July 15, 2014

Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, на Лоеўшчыне з зямлі расце каменны крыж

Жыхары вёскі Першамайск, якая раней называлася Папоўкай, сцвярджаюць, што на мясцовым цвінтары з зямлі расце каменны крыж.

Калі з'явіўся тут гэты каменны крыж, не ведае ніхто з мясцовых жыхароў, нават старажылы. Мабыць, яго прынёс ледавік, а мо, ён застаўся тут ад больш старажытнага пахавання на месцы могілак. Вельмі часта сельскія могілкі суседнічаюць з сярэднявечнымі пахаваннямі ці нават капцамі язычніцкіх часоў.

Мясцовы жыхар Сяргей Пырх распавядае, што «па старажытнай легендзе гэты крыж прыплыў па рацэ з Кіева». Варта адзначыць, што аналагічную легенду распавядаюць пра каменныя крыжы з палескага Турава. Навукоўцы звязваюць гэтыя легенды з перыядам хрысціянізацыі, калі калі кіеўскія князі дапамагалі новай рэлігіі замацавацца на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны.

Калі мясцовыя жыхары прыходзяць на могілкі, каб наведаць сваіх памерлых, то абавязкова падыходзяць да каменнага крыжа. Яго ўпрыгожваюць кветкамі і ручнікамі, вернікі моляцца, запальваць знічкі. «Закон такі, што абавязкова на крыжык трэба ручнік павесіць», распавядае мясцовы жыхар Мікалай Лапіцкі.

Пакланенне каменным крыжам ў Беларусі непарыўна звязана з дахрысціянскіх культам валуноў, каля якіх нашыя продкі пакланяліся язычніцкім багам. А многія крыжы, як, напрыклад, крыж з вёскі Даўгінава, былі раней каменнымі стодамі.

крыніца: odsgomel.org/rus/news/gomel/52454/