November 8, 2025

Успышка

Пасьля канца сьвету пасьля сьмерці я апынуўся пасярод жыцьця я ствараў самога сябе я будаваў жыцьцё людзей жывёлаў краявіды[...]
Тадэвуш Ружэвіч
Пасярод жыцьця

Вось так я і апынуўся тут
Пасярод жыцьця
Ня ведаю як
І што было перад гэтым

Але я прачнуўся
Згубіў увагу на долю імгненьня

Успышка!

І вось я на дні незалежнасьці Польшчы
Ў ліцэі Яна Сабескага

Успышка!

Я ночу на працы
Ля Ўетнамскага рынку

Успышка!

Мяне цалуе дзяўчынка
Ў шчаку
Яе кахае мой сябра
Які стаіць побач

Успышка!

Я ў розных мясьцінах
І бачу
Як ветэран вайны
Чытае вершы
І сам разумее
Натоўп
І сам верш
Ня ў сілах адчуць
Усяго болю
І ніякае слова ня пройдзе такую дыстанцыю

Успышка!

Мы зь ім гаворым
Пра тры віды маны
Пра месца
Драконаў у сьвеце
І пра рацэпт афрыканскага супа
Са шкілетаў і павукоў
Які ў кожнай сям’і
Перадаецца ў спадчыну

Успышка!

Я ў Віцебску
І дзеці
Як маўпы павісьлі на дрэве
Пазнаньня дабра і зла
Яны гавораць што Пуцін
Усё правільна робіць
А калі я кажу што людзей хіба
Забіваць нельга
Яны кажуць што ў прынцыпе
Я таксама маю рацыю
Ў гэтым дэлікатным пытаньні

Успышка!

Я маўчу
Усялякі раз
Калі трэба нешта сказаць

Успышка!

Я раблю
Нешта толькі калі
Ўжо не зрабіць нельга
Але не аддаюся цалкам

Успышка!

Я герой уласнай кнігі
І часамі губляюся паміж выдумкай
І рэчаіснасьцю
Бо гэтая кніга
Маё сачыненьне
Якое падчас перапынку
Я спісваў у сябра ў школьным туалеце
А калі зазваніў званок я…

Успышка!

…Але гэта ўсё
І ёсьць жыцьцё
З усім яго хараством і веліччу
З усёй яго непатрэбнасьцю
І няздольнасьцю перамагчы
Самога сябе

Я беларус
І шчасьце ёсьць мне знаёма
І вашыя
Нашыя ўнукі
Ніколі не прачытаюць у падручніку
Пра ўсё гэта

Я чалавек
І таму прабую ўжыцца ў чалавечую скуру
Нібыта так ўсё і павінна быць
Так
Нібыта ўсё павінна
Павінна быць