ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ ВАЙСКОВАЙ СЛАВЫ
8 верасня 1514 году адбылася найвялікшая бітва пад Воршай на Крапівенскім полі за час вайны 1512-22 гадоў. Тады войскі ВКЛ і Каралеўства Польскага пад кіраўніцтвам Вялікага гетмана Літоўскага Канстанціна Астрожскага разграмілі маскоўскае войска.
Вайна 1512-22 гадоў была адной са шматлікіх з войн з Масковіяй у перыяд між 1487 да 1537 гадамі. Гэтыя войны і вызначылі сучасную мяжу Рэспублікі Беларусь. Тэма нашых войнаў з усходнім суседам была працяглы час табуяваная. Таму гістарычныя факты, падрабязнасці і акалічнасці могуць успрымацца сярэднестатыстычным беларусам як неверагодныя і нават немагчымыя.
Як сведчыць доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, “у 14 стагоддзі Маскоўскае княства ў параўнанні з ВКЛ – карлік. Але ўжо на рубяжы 15–16 стагоддзяў мы памяняліся ролямі”.
Войска Астрожскага налічвала па розных дадзеных ад 14000 да 26000 чалавек. Значную колькасьць войску складалі літоўскія ваяры. Камандзірам асноўнай часткі кавалерыі быў Юрый Радзівіл "Геркулес". Іншымі часкамі войскаў камандавалі Юры Алелькавіч, Януш Свярчоўскі і іншыя.
Воіны ішлі ў бой пад сцягам святога Георгія, які пазней стаў правобразам нацыянальнага БЧБ сцяга.
Войска Масковіі складала ад 30000 да 80000 чалавек. Падчас бітвы войскі ВКЛ страцілі ад 1 да 2 тысяч чалавек, маскоўскае войска – каля 10 тысяч (па агульных ацэнках 1/3 войска). З 11 вялікіх маскоўскіх ваяводаў у палон трапіла 6, 2 былі забітыя і толькі 3 выратаваліся.
Паміж Воршай і Дуброўнам, якія адстаяць адзін ад аднаго на чатыры нямецкія мілі, ёсць рака па імені Крапіўна; аддаўшыся ўцёкам па яе небяспечным і крутым берагам, маскоўцы патанулі ў такой колькасці, што запрудзілі плынь ракі. У гэтым баі былі ўзяты ў палон усе военачальнікі," – пісаў Сігізмунд фон Герберштэйн у "Цыдулках аб Масковіі".
У рукі пераможцаў трапіў маскоўскі абоз, пальная зброя, баявыя сцягі. Захопленых коней і палову вайсковага абозу Канстантын Астрожскі раздаў сваім ваярам у падзяку за мужнасьць.
Сярод трафеяў знайшлі і тысячы кайданоў, якія Васіль ІІІ падрыхтаваў для ліцвінаў. Прыгаломшаны весткаю пра поўны разгром свайго войска Васіль ІІІ абвясьціў, што для яго “той, хто трапіў у палон, — мёртвы”.
Перамога пад Воршай змяніла ход вайны – з актыўнай яна зрабілася вялацякучай: далейшы наступ на ВКЛ спыніўся. Да канца вайны не было буйных бітваў. У 1516 г. баявыя дзеянні наогул не вяліся. Маскоўская экспансія на землі ВКЛ была спынена на 250 год.
Пераможцу Астрожскага ўрачыста сустракалі ў Варшаве і Вільні. У гонар перамогі пад Воршай ён пабудаваў у Вільні Свята-Троіцкую і Свята-Мікалаеўскую царкву.
Юрый Краўцэвіч распавядае пра тыя падзеі ў праекце “Загадкі беларускай гісторыі” : https://www.youtube.com/watch?v=3Ad06lGpP2g