April 8

Niczos пра Падляшша bounce, жыццёвую мудрасць ад беларускіх бабуль і Дзятлавічы

Niczos, ці Ніка Юрчук, — cпявачка з Падляшша, удзельніца гурту «Hajda Banda». Разам з саунд прадзюсерам Sw@da яна ўзарвала беларускае кам'юніці трэкам «Сhadzu Ja». Будучы полькай, шмат разоў была ў Беларусі і вывучала ў школе беларускую мову. Вельмі часта існуючыя інтэрв'ю з ёй расказваюць цікавую інфармацыю пра культуру і традыцыі, аднак у гэтым в'ю мы хацелі паказаць больш асабістасці Нікі: яна расказала пра свой шлях да музыкі, пра вобраз, калядкі ў беларускай вёсцы і сваю «нармальную» працу.

Niczos. Фотасесія для канала КЛIK. Фота: klacayu_po_fotiku

Ніка пазвала нас на свой першы сольнік ў Варшаве 5 красавіка, а яшчэ мы зрабілі з ёй і klacayu_po_fotiku фотасесію спецыяльна для гэтага інтэрв'ю.

К: Першае пытанне будзе простае. Раскажы, калі ласка, пра сябе. Шмат беларусаў/к цябе ведаюць, але ў той жа час ты даволі таямнічая персона.

Н: (*Cмяeцца*) Гэта вельмі цяжкае пытанне насамрэч. Я любіцелька музыкі. З маленькага ўзросту я спявала, усё маё жыцце з гэтым звязанае. Таксама маю вялікі інтэрэс да праграмавання і інфарматыкі. Раней у мяне ніколі не было адчування, што я магу зарабляць грошы музыкай.

Я заўжды думала, што гэта будзе мае хобі, і я гэта буду рабіць пасля нармальнай працы.

Я так думала цэлае жыцце, таму што мая мама і бабуля спяваюць вельмі добра, але для іх гэта як раз хобі. І да гэтага часу мне цяжка паверыць, што я магу так рабіць музыку на прафесіянальным узроўні, а не класці ў шуфляду толькі для сябе. І я хачу і далей у музыцы развівацца. Але ў той самы момант, я не хачу, каб гэты fun, што я атрымліваю з музыкі, паменьшыўся хоць на крыху з-за таго, што вось цяпер мне проста трэба на гэтым зарабляць грошы.

К: Ты яшчэ і праграмістка? Гэта твая асноўная праца?

Н: Так. Я вывучала фізіку, потым інфарматыку. Цяпер можна сказаць, што я праграмістка. Гэта мая такая «нармальная» праца. (*Усміхаецца*) Але ж усё роўна я думаю, што музыка дае мне больш экспрэсіі. Я ня тая асоба, якая будзе сядзець 8 гадзін за кампом кожны дзень.

Niczos. Фотасесія для канала КЛIK. Фота: klacayu_po_fotiku

К: Ты полька, але ў тваім жыцці вялікае месца займае беларуская мова і музыка, ты нават хадзіла ў беларускамоўную школу. Як так склалася?

Н: Я нарадзілася ў Бельску-Падляшскім. Гэта такі рэгіён на Падляшшы, дзе сапраўды ад маіх дзядоў 30 км да граніцы з Беларуссю. Таму ў нас шмат людзей гаворыць на такім дыялекце — міксе беларускай, украінскай і польскай моў. Калі пад'ехаць бліжэй да Беларусі, гэты дыялект больш беларускі, на поўдні будзе больш украінскі. Адзін час людзі нават саромеліся размаўляць на гэтай мове. А цяпер бачу і сярод маіх сяброў, што яна пачынае адраджацца. Нават калі мы пару тыдняў таму хадзілі ў бар, мы пачалі гаварыць на падляшскай. Быў з намі адзін сябар з Варшавы і зусім нічога не разумеў. Дома я не размаўляла на гэтай мове, таму што мае дзяды, калі паехалі ў другія вялікія гарады, можа забылі, а можа і не адчулі патрэбы размаўляць на ёй. Таму я вучылася гэтай мове, як і любой іншай, калі пайшла ў гурт Падляшскіх беларусаў. Там я шмат чаму навучылася: і размаўляць на мове, і спяваць «белым» традыцыйным голасам, і граць на скрыпцы без нот.

