March 8

SPIEVY z-pad mosta аб жаночым сястрынстве, тэрапіі і 8 сакавіка

SPIEVY – хор беларусак, якія даказваюць сваім існаваннем сястрынства, сяброўства і павагу паміж жанчынамі. Яны стыхійна сталі збірацца ў Варшаве пад мостам каля ракі, каб проста паспяваць разам, а зараз перарастаюць у асобную творчую адзінку і становяцца паўнавартаснымі артысткамі. Мы пагутарылі і захавалі для вас моманты нашай размовы з прадстаўніцамі SPIEVY – Русяй (Марынай) Шукюравай, Каралінай Паляковай і Таццянай Капітонавай. А таксама сваімі думкамі падзялілася адзіная ўдзельніца SPIEVY з Украіны Іва Коўтун і беларускі Вікторыя Анціпава і Каця Ігнашэвіч. Тут мы шмат будзем казаць пра жанчын і вакальную тэрапію. Што тычыцца гераінь нашай размовы, няхай лепш яны раскажуць пра сябе самі.

Руся: Я пра сябе ведаю, што я жанчына, маці, сястра, сяброўка, каханка, культурная дзеячка, спявачка, вакальная тэрапеўтка, ЛГБТ-актывістка, падтрымліваю правы людзей, дзяцей, жанчын.

Руся Шукюрава, у цэнтры. Фота: Аліна Мазавец.

Таня: Я ведаю, што я бачу свет прыгожым, і гэта дапамагае мне праяўляцца ў розных сферах. Зараз у эміграцыі я займаюся арганізацыяй івэнтаў для стартап-суполкі Ū hub. А таксама займаюся мэнэджмэнтам SPIEVY.

Таня Капітонава. Фота - Паша Крычко.

Караліна: Я Караліна Палякова. Мастачка, але першапачаткова фатографка – гэта мая такая апантанасць ужо каля 15 гадоў. Але таксама я займаюся відэа вытворчасцю: здымаю кліпы, розныя сацыяльныя ролікі і складаю калажы. Таксама я лічу сябе жанчынай, чалавекам і трошкі занозай.

Караліна Палякова. Фота: Tina Zaborowska.

Руся: ЧАМУУУ?

Караліна: Ну я лічу сябе занозай, нават за*бай. (*смяюцца*)

Руся: Мы вось нядаўна зноў с кімсьці пляткарылі пра Караліну, таму што ў варшаўскай тусоўцы Караліна Палякова – ўжо фігура. Вось ведаеш, ёсць асоба, а ёсць фігура. І нехта завёў гаворку, заноза яна ці не. Меркаванне было такое, што ты, Караліна, праўдаруб, а такіх людзей не хапае. Трэба мець вялікіе яйцы, каб прыйсці і ў вочы сказаць: «Ведаеце што? Заябалі. Вось так і так адчуваю».

Караліна: Ну так, але я ў гэты час канешне сябе адчуваю занозай. Але я і не магу не казаць.

Руся: Гэта твой талент.

К: Хацелася б папрасіць вас расказаць нашаму музычнаму кам'юніці, што такое SPIEVY і як да вас прыйшла ідэя аб стварэнні гэтага праекта?

Караліна: Гісторыя была такая: 24 лютага 2023 году мы сабраліся з дзяўчатамі плясці павукоў з саломы ў Насты Канвы. Мы сядзелі слухалі розную музыку, у тым ліку Shuma, падпявалі, і ў адзін момант зайшла размова аб тым, што нам усім ахвота спяваць. І я кажу: «Давайце я мабыць напішу Русе, і можа яна пагадзіцца, каб мы ўсе разам сабраліся і паспявалі». Я напісала ёй, мы некалькі разоў паразмаўлялі і вырашылі, што нам патрэбны невялічкі калектыў з моцнымі галасамі, ну так, на 6 чалавек прыкладна (*усе смяюцца*).

Руся: У мяне ўжо была трэцяя хваля эміграцыі. І мне гэта неяк складана давалася. А я Караліну вельмі люблю і паважаю. А тут яна мне піша ў такія дэпрэсіўныя часы і такая: «Давай збіраць хор». Я думаю: «Які да халеры хор…Тут бы выжыць увогуле, сабраць кукуху сваю». Але я даўно працую с тэрапіяй гуку, голасу і ведаю, наколькі гэта магутны інструмент. Нашыя продкі былі недурныя людзі і выкарыстовывалі гукі замест псіхатэрапіі. Спачатку я так акуратненька вылазіла са сваёй сацыяпатыі – мы нешта на анлайн уроках павучылі, а потым Караліна кажа, што прыспеў час: ідзем на аффлайн, выходзь. І мы выйшлі, і быў такі ваў эфект! З таго самага моманту неяк актыўна ўсё пачало развівацца, усё новыя дзяўчыны прыходзілі. Ну і вось у касцеле нас было ўжо не 6, а 30 – і гэта яшчэ ня ўсе.

