May 11, 2025

Волаты і асілкі

Хто такія волаты?

Паходжаньне раскрываецца ў касмаганічным міце:

Ішоў Спас па сіняму мору, бачыць — мора пачынае пеніцца і біць незвычайна моцныя хвалі, з'явіўся аграмадны вадзяны стоўб. Спас падыходзіць да гэтага стаўба паглядзець і бачыць у сярэдзіне яго жывога волата, які паварочваецца, але ня можа ўстаць. Спас узяў гэтага волата і выкінуў на бераг. З'явіўся такі прыгажун, што прыгажосці яго здзівіўся сам Спас...


Падобны спосаб стварэння С. Санько суадносіць з старажытнаіндыйскімі касмаганічнымі тэкстамі і касмагоніяй орфікаў, калі з марскіх водаў у выніку віру або моцнага хвалявання зьяўляецца «першародны» ці «залаты зародак», з якога адбываецца «Бацька-стваральнік».

Насамрэч гэта агульны для ўсіх рэлігій уяўленьне пра першасныя воды і пра існаваньне двух пакаленьняў ці родаў багоў: дэвы і асуры ці алімпійцы і тытаны.

Волаты, як і даўнягрэцкія тытаны, увасабляюць сабою празьмернасьць і дысгармонію: у легендзе пра Спаса распавялаецца далей пра тое як той волат пачаў выклікаць анёлам непадпарадкаванне да Бога: «Што такое цудоўнае зрабіў Бог, стварыўшы чалавека? Мы і самі зробім такога ж чалавека, яшчэ лепшага!». Далей ідуць няўдалыя спробы, у выніку якіх, азёры пераўтвараюцца ў багны, а анёлы і волат — у чарцей — за гэта Спас выганяе іх зь Неба.

Яшчэ, трэба прыгадаць легендарных засноўнікаў Менску і Магілёва: Менеск і Машэка. У паданьнях — яны рабаўнікі й забойцы, якіх баяліся мясцовыя жыхары. У Дубровенскім раёне апавядаецца, што калісьці на возеры жыў Зьмей-Волат, які еў жывёлу і людзей. Шмат казак кажуць аб тым, як волаты пастаянна біліся паміж сабой — тады ўзьнікалі бура і непагадзь.

Волас і Волат

Можна заключыць, што волаты моцна зьвязаны зь Вялесам і этымалёгія словаў аднакаранёвая.

Як гэты бог, так і волат мелі дачыненні да замагільнага свету. 3 іншага боку ix яднала таксама функцыя забеспячэння урадлівасьці. У прыватнасьці, сувязь ураджайных тэрмінау кораня «волат» зь Вялесам засьведчыў земляробскі абрад пакідаць «Валотку на бародку», г. зн. пакідаць некалькі каласкоў («волацяў») на полі нязжатымі. Гэтыя каласы лічыліся «Воласавай барадой». На Львоўшчыне гэтых веліканаў называлі "велети".

З. Скварчэўскі піша:

На падставе фальклорных матэрыялаў аднаўляюць вобраз жаночай сакральнай пары Вялеса. Гэта хтанічнае боства, якому ўласцівы наступныя асноўныя рысы: волатаўскі рост і сіла, сувязь з зямнымі водамі, апякунства шлюбамі і парадзіхамі.

Па меркаваньню Лобача, знакамітыя валатоўкі не трэба ўспрымаць як "пахаваньні веліканаў": гэты тэрмін зьвязаны з пахавальным рытуалам, які суадносіцца з Воласам, дзе курган натуральным чынам з.яўляўся цэнтрам рытуальнай прасторы.

Хто такія асілкі?

Можна падумаць, што волаты і асілкі - адное і тое ж. Але ў фальклёры - асілкам прыпісваецца хоць і вялікі, але не веліканскі ўзрост, напрыклад агучваюцца памеры ў касую сажань(2,5 метра).

Асілкі тыя былі людзі здаровыя, росту ў касую сажань, у плячах аршыны з два, голас мелі, як звон немалы, бывала, калі крыкнець ва ўвесь голас ды свіснець, дык якое б дзерава не было большае, а зваліцца

Менавіта аб асілках ідзецца гаворка ў распаўсюджаным па ўсёй Усходняй Эўропе паданьні аб перакідваньні тапара паміж двума першанаселькамі.

