памятаю, да канца снежня яшчэ не заходзіў) і скатацца куды-небудзь за горад. Намаляваў сабе 84-кіламетровы трэк ад Слуцка на Сунаі і потым да чыгункі ў раёне Цімкавічаў, але адразу зразумеў, што яго прыйдзецца рэзаць, бо светлы дзень зараз кароткі: прыгарадны цягнік прыбывае ў Слуцк пасля 10 гадзін раніцы, а сонца заходзіць ужо да 17.00, каціць жа ў цемры ў такое надвор'е жадання ніякага не было

01. На стартавую кропку выязджаў дызель-цягніком Баранавічы-Слуцк адпраўленнем на 7.40

02. Каб не каціць праз горад, выйшаў на сваю галаву на апошнім прыпынку перад канцавой - у Бязверхавічах. Адтуль на мапе намаляваныя дарогі на поўнач да Сярэгаў, але ўжо выйшаўшы на прыпынку пабачыў, што ніякай дарогі ў той бок там няма - толькі перапаханае поле

03. Пад'ехаў крыху далей на ўсход да пераезда. Не хацеў ехаць горадам, кажаш?

04. За пераездам дарога ў патрэбны мне бок была, але ну іх у лазню, такія дарогі... Прыйдзецца каціць у аб'езд асфальтам праз Бязверхавічы - у выніку толькі дадатковых кіламетраў да трэка накруціў з гэтай больш ранняй высадкай

05. Так і цягнулася рука напісаць "восеньскі дэпрэсняк", але на календары ўжо снежань. Хаця... Трэба прывыкнуць да таго, што снежань у Беларусі цяпер за надвор'ем яшчэ восеньскі месяц. Толькі назву трэба памяняць на які-небудзь дожджань, брудзень, вільгоцень, туманень...

06. Потым была роварная сцежка ўздоўж трасы Р43 ад Бязверхавічаў да Слуцка і шырокая, але вельмі брудная слуцкая аб'яздная

07. Пасля Слуцка быў доўгі-доўгі пераезд да Сунаяў, увогуле без аніякіх цікавасцяў - не лічыць жа за такія вось гэтую вось царкву-новабуд у Сярэгах

08. Вёскі шэрыя і нецікавыя, краявіды ніякія, яшчэ і зверху нешта паціху крапае, хаця ўсе сайты з надвор'ем у адзін голас у той дзень як мінімум да вечара ніякага дажджа не абяцалі. Звычайна фоткаюся з шыльдамі ва ўсялякіх Казловічах і Казлоўшчынах, а тут Паўлаўка патрапілася

09. Трошкі разнастаіў трэк грунтовы кавалак паміж Мусічамі і Загораўшчынай, у самым канцы якога была ферма з дзвюма гаўкучымі сабакенамі

10. Асфальт там быў дзесьці побач, але менавіта гэтай дарогай мне Gpsies трэк праклаў, вырашыўшы, што так бліжэй і хутчэй

11. Шэрань... О, вось, давайце перайменуем снежань у шэрань! Такая назва яму найбольш пасуе і адпавядае

12. Потым быў кавалак мокрага жвіру. Як ні странна, у той дзень мне жвірам каціць падабалася больш: ён хаця і быў мягкі, але вільгаць у сябе ўвабраў і, у адрозненне ад асфальтавых кавалкаў, на жвіроўках з-пад колаў на мяне ніякай ні вады, ні бруду не ляцела - хаця я пасля слуцкай аб'яздной усё роўна ўжо добранька так у брудзе быў

13.

14. Нарэшце, прыкаціў у Сунаі

15. Тут трошкі адпачыў і паабедаў

16. Сунаі вядомыя рэшткамі сядзібы Ёдкаў "Пукава". Найбольш цікавы аб'ект сядзібы - гэта стоячыя каля дарогі рэшткі будынка з калонамі, наконт прызначэння якога меркаванні разыходзяцца: ці то гэта капцільня, ці то лазня, ці то паркавы павіллён

17.

18. Месца ціхае, усярэдзіне комплекса я двух зайцаў перапалохаў (але сфатаграфаваць не паспеў)

19. Сядзібны дом

20. Рэдкага турыста, які б заехаў зараз у Сунаі, сустрэў б запах лайна, якое мясцовы калгас раскідаў у якасці ўгнаення па кукурузнаму полю, выходзячаму прама да будынкаў сядзібы

21. Недалёка - вёска пад назвай Пукава. Думаю, што ў той час, калі вёска атрымала такую назву, яна не мела аніякага негатыўнага падтэксту, падтэкст з'явіўся ўжо з прыходам "рускага свету" :) Дарэчы, у той жа дзень у цягніку Баранавічы-Слуцк быў сведкам выпадку з той жа катэгорыі. На прыпынку Шалавічы каля аднайменнай вёскі нейкі дзядзька гапаватага выгляду пачаў рагатаць: "Гы, Шалавічы; навернае, там шалавы адні жывут, раз іх так назвалі"

