"Малая вайна"
November 20, 2022

АСАБІСТАЯ МАСКІРОЎКА

Авалоданне і карыстанне прыемамі камуфляжу дазваляе ваяру “растварацца” і знікаць з вачэй ворага. Ведаць, калі варта быць бачным, а калі неабходна застацца нябачным ­­­— важная частка намаганняў, накіраваных на тое, как захаваць сваё жыццё і жыцці пабрацімаў падчас баявых дзеянняў.

Ладзячы маскіроўку, важна памятаць наступнае:

  • Памер. Некалькі блізкіх па памеры аб'ектаў лепш маскіраваць разам.
  • Форма. Прырода практычна не стварае правільных акружнасцяў і прамых ліній.
  • Бляск. Як правіла, тлустыя і гладкія паверхні блішчаць.
  • Цень. Часта стварае формы, якія мозг распазнае на ўзроўні падсвядомасці.
  • Сілуэт. Аб'ект можна распазнаць, калі ён вылучаецца на светлым фоне (ці асвятляецца ззаду).
  • Тэкстура. Гаворка ідзе не толькі пра “шурпатасць” паверхні, але і пра асаблівасці перспектывы.
  • Колер. Самы распаўсюджаны колер у вашым рэгіёне надзвычай важны.

Маскіроўка скуры

Рэзкія рысы твару, такія як вочы, вобласць пад носам, вусны і сківіцы, утвараюць светлаценевую структуру, якая імгненна выдае чалавечы твар. Людзі аўтаматычна звяртаюць увагу на такія цені — нават на неадушаўлёных аб'ектах, такіх як воблака ці паверхня месяца.

Гэтыя цені неабходна схаваць і сказіць. Трэба "зламаць" вертыкальныя і гарызантальныя лініі вачэй, носа і рота. Наносіцца фарба дыяганальна, пачынаючы ад ілба і скроняў. Лоб, скулы, нос і падбародак афарбоўваюцца цёмным колерам, усё астатняе — светлым. Для дасягнення найлепшага эфекту выкарыстоўвайце лёгкі танальны крэм ці танальны аловак. Але ні ў якім разе не “мяняйце” цені месцамі цалкам, інакш у вас атрымаецца той жа набор ценяў, толькі ў “негатыве”. Цёмным танальным крэмам ці танальным алоўкам “нацягніце” цені на лоб, шчокі і шыю. Выразныя часткі твару, такія як нос, падбародак і бровы, акрэсліце цёмным крэмам ці фарбай.

Памятайце, што выкарыстоўваць трэба толькі тыя колеры, якія адпавядаюць дамінуючым колерам навакольнага асяроддзя. Не варта выкарыстоўваць светла-шэры, калі ён не з'яўляецца пераважным колерам ландшафту.

Паўтарыце тую ж каляровую схему на тыльным баку рук, калі вы не маеце пальчатак ці рукавіцаў. Рукі рухаюцца значна часцей, чым галава. Паколькі рух разбурае камуфляж больш за ўсё астатняе, светлыя рукі, якія лёгка запрыкмеціць, працуюць для ворага не горш за сігнальныя сцягі.

Для лесу добра выкарыстоўваць цёмны і светла-зялёны колеры. Белы і шэры варта ўжываць на заснежанай мясцовасці.

Віды малюнкаў могуць вар'іравацца ад асіметрычных палос праз увесь твар да буйных плям. Лепш за ўсё выкарыстоўваць камбінацыю і палос і плям. Чаго не павінна быць, дык гэта дзікай размалёўкі, якая будзе вылучацца на агульным фоне.

Маскіроўка адзення і рыштунку

Існуе шмат даступных камуфляжных узораў для формы. Некаторыя ўзоры, хоць і не ідэальныя ў пэўных абставінах, даволі ўніверсальныя і працуюць нават пры змене асяроддзя.

Калі ў вас няма формы, апранайцеся ў колеры, якія адпавядаюць дамінуючаму колеру навакольнага асяроддзя. Калі вы жывяце ў джунглях, натуральным выбарам будзе зялёны колер. Для пустыні гэты колер будзе пясочным, для снежнай тундры — белы.

Ваша папружна-плечавая сістэма (так званая “разгрузка”) паверх формы створыць унікальную ценявую структуру, калі форма аднатонная. Удасканаліць камуфляж можна, абматаўшы кавалкі ізаляцыйнай стужкі вакол рук і ног. Гэта не толькі палепшыць маскіроўку, але і не дасць мехаватай вопратцы разлятацца на ветры. Акрамя таго, так меней рызыкі зачапіцца і разарваць ці зашчыміць вопратку ў дэталях механізмаў.

ППС Аirborne Webbing Set

Выкарыстоўвайце пальчаткі. Гэта вельмі добры спосаб замаскіраваць рукі. Нават у гарачым клімаце трэба выкарыстоўваць пальчаткі з парэзанымі пальцамі — дазволіць пазбегнуць большасці парэзаў, драпін і ўкусаў насякомых.

Валасы — яшчэ адна прыкмета, па якой чалавека можна лёгка вызначыць на перасечанай мясцовасці. Выкарыстоўвайце шапку, бінт ці фарбу, а яшчэ лепей — балаклаву патрэбнага колеру і з ўзорамі, якія найбольш пасуюць пад мясцовасць.

«Разгрузка», падсумак, кацялок — усё гэта трэба маскіраваць. Абматайце ўсе кольцы, карабіны і спражкі скотчам. Гэта дазволіць пазбегнуць шуму і блікаў. Можна набыць у краме пластыкавыя штучныя расліны. Можна выкарыстаць адрэзкі маскіровачнай сеткі ці маскіровачны брызент. Замест гэтых вырыянтаў можна выкарыстоўваць часткі сапраўдных раслін, але іх цяжка замацаваць на абсталяванні, і яны хутка вянуць.

Маскіроўка зброі

Вінтоўку можна замаскіраваць парай старых шкарпэтак адпаведнага колеру. Дастаткова адрэзаць пярэднюю частку шкарпэткі і нацягнуць яго на ствол вінтоўкі. Прыклад і заднюю частку вінтоўкі можна загарнуць, нават не разразаючы шкарпэтку. Па меры неабходнасці адрэгулюйце даўжыню шкарпэткі-вокладкі і зафіксуйце яе ізаляцыйнай стужкай. Скончыўшы з маскіроўкай, пераканайцеся, што вінтоўка працуе спраўна (асаблівую ўвагу звярніце на затвор).

Яшчэ адзін аспаўсюджаны іінструмент, вельмі зручны для выкарыстання — маскіравальная стужка  (гл. выяву).

Камуфляваць ёю зброю неабходна асцярожна, каб не паўплываць на працу зброі і чысціню агляду і не дапусціць, каб штосьці дакраналася да ствала. Прыклад і ствол можна афарбоўваць пад колер, які адпавядае мясцовасці, напрыклад, заснежанай ці пустыннай.

Бінокль ці далямер заварочваецца ў сетку такім чынам, каб схаваць іх спецыфічную форму. У шкле адлюстроўваеццп святло, таму над аб'ектывамі (лінзамі) варта замацаваць які-небудзь казырок. На жаль, па меры распрацоўкі новай оптыкі істотнасць маскіроўкі не заўседы ўлічваецца.

Памятайце, што камуфляж — гэта мастацтва. Варта заахвочваць вынаходлівасць, але, з іншага боку, як і ў многіх іншых сферах, істотна памятаць пра умеранасць, каб не перабольшыць.