SPIEVY ў Касцёле Святога Аляксандра. Фота: Паша Крычко.

К: А якія у вас зоны адказнасці ў SPIEVY?

Руся: *АААА* Гэта ТАК ШМАТ! У нас была тусовачка на 6-8 чалавек першая, і мы думалі, што мы проста будзем сустракацца і спяваць і неяк адна адну падтрымліваць, але сабраліся ўсе такія амбітныя жанчыны – у кожнай нешта гарыць, адказнасць завышаная. Мы ўсе самастойныя, феміністкі, а гэта асобы склад ментальнасці і жыцця. І нават калі падаецца, што нічога не хочацца, усе роўна шмат чаго робіш. Такая структура характару. Такім чынам размеркаваліся адказнасці такія: у мяне меньш за ўсе – трымаць поле гурта і вучыць спевам, прыносіць нешта, капаць. Тут я адчуваю сябе як рыба ў вадзе. Але ўвесь астатні цяжар цянуць на сябе канешне дзяўчыны – Таня, Караліна. Таня, я цябе ведала мала да нашага знаёмства ў SPIEVY, толькі па артыстычнай і фатаграфічнай тусоўцы. І калі мы сустрэліся ў SPIEVY, тое, што я пабачыла – ну проста, Таня, выходзь за мяне замуж! (*усе смяюцца*). Ты працуеш так структуравана. Я упершыню сустракаю такога чалавека, які так скрупулёзна, так дэталёва кіруе ўсёй інфармацыяй. І гэта такая праца неверагодная, але яна незаўважная.

Караліна: Зараз увядуць ад нас яе ў КЛІК. (*смяюцца*)

Руся: Караліна – гэта нашая куля ў попе, якая кажа: «Так блін, тут я стамілася, а тут гэта ня будзем рабіць. Адчуваю – трэба змены. Вось гэта ня тое, і гэта ня тое». І гэта для нас заўседы такі штрушок. Ну і канешне выдатны відэа прадакшн. Вось я ў цябе гэта вельмі цаню, таму што можна ў сторыс паставіць такі прахадны відос, але Караліна так ніколі ня зробіць, яна будзе сядзець да раніцы, і гэта выйдзе піздатая сторыс.

К: То бок, для добрага праэкту патрэбны: сістэма, натхняльніца і куля ў дупе! (*усе смяюцца*) Вось і формула!

SPIEVY на беразе Віслы. Фота: sasza.nest.

К: Нам пташка напела, што ў вас нядаўна адбылася нейкая рэформа. Раскажыце пра яе, які ў вас падзел абавязкаў?

Таня: У самы пікавы момант у чаце было каля 69 чалавек. Потым мы выдалілі мертвых душ з чата, і нас стала 37. І зараз нас 20 у калектыве артыстаў. Пры гэтым з іх чалавек 7 займаюцца менеджментам. А ўсе астатнія у нас у такім агульным вялікім чаціку, гэта як нашае камьюніці.

Руся: Трэба адзначыць вельмі важную дэталь, што кожная з нас працуе ў гэтым камьюніці бясплатна. Мы папрацавалі з такой вялікай колькасцю людзей, аб’ёмам відэа прадакшану, тэкстам, фоткамі. Рабіць гэта доўгі час бясплатна – гэта складана. Здараецца такая штука, як выгаранне. Вось ты фігачыш-фігачыш, а потым думаеш: «Блін, у мяне сваё жыццё…» (*Руся прыпыняецца, таму што ў пакой забягае яе дачка Ая*)

Караліна: О! Твае жыццё цябе кліча.

(*смяюцца*)

Руся: Рэформы – гэта вельмі цікавая штука. За паўгады мы прызвычаіліся хадзіць спяваць, тусавацца ў бяспечным жаночым камьюніці. І сталася так, што частка людзей хадзіла just for fun, а частка в’*бвала: хадзіла на кожную рэпетыцыю, вывучала тэксты, рабіла хатнія заданні. І праз год выявіўся даволі яркі разрыў. Ёсць людзі, якія зрабілі заўважны прагрэс, а ёсць тыя, хто хацеў проста бавіць час у прыемным камьюніці. І канешне калі ёсць амбіцыі са SPIEVY рабіць артыста, то важна было скараціць людзей. Яшчэ адна важная рэч – гэта наведванне Беларусі. Мы проста адарвалі ад сэрца гэтых дзяўчат і патлумачылі, што гэта небяспечна ў першую чаргу для іх. Разважанні аб тым, як далікатна гэта ўсе абставіць, занялі ў нас амаль месяц. І мы прыйшлі да таго, што год мы папрацавалі бясплатна, з імпэтам, з жарсцю, шмат хто зацікавіўся беларускімі спевамі. У нас увогуле першая ідэя пра назву была «Іскарка», што тыпу мы ў Варшаве вучым людзей, яны раз'язджаюцца і далей, як іскаркі, запальваюць новыя і новыя такія гурты. І была такая мара, каб усю планету гэтыя SPIEVY пакрылі. Але вось самы асноўны склад сабралі пад артыста, і наступны год паспрабуем прысвяціць таму, каб зрабіць са SPIEVY артыстычную адзінку.

