«Калі мяне выдраць з Беларусі, то я нідзе не прыжывуся». Ян Клапоцкі пра сваё месца ў краіне, запісы трэкаў на тэлефон і трагізм, як шлях да радасці
Ян Клапоцкі – новая індзі-зорка Беларусі апошніх гадоў. Маючы прафесійную музычную адукацыю, Ян запісвае свае песні на тэлефон, выкладае іх у свой тэлеграм і ездзіць з канцэртамі па Беларусі. КЛІК паразмаўляў з артыстам пра важнасць заставацца ў родным кантэксце, філасофіі DIY як неабходнасці і шлях да радасці праз трагізм і безнадзейнасць.
— У цябе досыць сумныя песні. А які ты ў жыцці?
— Я б не сказаў, што яны сумныя. Яны пра радасць і жыццесцвярджэнне. Я і сам такі. Мы разважалі неяк с сябрам наконт мажорнага і мінорнага ладу. Мінорны традыцыйна лічыцца сумным, а мажорны вясёлым. Але ад мажорнай песні я вельмі рэдка магу пачуць нешта прыемнае. А вось мінор ён багаты. Таму тэксты могуць падавацца мінорнымі, але яны пра радасць.
Канешне, ёсць і трагізм і безнадзейнасць. Любая народная музыка з першага погляду сумная. Але трагізм для таго, каб адчуць тое, што сам не можаш. Людзі жывуць альбо розумам, альбо эмоцыяй. А вось пачуццём – рэдка. Таму у рэшце рэшт мае песні пра радасць і жыццё, а не пра марнасць і безнадзейнасць.
— Ці шмат чарнавікоў ты змарнаваў перад тым, як палічыў, што твор нарэшце варты ўвагі?
— Шмат, так. Нават сярод таго, што ёсць, я не ўсё лічу вартым і таленавітым. Некаторыя песні мне дарагія, як кавалак асабістай гісторыі, але зараз я разумею, што шмат дзе вырас і працягваю гэта рабіць. Памятаю, што дзесьці шостая ці сёмая спроба была ўдалай. Гэта песня «Корова», якую можна знайсці на YouTube. Яна далася мне авансам, пасля гэтага я доўга чакаў нечага падобнага.
— Калі ты пачаў пісаць песні на беларускай мове і чаму?
— Самы значны ўплыў аказала нараджэнне сына. У нас з жонкай паўстала пытанне, як яго гадаваць, і мы вырашылі перайсці на беларускую мову. А там і песенная творчасць з астатнім падцягнуліся.
— Як і пры якіх абставінах ты вырашыў займацца музыкай?
— Музыкай я займаюся з дзяцінства. Спачатку была музычная школа па скрыпцы, пасля музычны каледж па гітары фламенка і ўніверсітэт культуры па бас-гітары/кантрабасе. Штосьці сваё па-сур'ёзнаму пачало атрымлівацца ў 2021 годзе. У канцы 2022-га я пачаў выкладаць свае трэкі.
— Якія гурты цябе сфармулявалі як музыку? Як ты вызначыў свой стыль?
— Не скажу, што я ўжо вызначыў свой стыль, але ёсць пэўныя асобы, што на мяне паўплывалі. Па-першае, гэта фламенка і Пака дэ Лусія ў прыватнасці. Ён у значнай ступені сфармуляваў мяне як музыку. Фламенка я захапіўся ў падлеткавым узросце і гэта была самая апантаная і адданая справа ў маім жыцці. Пасля мае захапленне пачало змяняцца ў бок джазу. Потым у мяне здарыўся крызіс музычнай ідэнтычнасці. У гэты момант я выпадкова пазнаёміўся з творчасцю Леаніда Фёдарава і ён таксама на мяне паўплываў.
Менавіта тады я пачаў паглыбляцца ў песенную традыцыю. Дагэтуль я не ўспрымаў песні як штосьці сур’ёзнае. У мяне было меркаванне, што я займаюся музыкай, а песні – гэта нешта іншае і не зусім вартае ўвагі. Зараз у мяне прыблізна супрацьлеглыя погляды. У гэтым на мяне паўплывалі Звуки Му, часткова Гражданская оборона, The Doors, Morphine, Веня Д’ркин, авангардная музыка.