*Белы голас — традыцыйны стыль спеваў. Тэхніка будуецца на адкрытым горле і свабодным аб'ёме з яркай афарбоўкай. Часам гэта блізка да стрыманага крыку або клічу. Найбольш вядомыя сучасныя выканаўцы, якія таксама працягваюць гэты стыль: Руся Shuma, Go_A і Drevo з Украіны.

Niczos. Фотасесія для канала КЛIK. Фота: klacayu_po_fotiku

Калі гаварыць пра беларускамоўную школу, то ў нас у Бельску, да і ўвогуле на Падляшшы, ёсць дзве школы, якія маюць дадатковую мову беларускую.

Беларускую мову выкладалi з самога пачатку школы. І ўсе задавалі пытанне: «Чаму мы вучымся гэтай мове? Нават у Беларусі на ёй не размаўляюць!» І я тады яшчэ не ведала, што ў будучыні я ў CV буду пісаць для IT-кампаній, што беларускую мову ведаю. (*Cмяeцца*)

Я не магу паверыць, што я вось нядаўна выступала на фестывале «Варушняк» і размаўляла там з беларусамі па-беларуску. Ніколі б раней не паверыла, што так можа быць.

К: У які момант музыка прыйшла ў тваё жыццё?

Н: У дзяцінстве я хадзіла проста на ўсё, што можна, ва ўсе гурты. Можа з-за таго, што я расла на Падляшшы, большасць гуртоў была звязаная з фальклорам. У 12 гадоў я трапіла ў «Жэмэрву» і зразумела, што гэта сапраўды маё, гэта ня проста танцы на сцэне і спевы песень, якія я не разумею. Я пайшла ў гурт таксама і таму, што ведала, што сама я граць на скрыпцы ня буду — я гэта проста пакіну. І гэта была матывацыя. Памятаю, запісвала на мой маленькі тэлефон усе рэпетыцыі. Так гэта і пайшло. Ведаеш, я такі чалавек, я не адмаўляю, калі мяне кудысці клічуць, і пасля гэтага гурта я пападала ў розныя праекты, звязаныя с традыцыйнай музыкай. Я вельмі люблю спрабаваць новыя музычныя рэчы і не прыпыняюся на традыцыйнай музыцы, але усё ж такі гэта мая база.

К: Ты ў сваёй творчасці карыстаешся спевамі з Падляшша. А ў КЛIК нядаўна адбылося інтэрв'ю з хорам Spievy — калектывам з 30 дзяўчын, якія спяваюць беларускія народныя спевы. Ці ведаеш пра іх? Чаму, на тваю думку, традыцыйныя спевы зараз становяцца папулярнымі ў сучаснай музыцы?

Н: Так, пра Spievy канешне ведаю. Як я ўжо казала раней, быў такі перыяд, калі людзі саромеліся ўсяго гэтага. Казалі, што, калі ты размаўляеш ці пяеш на мове, ты паходзіш з вёскі.

Цяпер бачу, што ў нас такі час, што мы пачынаем шанаваць тое, што маем, і адкуль мы е — нашу такую вартасць.

Мы заўважаем тое, што маем у сям'і, наш рэгіён, сваю культуру і традыцыі. Цяпер гэта ўсё адраджаецца. Думаю, што зараз так многа штучнага інтэлекта і электроннай музыкі, што людзі хочуць перайсці ў больш акустычную музыку і пабачыць, як было гэта здаўна. Таксама гэты спеў, гэты адкрыты голас дадае нешта магічнае, калі ты можаш проста пачаць спяваць без аніякіх абмежаванняў. Памятаю, калі я пачынала вучыцца спяваць гэтым голасам, мая настаўніца казала мне крычаць проста ва ўсё горла. І гэта было так магічна, што я магла проста адкрыцца. І вось людзі шукаюць такую натуральнасць.

Niczos. Фотасесія для канала КЛIK. Фота: klacayu_po_fotiku

Я спяваю і граю на скрыпцы ў гурце «Hajda Banda». І ён вельмі традыцыйны. Два месяцы таму ў нас быў канцэрт у Варшаве. Прыйшло так шмат людзей, мы такога ня бачылі ніколі! І звычайна кола людзей, якія прыходзяць, невялікае. А тут было так многа людзей ня з гэтага традыцыйнага асяроддзя. Бачу, што цяпер таксама выходзіць шмат гістарычных фільмаў, дзе нават польская народная музыка становіцца больш папулярнай. І я думаю, што гэта супер, што мы можам паказаць нашыя карані. І цяпер мы ня можам збегчы ад гэтага.

