Nevika пра шлях да беларускай мовы, правал на праслухоўванні KAUFMAN і жаданьне для папараць-кветкі
Вікторыя Валатовіч – так па-сапраўднаму клічуць Невіку – раней была з тых людзей, «кто не любит изливать душу напоказ», але з часам усё зьмянілася. Доўгі час хаваючы свае эмоцыі, ёй прыйшлося шукаць спосаб рэалізаваць іх. І яна зрабіла гэта праз песьні. Чаму Невіка? «Бо ёсьць Віка, а ёсьць Невіка. Віка гэта ўсё ўжо перажыла. А ёсьць Невіка, якая можа гэтыя тэмы падняць і выказаць, і можа камусьці адгукнецца».
Рэдакцыя КЛІК захацела раскрыць абедзьве гэтыя асобы: музыкі і дзяўчыны зь вёсцы пад Слуцкам.
К: На камароўцы да цябе падыходзіць прадстаўніца лейбла Universal Music і кажа, што ты падобная на музыку, запытвае распавесьці пра сябе. У цябе ёсьць час адказаць, пакуль запакоўваюць набыткі.
Н: Я музыка зь Беларусі. Ў першую чаргу я не выканаўца, не артыстка, я лічу сябе мінавіта музыкай, бо шмат часу вытратрачаю на тое, каб пісаць музыку, яе звадзіць і рабіць аранжэроўкі. Мая музыка вельмі разнастайная, я лічу, што мой слухач – гэта падрожнік, які падарожнічае не толькі па сусьвеце, але і па розных стылях, жанрах, па розных настроях у сваім жыцьці. Таму у маёй творчасьці можна знайсьці песьні на любы густ. У мяне ёсьць нешта падобнае да року, да такой танцавальнай лёгкай музыкі тыпу RNB, ёсьць нават фольк.
«Галоўная мая мэта – зрабіць беларускую музыку папулярнай. Каб гэта было стылёва, каб дзесьці ў іншых краінах пачулі песьню на беларускай мове і ім стала цікава, што гэта за мова і што гэта за краіна Беларусь. Што мы не проста нейкі кавалачак зямлі каля Украіны і Расеі, што мы таксама маем сваю культуру і шмат чаго ўнікальнага і цікавага».
К: Што ўнікальнага ў тым месцы, адкуль ты?
Н: Я зь вёсцы Навадворцы, што каля Слуцку. Самае ўнікальнае ў нашай вёсцы – гэта была якраз нашая школа, якую, нажаль, цяпер ужо зачынілі. Школа складалася з некалькіх аднапавярховых будыначак-хатак, у кожнай зь якіх было некалькі класаў. У нас усё было так абасоблена, і мы кожны перапынак выходзілі на вуліцу і пераходзілі з хаткі ў хатку. І так атрымалася, што мой год нараджэньня быў неўраджайным, і я вучылася адна ажно да шостага класа.
Калі пайшла ў першы клас, у нас у школе адчынілі філіал музычнай школы. Я памятаю, што калі я прайшла праслухоўваньне туды, я пабегла хутчэй да дому, каб сказаць сваёй матулі, што я прайшла яго і буду вучыцца. У мяне быў такі запал!
«Я не ведала нават, што гэта за фартэпіяна і што з гэтага выйдзе. Але ў мяне было вось такое сусьветнае жаданьне».
К: І як у гэтай весцы, адна у класе, ты вырашыла звязаць жыцце з музыкай?
Н: Я ўдзельнічала ў розных конкурсах творчых ўсе мае школьныя гады, таму ў мяне заўсёды быў такі творчы двіж. З настаўніцай сьпявалі шмат песень на беларускай мове. Я не ведаю, дзе яна іх знаходзіла на той час, гэта былі не тыя эстрадныя песьні, якія можна пачуць з экранаў тэлевізараў, гэта былі нейкія песьні, якія яна знаходзіла на касетах звычайных. Я аднойчы намагалася знайсьці гэтыя песьні ў інтэрнэце, а іх няма, то бок гэта быў нейкі эксклюзіў. Мы зь іншымі выканаўцамі з дома культуры езділі па вёсках, дзе нічога не было, нават ні крамы, толькі аўталаўкі, і там мы ў сацыяльных дамах ладзілі канцэрты. Мы ўсё гэта рабілі бескаштоўна, нам проста хацелася неяк дапамагаць людзям і проста сьпяваць.
У 9 классе мне трэба было абіраць, куда рухацца далей. Усе творчыя людзі, зь якімі я была знаёма, казалі мне, што у музыцы грошай няма, таму мне трэба ісці туды, дзе яны ёсьць. Паступаць вырашыла ў Акадэмію кіраваньня ў Менску, потым магістратура, але ўсё роўна мяне цягнула да творчасьці. Калі я ўжо пераехала ў Менск і пачала вывучаць эканоміку, што ну зусім мяне не адлюстроўвае, у мне пачалася несусьветная дэпрэсія. Я заўсёды вучылася добра – у мяне залаты медаль, я паступіла на бюджэт, але ўсё роўна мне было вельмі-вельмі цяжка ў нейкім маральным сэнсе. Я доўгі час не магла знайсьці сабе сяброў, бо ўсе былі нейкія такія, нетворчыя, так скажам.
