Супраць нацыяналізму
Прачытаўшы гэты тэкст, можа падацца, што аўтар змагаецца з нейкай ім самім прыдуманай пагрозай, ваюе супраць паветраных млынаў. Запярэчыць гэтаму можна толькі тым, што аўтар быў бы толькі рады, калі б гэта было так, але, нажаль, пагроза сапраўды існуе.
З падзей 2020-га прайшло ўжо амаль пяць гадоў, вайна ва Украіне трывае больш за тры гады — за гэты час беларусы маглі зрабіць шмат высноваў, шмат рэчаў павінны былі стаць больш зразумелымі, але, нажаль, мы не навучыліся нічому. Моўнае пытаньне, спробы пабудаваць нацыю вакол нацыянальнае мовы й культуры ўсё яшчэ існуюць, а нават убіраюць у сябе украінскія ўплывы, наратывы й практыкі. Усё гэта выглядае вельмі сумна і, здаецца, можа пазбавіць нашу Беларусь нармальнай будучыні. Калі гэтыя ідэі ў сваёй радыкальнай форме стануць мэйнстрымам сярод элітаў — мы згубім краіну.
Гэтым тэкстам аўтар не спадзяецца пераканаць сваіх апанэнтаў, але мае надзею, што тыя зь ніх, хто яшчэ мае сэрца й розум, мае ў сабе нешта чалавечае, зьвярнуць увагу на некаторыя словы.
Гэты тэкст — збор тэзаў супраць нацыяналізму, ён паўстае празь любоў да Беларусі і мае за мэту падштурхнуць да дыскусіі ўсіх, каму не абыякавы лёс нашай краіны.
1. Часы нацыянальных дзяржаў сыходзяць.
Беларусы не пасьпелі сфармавацца як нацыя ў XIX стагодзьдзі, нацыянальнае адраджэньне і беларусізацыя пачатку ХХ стагодзьдзя — працэсы, якія адбываліся альбо амаль выключна сярод інтэлігенцыі па за межамі беларускай дзяржавы, альбо ў рамах беларусізацыі БССР. Пры гэтым варта адзначыць, што беларускі народ у гэтых працэсах часта выступаў хутчэй як зьнешні аб’ект чым актар. Дзяржава, у якой беларусы пачалі фармавацца як нацыя не была монаэтнічнай і монакультурнай, у БССР было, як вядома, 4 дзяржаўныя мовы — у крыніцы, падставе беларускасьці ляжыць шматкультурнасьць. Нашая нацыя не пасьпела альбо проста не магла сфармавацца як нешта пабудаванае вакол адной мовы, адной культуры, адной рэлігіі. У самой ідэі беларускасьці, калі мы ня будзем глядзець на яе, як на нешта штучнае, мадэрновае, што мы павінны самі зрабіць, але глядзець на натуральнае разьвіцьцё жыцьця на тэрыторыі Беларусі, мы заўважым, што нейкага аднаго дамінуючага кірунку ў нас не было. Мы мелі некалькі альфабэтаў: кірылічны, лацінскі і, нават, арабскі; на нашых землях пражывалі праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, юдэі і мусульмане. Рэч Паспалітая, да пэўнага часу, была сапраўднай рэспублікай у тым сэнсе, што была адкрытая да ўсяго новага. Нават у межах беларускай мовы існуе, акрамя графічнай дваістасьці ў выглядзе розных альфабэтаў, дваістаць граматычная ў выглядзе двух асноўных правапісаў. Цяпер радыкалы жывуць у нейкім сваім маленькім сьвеце і хочуць нацягнуць свае ўласныя мары ці ўяўленьні аб Беларусі на ўсю Беларусь.
2. Падзеі 2020-га — буйнейшая з’ява для беларускай нацыі.
