Камяні "краўцы" і "шаўцы"
Пра Сцёп-Камень што пад Докшыцам можна шмат казаць, паданняў звязаных з ім і міфічным Сьцяпанам - мноства. Адно з іх распавядае пра ягоныя кравецкія здольнасці:
Сцяпан абшываў усё наваколле. Але за грахі нячыстая сіла ператварыла Сцяпана ў камень. А потым здарыўся цуд. Шыць пачаў сам валун. Трэба было толькі ўвечары пакласці на яго тканіну і сказаць “Сцяпан, пашый каптан!", а раніцай на камені з'яулялася замоўленае адзенне. Удзячныя людзі пакідалі каля каменя хлеб, соль, лён. Усё гэта забірала жонка Сцяпана Ульяна (Вулляна). Але аднойчы п'яны чалавек папрасіў у цудадзейнага каменя зрабіць яму “ні тое, ні сёе”. Камень пакрыудзіўся і перастаў шыць. Ульяна таксама зажурылася, яна прыбегла да свайго скамянелага мужа, упала на яго і доўга-доўга горка плакала. Слёзы сцякалі з каменя і ператвараліся ў буйны паток ракі. Вецер шумеў “Ву-у-лля..” і таму раку назвалі Вулля (Вялля, Вілія).
Змееў Сівы Камень, месціцца каля в. Гогалеўка. Легенда расказвае, што у валуне жыу Змей, які быу спраўным краўцом. Шыў ён на залатой машынцы. Заказ атрымліваў праз адзінае у камені акенца. Калі людзі прасілі пашыць вопратку так, як можа, то кравец выконваў заказ добра. Але, калі прасілі пашыць добра, то ён шыў абы-як: рукавы на поясе, кішэні на плячах і г. д. За сваю працу кравец нічога не браў з людзей, апроч курэй і пеўняў. Па іншай версіі, каменю насілі ежу і ваду.
Прывяду легенду з м. Куранец, Вялейшчына:
Раней тут жыў шавец Гомсін, які быў філосафам, ні ў ва што не верыў, не хадзіў у храм. На Вялікдзень, калі ўсе аднавяскоўцы пайшлі ў царкву, Гомсін сеў шыць боты. Раптам з'явілася навальнічная хмара, лінуў дождж, і у той жа момант у хату шаўца грымнуў Пярун. Дом згарэў, а на ягоным месцы з'явіуся вялізны шэры камень. Калі на Вялікдзень нахіліцца да каменя, то можна пачуць як у сярэдзіне спявае певень і стукае машынка шаўца».
Паводле іншага падання, на месцы каменя раней стаяла карчма. Неяк прыйшоў жабрак і папрасіўся пераначаваць. Але карчмар прагнаў яго. Тады Бог ператварыў карчму разам з гаспадарамі ў камень. З каменя нібыта можна пачуць плач дзіцяці.
Пра Камень-Шавец у мястэчку Камень (Валожыншчына), легенда расказвае, што трэба было падысці да акенца, пакласці грошы і сказаць пра сваё жаданне мець абутак. Гатовы выраб і рэшта грошай выкідваліся праз акно.
Пашытыя боты былі цудадзейныя, іх можна было насіць пятнаццаць гадоў
І чым часцей бываць на ігрышчах, тым лепш. У храме ж боты імгненна развальваліся на дробныя кавалачкі. Хрысціянскія святары праклялі шаўца, і яго хата ператварылася ў камень.
Таксама існуюць сюжэты, дзе ролю шаўцоў выконвае чорт ці некалькі чарцей. Ва ўсіх выпадках яны не прадстаўлены як адмоўныя істоты, але наадварот - яны могуць самі прапанаваць пашыць абутак за бясплатна.
Падобныя паданні характэрныя выключна для рэгіёна "гістарычнай Літвы" і Латгаліі, то бок абшару лета-літоўскіх плямёнаў.
