Наведванне архіва Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі
28 кастрычніка студэнты 4 групы 3 курса факультэта ПіМ БДТУ наведалі архіў Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі. Цікавасць да гэтай установы ў студэнтаў, чыя будучая спецыяльнасць “Выдавецкая справа”, невыпадковая, таму што менавіта тут акумуліруецца ўся інфармацыя аб выдавецкай прадукцыі ў Беларусі і менавіта тут захоўваюцца ўсе друкаваныя выданні аж ад 1922 года. Нездарма інстытут кніжнай палаты іншым разам называюць гарантам захавання гістарычнай памяці нацыі.
Сустрэла студэнтаў і правяла іх па фондасховішчах архіва Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, яе дырэктар Алена Вітальеўна Іванова. Яна расказала аб гісторыі стварэння і функцыянавання кніжнай установы, яе задачах і кірунках дзейнасці на сучасным этапе, растлумачыла, як у Рэспубліцы Беларусь працуе сістэма абавязковага экзэмпляра і якім чынам фарміруюцца статыстычныя базы даных. Будучыя спецыялісты ў галіне выдавецкай дзейнасці на ўласныя вочы пабачылі, як на працягу амаль стагоддзя змяняліся змест, структура і выгляд друкаваных выданняў Беларусі.