— Наколькі табе было цяжка перайсці з акадэмічнай музыкі ў аўтарскую?
— Насамрэч мне пашчасціла, што ў мяне не класічная адукацыя. Нават не пашчасціла, а гэта быў мой свядомы выбар у пэўны час. Мне ўжо ў падлеткавым узросце было зразумела, што акадэмічная адукацыя з вялікай верагоднасцю незваротна траўмуе асобу. У цябе проста выпальваецца жаданне да стварэння. Ня шмат якая псіхіка здолее такое пераадолець.
Я вучыўся на эстрадным аддзяленні, дзе мне было шмат дазволена. Я заўсёды захоўваў у сабе прастору для манеўру, таму мне не прыйшлося па кроплі выкарчоўваць з сябе акадэмічнага музыканта. Пераход адбыўся даволі лёгка.
Я хоць і маю адукацыю, але па факце я самавучка. Калі я пачаў займацца фламенка, то не было проста спецыялістаў па гэтым жанры. Мне прыйшлося вывучаць усё самому. Таму намінальна я навучэнец, але увесь тэхнічны бок асвойваў сам. Тая ж гармонія, што выкладаецца ў навучальных установах, мае невялікае дачыненне да сапраўднай гармоніі. Яе я таксама вывучаў самастойна.
— Ты выкладаеш шмат сваіх трэкаў у тэлеграме. У цябе выйшаў самвыдатаўскі зборнік вершаў. Усё гэта чысцюткі DIY. Наколькі табе блізкі гэтыя ідэі?
— Я і ёсць DIY. Не тое, каб гэта была з самага пачатку мая свядомая філасофія. Хутчэй – неабходнасць. Усе магчымасці, што ў мяне былі – гэта тэлефон і гітара. Зараз гэта ўжо частка філасофіі. Я не маю патрэбы ісці на студыю. Усе сродкі, што ў мяне ёсць цалкам задавальняюць.
Быў пераломны момант, калі я паглядзеў дакументалку пра Дэніэла Джонстана. Мяне натхніў яго дзіўны гук, і калі я запісваў свае першыя трэкі на тэлефон, то думаў што і гэта занадта якасна. Але менш якаснага, чым тэлефон я не знайшоў, таму ён стаў кампрамісным варыянтам. Пасля крыху наблатыкаўся рабіць гук які хачу. Усе мае трэкі запісаны на тэлефон. Там жа і мантую. Апошнім часам свае трэкі я выкладаю ў тэлеграме. Калі-небудзь яны з’явяцца на музычных пляцоўках у выглядзе альбома.
— Як у цябе нараджаюцца песні? Што з’яўляецца першым: музыка ці словы?
— Спачатку з'яўляецца мелодыя. На яе аснове робіцца тэкст, пасля дашліфоўваецца мелодыя. У мяне былі спробы пісаць спачатку вершы і потым класці іх ў музыку, але яны былі няўдалымі. Патрэбна, каб спачатку быў хаця б нейкі рыф і гукі.
— Першапачаткова я маю нейкую песенную канву. Уключаю метраном у адно вуха, дыктафон і па памяці граю партыю. Потым усё гэта заганяю у рэдактар і гляджу ці працуе. Далей перапісваю, гляджу які плагін накласці, як усё граматна развесці. Вакал пішу ў самым канцы. Карацей, усё тое самае, як і на студыі, але сам насам з тэлефонам.
— У сакавіку ты пачаў арганізоўваць свой тур па Беларусі. Чаму табе важна граць за межамі Менску?
— Тур па Беларусі ў мяне бесперапынны. Гэта, як правіла, адныя і тыя ж месцы. Горадня, Віцебск, Гомель, пару маленечкіх гарадоў кшталту Ракава. У Менску я магу выступіць максімум раз у тры-чатыры месяцы. Хто мяне будзе слухаць часцей? Трэба даць адпачыць ад сябе, а граць хочацца. Таму шукаеш, дзе яшчэ не быў, ці быў даўно і едзеш.
— З якімі складанасцямі ты сутыкаўся пры арганізацыі канцэртаў ў рэгіёнах?