К: Кліп на тваю песню «Chadzu ja» стаў бэнгерам. У ім шмат прыгожых дзяўчат з беласточчыны. Ці ёсць у ім woman power мэсэдж? Аб чым гэтая песня?

Н: Так, ёсць. Мы праз гэтую песню хацелі паказаць, што мы маем сваю вартасць. I што нават калі ёсць нейкія праблемы, і мы, як людзі, робім памылкі — гэта нармальна. Трэба ганарыцца тым, што маем. Мы здымалі ўсё гэта ўжывую, ў гэтым быў мэссэдж такой натуральнасці, адсутнасці эфектаў і фільтраў. Мы хацелі паказаць Падляшша, але ня так прыўкрасна. Мы доўга шукалі вось гэты неідэальны падворак, каб паказаць, як жывуць людзі.

Была ў нас такая размова са Sw@da, калі я пачула гэты біт, ён на той момант быў трохі іншы, я зразумела, што хачу туды больш укласці беларускай мовы. Яна лепей гучыць для мяне са словамі «хачу, бачу».

*Sw@da — cаунд-прадзюсер, падляшук з калумбійскімі каранямі, які спалучае мясцовую традыцыю з тым, што яго найбольш рухае на клубнай сцэне. У сваёй музыцы ён спалучае ўплывы абедзьвюх культураў: як падляскае, так і лацінскае гучанне. Знакаміты праект #indawoods, у рамках якога яны запісалі трэкі «Chadzu ja», «na Biesiedi» і іншыя. Ніка і Sw@da запісваюць музыку на стыпэндыю ад Падляскага ваяводства.

І я спытала ў Sw@da, ці будзе гэта добра, што я на беларускай мове, а не на падляшскай гэта раблю. І ён адказаў: «Не трэба кіравацца тым, што людзі скажуць». Я паслухала яго. Потым у TikTok была моцная дыскусія. Шмат хто пісалі, мол, што гэта за мова? Пісалі, што людзі так не гавораць. Былі каментары кшталту: «Што гэта? Столькі жыву, а ніколі такой мовы ня чула!», «Гэта нейкая старацаркоўна-славянская мова». Таму нават калі гэтыя каментары негатыўныя, я наадварот цешуся, што так зрабіла. Гэта значыць, што людзі гэтым цікавяцца, і што для іх гэта незвычайна.

Niczos. Фотасесія для канала КЛIK. Фота: klacayu_po_fotiku

К: Пра што сам тэкст песні?

Н: Ёсць дзяўчына, яна мае пэха і проста трапляе на хлопцаў, якія не шануюць яе. Яна ведае аб тым, што гэта дарога не туды, але эмоцыі вельмі моцныя. У песні ёсць нават яе мама, і яна кажа ёй не ісці туды. Розум кажа адно, але немажліва давярацца толькі розуму.

«Я лічу, што гэта таксама не здарова — карыстацца толькі розумам, эмоцыі гэта вельмі важна».

К: У гэтым ёсць твой асабісты досвед ці гэта больш выдуманая гісторыя?

Н: (*Усміхаецца*) Трохі так, распавядаю пра сабе.

К: Як адбылася вашая калабарацыя са Sw@da? Чаму вы вырашылі сумясціць несумешчальнае — калумбійскі рэп і падляшскія спевы?

Н: Мы пачалі супрацоўнічаць у 2019 годзе. Sw@da шукаў жаночы голас, каб выступіць на конкурсе «Nowa Tradycja», які адбываецца ў Польшчы.

*Nowa Tradycja — польскі радыёфестываль фолк-музыкі, які яе прадстаўляе і папулярызуе. Ён існуе з 1998 года і арганізаваны Цэнтрам народнай культуры Польскага радыё. Конкурс народнай музыкі — самая важная яго частка.

І мая сяброўка параіла яму мяне. Так мы пачалі працаваць. Мы выступілі на гэтым конкурсе, і гэта быў вельмі непадрыхтаваны выступ, мякка скажам (*Cмяeцца*).

