May 25, 2023

Адкрыты ліст беларусаў і беларусак да палітзняволеных

Гэты ліст сумесна напісалі падпісанты ініцыятывы «Вольныя паштоўкі» у рамках марафона салідарнасці да Дня палітвязня. Вы можаце раздрукаваць гэты тэкст і даслаць яго палітзняволеным, якіх хочаце падтрымаць.

Прывітанне!

На вуліцы ўжо напоўніцу адчуваецца надыходзячае лета. Прыгожа і пахуча квітнее бэз, гучна шчабечуць птушкі. Паветра поўніцца парасончыкамі дзьмухаўцоў, раніцы пачынаюцца з абдымкаў сонечных прамянёў, а бабулі ў пераходах гандлююць букецікамі першых ландышаў.

Нягледзячы на такое надвор’е, часам жыццё здаецца шэрым і сумным, а будучыня – незразумелай і страшнай. Але добрых людзей больш, і яны рухаюць свет наперад! Мы не заўсёды гэта заўважаем, бо нашая псіхіка больш увагі звяртае на дрэнныя навіны.

Дарэчы, у ЗША Рэбэка Пэтэрсан стала настаўніцай года за традыцыю пачынаць урок з адной добрай навіны, якая адбылася ў свеце. І мы вырашылі падзяліцца з вамі добрымі здарэннямі. Пра іх не заўсёды расказваюць, але яны паступова змяняюць наш свет у лепшы бок.

Напрыклад, вучоныя ў Амерыцы знайшлі рэчыва, якое дапамагае лячыць рак мозга. Яму яшчэ трэба прайсці вопыты – але гэта ўжо вялікі прагрэс! І вучоныя па ўсім свеце працягваюць працаваць над лекамі для розных захворванняў.

Агулам навука не стаіць на месцы.

  • Напрыклад, адна камерцыйная кампанія запусціла ў космас самую моцную ракету ў гісторыі. Запуск пакуль не паспяховы, але гэта вялікі прарыў.
  • А ў Альпах знайшлі мікробаў, якія ядуць пластык, і гэта можа дапамагчы з праблемай смецця.
  • Яшчэ прыродзе дапаможа досвед Швецыі: там зрабілі дарогу, якая зараджае электрамабілі, пакуль яны едуць.
  • А гісторыі і тэхналогіям дапаможа вось што: нядаўна спецыялісты правялі поўнае лічбавае сканаванне Тытаніка, які ляжыць на глыбіні 3800 м у Атлантычным акіяне. Магчыма, хутка будуць вядомыя новыя падрабязнасці трагедыі.

Некаторыя добрыя навіны – гэта «адмененыя» дрэнныя. Напрыклад, у Аўстраліі качкадзюбы вярнуліся ў нацыянальны парк, адкуль зніклі некалькі дзесяцігоддзяў таму. Цудоўна ж, так?

А іншыя навіны… знаёмыя. Шведская спявачка Ларын перамагла на «Еўрабачанні» – які зараз год? 2012? Не, 2023! Ларын стала першай жанчынай, якая двойчы перамагла на гэтым конкурсе. А яшчэ гледачам вельмі спадабаўся выступ фінаў.

Кожны дзень прыносіць добрыя навіны для кагосьці.

  • У Грэцыі вось сотні пляжаў адаптавалі для вазочнікаў – зараз там зможа адпачываць больш людзей.
  • У Брытаніі 105-гадоваму брытанцу, у якога не засталося родных, даслалі 3000 паштовак на дзень нараджэння!
  • А адзін з найлепшых айчынных музычных калектываў «Петля пристрастия» выпусціў сінгл «Жыццё як жах» — першы для яго трэк, напісаны на беларускай мове.

Натхняе, праўда? Давайце памятаць, што добрыя навіны ёсць заўсёды, і «ўсё будзе добра» – гэта не проста фраза, а ўпэўненасць у тым, што мы разам зможам пераадолець любыя цяжкасці.