Тады людзе зразумелі і адчулі сябе беларусамі, задумаліся аб гэтым. Ці ў іх уяўленьні пра беларускасьць уваходзіла мова? Ці было гэта важна тады? Можа людзі выходзілі на вуліцы для барацьбы за мову? Ці людзі сварыліся тады на глебе моўных пытаньняў? Усі гэтыя рытарычныя пытаньні паказваюць, што падчас натуральнага нацыянальнага ўздыму, людзі, якія называюць сябе беларусамі, не разглядалі для сябе моўнае пытаньне як асноўнае. Такім чынам, мажліва варта задумацца, што аб беларускасьці могуць сьведчыць нейкія іншыя рэчы акрамя мовы? Мажліва, аб беларускасьці павінныя сьведчыць нейкія вартасьці? Калі мы не пасьпелі пабудаваць нацыю і нармальную дзяржаву на мове і культуры, то, мажліва, трэба спрабаваць зрабіць гэта вакол інстытутаў і вартасьцяў, па шляху грамадзянскага нацыяналізму, як гэта зрабілі ЗША ці Швейцарыя і як гэта было бы ўласьціва зрабіць нам, абапіраючыся на традыцыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай? Калі пытаньні нацыянальныя ў нас першасныя стасункова вартасных, то мы рызыкуем наступіць на тыя ж самыя граблі, што і нашыя папярэднікі: Францішак Аляхновіч, Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Ластоўскі і іншыя — прыклады таго. Калі пытаньне мовы для нас стаіць вышэй пытаньня судоў, самакіраваньня і г. д. — то аб чым тут размаўляць? Вялікая памылка Лукашэнка, што ён не заставіў БЧБ сьцяг і беларускую мову дзяржаўнымі — падаецца, у такой сітуацыі ў большасьці нацыяналістаў адбыўся б кагнетыўны дысананс, калі іх б’е дручком міліцыянт з БЧБ сімволікай і размаўляя пры гэтым па-беларуску. У гэтым сэнсе варта проста паглядзець на суседнюю Украіну. Украінская мова і супрацьрасейская пастава не перашкаджаюць чыноўнікам красьці грошы дадзеныя на гуманітарную дапамогу, не перашкаджаюць і іншым аўтарытарным тэндэнцыям.
3. Беларускія нацыяналісты — такіяж рускія.
Але, здаецца, нацыяналістаў складана напужаць тым, што яны аўтарытарныя. Напрыклад РУХаўцы актыўна кажуць аб тым, што і не спадзяюцца прыйсьці да ўлады дэмакратычным шляхам, вынікі прэзідэнцкай кампаніі Пазьняка таксама вядомыя. Агулам, цяжка спадзявацца на добрыя вынікі ў краіне, дзе значная большасьць не размаўляе па-беларуску. Такім чынам, цяжка, акрамя як прымусова пабудаваць беларускамоўную краіну. Толькі тады атрымоўваецца, што гэтае спадарства мала чым адрозьніваецца ад рускіх, якіх яны так любяць абвінавачваць ва ўсіх сваіх бедах. Атрымоўваецца тады, што іх адзіная прэтэнзія да Расейкай Імперыі ці СССР гэта тое, што яны былі мацнейшыя за нас і прыгнятальнікамі былі ня мы, а яны. Мы павінны былі быць вялікім народам, але злыя рускія нас апярэдзілі — вось іх прэтэнзія. Канешне, моўнае пытаньне паўстае праз гады агрэсіўнай русіфікацыі, але ці гэта значыць, што мы павінны быць такімі самымі?
4. Ніхто так ня шкодзіць беларускай мове і культуры як нацыяналісты.
Тое, што самыя славутыя беларускія мастакі былі габрэямі — вядома ўсім. Тое, што нашая Нобелеўская Лаўрэатка піша па-руску — таксама. Самыя вядомыя беларускія музыкі не сьпяваюць па-беларуску. Усё гэта не з’яўляецца аргументам супраць беларускамоўнай творчасьці, але ж кажа аб тым, што калі мы будзем выключаць з павесткі “небеларускую” культуру, то і культура наша застанецца выключна на лакальным узроўні, цікавая толькі для беларусаў. Найвялікшыя нашыя пісьменьнікі Быкаў і Адамовіч пісалі свае лепшыя кнігі ня зь нейкай нацыянальнанакіраванай мэтай — таму яны, цікавыя ня толькі беларусам, а Караткевіч — толькі нам. Калі ў нашай культуры нейкім прыярытэтам для нас з’яўляюцца нацыянальныя матывы, то і культура ў нас будзе правінцыяльная. Калі ня будзем прызнаваць рускамоўных аўтараў часткай беларускай культуры, то іх проста забяруць да сябе рускія, ці яны самі сыдуць. Таксама адмова ад культуры суседа толькі праз тое, што гэта не свае — толькі прыбядняе нас саміх.