22. Дарэчы, да 1964 года Пукавым звалася яшчэ і суседняя сучасная вёска-аграгарадок Камсамольская. Ці яны калісьці былі адзіным населеным пунктам, ці гэта проста былі дзве вёскі з аднолькавымі назвамі (накшталт безлічных Здзітавых у Бярозаўскім раёне, напрыклад) - мне невядома. У Камсамольскім захаваліся руіны Георгіеўскай царквы 19 стагоддзя

23. Пасля Камсамольскай я павярнуў на паўднёвы захад (да гэтага большая частка трэка ішла на паўночны захад), у бок чыгункі, да якой заставалася больш за 30 кіламетраў

24. Паўднёвы вецер таго дня цяпер дзьмуў пераважна ў твар - калі прама, калі трошкі збоку. Але перашкаджаў нават больш не ён, а дождж, які станавіўся ўсё мацнейшым. Да таго ж, невялічкі кавалак трэку ад Камсамольскага да Грозава быў хаця і з невялікім, але наборам вышыні - тут дарога ўзбіраецца на ўзгоркі невысокай Капыльскай грады. Да, Грозава, канешне ж, дакаціў. Заязжаць сюды для мяне ўжо паціху становіцца штогадовай традыцыяй, бо ў Грозаве я бываю ўжо трэці год запар. Тут пабудавалі новую "гламурную" царкву

25. Старая забудова мястэчка

26. Толькі на трэці раз заўважыў, што заразы, перабудаваўшыя мясцовы касцёл пад сельскі клуб, яшчэ і лічбу "1968" наверсе паставілі - нібыта й не было ў будынка ніякай гісторыі да "савеціка"

27. Крыж у гонар удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну на месцы

28. Гандлёвыя рады пафарбавалі і ў вокны паставілі шклопакеты. Кроў з вачэй ад такога мастацтва дзеячаў эпохі беларускага аграрэнесансу...

29. У рэканструкцыі палаца нейкі рух ёсць. У маю прысутнасць там працавалі мужчына з кабетай, але на кантакт яны не ішлі, і нават ірванулі хутчэй браму зачыняць, калі пабачылі, што тут нейкі цудзіла з фоцікам лазіць

30.

31. Калі-небудзь зазірну яшчэ, праінспектую чарговыя змены, калі яны будуць

32. Дождж станавіўся усё мацнейшым і мацнейшым. Ад Грозава да Новых Доктаравічаў проста каціў і каціў, дастаўшы тэлефон толькі адзін раз (аб'ектыў фоціка ў той момант безнадзейна запацеў, таму фотаапарат я проста схаваў як мага далей)

33. У Новых Доктаравічах паскудны позневосеньскі дожджык паліваў ўжо канкрэтна

34. Нястрымная святочная весялуха. Йолачка, гары!

35. Новыя Доктаравічы - вёска вялікая, але за такім надвор'ем выглядае дэпрэсіўна

36.

37. Стары бровар прыстасаваны пад патрэбы калгаса

38. Ахоўваецца катом

39.

40. Ад Новых Доктаравічаў пяць кіламетраў да чыгункі ў Ванілевічах (першапачаткова я маляваў трэк праз Цамкавічы да п.п.Труд; ды не хацелася мне ўжо да гэтых Цімкавічаў каціць з такім надвор'ем), але да дызеля заставаліся яшчэ амаль 3 гадзіны, таму трошкі разнастаіў маршрут, рушыўшы ў бок п.п.Морач. У той бок з асфальту пайшла грунтовая сцежка - чым далей, тым горшая. Затое там знайшоў адносна чыстую калюжу, у якой хоць трошкі абмыў свой ровар перад цягніком

41. Бліжэй да чыгункі сцежка ўвогуле практычна знікла, а да самога прыпынка прыйшлося прабівацца хмызняком

42. Прыпыначны пункт Морач

43. Калі не памыляюся, тут раней была другая стужка рэйкаў

44. Ёсць прыпыначны павіллён, расклад руху...

45. ...міма прабягаюць цягнікі...

46. Дождж скончыўся (каб узнавіцца ўжо ўначы), і перад заходам нават сонца выглянула

47. Але нікуды з Морачы ўжо не паехаць - прыпынак зачынены яшчэ ў 2017 годзе. Дарэчы, зараз на прыпыначным пункце і аб'явы пра закрыццё няма (у мінулым годзе яшчэ была) - праўда, у такую глухамань, да якой нават дарог нармалёвых цяпер няма, наўрад ці хто дабярэцца. Трэба яшчэ пад'ехаць трошкі да Ванілевічаў, і дарога ў той бок спачатку ідзе ўзараным полем са слядамі нейкіх буйных капытных

48. Крыху пазней дарога, хаця і дрэнная, але з'яўяецца

49. Хутка будзе зусім цемна

50.

51. Фінішаваў на п.п.Ванілевічы, яшчэ гадзіну чакаў практычна пусты ў той вечар вечаровы цягнік Слуцк-Баранавічы

Дзякуй за ўвагу і віншую з Нараджэннем Хрыстовым усіх, хто святкуе яго менавіта сёння!