Sw@da

Выступ быў першы, так што выбачаю сябе, але памятаю, што гэта было складана. І вось прыйшла наступная нагода, калі быў беларускі фестываль «Абуджаных Tutaka» на Падляшшы. Мы выступілі, і ён сказаў, што адчувае, што трэба нам працягваць разам працаваць. Мы пачалі рабіць гэта, запрасілі яшчэ Максіма з Беластока. Першы наш сінгл і першы кліп разам быў «Bahato».

Sw@da x Maxim x Niszos - Bahato

Людзі на Падляшшы былі вельмі зацікаўленыя гэтым і не маглі паверыць, што такое здарылася ў іх. І цяпер мы разам ствараем альбом «In da woods». Кожная лакацыя ў лайвах на YouTube — гэта Падляшша. Мы хочам паказаць яго праз гэтыя песні.

Спачатку мы думалі: «А навошта мы гэта робім, і хто гэта будзе слухаць?»

Я была пераканана, што людзі з традыцыйнага асяроддзя гэта слухаць ня будуць, бо гэта ту мач. (*Cмяeцца*)

З другого боку, я думала, што людзі, якія слухаюць электронную музыку, ня будуць слухаць падляшскае, таму што яны гэта не разумеюць, і ім патрэбна нешта на англійскай ці польскай мовах. Але аказалася наадварот!Мы зрабілі толькі тры песні, але нам так спадабалася, што хочам рабіць гэта далей.

К: Акрамя дуэта са Swada, ты ўжо шмат гадоў выступаеш з калектывам Hajda Banda. Чым ты там займаешся? Як арганізаваўся гэты калектыў?

Н: Ён паўстаў 3 гады таму. Мяне запрасіла да гэтага праекту Дар'я Буцкая, якая заснавала гэты гурт. Яна сабірала інструментальную музыку з Падляшша і з Беларусі на падставе стыпендыі, якую сама атрымала. І хаця яе задача была толькі ў гэтым, ёй было шкада ніяк тыя спевы не выкарыстоўваць. Таму яна і сабрала гурт. Мы граем традыцыйную музыку з гэтага рэгіёну, але таксама аранжуем яе трохі па-свойму. Раней не было на Падляшшы падобных ансамбляў, мы робім нешта новае. Бачу, што цяпер ёсць бум на традыцыйную музыку, і вельмі файна паказаць Падляшша, таму што ёсць рэгіёны з вельмі папулярнай традыцыйнай музыкай: Radomskie ці Mazowieckie. І ў параўнанні з Падляшшам, там вельмі шмат гуртоў граюць.

К: Ці можаш ты аднесці сябе да рэп-выканаўцы?

Н: Мы з Sw@da вырашылі, што гэты жанр лепш за ўсё называць Падляшша-bounce. (*Cмяeцца*) Але гэта нешта такое выцякаючае.

К: Шмат людзей лiчыць, што рэп — гэта вельмі маскулінная культура. Як гэта — быць жанчынай у рэпе?

Н: Калі я зрабіла гэтую песню «Chadzu Ja», меньш за ўсё мне хацелася акрэсліваць, што вось гэта асобны жанр, або нейкі іншы. Я проста раблю музыку. І калі трэк выйшаў, людзі пачалі пісаць, што я рэперша. І я такая: «Ну можа...» Людзі пісалі, што я рэпую па-свойму, і гэта цікава.

К: А як твая сям'я ставіцца да тваёй творчасці?

Н: Яны мяне падтрымліваюць, але маюць такую пазіцыю, што толькі з музыкі не пражывеш.

Напрыклад, мая бабуля, калі пабачыла мяне ў кліпе «Bahato», пачала казаць нешта кшталту: «Як ты пакажашся людзям! Што яны скажуць!»

Але потым яна пачула мяне на радыё і пабачыла, што людзям мая творчасць падабаецца, і прыняла гэта. Вядома, старэйшыя людзі маюць у галаве здагадкi аб тым, што скажуць іншыя.

Niczos. Фотасесія для канала КЛIK. Фота: klacayu_po_fotiku

К: У цябе даволі хутка выйдзе альбом. Якія эмоцыі ён выклікае? Пра што ён?