З вышэйпрыведзеных дадзеных можна адзначыць тоеснасць краўцоў i паганскiх жрацоў, вядомых у старажытных прусаў i лiтвіноў пад назовам krivis, krivė, а таксама тое, што валуны служылі своеасаблівым ахвярнікам, Святары выконвалі функцыю кройкі і шыцця — сімвалічную функцыю тварэння або аднаўлення Сусвету. Прасочваецца паралель з індаеўрапейскімі ды іншымі міфалогіямі, дзе ў якасці творцаў выступаюць боскія кавалі, цесляры, ганчары і інш. Паўсюль у сюжэтах сусветных міфаў тэхналогія вырабу рэчы першапачаткова была рытуалізаванай касмічнай дзеяй. У яе аснове ляжау матыў ахвярапрынашэння, сэнс якога - раздзяленне, расчляненне, краенне дзеля складання частак цэлага, будовы свайго Сусвету. Праўдападобна, што функцыі боскага стварэння выконвалі менавіта святары — людзі, набліжаныя да багоў, захавальнікі ведаў і традыцый.
Сімвалізм ткацтва можа выкарыстоўвацца для таго, каб рэпрэзентаваць свет, ці дакладней, сукупнасць усіх светаў, то бок станаў або ўзроўняў у іх неаглядным мностве, якія складаюць універсальную Экзістэнцыю. Так, ва ўпанішадах вярхоўны Брахман называецца «Той, на якім вытканы светы падобна вутку́ і аснове» або пазначаецца пры дапамозе іншых падобных выразаў.
«Аснова», утвораная ніткамі, нацягнутымі на ткацкі станок, уяўляе нерухомы і прынцыповы элемент, тады як ніткі вутка, якія праходзяць паміж ніткамі асновы ў выніку зваротна-паступальнага руху чоўна, пазначаюць пераменны і выпадковы элемент, т. б. ужыванне прынцыпу да тых ці іншых прыватных умоў. Можна разглядаць гэту гарызантальную лінію, як адлюстроўванне, напрыклад, чалавечага стану, а вертыкальную лінію як тое, што трансцэндэнтна ў адносінах да яго; гэты сутнасна «нечалавечы», трансцэндэнтны характар належыць, калі браць індуісцкую тэрміналогію, да śruti, тады як smṛti ёсць ужыванне апошняга ва ўмовах чалавечага стану і вынік выкарыстання чыста чалавечых здольнасцяў.
Калі паглядзець з іншага боку, святар-кравец прымаў сімвалічнае ахвярапрынашэнне чалавека-замоўцы. Кроючы і сшываючы адзенне, ён ўзнаўляў касмаганічны рытуал, такім чынам складаў цела будучага носьбіта адзення.
Дзеля магчымага атаесамлення легендарнага краўца са святаром-крэвам варта разглядзець лексічны матэрыял, звязаны з крaеннем. Дзеяслоў крaiць, або яго iтэратыўная форма краяць этымалагiчна ўзыходзіць да i.-е. праформы *(s)ker- ‘рэзаць, гнуць, крывіць’, якая выступае ўтваральнай асновай у словах, звязаных з сакральнай сферай (сакральнымi дзеяннямi). Параўн., да прыкладу, санскр. krti ‘ствараць, рабiць святы чын’, лiт. kerėti ‘чараваць’, kerai ‘чарадзейства, чары’, kurti ‘ствараць, распальваць вогнiшча’, лац. creo ‘тварыць, ствараць, спараджаць’, бел. чары, чараваць, сюды ж, магчыма, — чорт, пры санскр. kŗt ‘той, хто робiць; стваральнiк; складальнiк’.
Існуе меркаванне, што ў старажытных людзей не было адзення, у іх было нешта іншае, што з нашага пункту гледжання выконвае такую функцыю. Наша слова строй — можа несці на сабе адбітак уяўленняў, паводле якiх вертыкальная структура космасу падзяляецца на тры сферы.