Ю. Сьмірноў, у сваім артыкуле "Першажыхары з адзіным тапаром", прыводзіць шэраг прыкладаў гэтае гісторыі ад Паморшчыны да Баўгарыі і ад Літвы да Разаншчыны. Усе яны маюць наступны агульны сюжэт: асілкі/людзі/багатыры, якія першыя прыйшлі на нейкую землю (ад імён якіх можа быць названа зямля) ці жылі там калісьці даўно, потым расьсяліліся на нейкай адлегласьці, і з-за наяўнасьці ўсяго аднаго тапара (молата і г.д) перакдвалі або перадавалі яго адзін другому. На Беларусі і Смаленчшыне асілкам прыпісвалі ўзьнікненьне гарадзішчаў і часткова тое, што яны жывуць там дагэтуль.

Аналізуючы беларускі фальклорны матэрыял, Вяч. Іванаў і В. Тапароў прыйшлі да высновы, што атрыбуты асілкаў (сякеры, молаты, жорны) адпавядаюць зброі Бога Грамавержца ў «асноўным міфе», а сама назва асілкаў паходзіць ад асялка, тачыльнага каменя: «З назвы каменнай прылады, якая ў старажытнасці магла выкарыстоўвацца для высячэння агню, можна растлумачыць і назву беларускіх асілкаў асілкаў, параўн. ст.-слаў. осла, руск. оселок "тачыльны камень" і роднасныя назвы "каменя" ў іншых індаеўрапейскіх мовах».

Акрамя якасьцяў Грымотніка - асілкаў можна ўяўляць за істотаў, якія папярэднічалі людзям, ці былі іх нашчадкамі. На Палесьсе існуюць наступныя апавяданьні:

Кедись були такиі люде високи, метрув на дваццець, сокіру подавали один другому через реку, ще до паншчыны... А посля нас ше будуць менчи люди... Росказувала мати.
Вэлики люди были. Мы им по колино. Шэ придёт тако врэмя, шо нам будут по колино.

Гэтая тэма пераклікаецца з эсхаталогіяй шматлікіх паганскіх традыцый, дзе папярэднія пакальлені ўяўляюцца як чысьцейшыя і мацнейшыя: Першыя шаманы маглі ўзьбірацца да неба ўсяго за 1 дзень, тэорыя аб чатырох вяках, ад Залатога да Меднага і г. д.

Як зьніклі асілкі?

Фальклёр дае розныя адказы. У латыскіх легендах пішацца: два волаты, насельнікі гэтай гары, паспяхова супрацьстаяць спробам немцаў пабудаваць на гары замак. Пасьля чаго йдзе нечаканая канцоўка: «А волаты потым пасварыліся і сьмяротна адзін аднаго паранілі. Яны ўлягліся побач і рукамі прыняліся гарнуць зямлю пад сябе. Так яны самі сябе пахавалі, і Сіняя гара іх магіла».

Шмат дзе распавядаецца аб тым, як волата біліся паміж сабою. У некаторых - іх пераўтвараць у камяні за непадпаркаваньне і паход супраць нябесных сілаў.

Нікіфароўскім запісана паданьне, пра тое, як сучасны чалавек, трапляючы ў эпоху папярэднікаў, становіцца для іх прыметай будучых перамен. Велікан, які знайшоўшы чалавека ("чарвяка"), прыносіць яго сваёй маці, якая тлумачыць, "што гэта быў родапачынальнік наступнага пакалення людзей, якія павінны будуць змяніць веліканаў".

Сьпіс выкарыстанай літаратуры

В. А. Лобач. Волаты и асілкі в легендах и преданиях Витебещины

Ю. И. Смирнов. Первожители с единственным топором

Ю. И. Смирнов. Герои курганов и пещер

Беларуская Міфалогія. Энцыклапедычны слоўнік

З. Скварчэўскі. Па слядах Багоў

Беларускія легенды і паданні.