«Хочацца, каб калямузычная тусоўка ў Беларусі аб’ядноўвалася». Лідар гурта Zvonku Ян Верабей пра новы альбом, важнасць заставацца ў беларускім кантэксце і (ня)роднай сталіцы
Пакуль Макс Корж разрываў «Нарадовы» ў Варшаве, хлопцы са Zvonku ладзілі пекла на містычным фестывалі «Шлях Цмока» у Бярэзінскім запаведніку. Да гэтага выступілі на дні народзінаў бара «Квартирник» у Гомелі разам з Torf (ex-TT-34). А яшчэ выпусцілі канцэптуальны фільм, новы альбом і ўсё гэта — менш чым за год. КЛІК пагутарыў з лідарам гурта Янам Вераб’ём пра важнасць заставацца ў беларускім кантэксце, аб’яднанні музыкаў і (ня)родным Менску.
«Хочацца, каб калямузычная тусоўка ў Беларусі максімальна аб’ядноўвалася»
«Раней, калі я глядзеў на музыкаў і іх тусоўку, то бачыў, што яна раз’яднаная. Усе сядзелі на сваім хутары, час ад часу аб’ядноўваліся і зноў разбягаліся. Часам яшчэ і сраліся. Мне ж хочацца, каб музычная тусоўка ў Беларусі максімальна аб’ядноўвалася. Хочацца, каб стваралася кам'юніці, дзе кожны можа падтрымаць адзін аднаго і гэтак далей», — кажа Ян.
Больш за год таму хлопец пазнаёміўся з Лехам Лайтовым. Разам з ім Zvonku зганялі ў невялічкі тур па Беларусі. У той час гурт ужо шчыльна працаваў над альбомам і яго візуалам. Лёха загарэўся і прапанаваў ідэю здымаць відэа на кожны трэк альбому, каб пасля ўсё гэта склалася ў адну паслядоўную гісторыю. Так кароткія ролікі ў выніку пераўтварыліся ў фільм.
«Я спачатку падумаў, што гэта гемарой страшэнны: фільм займе дзікую колькасць часу, усё зацягнем. Але потым падумаў, паглядзеў на палаючыя вочы Лёхі і пагадзіўся. У выніку ён напісаў першы варыянт сцэнара. Пасля да нас далучыўся Валер, які ў выніку зняў амаль увесь хранаметраж фільма, і праца пайшла», — распавядае Ян.
Музыка кажа, што галоўнай канцэпцыяй фільма была спроба аб’яднаць як мага больш творчых людзей.
«На перадпрагляд фільма толькі непасрэдных удзельнікаў прыйшло каля 35 чалавек. І калі мы ўсе сабраліся ў адным месцы, пагутарылі пра мэты, планы, каштоўнасці, я зразумеў, якую значную справу мы робім», — дзеліцца Ян.
Яшчэ адным з прыкладаў аб’яднання стаў музычны сплаў на байдарках. Прадстаўнікі дзевяці беларускіх гуртоў сабраліся, каб разам паплаваць па рацэ, зладзіць акустыку і пазнаёміцца адзін з адным.
«Хочацца верыць, што мы і надалей здолеем рабіць разам крутыя двіжухі».
«У нейкі час прыйшло асэнсаванне, што ў Беларусі не хапае простай папсовай музыкі»
З беларускай музыкай хлопец пазнаёміўся, калі трапіў у Ліцэй БДУ. Там жа з сябрамі пачалі граць на гітарах. Спачатку чужыя песні, пасля — сваё. Ва ўніверсітэце Ян з паплечнікамі сабраў свой першы гурт Потым былі іншыя: хлопцы гралі ска-панк, ню-метал і нават паспелі запісаць акустычны альбом. Zvonku ж паўсталі ў 2021 годзе, як альтэрнатыва інтэлектуальнай і сур’ёзнай беларускай музыцы.
«У нейкі час прыйшло асэнсаванне, што ў Беларусі не хапае простай папсовай музыкі, якая будзе лёгка ўспрымацца і якую будзе слухаць моладзь. Хочацца, каб беларускае рабілася модным і сучасным».
Зараз Zvonku — гэта тры чалавекі. Ян піша асноўную частку музыкі і адказвае за вакал і тэксты, Аляксандр грае на бубнах, Сяргей — на басе. Гітары ў гурце няма, класічны бас праходзіць апрацоўку і жыўцом гучыць як гітара.
