Што можна зрабіць з Домам быту ў Гродне: некалькі замежных прыкладаў адаптацыі архітэктуры мадэрнізму
Рэканструкцыя Дома быту ў Гродне падзяліла гродзенцаў. Нехта лічыць, што першапачаткова псеўдагістарычны праект Станіслава Сямашкі гэта прыгожа. Іншыя жадаюць захаваць будынак у стылі савецкага мадэрнізму без зменш. Трэція хацелі б наогул яго знесці.
Мы вырашылі паглядзець, што ў іншых краінах робяць з падобнымі будынкамі. І знайшлі цікавыя прыклады працы архітэктурнага бюро Tchoban Voss Architekten у Берліне, Гамбургу і Санкт-Пецярбургу.
Мы не кажам, што вось так трэба рабіць у Гродне - проста паказваем, як па-рознаму можна адаптаваць стары будынак эпохі мадэрнізму.
Будынкі з гэтых прыкладаў - амаль аднагодкі гродзенскага Дома быту, які пабудавалі ў 1971 годзе.
Як пасляваенны мадэрнізм рэканструявалі ў Германіі і Расіі – і ці можна так паступіць з Домам быту
У 2021 годзе ў берлінскай галерэі AEDES паказалі восем рэалізаваных праектаў рэканструкцыі пабудоў у стылі пасляваеннага мадэрнізму. Будынкі шмат у чым паўтаралі лёс гродзенскага Дома быту: закон дазваляў іх знесці, але архітэктары вырашылі захаваць канструктыўную аснову.
Офісны будынак на плошчы Эрнста Ройтэра, 6 у Берліне
Яго пабудавалі ў 1973-74 гг. Падчас рэканструкцыі вырашылі нічога прынцыпова не перарабляць. Ён проста выглядае так, нібы яго памылі. Захаваліся стужачныя вокны – падобныя да вокнаў гродзенскага Дома быту. У іх прыгожа адлюстроўваецца навакольны горад.
Гродзенскі будынак можна таксама “адмыць”. Тады стануць бачнымі ўсе перавалі граматнай мадэрнісцкай архітэктуры і яе асаблівая прыгажосць. Дом быту будзе выглядаць як новы!
Офісны будынак па адрасе Блісерштрасэ, 5 у Берліне
Яго пабудавалі ў 1971 годзе. Падчас рэканструкцыі яго вырашылі дасканала змяніць, але ў стылі суседніх мадэрнісцкіх будынкаў той жа эпохі.
Пачаткова будынак выглядаў вельмі грувасткім і цяжкім, а суседнія пабудовы тых жа 1970-х выглядалі адчувальна больш вытанчанымі за кошт буйнейшых вокнаў і галерэй на тонкіх калонах на першых паверхах. Таму будынак змянілі, хоць і захавалі стыль эпохі.
У выніку ён атрымаўся яшчэ лепш упісаным у асяроддзе. Гродзенскі Дом быту не мае суседзяў у такім жа стылі, таму такі падыход у нас немагчымы.
Былая фабрыка тэкстылю ў Берліне
Фабрыку пабудавалі ў 1966 годзе і аднойчы ўжо рэканструявалі пад офісы: тады з'явіліся шклопакеты і тынкоўка тыпу «шуба». Наступная рэканструкцыя была рэалізавана ў 2013–2014 гадах.
Паколькі ніякага ўплывовага архітэктурнага атачэння будынак не мае, архітэктары пайшлі шляхам праяўлення ўнутранага тэматычнага кантэксту. Яны ўспомнілі першасную функцыю будынка і ператварылі фасад, пры дапамозе алюмініевых панэляў з малюнкам, у падабенства перапляцення разнастайных нітак. Будынак пачаў нагадваць гіганцкі ткацкі станок. Будынак пачаў выглядаць зусім інакш, хаця ў ім толькі аднавілі дэкор фасада.
Для гродзенскага Дома быту гэта наўрад ці пасуе, хаця прыдумаць дэкор, звязаны з рамонтам вопраткі, цырульнямі і хімчысткамі, хіба што магчыма. Але гэта хутчэй ідэя для іншых гродзенскіх пост-прамысловых будынкаў, які чакаюць рэканструкцыі.
Былыя прамысловыя будынкі ў Пецярбургу
У Расіі тое ж архітэктурнае бюро прапанавала рэканструяваць мадэрнісцкія прамысловыя будынкі інакш. Там пакінулі каркасы, але зрабілі зусім новыя фасады і дабудавалі паверхі. Гэта ўжо бліжэй да падыходу Сямашкі, але ёсць нюанс – фасады засталіся строгімі, плоскімі і шклянымі, пенапластавую ляпніну не вешалі, а дэкор “пад даўніну” намаляваны на шкле метадам шаўкаграфіі.
Былы прамысловы будынак на Каменнавостраўскім праспекце ў Пецярбургу нават па аб'ёмах і форме нагадваў гродзенскі Дом быту. З гродзенскім Домам быту былы цэх, а цяпер БЦ “Лангензіпен” радніць яшчэ і размяшчэнне – удалечыні ад вуліцы, за дрэвамі і іншымі будынкамі. Аднак праект 2006 года з яго "рамантызацыяй" і відавочным постмадэрніцскім спалучэннем эпох сёння выглядае ўжо не вельмі сучасна і модна.
Будынак былой фабрыкі "Расія" цалкам зашклілі і на фасадзе намалявалі фрагменты прац піцерскага мастака Аляксандра Бенуа. Так мадэрніцскі будынак упісалі ў шырэйшы гістарычны кантэкст горада.
У Гродне ў падобным афармленні малюнкаў на шкле можна было б выкарыстоўваць матывы розных нацыянальнасцей – бо побач з Домам быту ў мінулым заўсёды была адна з пляцовак Фестывалю нацыянальных культур. Або намаляваць іншыя адметныя гродзенскія сімвалы.
Вось некалькі простых прыкладаў, што можна рабіць з архітэктурай мадэрнізму, калі яе можна знесці, але хочацца захаваць. Напішыце ў каментарыях, які з гэтых шляхоў вам спадабаўся найбольш?