"Малая вайна"
January 6, 2023

Армейскі заплечнік BERGEN

Існуе тры асноўных тыпы вайсковых ці тактычных заплечнікаў – штурмавыя, рэйдавыя і адналямкавыя.

Штурмавыя заплечнікі, якія называюцца 12-гадзіннымі тактычнымі заплечнікамі, прызначаныя для непрацяглых паходаў і вылазак, маюць невялікую ёмістасць (да 20-30 літраў). У іх вялікая колькасць аддзяленняў і кішэняў.

Рэйдавыя заплечнікі інакш называюцца 24-гадзіннымі і 3-дзённымі тактычнымі заплечнікамі. Яны прызначаныя для працяглых шматкіламетровых маршаў і больш доўгага часу выкарыстання, маюць значна большую ёмістасць (ад 30 да 60 літраў), часта абсталёўваюцца паяснымі падтрымкамі і паясамі нагрузкі са спіны.

Адналямкавыя заплечнікі уяўляюць сабой нешта сярэдняе паміж заплечнікам і плечавой торбай, часцей за ўсё маюць невялікі аб'ём, апранаюцца толькі на адно плячо, пры неабходнасці дазваляюць хутка перавярнуць іх са спіны на грудзі, падаючы імгненны доступ да асноўнага аддзялення.

Армейскі заплечнік пад назвай БЕРГЕН (BRITISH ARMY BERGEN) – выдатны прыклад якаснага універсальнага заплечніка і яго напаўнення.

Гэта вельмі зручны і надзейны заплечнік арміі брытанскай вытворчасці, выраблены з трывалай вайсковай кордуры (1000 cordura). Кордура не намакае, дзякуючы чаму вага заплечніка не павялічваецца, а яго змесціва застаецца сухім. Акрамя таго, тканіна мае спецыяльнае IRR-насычэнне, што робіць гэты элемент рыштунку менш прыкметным для прыбораў начнога бачання.

Заплечнік універсальны, таму што складаецца з трох частак: вялікае аддзяленне і два дадатковыя падсумкі, якія уваходзяць у камплект і дазваляюць павялічыць аб'ём заплечніка да 100 літраў. Бакавыя сцяжкі дазваляюць рэгуляваць асноўны аб'ём заплечніка.

Абедзве бакавыя кішэні можна адлучыць ад асноўнага адсека і выкарыстоўваць як па асобнасці, так ў сашпіленым разам выглядзе ў якасці малога заплечніка (аднадзёнкі ці штурмавога). Для такога варыянту выкарыстання неабходна ўжываць аблегчаную рэгуляваную Y-сістэму, якая ўваходзіць у камплект і лёгка злучаецца як з адной кішэняй, так і са здвоеным варыянтам.

Гэты вялікі вайсковы заплечнік прызначаны быць часткаю агульнай брытанскай сыстэмы разгрузкі (PLCE), якая ўключае у тым ліку папружна-плечавую сістэму (ППС). Ніжэй прыводзіцца спіс рэкамэндаванага штатным карыстальнікам парадку пакавання прадметаў у заплечніку. Тое, што тут не пералічваецца, мае быць у падсумках ППС і кішэнях на жаўнеры.

1 непрамакальны тэнт (Basha)
2 фліска
3 запасная пара абутку (Combat Boots)
4 спальнік (Lightweight Sleeping Bag)
5 эластычны шалік-шапка (headover ці “труба”)
6 запасная пляшка з вадой
7 дыванок
8 запасная майка і “нарвежка”
9 патрульны заплечнік (Patrol Pack)
10 падгалоўнік у чахле
11 запасныя стропы да сыстэмы разгрузкі PLCE
12 раскладная апора для тэнта
13 калкі і невялікі непрамакальны тэнт
14 алюмініевы посуд (Mess tin set)
15 непрамакальны чахол для спальніка (Bivi Bag)
16 запасныя плечавыя рамяні PLCE (Day Sack Yoke)
17 эластычныя стропы для тэнта (Bungies)
18 вялікі пластыкавы мяшок (Survival Bag)
19 набор мяшкоў для абароны рэчаў ад вады
20 запасная пара шкарпэтак
21 шалік
22 пара запасных футболак
23 гетры для абароны ног да калена ад вады і бруду
24 сухое паліва на спіртавой аснове
25 складная ёмістасць для вады
26 сурвэткі для зняцця камуфляжнага грыму
27 ручнік
28 набор асабістай гігіены
29 балон і газавая гарэлка
30 індывідуальны перавязачны пакет
31-32 сутачны індывідуальны набор харчавання (Operation Ration Pack)

Большасць тактычных заплечнікаў складаюцца з некалькіх асобных адсекаў для таго, каб можна было атрымаць хуткі доступ да змесціва заплечніка. Акрамя аднаго ці некалькіх асноўных аддзяленняў, заплечнікі часта маюць кішэні – вонкавыя і ўнутраныя.

Звычайна ў асноўную частку заплечніка кладуць спальны мех, запасныя прадметы вопраткі, элемэнты ўніформы, баявыя цішоткі, запасныя шкарпэткі для берцаў.

Прадметы, намаканне якіх прывядзе да іх сапсавання і шкодных наступстваў, мусяць быць гідраізаляваныя ў асобных плястыкавых мяшках, напрыклад, мяшках для “вакуумнага пакавання”, для замарожвання прадуктаў ці таму падобных.


У артыкуле апісваецца версія заплечніка брытанскай вытворчасці, якая з’яўляецца правераным часам лідэрам рыштунку для лёгкай пяхоты. З іншымі мадэлямі тактычных заплечнікаў прапануем азнаёміцца самастойна.