Адзін з выступаў SPIEVY на Варушняке. Фота: johnny_cosmic.

К: То бок патрапіць у вашае кола зараз немагчыма?

Руся: SPIEVY падзяліліся так: SPIEVY-артыст, якія шмат працуюць, і SPIEVY-каммьюніці – гэта людзі, якія хочуць тусавацца ў SPIEVY, але ня хочуць укладацца ў мэнэджмэнт альбо развіццё артыста. І шырокае кола – гэта нашыя спеўныя кругі, куды можа патрапіць любы жадаючы. У нашай группе мы ўсю інфу публікуем, калі, дзе і як.

К: Як праходзяць вашыя тыповыя сустрэчы?

Руся: Мы сустракаемся, пытаемся, ці можа ў каго-небудзь за тыдзень абідак якіх нарасло. Пасядзім, парагочам, паабмяркоўваем. Потым пачынаем разбіраць песні.

Таня: Я б яшчэ хацела дадаць трошкі пра практыкаванні, якія мы робім на пачатку заняткаў. Усе іх можна паглядзець на YouTube-канале Русі Vocal Image. Гэта вельмі карысна для такіх людзей, як я, якія ніколі не спявалі. Веды Русі – гэта нешта вялізарнае, і пры гэтым вельмі простае і даступнае.

Караліна: Калі мы былі пад мостам, у нас часцяком было такое, што напрыканцы заняткаў мы запрашалі любую дзяўчыну, якая адчувае сябе дрэнна ў той дзень, ў цэнтр кола, а ўсе астатнія станавіліся па колу. І гэта такая тэрапеўтычная была тэма, што нават нібыта і размаўляць ня трэба было. Слёзкі цяклі, тое-сёе.

Рэпетыцыя SPIEVY пад мостам. Фота: Hanna Šot.

Руся: Аднойчы прыехала мая сяброўка з Кіева, з якой мы даўно ня бачыліся, яна ўжо была пакоцаная вайной. Апынулася, што яна заехала ў Варшаву ў дзень SPIEVY. Мы прыйшлі разам, і я папрасіла дзяўчат, каб сяброўка пабыла ў цэнтры кола.

«І гэта было так кранальна, гэта заўседы вельмі тонкае, сакральнае дзеянне, калі чалавек проста сядзіць, а мы ўсе закрываем вочы і проста спяваем для гэтага чалавека, неяк з ім кантакт усталёўваем. Гэта кантакт звыш эга, звыш асобы».
Каментар Каці Ігнашэвіч. Фота: Паша Крычко.

К: Прачытаўшы ваш маніфест аб тым, якімі прынцыпамі вы кіруецеся, можна падумаць, што SPIEVY – гэта прадукт калектыўнага болю. Што калі б не было масавай эміграцыі, мноства дрэнных навін і суму, то вы б не з'явіліся. Ці можна так сказаць пра SPIEVY?

Руся: Ня думаю.

Караліна: Я таксама так ня думаю.

Руся: Што я пра сябе думаю і ведаю: там, дзе я, там заўсёды SPIEVY. Гэта лезе з мяне, я не магу гэта ніяк спыніць. Дзе б я ні была, у якіх бы станах – дрэнных ці вясёлых – заўседа есць нехта, з кім я спяваю, і гэта маленькае альбо шырокае кола. Не думаю, што гэта прадукт болю. Замест SPIEVY тут бы маглі з’явіцца курсы вышыванкі, традыцыйныя гульні, што заўгодна. Бо калі чалавеку самотна, а ў эміграцыі мы часта перажываем комплекс чужаніцы, пытаемся ў сябе: хто я? чый я? дзе мой край? Псіхіка чалавека ў такім стане хоча прыляпіцца да нейкай вялікай сістэмы – туды, дзе шмат людзей, чужаніцы хочацца прыбегці і пагрэцца.

Караліна: Я думаю, што SPIEVY – гэта прадукт агульнага жадання ратавацца, бо гэта ўсё ратуе.

К: То бок гэта прадукт жадання яднацца?

Руся: Жадання нават быць. Існаваць. Праяўляцца. Бо на чужой зямлі вельмі хочацца праяўляцца. Мне падаецца, што SPIEVY – гэта не палітычны мігранскі праект, а больш жаноча-экзістанцыйны.