Гэтаксама і з сучаснымі мовазнаўцамі, якія прабуюць тую хоць нейкую жывучасьць у сучаснай штучнай беларускай мове прыцягнуць і абмежаваць нейкімі этнаграфічнымі слоўнікамі гаворак беларускіх сялян ХІХ стагодзьдзя. Да гэтага, змагары за чысціню мовы чамусьці змагаюцца выключна з русізмамі, забываючыся на паланізмы. Здаецца, лепей усяго для мовы будзе ня лезьці да людзей і проста даць мове сфармавацца натуральным спосабам, бо норма, як раз, паўстае на падставе жывой гаворкі. Таксама, калі мы хочам павялічыць колькасьць беларускамоўных людзей, ня лепшым рашэньнем будзе рабіць рускамоўным суайчыньнікам заўвагі, ставіцца з пагардай ці прымяняць да ніх псіхічны альбо фізічны гвалт.
5. У нацыяналізме няма нічога еўрапейскага.
Кажучы аб праўдзівых еўрапейскіх каштоўнасьцях, нацыяналісты забываюцца аб тым, што нацыі з’явіліся толькі ў ХІХ стагодзьдзі і з традыцыямі маюць мала агульнага. Затое да еўрапейскіх каштоўнасцяў адносяцца культура дыскусій і павагі. Улюбёныя нацыяналістамі арыстакраты, да якіх яны хочуць быць падобныя, калі яны правыя, хутчэй за ўсё не вучылі ніякую нацыянальную гісторыю, не вучылі нацыянальную культуру і г. д. Гэтыя людзі былі адукаваныя на агульных еўрапейскіх каштоўнасьцях, антычнай думцы, біблійных сюжэтах. Калі нацыяналісты любяць капацца ў мінулым, то значна лепей для ніх было б узяць адтуль нейкія пазітыўныя рэчы (глядзі пункт 1).
6. Быць нацыяналістам — лягчэй за ўсё.
Каб быць нацыяналістам ня трэба прыкладаць аніякіх высілкаў. Адзіны высілак для беларускага нацыяналіста — гэта вывучыць беларускую мову. Далей можна проста складаць усю адказнасьць на Расею і агентуру. Мера усяго добрага — дабро беларускай справы. Нацыяналізм не прадугледжвае ўмоваў і рэаліяў сучаснага сьвету, дастаткова толькі дзейнічаць па метадычцы мінулага стагодзьдзя і не ўключаць голаву. Нацыяналісты хочуць стварыць дзяржаву эпохі мадэрну ўжо ў зусім іншым сьвеце. Беларускі нацыяналізм адначасова такі просты і складаны, бо ён адарваны ад рэчаіснасьці.
7. Нацыяналізм — гэта паганства.
Гэты тэзіс можна было не пісаць, бо большасьць нацыяналістаў сапраўды паганцы і ня бачаць у гэтым нічога дрэннага, але ж думка скіравана не да ніх. Нажаль, гэтая праблема існуе сярод хрысціянаў. Сярод іх амаль няма радыкалаў, але ёсьць пра што клапаціцца. Нацыяналізм займаецца падменай — на месца Бога ставіцца народ, мова, культ продкаў. Падчас сьвяткаваньня гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну нацыяналісты запрасілі да сябе каталіцкага сьвятара, які ноччу, сярод сьцягоў і факелаў, чытаў малітву над штучнай магілай паўстанца. Што гэта, калі не паганства? Людзям, якія вераць у Хрыста, варта заўважыць, што нацыяналісты бяруць ад хрысціянства толькі нейкую ім самім выгодную абалонку, эстэтыку, але ў гэтым няма Хрыста. Яго ня можа быць там, дзе ёсьць нянавісьць і сьляпы гонар. Хрысціянства і нацыяналізм супярэчыць адно адному ў сваёй істоце — нельга служыць Богу і мамоне.
Здаецца, людзі становяцца нацыяналістамі праз уласнае няшчасьце. Яны бачаць у гэтым патэнцыял для разьвіцьця сябе як асобы. Але ж, зноў такі, гэта самы прымітыўны шлях, па якім людзі ідуць, бо ня ведаюць іншых шляхоў. Трэба разумець, што распаўсюджваючы ўласнае няшчасьце на іншых, сам ад гэтага шчасьлівшым ня станеш. Нам варта любіць сваю мову, культуру і гісторыю, але трэба балансаваць на тонкай грані і пазасатавацца чалавекам, перш за ўсё сумленным перад сабой, не ставіць сябе вышэй за іншых. Мы так чапляемся за мінулае, бо нашае сучаснае нам не падабаецца. Дык можа варта адпусьціць нейкія крыўды і перастаць перакідаваць адказнасьць на іншых, а пачаць з сябе? Можа варта адпусьціць мінулае, каб мець нейкую будучыню?