Н: Гэта будзе супольны альбом са Sw@da «In da woods». Гэта мой шлях. Калі мы пачалі рабіць яго, я брала традыцыйныя тэксты. Дзякуючы гэтаму праекту, я больш углыбілася ў іх. Калі я раней такое спявала, я ня думала пра сэнсы, а цяпер я бачу, што большасць гэтых песень вельмі сумныя, яны распавядаюць пра розныя праблемы ў сям'і ці ў каханні. І гэта асабістыя гісторыі аб жывых людзях: вось 100 гадоў таму гэты хлопец з гэтай вёскі зрабіў тое-сёе, з ім тое-сёе здарылася. А вось праз 100 гадоў мы пра гэта спяваем. І на гэтым шляху я зразумела, што я хачу пісаць і свае тэксты: пра сябе і свае эмоцыі. Я хачу натхняцца гэтымі старымі матывамі, але ў той жа час і перакласць гэта ў мае жыццё і паказваць больш актуальныя рэчы. Можа, рабіць гэта дзесьці і той мовай, на якой людзі ў мінулым пелі. Гэта таксама вельмі багатая мова с цікавым словаўтварэннем.

Калі людзі прыходзяць на канцэрт, мая задача — гэта каб яны адключыліся ад свету і былі тут, цяпер і з намі.

Гэта для мяне вельмі важна. Канешне, я разумею, што апошні сінгл «Vysoko Letaju» таксама не такі вясёлы. Але ж тут біт, музыка і антураж маюць значэнне.

Sw@da, Niszos — «Vysoko Letaju»

К: Мы ведаем, што гэты кліп быў зняты на Варушняку Шчодрыку. Распавядзі пра свой выступ на гэтым фестывалі. Якая была там атмасфера, і як праходзілі здымкі кліпа?

Н: Калі мы былі яшчэ ў працэсе запісвання гэтай новай песні, мы пачулі, што гэта вялікі фестываль, і падумалі, што трэба хаця б запісаць гэты выступ. Я была пад вялікім уражаннем ад прафесіяналізма арганізатараў фестывалю, хоць і вядома, што для фестываляў гэта нармальная справа. Але яшчэ больш мяне ўразіла колькасць беларусаў у Варшаве. Я жыла ў нейкай такой сваёй бурбалцы і не асэнсоўвала тое, якая power ідзе ад беларусаў. Калі я пазнаёмілася з арганізатарамі, мы сядзелі і размаўлялі на бэкстэйджы, i я адчувала, што яны ўсе як такая вялікая сям'я. Я там сябе вельмі добра адчувала. Спачатку я думала, што мне трэба было... можа і ня трэба было, але гэта менавіта я так сабе прыдумала, што файна было б размаўляць з імі па-беларуску.

І я спачатку стрэсавала, што ў мяне нейкі не такі акцэнт. Але калі паразмаўляла з беларусамі, некаторыя з іх казалі, што яны і самі вучаць беларускую мову цяпер, калі пераехалі ў Польшчу.

І было супер, што ня толькі адна я ў гэтай сітуацыі. Я пазнаёмілася з многімі людзьмі. І гэта не тое знаёмства, калі я адзін раз чалавека пабачыла, і ўсё. Мы працягваем супрацоўніцтва, і думаю, што і далей будзем разам штосьці рабіць.

К: Ці было для цябе чакана, што вашыя песні стануць такімі папулярнымі сярод беларускага кам'юніці?

Н: (*Усміхаецца*) Гэта добрае пытанне. Канешне, я не думала, што «Chadzu Ja» так зайдзе беларусам. Калі яна выйшла, мяне моцна ўразіла тое, што так шмат людзей ня ведала пра Падляшша. Я ў Беларусі была шмат разоў. Мы з гуртам «Жэмэрва» ездзілі ў экспедыцыі да старых бабуль і запісвалі песні. І таму я думала, што ў Беларусі ўсе ведаюць Падляшша. Але не, гэта хутчэй я была ў сваёй бурбалцы такой. Я пабачыла, што варта ўсё гэта паказваць беларусам. Мая задача не дзяліць людзей на падляшскіх чы беларускіх. Я б для сябе хацела сказаць, што гэта такі мост, які злучае Польшчу і Беларусь. На Варушняку мне было прыемна, што ніхто не напіраў на мяне. У сэнсе, што мне трэба размаўляць на чыстай беларускай мове, а не на падляшскай. Для іх гэта была нават дадатковая вартасць, што гэта ня чыстая беларуская мова, а мяшанка моваў. Я думаю, што беларусы могуць нават лепей за палякаў разумець гэтыя песні. Разам з тым, калі я раблю песні, я стараюся ня думаць пра таргет.