Каментар Івы Коўтун. Фота: Паша Крычко.

К: Некаторыя людзі адчуваюць творчасць SPIEVY як нешта цяжкае, жалобнае, мінорнае (матывы песень, чорнае адзенне). Як вам здаецца, якую эмоцыю вы транслюеце?

Руся: Я лічу, што гэта эмоцыя жыцця, вітальнасці. Вось я ёсць, гэта маё месца, і я вось такая. Так, нашая культура сумная, мы людзі багны, у нас чорныя гістарычныя плямы. Пра траўнасць я разумею, але таксама хачу дадаць, што ўсё, што мы ўспрымаем у наваколлі, успрымаецца праз нашыя ўласныя налады і праэкцыі. Кожны чалавек па-рознаму рэагуе на праслухоўванне і практыку традыцыйных спеваў. Нехта хіхікае, хтосьці ў эйфарыі, камусьці мроіцца памёрлая бабуля, нейкія сцэны гвалту с дзіцячага ўзросту і г.д. І калі нехта кажа, што яму падаецца, што гэта траур, то ён гаруе пра нешта свае. Спеў проста падсвечвае тое, што баліць.

SPIEVY. Фота: Hanna Šot.

Караліна: Па-першае, агулам у беларускім фальклоры вельмі жорсткія сюжэты. Ёсць песні застольныя, дзе людзі бухаюць. Мы іх не выбіраем, мы бярэм гэтую беларускую жэсць. Я цікаўлюся фальклорам і разумею, што беларусы канешне эма ці готы... (*усе смяюцца*) Нават прапускаць праз сябе гэтыя cпевы і паўтараць гэтыя тэксты таксама нялёгка. А ў чорным мы таму, што у нас людзі паміраюць у турме. Пра гэта таксама трэба не забывацца.

Руся: Ну так. Я вось не старонніца таго, што калі ідзе вайна, то ўсе павінны сесць і памерці. Усё адно жыццё працягваецца, як бы гэта дзіўна ні гучала. Зараз увогуле вельмі складаныя часы, можа часам падавацца, нібы мы жывем у кіно. І мы вось носім чорнае, каб не забывацца, што гэта ўсе не кіно. Проста гэта напамін.

«Можа непрыемна глядзець людзям на чырвоныя вусны, якія напамінаюць Машу Калеснікаву, але блін, сістэма толькі і намагаецца, каб наш боль ператварыўся ў наратыў, тупы расказік. І каб не забывацца, што гэта рэальнасць, мы носім чорнае і фарбуем вусны».

Таня: Можна пачытаць сюжэты спеваў у нас на старонцы. Там сэнсы такія, што жах. Яшчэ гэта канешне так гучыць у raw фармаце, але вы паслухайце дыджэяў з нашымі сэмпламі, і гэта зусім іншыя вайбы. І крута, што нешта цяжкае і глыбокае натхняе музыкаў, якія робяць нешта светлае. Крута, што дзякуючы Караліне мы выпускаем гэтыя сэмплы. Яны ідуць у свет у розных фарматах.

Cпевы. Фота: Hanna Šot.

К: Вы спяваеце толькі старадаўнія этнічныя спевы. Чаму вы выбралі менавіта такую форму?

Руся: Гэта мая фішка. Некаторыя спевы я тупа не разумею, яны не ўваходзяць у мяне. Але вось калі гэта нешта такое вядзьмарскае, старое, драматычнае і меланхалічная – гэта пра мяне.

Караліна: Я таксама сябе ўспрымаю як эма, таму мне гэта ўсё падабаецца. (*смяюцца*)

К: Нядаўна вы выклалі відэа свайго канцэрта ў Касцёле. Распавядзіце пра яго?

Руся: Напісала Вольга Падгайская, з якой мы да рэвалюцыі сустракаліся ў Менску і хацелі з Shuma зрабіць штосьці, але потым усіх раскідала. І вось яна піша: «Руся, давай давядзем справу да канца». І ў нас атрымалася! Было класна!

Караліна: Яна супер-мега профі. Мы паказвалі ёй рэпертуар, яна пісала мелодыі для гэтага, і мы спявалі. Я радая такому сымбіёзу і яе ўменню спалучаць неспалучальнае. Досвед спявання ў гэтай архітэктуры быў проста супер – мега цяжкі. Народныя спевы ня так размеркаваныя па тактах, як тая ж класічная музыка ці тая, што Ольга Падгайская на аргане грала. Карацей, нам трэба было ўсё перабудаваць па тактах.

Вольга Падгайская. Канцэрт SPIEVY у Касцёле Святога Аляксандра. Фота: Паша Крычко.

