Навагодні ліст да палітзняволеных ❤️
Гэты ліст падрыхтавалі падпісанты ініцыятывы Вольныя паштоўкі да палітзняволеных, каб павіншаваць іх з Новым годам. Вы можаце даслаць яго людзям, якіх хочаце падтрымаць у гэты святочны час.
Дарагія нашы, найлепшыя, найгераічнейшыя людзі Беларусі! Любім вас, захапляемся вамі. Час спыніўся, а жыццё стала на паўзу ў самым жудасным сваім моманце. Без вас тут пуста, халодна і самотна.
Ведаем, што лісты і паштоўкі не заўсёды добра даходзяць да вас, але будзьце ўпэўненыя, што пра вас памятаюць, турбуюцца за вас, вам піша шмат людзей. Думаем пра вас штодня, дарагія нашыя. Дзякуй за вашую смеласць і чысціню, за тое, што застаецеся сабой.
Ад усяго сэрца мы зычым вам моцнага здароўя, веры і надзеі ў лепшае. Мы зычым вам, каб галоўнае, пра што марыцца, як мага хутчэй здзейснілася. Каб побач былі родныя, дарагія сэрцу людзі, а не халодныя сцены. Каб не страцілі бадзёрасць духу і веру ў чалавецтва. Каб на вуснах заўсёды была ўсмешка, а на душы спакой.
Няхай Дзед Мароз прынясе кожнаму хаця б маленькі, але па-сапраўднаму чароўны цуд. Няхай 2023 будзе лепшым за 2022 і здзяйсняе вашыя мары: ад незаўважных дробязяў – да вялікіх жаданняў. Мужнасці, цярпення і разважлівасці вам у такія цяжкія часы.
Хоць многія з нас не маюць каляднага настрою, мы хочам, каб яго мелі вы. Няхай хоць на хвіліну, на імгненне вам стане цяплей і святлей.
Сталіца робіцца ўсё прыгажэй, а хутка, магчыма, мы пабачым падарункі, пра якія марылі. Паверце, што снегу па калена, а дзіцячых усмешак яшчэ больш. Знайдзіце ў сабе схаваны кавалачак чараўніцтва, іскрысты снег і лапкі ігліцы, звон куфляў і смак шакаладу.
Не хварэйце ў гэты сцюдзёны час. З Бразіліі вам шлюць промні паўднёвага сонца, каб грэла ў любыя маразы, і пяшчотны подых марскіх хваляў, каб змякчалі паветра! З Фінляндыі вам шлюць навагоднюю казку. З усёй Беларусі, з усяго свету вам шлюць словы падтрымкі і пяшчоты.
Радасных і прыгожых святаў Божага нараджэння і Новага года! Жадаем любові, дзякуючы якой усё стане простым. Надзеі, дзякуючы якой усё атрымаецца. Веры, дзякуючы якой усё будзе магчымым. Няхай жа святло заўсёды пераважае над цемрай.
З надыходзячымі святамі, шаноўныя! Мы разам. Тое, у што вы верыце і чаго чакаеце ўсёй душой і ўсім сэрцам, абавязкова збудзецца.