Ваенная гісторыя
May 10, 2022

ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ СТАНІСЛАВА БУЛАК-БАЛАХОВІЧА

Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч, беларускі ваеначальнік, камандзір Асобнага атраду войскаў БНР у Балтыі, адзін з кіраўнікоў збройнай антысавецкай барацьбы на Беларусі ў 1919-1920 гг. Таксама вядомы як Бацька Булак-Балаховіч. 10 траўня— гадавіна дня, у які ён загінуў ад рук нацыстаў у Варшаве ў 1940 годзе.

Нарадзіўся 22 лютага 1883 году ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы ў Новааляксандраўску (Езяросах) навучаўся ў прыватнай мужчынскай гімназіі Св. Станіслава ў Пецярбурзе. Займаўся сельскагаспадарчай эканамічнай працаю. У 1903 годзе працаваў бухгалтарам у чыгуначных установах, у 1904–1914 гг. —адміністратарам маёнтка Гарадзец-Лужкі ў Дзісенскім павеце графа Плятэр-Зібэрга.

Пасля пачатку І Сусьветнай Вайны 18 лістапада 1914 году прыбыў і залічаны ў сьпісы 2-га Лейб-уланскага Курляндскага палка. 4 чэрвеня 1915 году за выдатнасць у дзеяннях супраць непрыяцеля атрымаў ранг малодшага ўнтэр-афіцэра. У ноч з 8 на 9 чэрвеня 1915 году падчас выведкі ля вёскі Шапалішкі асколкамі разрыўной кулі быў паранены. 8 ліпеня 1915 году атрымаў ранг прапаршчыка, 6 лютага 1916 году — ранг прапаршчыка армейскай кавалерыі. Узнагароджаны шэрагам ордэнаў Расейскай імпэратарскай арміі.

У 1917–1918 гг. — ротмістар. Камандзір палка Чырвонай Арміі. 2 лістапада 1918 разам з конным атрадам (два дывізіëны, каля 800 шабель) перайшоў ад чырвоных у белагвардыйскі Пскоўскі корпус. На пачатку 1919 году — камандзір Коннага палка 2-ой брыгады “Асобнага корпуса Паўночнай арміі”, у траўні 1919 году падпалкоўнік, у чэрвені 1919 — палкоўнік. У ліпені полк пад яго камандаваньнем рэарганізаваны ў 2-і корпус Паўночна-Заходняй арміі. Па прапанове генерал-лейтэнанта Арсеньева Булак-Балаховіч атрымаў ранг генэрал-маёра. У ноч на 28 студзеня 1920 году арыштаваў галоўнакамандуючага Паўночна-Заходняй арміі генэрала ад інфантэрыі Мікалая Юдзеніча.

14 лістапада 1919 году Балаховіч склаў просьбу пра атрыманьне беларускага грамадзянства і прыняцьце яго ваеннага аддзела на службу Беларускай Народнай Рэспублікі. Просьба была прынятая, і вайсковыя фармаваньні пад кіраўніцтвам Булак-Балаховіча атрымалі афіцыйнцую назву як Асобны атрад войскаў БНР у Балтыі.

У лістападзе–снежні Асобны атрад заняў частку фронту з чырвонымі каля Ізборску, паміж эстонскай і латышскай арміямі. У студзені-лютым 1920 году ў сувязі зь вядзеннем перамоваў Эстоніяй і Латвіяй з савецкай Расеяй, размясціўся ў Марыенбургу (Латвія).

Неўзабаве праз немагчымасьць фінансавання з боку беларускіх уладаў аддзел перайшоў пад польскае камандваньне і быў перадыслакаваны ў Берасьце. Генэрал Булак-Балаховіч, паралізуючы тылы Чырвонай Арміі, паспрыяў польскім войскам у контрнаступе на тэрыторыі Беларусі ў верасні 1920 году.

Пасля перамір’я на польска-савецкім фронце, у кастрычніку 1920 году генерал Булак-Балаховіч пачаў дзейнічаць самастойна, аб’яднаўшы вакол сябе значную частку беларускіх незалежніцкіх партызанскіх атрадаў і паспрабаваўшы вызваліць тэрыторыю Беларусі, якая засталася пад акупацыяй бальшавікоў. Увосень армія Булак-Балаховіча налічвала амаль 15 тыс. жаўнераў, прыкладна напалову складалася з беларусаў-незалежнікаў і з расейцаў.

10 лістапада яго аддзелы захапілі Мазыр і рыхтаваліся да наступу на Менск і Гомель. У Мазыры Булак-Балаховіч паўторна абвесціў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, сябе абвясціў "начальнікам Беларускай Дзяржавы". Ад імя свайго кабінета ён выдаў маніфэст да беларускага народа, у якім ішла гаворка пра далейшую барацьбу за незалежнасьць Беларусі супольна з Польшчай, правядзеньне аграрнай рэформы і скліканьне нацыянальнага прадстаўніцтва дзеля акрэсьленьня дзяржаўнага ладу. Пасьля баёў, якія цягнуліся некалькі дзён, аддзелы Булак-Балаховіча пад націскам Чырвонай Арміі былі вымушаныя адступіць на тэрыторыю Польшчы, дзе былі інтэрнаваныя.

"Крыж Адвагі” Булак-Балаховіча

Пасьля вайны генэрал Булак-Балаховіч пасяліўся ў Варшаве, займаўся палітычнай дзейнасьцю. У верасні 1939 году, пасля нападу нацыстаў Нямеччыны на Польшчу, Балаховіч кіраваў атрадам добраахвотнікаў, якія абаранялі Варшаву ад нацыстаў.

Генерал Булак-Балаховіч быў забіты пры спробе яго арышту патрулём гестапа ў Варшаве 10 траўня 1940 году.