Руся: Можа тусоўка ведае Марка Бэнца. Вось ён прыйшоў на гэты канцэрт і сказаў: «Упершыню бачу столькі рэйвераў у касцёле ў адзін час». І сапраўды было шмат маладых людзей у чорных рэйверскіх акулярах.

Караліна: У касцёле было адчуванне, нібы ўнутры ўсё дрыжыць, і яшчэ дробязь, і я ўзлячу. А потым пераглядаю відос – я стаю на месцы. Але я б хацела гэта неяк пабароць.

Канцэрт SPIEVY у Касцёле Святога Аляксандра. Фота: Паша Крычко.

Руся: Гэта не прападзе, але зменьшыцца. І ўвогуле гэты трэмар – нашае топліва для харызмы. Калі ты яго падаўляеш і выходзіш на сцэну, табе няма, з чаго паіскрыць. Я вось люблю на нашых рэпетыцыях мэтанакіравана ствараць для дзяўчат стрэсавыя сітуацыі: збіцца, няправільна сыграць. І дзяўчаты пажаліся, а я ім кажу, што так будзе і на канцэрце. Так і здарылася! Але мы ўжо былі натрэніраваныя. Так што SPIEVY фарміруюць стрэссаўстойлівасць.

Канцэрт SPIEVY у Касцёле Святога Аляксандра

К: Вашае кола ў SPIEVY складаецца з сапраўды яркіх беларусак і нават адной украінкі, кожная з якіх паспяховая і амбіцыйная. Калі быць шчырымі, наколькі добра ў вас атрымліваецца адключыць эга і існаваць як адзіны арганізм?

Руся: А мы харошыя.

Караліна: Я асабіста настолькі накіраваная на вынік, што я не адчуваю спаборніцтва. Вось у нас ёсць гэтая тройка, якой мы прыйшлі сёння на інтерв’ю, і мы нават калі ёсць нейкая спрэчка паміж дзвюма, можам заўсёды спытаць трэцюю і не спрачацца бясконца. Да і спрачацца трэба.

Руся: Не паспрачаешся – не народзіцца прыгожага.

Таня: Я таксама не адчуваю ніякага спаборніцтва. Наадварот, мне цікава назіраць, як розныя людзі на ініціатыве нешта робяць і паказваюць, на што яны здатныя. Гэта вельмі матывуе, калі побач такія крутыя дзяўчаты.

Руся: У мяне вось такая структура псіхікі, што я люблю ўладу, я самая лепшая, дасцігатарка, лепей мяне нікога няма. І для мяне тэма канкурэнцыі была балючая доўгія гады. Але потым я дайшла да антымізагіннага складу характару. Побач з такімі фігурамі, як Таня, Караліна, Цемра, Іва, Канва ўвогуле складана адчуваць нейкую канкурэнцыю, таму што зразумела, што кожная настолькі моцная адзінка сама па сабе! У нас ёсць і прафесійныя спявачкі – Паліна ĆORNABROVA, Кэціван, Ларыса. Мы адна аб адну вучымся. Часам бываюць і складаныя камунікацыі, нехта пакрыўдзіцца.

«Але SPIEVY – гэта вялікі падтрымліваючы арганізм, куды можна прыйсці са сваімі іголкамі вожыка, але на іх ня будуць звяртаць увагі».
Каментар Каці Ігнашэвіч. Фота: Паша Крычко.
Каментар Вікторыі Анціпавай. Фота: Паша Крычко.

К: У інтэрв'ю Мікіце Мелказёраву Руся казала аб тым, што аднойчы вы запрасілі мужчыну спяваць з вамі, аднак магія крыху сапсавалася. Пры гэтым мужчыны даволі часта прыходзяць на вашыя выступленні і пакідаюць захопленыя каментары, і апошні ваш выступ быў з мужчынскім хорам Касары. Ці можаце вы растлумачыць, як менавіта ўдзел мужчыны ўплывае на ваш жаночы круг?

Руся: Рэпетыцыя – гэта інтымная справа. Унутраныя працэсы заўсёды больш інтымныя. Чужога чалавека запросіш, і нейкія ролі пачынаюць праяўляцца. Але вось мы зрабілі Варушняк апошні з мужчынамі. Цяпер рыхтуем масленічны таксама с Касарамі. І гэта вельмі сексі, мы маем шмат павагі адно да аднога. Ёсць адно фота з Варушняка, дзе дзяўчаты спяваюць, а Касары ўнізе з закрытымі вачыма і усмешкамі проста ўпітваюць. І вось гэта жаночая моц – без сэксуалізацыі, аб’ектывацыі, і проста павага ад вялікага мужчыны да вялікай жанчыны і наадварот.

Караліна: Але наяўнасць мужчынаў на рэпетыцыях, як мне падаецца... Я вось не хачу так гучаць, трэба неяк так сказаць...

Руся: Кажы як ёсць! Ты ж праўдарубка!