Апошні альбом «Арэлі» прысвечаны ўнутраным самакапанням лірычнага героя. Яго хістае ад весялосці да дэпрэсіі. Шмат чаго ў альбом Ян уклаў асабістага.
«Ёсць людзі, якія натхняюцца тым, што адбываюцца навокал, а ёсць тыя, што займаюцца самарэфлексіяй і бяруць энергію адтуль. Я як раз такі чалавек. Увогуле, альбом не задумваўся, як канцэптуальны. Песні нараджаліся паступова, але ў выніку гэта склалася ў цэльную гісторыю», — кажа Ян.
З моманту стварэння першага трэку да рэліза альбома прайшло два гады. Дэмкі запісалі даволі хутка, але потым рэліз «настойваўся», а пасля адклаўся з-за здымкаў фільма.
«У нас быў канцэрт у Віцебску, на які прыйшло літаральна 8 чалавек»
«Я сам з Менску, але не магу назваць яго родным горадам. Чамусьці адчуваю сябе чужынцам. Напэўна, самым утульным месцам у Беларусі для мяне быў Жалудок, дзе жыла мая бабуля. Памятаю, калі ў студэнцкія часы працаваў за мяжой, на мяне накаціла жудасная настальгія па радзіме. Я проста сядаў увечары і глядзеў на зоры, узгадваючы сваё дзяцінства і ўлюбёныя месцы ў Жалудку», — адказвае Ян на пытанне, што для яго дом.
Zvonku досыць актыўна ездзіць па краіне з канцэртамі. Першы свой выступ гурт зыграў у гомельскім бары «Квартирник». З ім у гурта склаліся сяброўскія адносіны. Хлопцы гралі там на Новы год разам з Лайтовым. Пару тыдняў таму дапамаглі бару адсвяткаваць дзень народзінаў у кампаніі з металістамі Torf (ex-ТТ-34).
«Я баяўся, што ніхто не прыйдзе, а ў выніку набілася столькі чалавек, што людзі нават не сыходзілі падыхаць паветрам, каб не згубіць сваё месца. Пасля нас выступаў Torf. На іх пачаўся проста дзікі слэм, у якім удзельнічалі агромністыя потныя мужыкі з голымі торсамі. У выніку я аддаў бубначу свае рэчы і таксама ўляцеў у слэм», — дзеліцца ўражваннямі Ян.
Артыст кажа, што граць у рэгіёнах заўсёды складаней, бо часцяком бізнес і арганізатары аддаюць перавагу кавер-бэндам. Плюс, заўсёды ёсць шанец, што выступ збярэ мала людзей.
«Памятаю, у нас быў канцэрт у Віцебску, на які прыйшло літаральна 8 чалавек. Гэта быў вельмі складаны псіхалагічна момант, але нам удалося наладзіць канэкт з людзьмі. І ўжо на наступны раз мы сабралі біток у гэтым жа клубе».
«Мне хочацца ствараць для Беларусі і дзеля Беларусі»
У Беларусі музыку натхняюць простыя рэчы: рыбалка, сустрэчы з сябрамі, смачная ежа і, канешне, вандроўкі.
«Не так даўно я быў ў Полацку. Зараз там пасля рэстаўрацыі адкрылася Ефрасіннеўская царква. На сценах храма было ажно тры слаі фрэсак. Для рэстаўратараў паўстала пытанне, што рабіць. Кожны слой — культурная спадчына і мае каштоўнасць. У выніках фрэскі знялі па слоях і перанеслі на агромністыя пліты, якія зараз знаходзяцца ў музеі. У царкве ж на сценах засталіся самыя старажытныя. Ад іх прыгажосці проста зрывае дах», — дзеліцца музыка.
Ян кажа, што ў яго ніколі не было жадання з’ехаць з Беларусі. Кажа, што можа жыць у іншай краіне, але сэнс жыцця бачыць у знаходжанні ў беларускім кантэксце.
«Мне хочацца ствараць для Беларусі і дзеля Беларусі. Як мне падаецца, будучыня беларускай культуры знаходзіцца тут, таму і хочацца яе ствараць у роднай краіне».