ДУХ СУПРАЦЬ КОЛЬКАСЦІ
У 1660 годзe вайна ВКЛ з Маскоўскім княствам (1654-1667) была ў самым разгары. Гэта была самая крывавая вайна за ўсю гісторыю Беларусі: па ўсходніх ваяводствах людскія страты склалі да 70%.
На пачатку лета маскоўскае войска захапіла амаль ўсю тэрыторыю ВКЛ, акрамя Слуцка і Ляхавіч. Заставаліся толькі асобныя вольныя гарады, да якіх ворагі яшчэ не дабраліся, і такія моцна ўмацаваныя крэпасці, як, напрыклад, Стары Быхаў, які трымаў аблогу 18 месяцаў.
У бітве пад Палонкай войска ВКЛ (8000 чалавек) і Польшчы (4000 чалавек), узначаленае вялікім гетманам Літоўскім Паўлам Янам Сапегам і ваяводам Рускім (кіраўнік Рускага ваяводства ў Каралеўстве Польскім) Стэфанам Чарнецкім, разграміла маскоўскае войска з 20 тысяч чалавек.
У бітве браў удзел легендарны шляхціц Аршанскі – Самуіл Кміціч, "генеральны палкоўнік" дывізіі Сапегі.
З вечара 27 чэрвеня дывізіі Сапегі (каля 6 тысяч) і Чарнецкага (4 тысячы) сталі ў баявыя пазіцыі. Цэнтр заняло войска Чарнецкага. На крылах размясціліся "сапегаўцы": на правым – салдаты пад камандай Вайніловіча, на левым – на чале з князем Палубінскім. Маскоўскі ж ваявода Хаванскі ў цэнтры сваёй арміі паставіў пяхоту і вершнікаў-рэйтараў, на флангах – конніцу.
28 чэрвеня Хаванскі, які меў войска больш за 20 тысяч чалавек, пачаў бітву а восьмай раніцы. Першай пайшла ў атаку конніца здрадніцкай шляхты з усходніх земляў ВКЛ, якая яшчэ раней вымусілі прысягнуць на вернасць маскоўскаму цару. Падчас пераправы цераз балоцістую рэчку яна трапіла пад моцны агонь рушніц, а потым была разбітая контратакай воінаў Чарнецкага.
На дапамогу маскоўцы паслалі 6 тысяч пяхотнікаў. Але на пераправе цераз тую ж раку іх атакавалі гусары. Коннікі ў вадзе і на беразе секлі ратнікаў Хаванскага. Пад агнём маскоўскай артылерыі пайшло ў наступ левае крыло войска ВКЛ. Увязаючы ў балоце, цаной вялікіх страт, гусары прарваліся на сушу.
Хаванскі кінуў на дапамогу ратнікам рэшту сваіх сіл – лепшыя баярскія палкі і нямецкіх рэйтараў. Нашым войскам за пераправай заставалася перамагчы ці памерці. І яны выдужалі.
Харугвы Вайніловіча зайшлі збоку і імкліва ўдарылі ў фланг, потым зайшлі з тылу. І нарэшце супернік абсякае разгарачаных коней, паварочвае назад.
Удзельнік бітвы пад Палонкай пазней так узгадваўгэты момант: “Позна было агонь даваць, калі ляцеў град куль. Палеглі забітымі шмат салдат, шмат атрымалі раненні. Але яшчэ з большым энтузіязмам пайшлі мы на іх, бо ўбачылі, што ці ледзь не ўсё загінем, калі спіны пакажам. І пайшлі проста на іхні агонь, ды так, што з імі змяшаліся. Як збожжа з сечкай, бо ўжо нельга было інакш”.
"Цяжка было раз'юшаным салдатам звязаць рукі і выбілі яны тры тысячы адзін да аднаго", нібы апраўдваючыся, пісаў потым Павел Сапега.
Заваёўнікі ратаваліся ўцёкамі, гінучы пад шаблямі "сапегаўцаў" і воінаў Чарнецкага. Патрапіў у палон Шчарбаты, яшчэ адзін маскоўскі ваявода, Змееў, загінуў.
Вынікі бітвы – поўны разгром маскоўскага войска і вызваленыя заходнія землі ВКЛ. Страты арміі Сапегі склалі 300 чалавек, супраціўніка — 3500. Маскоўскія войскі ў Наваградку і некаторых іншых гарадах капітулявалі адразу, а ў Бярэсці, Гародні і Вільні – пасля адна-двухгадовых аблог. Прасоўванне польска-літоўскага войска было спыненае толькі пад Барысавым.
Да поўнага вызвалення краіны заставаліся яшчэ доўгія сем гадоў вайны.
У 1994 годзе у памяць пра адну з галоўных бітваў у нашай гісторыі быў усталяваны знак (каменны валун). Помнік асвяцілі два святары, праваслаўны і каталіцкі.