Караліна: Але так ці інакш....Я таксама пачынаю дурэць, бо я абажаю хлапцоў. І часам вось стаіш, глядзіш, нешта разглядаеш, ну проста дурэеш і ўсё. Хочацца ўвагі.

Руся: Паглядзець, хто там з пярсцёнкамі.

Караліна: Так ці інакш, пачынаецца фізіалогія. Я думаю, што ў нас і с дзяўчынамі такое таксама адбываецца. Ты фліртуеш, Руся, са мной часам, калі спяваеш. Але калі ёсць мужчыны, гэта на нейкую гульню стае пахожа больш, чым на канцэнтраваную спеўную практыку. Калі ёсць падмурак з іх нізкіх густых галасоў, там яшчэ больш моцы надаецца. Было б крута рэпетаваць асобна, але калісьці збірацца разам.

Руся: Я SPIEVY разглядаю яшчэ як такі феномен, сацыяльны эксперымент, дзе працуюць толькі дзяўчыны. Ёсць такое меркаванне, што дзеўкі таксічныя, і што гэта кубло змей. Гэта ня так.

Таня: Гэта рэальна такі ўнікальны калектыў, калі параўнаць з тымі, дзе я працавала да гэтага. Усё на асабістым імпэце, усе дарослыя. Гэта ня праца, ня школа, не універ.

Руся: Так! Па зову сэрца. Мы ўвесь год тупа на ўласным імпэце працавалі: Пушкіна адпелі, кліп Купалінка знялі, сэмплаў нафігачылі, канцэрт ў Касцёле далі, схадзілі зараз на марш Лізы... Гляньце, колькі мы ўсяго зрабілі!

К: Як палякі ставяцца да вашай творчасці? Ці ёсць нейкія гісторыі аб гэтым?

Руся: Калі быў Варушняк на Купалле, туды прыехалі палякі і ўкраінцы. Яны паглядзелі, як SPIEVY зрабілі фінальныя песні пад касцёр.

* Варушняк - гэта музычны фестываль, закліканы аб'яднаць эмігрантаў-творцаў у агульную творчую сілу для падтрымкі і развіцця беларускай культуры і этнічнай ідэнтычнасці за межамі радзімы. Кожны год фестываль арганізоўваецца у розныя народныя святы, найбуйнейшае з іх - Купалле і Шчодрык, пра яго і кажуць дзяўчыны ў матэрыяле.

Адзін з Варушнякоў.

Яны дзякавалі за адкрыццё прыгажосці нашай культуры. Казалі, што ўсё, што яны дагэтуль ведалі, што беларусы – гэта бульба, Лукашэнка, трактар. А тут такая глыбіня! Для іх гэта быў культурны шок. Калі нават пабачыць відэа з Варушняка, там ўсе такія прыгожыя, натхнёныя, паламаныя лёсы. Гэта было вельмі глыбока, і я атрымлівала такі пазітыўны фідбэк, што ледзь не да слёзак.

Купальскі Варушняк - 2023. Фота: Аліна Мазавец.
SPIEVY на Купальскім Варушняке. Фота: Аліна Мазавец.

Таня: Увосень і ўзімку мы рэпетавалі ў вельмі прыгожым будынку, назва якога «Камень». Гэта сапраўды архітэктурный цуд, я б сказала. І гэта польская інстытуцыя, і яны нас запрасілі, каб мы праводзілі рэпетыцыі там і адкрытыя колы. Я лічу, ўто гэта вельмі крутая адзнака нашай творчасці.

Збор SPIEVY каля будынка «Камень». Фота: Паша Крычко.

Караліна: Так, гэта Ужонд Віслы ўвогуле нас пазваў! Тады была ў гэтым «Камяню» выстава Мілы Коткі, мы дамаўляліся не спяваць. Але я пазвала дзевак і прапанавала хоць трохі паспяваць пад дыджэя. Сутыкнуліся з адным непрыемным водгукам ад беларуса, які сказаў, што мы бязгрунтоўна варваліся на выставу. Ён прыйшоў паслухаць музыку ад дыджэя, а тут мы. Я тады стушавалася, але палякі ўразіліся і прапанавалі нам на халодны час збірацца ў «Камяню». Гэта месца з вельмі класнай акустыкай. І таксама нас запрасілі на бераг Віслы на дзень вясенняга раўнадзенства. Нам сказалі, што ў іх няма ганарара, але яны могуць даць нам лодку с капітанам, і яны па Вісле нас пракатаюць.

Руся: Караліна такая: «Колькі гадоў капітану, пшэпрашам???» (*смяюцца*)

Караліна: Мы не хацелі там паўтары гадзіны плаваць, нам трэба было дадому, і мы пыталі капітана, каб гэта меньш часу займала. І ён такі нервены быў з-за гэтага. Ну і мы садзімся ў лодку, пачынаем спяваць...