— Асноўная складанасць – пляцоўкі. Іх мала і болей не становіцца. А тыя што ёсць іншы раз перастрахуюцца на нешта больш стабільнае, накшталт кавер-бэндаў, якія гарантавана прынясуць выдаткі. Нейкая аўтарскае пускаць – чорт яго ведае.
— Ці важна табе быць часткай музычнай супольнасці?
— Канешне важна. Гэта ўсім патрэбна, нават самым аутсайдэрскім аўтсайдэрам. Хаця б два-тры сябры-паплечніка, якія падзяляюць з табой жыццёвыя каштоўнасці. Без гэтага чалавек не чалавек. Толькі дзе яе шукаць гэтую супольнасць. Калі я пачынаў займацца музыкай, у мяне былі наіўныя ўяўленні, што нягледзячы на ўсе нашыя акалічнасці культурнага існавання ўсё роўна знойдзецца дзесятак-другі аднадумцаў. Але нешта яны не знаходзіліся, і доўгі час я адчуваў сабе ў поўнай самоце. У выніку мяне знайшлі самі.
Мне напісаў Дзёня «Сінія Горы» і ўсё неяк у нас закруцілася. Ёсць яшчэ файныя рабяты Yellowpower, мы граем разам, калі атрымліваецца.
— Як Беларусь ўплывае на тваю творчасць? Наколькі важна табе знаходзіцца ў сваёй краіне?
— Важна. Кажуць, што ёсць людзі-пні, людзі-сажанцы, ёсць дрэвы, ёсць перакаці-поле. Дык я вось пень. Калі мяне выдраць, то я нідзе не прыжывуся. Чалавек павінен знаходзіцца ў сваім моўным асяроддзі, сярод сваіх пейзажаў. Усё гэта фармуе жыццё і музыку ў тым ліку. Часам я ўляю, што вось пераязджаю куды-небудзь за лепшым жыццём. Гэта патрабуе пэўнага тыпу асобы. Я не з такіх. Пакуль што ўмовы дазвалюць і нават спрыяюць знаходзіцца тут. Спрыяюць майму развіццю і натхненню. Ці будуць спрыяць у іншым месцы – наўрадці. Хутчэй гэта будзе рэжым выжывання.
— Што цябе натхняе ў Беларусі?
— Карані ў шырокім сэнсе гэтага слова. Пры развіцці творца непазбежна прыходзіць да сваіх каранёў. Любая вялікая культурная праява мае нацыянальнае аблічча, уласны твар. За што я люблю тых нешматлікіх замежнікаў, што мне адгукаюцца, што ў іх бачны амерыканскасць, брытанскасць – іх карані.
Нават той жа рок-н-рол паўстаў з народнай музыкі, з англіканскіх балад, з блюза. Усё гэта музыка народная, там яна ў сваім асяроддзі і там жа расце. А тут расце сваё.
Можна сказаць што натхняюць і месцы. Не магу сказаць, што калі я не паеду некуды, то натхненне знікне. Але сама магчымасць таго, што я магу сесці і паехаць паглядзець на разбураны млын, ці блізкія мне краявіды, вельмі грэе. Плюс, гэта людзі. Шмат якія з'ехалі, але шмат якія засталіся. Тут жыве мая сям’я. Памятаю, у мяне была прапанова з’ездзіць на месяц з гастролямі ў Вялікабрытанію. Магчымасці ўзяць з сабой сям’ю не было, таму я адмовіўся ад гэтай прапановы. Ад думкі, што цэлы месяц я буду адзін без сям’і мне стала неспакойна.
— Што ў апошні час цябе найбольш уразіла?
— Усё, што адбываецца са мной цягам майго бацькоўства. Напэўна адно з самых вельмі глыбокіх перажыванняў. Бацькоўства выклікае розныя эмоцыі і пачуцці, але яны самыя глыбокія. Назіраць, як твой сын расце, як ты ствараеш жывую асобу.
— Каго з беларускіх артыстаў паслухаць, каб лепш разумець Беларусь?
— Сінія Горы. Вельмі недаацэнены праект. Калі б чалавек, які нічога не чуў беларускага, і трэба было абраць адно, то я б сказаў менавіта пра яго.
— Усё тое, пра што я распавядаў. Шчасце – не пастаянны ток, а пераменны. Шчаслівым мяне робіць адчуванне сябе на сваім месцы і разуменне напрамку куды рухацца.