Я як чую, так і раблю.

Niczos. Фотасесія для канала КЛIK. Фота: klacayu_po_fotiku

К: Ты казала, што была ў Беларусі. У якіх гарадах? Якія ў цябе галоўныя ўспаміны аб ёй?

Я была ў Кобрыне, Мінску, Брэсце. Памятаю, напрыклад, што яшчэ была ў Светлагорску — гэта самая дальняя кропка з усіх гарадоў. Таксама памятаю Давыд-Гарадок, дзе мы сустракалі Новы Год. І гэта было так файна, калі ўсе пераабраліся ў коз, нейкіх жывёл, клалі ў кошыкі яйка і шлі калядаваць. І цэлая вёска гэта рабіла! Давыд-Гарадок — увогуле месца, у якім гэтыя традыцыі вельмі добра захаваліся. Мая любімая вёска — Дзятлавічы. Там у нас ёсць сяброўкі, якія нас заўжды прымалі. Для мяне вельмі прыемна, што, калі мы туды прыязджалі, мы часта ночылі ў хатах бабуль.

Яны сапраўды жылі сціпла, але давалі ўсё, што маюць.

І вось гэта было цудоўна для мяне, і гэта я больш за ўсё запомніла — вёсачкі і добрых людзей.

Я думаю, што гэтая мяжа паміж намі — яна толькі на мапе, а ў сэрцах я ніякіх меж ня бачыла.

Увогуле не было відаць, што мы з іншага краю. Але, канешне, была вялікая розніца ва ўзросце з тымі бабулямі, і гэта той момант, калі ты можаш нешта даведацца ад іх, яны перадаюць сваю мудрасць, нават праз свае песні. І каляровыя домікі мне вельмі падабаліся.

К: У сваіх вобразах ты любіш спалучаць залатыя ланцугі, балаклавы з тканымі паясамі з народных строяў. Ці дапамагае гэты стыль раскрываць тваю музыку?

Н: Я вельмі не люблю абмежаванні. І вось гэтыя народныя элементы дапамагаюць мне больш углыбіцца ў жанр. Людзі вельмі часта, калі даведваюцца пра жанр, у якім я спяваю, маюць у галаве адну карцінку таго, як гэта павінна выглядаць. Але я атрымліваю асалоду ад таго, што магу ўразіць чалавека і дадаць нейкую нязвыклую форму праз сваё адзенне. На гэтым сваім этапе для мяне вельмі важна эксперыментаваць і даследваць новыя віды, жанры ў музыцы, і адначасова я магу выглядаць па-рознаму ў кожным сваім трэке. Вось на мінулыя выходныя я выступала двойчы на адным і тым жа фестывалі з гуртом «Hajda Banda» і з праектам «Bahato» як Niсzos. І калі мяне пабачылі без усіх гэтых валасоў у «Hajda Banda», усе такія адразу: «Гэта Niсzos??? What?»

К: Ты плануеш даць свой першы сольнік у Варшаве 5 красавіка на Scena Сhmielna. Чаму менавіта гэтая пляцоўка?

Н: Насамрэч гэта для нас будзе цікавы эксперымент. Калі мы зразумелі, што столькі беларусаў нас слухаюць, мы вырашылі зрабіць гэты канцэрт, каб пабачыць...ці яны прыйдуць (*Усе смяюцца*). Ну і канешне хацелася зрабіць канцэрт у Варшаве, каб палякі таксама змаглі прыйсці, нават і на беларускую пляцоўку. І таксама хацелася паказаць, што палякі могуць спяваць па-беларуску і прадэманстраваць вось гэтае спалучэнне двух народаў. Ведаю, што, калі ты беларус і пераязджаеш у іншы край, вельмі лёгка проста замкнуцца ў беларускім коле і не інтэгравацца ў польскае кам'юніці. Гэта нармальная справа, але захацелася, каб народы стасаваліся паміж сабой. Пасля нас будзе выступаць беларускі дыджэй Kipah. Мы з ім, дарэчы, пазнаёміліся на Варушняку.