Руся: І мужык пацёк!

Караліна: Ён проста афігеў! Там было два мужыка, і яны былі з вылупленымі вачыма, а мы не маглі спыніцца. І пасля ён нас скінуў на іншым беразе і мы пайшлі. Як яго звалі, я не памятаю, але ён быў вельмі шчаслівы і казаў: «Może jeszcze jedna piosenka».

К: Ці можаце вы падзяліцца гісторыяй аднаго з вашых найбольш значных спеваў? Што яна сімвалізуе для вашай супольнасці і вас асабіста?

Руся: У мяне гэта «Ды гарэла Купайло». Гэта купальскі спеў. Сюжэт сімвалічны, такого насамрэч не было: конь прынёс цела сына да маці, а яна галосіць і пытаецца: «За каго ты галаву сваю паклаў?» А ён кажа: «Палажыў я голаўку за дзеўку, за яе цёплую пасцельку». Гэта канешне нітачка жарсці, і таго, што з намі можа рабіць каханне. Сімвалізм, старажытнасць, тое, што з намі робіць жарсць жыцця – гэта мяне спакушае. Я люблю гэтую песню, таму што яна адна з самых старажытных у маім рэпертуары. Яна складаная для выканання ня толькі тэхнічна, але і эмацыйна. Там ёсць такія моманты, калі трэба пульсіраваць мелодыяй, разняволіцца і зліцца з іншымі галасамі. Патрэбная трэніроўка духу і цела. Вось калі запарыцца і спяваць традыцыйныя спевы так як трэба, гэта такі варкаўт! Можна выкручваць шмоткі потым.

Купальскі Варушняк. Фота: Аліна Мазавец.

Караліна: Гэтая песня канешне жорстка мяне вырубала... Яна прыгожа гучыць, але ну такая складаная. Я ад яе стамляюся, бо яна эмацыйна цяжкая, але супер эфектная. Але мне падабаецца песня «Бяроза», таму што яна дыалогавая, люстэркавая. Частка дзяўчат можа спяваць адно, частка – іншае. І мы зліваемся ў гэты час.

Тэкст спева "Бяроза": Ой, бяроза белая, чаму ж ты ня зелёна Як жа мне зялёнай быць край дарогі стоячы Край дарогі стоячы да штодзень купцы едуць Да штодзень купцы едуць, маё голляйка ламяць Маё голляйка ламяць, маё лісцяйка паляць – Маладая дзевачка, чаму ты нявесёла – Як жа мне вясёлай быць? Да штодзень сваты едуць Да штодзень сваты едуць, на дзень па двоя-троя На дзень па двоя-троя, а ў суботу чацвёра

Руся: Ёсць такая інфа, што яе спявалі па два бакі вёскі. Жанчыны аднаго боку пачыналі: «Ой бяроза белая, чаму ж ты ня зеленааааа....» і кідалі гэта, а жанчыны на іншым баку мусілі пачуць і адказаць: «Як жа мне зяленай быць край дарогі стоячыыыы....» І вось яны гэтымі нотамі нібыта цалаваліся з языком. Было такое пранікненне страфы ў страфу. Гэты моцны гук пужае, асабліва тых, у каго ёсць нейкі траўматычны досвед.

Караліна: Яе змест такі, што жанчына пакутуе праз тое, што ў яе няма волі. Бацька хоча аддаць замуж, да яе заўжды ездзяць сваты. І экалагічная праблема там таксама закранутая (*пасмяхаецца*) праз тое, што бяроза стаіць у дарогі, і вакол яе заўжды праязджаюць купцы і рубяць ейныя ветчакі. Мне мелодыя моцна падабаецца, яе так прыгожа равець у лесе.

Таня: Мне таксама падабаецца спеў «Правэду русалачку». У яе вельмі простая мелодыя для такіх людзей, як я, хто не вельмі даўно і добра пяе. Гэта можна нават напяваць сабе пад нос, пакуль каву робіш.

Спеў «Правэду Русалачку», жывое выкананне на канцэрце ў Касцёле.

К: Якія ў вас далейшыя планы?

Руся: У нас ёсць артыстычны, адукацыйны і тэрапеўтычны вектары. Артыстычны вектар – мы хочам с праграмай SPIEVY пракаціцца па Польшчы. Працягваем наразаць сэмплы і рабіць калабарацыі с дыджэямі і прадзюсарамі. У нас таксама будзе калабарацыя Shuma і SPIEVY, нам вельмі спадабалася разам выступаць. Адукацыйны – мы хочам стварыць відэакурс са SPIEVY. І вось хочацца зрабіць такую невялічкую відэа-лекцыю аб тым, як гук паўплывае на падсвядомасць, на стан, і як можна пры дапамозе родных спеваў паправіць сваё ментальнае здароўе. А што датычыцца тэрапеўтычнага вектара, мы разглядаем працу SPIEVY як вялікага тэрапеўтычнага гурта і хочам супакойваць людзей, даваць ім рэсурс, выключаць ім мазгі. Мы рыхтуем зараз прапанову для айцішкі, каб проста заходзіць у офісы і рабіць паўгадзінныя-гадзінныя сэссіі для дзяўчын, каб яны пасля напружваючай працы трошкі адпачывалі.