«Гэта нейкі пярдзёш, а не музыка».
На другім курсе ўніверсітэта я зразумела, што ўсё, я без музыкі не магу. І тады я пачала задаваць сабе пытаньні: а як жа ствараюць вось гэтую электронную музыку? Я пачала глядзець шмат відосаў на ютубе, мне было складана з гэтым разабрацца, і ў мяне доўгі час нічога не атрымлівался. А калі атрымалася, мае сябры з акадэміі сказалі, што гэта нейкі пярдзёш, а не музыка. Я сама складаю песьні з 12 гадоў пад фартэпіяна, і калі мне вось так выказалі крытыку, я зноў гэта ўсё забросіла.
К: Ты пэўны час пісала на расейскай мове і потым перайшла на беларускую. Як гэта адбылося, і што ты ўяўляеш, калі чуеш «беларуская музыка»?
Н: Пакуль я сама не пачала пісаць на беларускай мове, я наогул не ведала, што ў нас ёсьць людзі, якія робяць нешта сучаснае і папулярнае на ёй. Мне падавалася, што беларуская музыка – гэта ў асноўным нейкі рок, андэграунд, які мяне ніколі не вабіў. Уяўляліся нейкія мужчыны, якія лабаюць на гітарах і сьпяваюць там нешта пра волю, палітыку.
У 2018 годзе я ўбачыла рэкляму лэйбла KAUFMAN, ну там дзе Ціма Беларускіх быў суперзоркай, што ў іх будзе праслухоўваньне. Трэба было проста ў інстаграм разьмесьціць відэа, дзе ты сьпяваеш сваю песьню. Я зноў дастала ноўт і пайшла ўспамінаць гэтыя праграмы для напісаньня музыкі. Я выклала пост у Instagram і мне напісаў Аляксандр Кауфман. Фінал гэтага праслухоўваньня быў ў клубе Рэпаблік. А я так натхнілася тым, што мяне заўважылі і парэспектавалі за песьню, што я вырашыла зрабіць іншую песьню, каб ўжо з новай і выходзіць. Выступ атрымаўся вельмі дрэнны. Я не ўмела зводзіць на той час, і калі гэтую маю творчасьць ўключылі на вялікіх калонках, гэта быў жах. Я ўсё сапсавала. Але знайшліся людзі, якім нават гэта спадабалася.
Тады я вырашыла, што, нягледзячы ні на што, я запішу сваю новую песьню на студыі. У мяне ў тыя часы быў іншы псеўданім і іншы праект на расейскай мове, не буду казаць, які. Але з цягам часу я заўважыла, што перарасла гэты праект. Тады я зразумела, што трэба рабіць нешта новае, і зьявілася Невіка, дзе ўжо зусім іншыя песьні. Калі прыходзіла ў студыю, заўсёды з боку людзей чулася: «Што ты нейкія малітвы тут сьпяваеш?!» Не было ніякай падтрымкі і нікому гэта не адгукоўвалася.
Але ў 2022 я пачала рабіць сваю музыку цалкам самастойна, то бок я запісваю, зважу і пішу. Мне ніхто ніякіх каментароў падчас маёй працы не робіць. Мая песьня «Ніколі» – гэта не толькі мой першы трэк на беларускай мове, але і песьня, якую я цалкам зрабіла сама, ад ідэі да прадакшэна, вокладкі і ўсяго іншага.
К: Калі б ты зараз знайшла папараць-кветку, якое б ты жаданьне загадала?
К: А ці можаш ты сябе назваць беларускай поп-выканаўцай?
Н: Мабыць існуюць выканаўцы, якія саромеюцца гэтай прыстаўкі «поп», але не я. Я лічу, поп-музыка, яна на то і поп, што яна папулярная. І калі я поп выканаўца, гэта значыць, што я папулярный выканаўца, чаму не? Поп-музыка складае большую частку маёй творчасьці.
К: Распавядзі пра тваю калабу мары, з кім бы ты хацела папрацаваць?
Н: У сэнсе сумеснай працы цяпер я разглядаю электронных прадзюсараў. Напрыклад, Find my name, які разам са мной на лэйбле Goost Music. Было б цікава зрабіць беларускамоўны фонк. Мо гэта ўсё і рэяльна, трэба проста напісаць яму, але ж я нешта пакуль быццам бы саромлюся, ня ведаю. Таксама разглядаю супрацу з дыджэямі, я вельмі люблю, калі хтосьці робіць рэміксы на мае песьні. У мяне нават ужо быў конкурс рэміксаў, але непасьпяховы. Мне апошнім часам часта пішуць па прапановах. А я, на жаль, адмаўляю, бо хочацца, каб пад маім праектам, у маіх картках артыста, разам з маім імем Невіка быў толькі якасны прадукт.
«Ужо не хочацца проста нейкага рэпу зь бітамі, хочацца новае і якаснай супрацы».
Н: Мару пра тое, каб беларуская музыка гучала ў сусьветных чартах, можа гэта будзе не мая музыка, але трэба працаваць у гэтым накірунку. І можа мая музыка якраз натхніць таго самага чалавека, які зможа здзейсьніць гэтую мару.