К: Ці хвалюешся ты?

Н: Тааак! Таму што вельмі шмат рэчаў яшчэ засталося зрабіць да канцэрта. Мы робім гэта самі, гэта не фестываль, дзе ўсё гатова, і ты проста прыходзіш спяваць, тут усё трэба самім зрабіць на прафесійным узроўні. Але ўсё павінна быць файна. Я ужо не магу дачакацца!

Мы яшчэ дапрацоўваем свае песні новыя. Яны прагучаць на канцэрте, але яшчэ ня выйшлі. Таксама яшчэ будуць танцоркі, мы рэпетыруем з імі.

*Гэтае в'ю адбылося да канцэрта, але мы вельмі ўдзячныя, што Ніка запрасіла на яго рэдакцыю КЛІК. На гэтых фота ад klacayu_po_fotiku вы можаце адчуць атмасферу канцэрта. (Спойлер: ён быў бомба! Сапраўды сабраў разам шмат беларусаў і палякаў)

Канцэрт Niszos у Scena Chmielna 5 красавіка. Фота: klacayu_po_fotiku
Канцэрт Niszos у Scena Chmielna 5 красавіка. Фота: klacayu_po_fotiku
Канцэрт Niszos у Scena Chmielna 5 красавіка. Фота: klacayu_po_fotiku
Канцэрт Niszos у Scena Chmielna 5 красавіка. Фота: klacayu_po_fotiku
Канцэрт Niszos у Scena Chmielna 5 красавіка. Фота: klacayu_po_fotiku

К: Ці слухаеш беларускую музыку?

Н: Найбольш мне падабаецца Iva Sativa. Таксама я закаханая ў беларускі рок — Nizkiz, Ляпіс, РСП (была калісьці на іх канцэрце ў Варшаве).

К: Калі б ты магла павярнуцца ў мінулае і змяніць нешта, што магло паўплываць на тваю кар’еру зараз, то што бы гэта было?

Н: Агульна кажучы, я б больш казала тое, што насамрэч чую, і больш адмаўляла бы людзям, калі я не да канца ўпэўнена, што нешта атрымаецца добра. Калі ў мяне быў выбар паміж двума нейкімі праектамі, мне было вельмі цяжка адмовіцца. З-за гэтага ў мяне не было ўнутранага спакою. Таму хацелася б больш умець паказваць, што нешта мне не адпавядае.

К: Якія 3 неад'емныя элементы твайго вобразу як артысткі ты вылучаеш?

Н: Напэўна гэта арыгінальнасць, таксама такое... flexibility (*Усе смяюцца*)

К: Добра! Гэта не перакладаецца! (*Усё яшчэ смяюцца*)

Н: І цікавасць да свету.

К: Ніка у музыцы і Ніка ў жыцці – гэта два розных вобраза?

Н: Троху так... Я думаю, што музычны вобраз дапамагае мне адкрыць сябе сапраўдную. Вядома, што, калі ты артыст, шмат рэчаў робяцца для цябе даступнымі з-за твайго вобразу. І, можа, ў «нармальным» жыцці я б чагосьці і не зрабіла, бо людзі асудзяць. Музычная сфера дапамагае мне рабіць больш нестандартных і не да канца зразумелых рэчаў. Канешне хочацца станавіцца больш сапраўднай у рэальным жыцці, а можа гэта і нармальна, што ў музыцы ты адна, а ў жыцці – другая, і яно так і павінна быць.

Niczos. Фотасесія для канала КЛIK. Фота: klacayu_po_fotiku

Backstage фотасесіі

Backstage фотасесii ад Уладзя Лепяшынскага

Над фатасесіяй працавалі:

Фота/ідэя: Аліна Мазавец – @klacayu_po_fotiku

Стыль: Воля Этыка – @proekt_etika

Макіяж і валасы: Злата Камінская – @zlata.kami

Студыя: koska – @koska.waw

Відэа: Уладзь Лепяшынскі – @u.lepiashinsky

Cпадніцы: Alya Chlaba – @alyachlaba

Завушніцы: Маша Мароз – @mashamaroz.studio

Падпішыцеся на Telegram-канал KЛІК, каб ведаць усё пра беларускую музыку