К: Якія жанчыны прыходзяць у SPIEVY? Што вас аб'ядноўвае?

Караліна: Я аднойчы, калі нас стала ўжо багата, злавіла сябе на думцы, што максімальна топавыя дзеўкі сабраліся. Кожная ў сваёй галіне крутая. Хтосьці – мегатанцорка, хтосьці – крутая пісьменніца, хтосьці – мастачкі. І гэта так натхняе – быць сярод такіх крутых дзяўчат.

Руся: Жанчыны ў нас усе вельмі глыбокія, кожная параненая ў нейкіх сваіх сферах, і вось гэтыя незагойныя раны – таксама кропка, дзе мы аб’ядноўваемся і бачым адна адну праз усе гэтыя даспехі ўспешніцы, вядомай, лідаркі і г.д.


«Калі мы ўваходзім у поле SPIEVY, кожная бярэ свой фаллас і вывешвае куды-небудзь там, адсоўвае ўсе свае дасягненні, славу і ўсё такое».


Выглядае так, што мы ўваходзім SPIEVY проста як аголеныя жанчыны са сваім бэкграўндам, праблемамі, болямі.

SPIEVY. Фота: Hanna Šot.

К: Якое ў вас стаўленне да 8 сакавіка, і ці змянялася яно з цягам часу?

Караліна: Чы лезе ў трусы рука? (*усе рагочуць*)

Караліна: Такая жорсткая песня дарэчы.

Руся: Мяне ў саўку вучылі, што гэта жаночы дзень, потым я даведалася пра фемінізм і проста святкую гэта як звычайны дзень свайго жыцця. Распавядаю дачцэ пра фемінізм, пра жаночыя правы, мы рагочам, што мужчыны раз на год такія п’яныя ходзяць з кветкамі, з цюльпанамі гэтымі паламанымі. Для мяне гэта дата, прысвечаная дыскурсу фемінізму.

Таня: Мяне таксама вучылі пра жаночы дзень. Сапраўды не прыемна, што ёсць такія людзі, якія толькі ў гэты дзень паводзяць сябе паважліва. Агулам, хай будзе гэтае свята.

Караліна: Я ад хлапцоў чую крыўды: «А вы нас не бярэце, а калі вы нас будзеце браць?».

«Да блін, нас, жанчын, ня бралі на працу, не давалі галасаваць, калі гісторыю паглядзіш. А мужчыны ўсё роўна крыўдзяцца, што іх не бяруць у наш хор...»

(*усе смяюцца*). Да дайце нам спакойна проста разам паразважаць аб тым аб сім. Вось і хочацца яшчэ такі дзень, каб мы сказалі хлопцам, што мы іх бачым, мы спяваем вам ў вочы, класныя вы рабяты.

К: Напрыканцы хацелася б папрасіць вас звярнуцца да жанчын і павіншаваць іх з важным днём 8 сакавіка. Што хочацца сказаць жанчынам зараз?

Караліна: Жадаю быць сапраўднымі, быць сабой. Не адчуваць віны за сваё існаванне. Як мага больш асалоды і задавальнення ад жыцця жадаю жанчынам. Ну і спяваць таксама, бо гэта сапраўды трохі разнявольвае. І здароўя – гэта самае галоўнае. Жадаю вам смеласці ня быць там, дзе небяспечна, і годнасці. Ведайце, што вы сама па сабе здольная, каб сябе забяспечыць.

Таня: Быць жанчынай часам складана і небяспечна. Але ў цэлым мы жывем ня ў самыя дрэнныя часы для жанчын, нешта змяняецца, а нешта – не. Калі мы ўсе разам будзем рабіць так, каб нам жылося лепей, то ўсё і атрымаецца! Будзьце сабой, праяўляйце ініцыатыву, не саромейцеся, не бойцеся, проста жывіце і рабіце ўсё з асалодай. Калі нешта ня так, памятайце, што амаль ўсё можна перажыць.

Каментар Вікторыі Анціпавай. Фота: Паша Крычко.
Каментар Каці Ігнашэвіч. Фота: Паша Крычко.
Каментар Івы Коўтун. Фота: Паша Крычко.

Руся: Жадаю жанчынам свабоды быць сабой. Гэта самае галоўнае.

Падпішыцеся на Telegram-канал KЛІК, каб ведаць усё пра беларускую музыку