January 30, 2023

АБУЦЬ І ЗАБЫЦЦА. ТАКТЫЧНЫ АБУТАК

Розніца паміж звычайным і ваенным абуткам крытычная. Калі ў выпадку са штодзённым абуткам на першы план выходзіць дызайн і зручнасць, то з вайсковым абуткам усё нашмат больш філігранна і складаней.

У першую чаргу такі абутак прызначаны для абароны ног, астатнія характарыстыкі – другасныя. Тактычныя чаравікі маюць абароненыя насы і ўзмацненні ў найболей уразлівых месцах, шчыльна ахапляюць шчыкалатку – усё зробленае для камфорту падчас працяглага нашэння.

Прыкметы і характарыстыкі тактычнага абутку

У краінах НАТА існуе паняцце тактычных ці баявых чаравікаў. Узаконенага стандарту на берцы ў Паўночнаатлантычным альянсе, на які раўняюцца ўсе вытворцы, няма, але ёсць пэўныя правілы, якія добрасумленныя кампаніі не парушаюць.

Матэрыял верху. Сапраўднымі берцамі могуць лічыцца чаравікі, пашытыя з натуральнай скуры (замшу, нубуку), нейлонавай кордуры ці бавоўны ў розных камбінацыях. Ніякіх заменнікаў скуры выкарыстоўвацца не можа.

Падкладка. Падкладка ў летніх аблегчаных мадэлях можа і адсутнічаць. А калі яна ёсць, то звычайна гэта порыстая аб'ёмная сетачка, якая можа складацца з розных мембранных матэрыяляў. Мембраны могуць быць і цалкам воданепранікальнымі.

Абавязковая наяўнасць 2-хзоннай шнуроўкі. Толькі яна дазваляе надзейна фіксаваць і падтрымліваць галёнкаступнёвы сустаў на самых праблемных паверхнях. Маланкі, кнопкі і іншыя віды зашпілек могуць прысутнічаць толькі ў якасці элементаў, якія паскараюць працэс абування.

Уцяпляльнікі. Могуць быць з натуральнага ці штучнага футра.

Падэшва. Часцей за ўсё вырабляецца з вулканізаванай гумы ці штучнага каучуку. Дапускаюцца поліўрэтанавыя мадэлі. Чым цвярдзейшыя паверхні, на якіх плануецца эксплуатаваць абутак (скальны грунт, напрыклад), тым больш жорсткай мусіць быць падэшва.

Як падабраць памер

Каб абутак было зручна насіць, варта слушна падабраць памер. Набываючы абутак, варта мераць яго на шкарпэтку, паспрабаваць пабегаць, паскакаць – адным словам, адчуць абутак на назе. Каб праверыць, ці падыйшоў памер, трэба максімальна прасунуць ступню наперад і засунуць палец паміж заднікам і пяткай. Калі ён праходзіць лёгка, можна набываць, калі ж не – варта разгледзець абутак на памер болей.

Набываючы абутак праз інтэрнэт, варта папярэдне вымераць памер сваёй ступні. Для гэтага:

  • стаць нагой на аркуш паперы;
  • абвесці ступню асадкай ці алоўкам;
  • вымераць лінейкай даўжыню ад пяткі да вялікага пальца.

Калі памер вагаецца паміж двума значэннямі, лепей арыентавацца на большае.

Выбар вытворцы

Да выбару тактычнага абутку трэба паставіцца максімальна адказна. Адзначым, што для канкрэтных умоў выканання задач варта выбіраць тып абутку, які ім адпавядае.

Не рэкамендуецца выбіраць танныя чаравікі невядомых брэндаў – як правіла, яны хутка "развальваюцца", не вытрымліваючы палявых умоў. Прадукцыя ж вядомых вытворцаў здольная служыць доўга і надзейна, забяспечваючы высокі ўзровень зручнасці і бяспекі. Папулярныя брэнды: 05/11 Tactical, First Tactical, Mil-Tec, Magnum, Lowa, Viper, Pentagon, Helikon-Tex.

Прапануем добры агляд розных мадэляў адной з лепшых марак тактычнага абутку Lowa https://www.youtube.com/watch?v=R84FBbpkVVE?
Яшчэ адзін выдатны агляд па абутку ў відэа ад марскога коціка, які ваюе за родную Украіну https://www.youtube.com/watch?v=GoBO4EATkPg

Як зберагчы ногі

Напрыканцы адзначым, што які б абутак вы не абралі, трэба не забывацца на элементарныя правілы гігіены і даглядання за нагамі ў палявых умовах:

мяняць шкарпэткі і аглядаць ногі хаця б адзін раз на дзень;

падчас агляду спаласнуць ногі вадою ці ачысціць ступні вільготнымі сурвэткамі і выцерці іх насуха;

пасыпаць прысыпкай, каб ногі заставаліся сухімі падчас хады.