"Малая вайна"
April 21, 2023

СУВЯЗЬ. ПАРТАТЫЎНЫЯ РАДЫЁСТАНЦЫІ

Радыёстанцыі вельмі важныя не толькі для забеспячэння сувязі падчас выканання баявых задач, але і для забеспячэння бяспекі. Таму радыёстанцыі для вайсковых спраў мусяць мець даволі вялікі набор характарыстык:

  • бяспека;
  • малая вага і зручнасць ў нашэнні;
  • працяглы час працы без зарадкі;
  • прастата выкарыстання;
  • простыя налады для хуткага кіравання ў крытычнай сітуацыі;
  • наяўнасць радыёчастотнага сканеру (сканаванне і праслухоўванне знойдзеных частот);
  • функцыя скрaмбліравання ў аналагавых радыё і функцыя шыфравання ў лічбавых рацыях.

МАГУТНАСЦЬ

Далёкасць радыёсувязі залежыць ад яе магутнасці і навакольнага асяроддзя. Перашкоды на шляху радыёхваляў могуць звесці на нішто нават самую магутную рацыю. Радыёстанцыю варта выбіраць магутнасцю не менш за 2 Вт. Каб падвоіць далёкасць сувязі, магутнасць давядзецца павялічыць чатырохкротна, але гэта хутчэй разраджае батарэю. Таму без неабходнасці  павялічваць магутнасць не варта.

АКУМУЛЯТАР

Зарад акумулятара таксама ўплывае на радыус дзеяння. Ён памяншаецца разам з зарадам батарэі. Лепшы акумулятар – літый-палімерны (li-pol), ён добра пераносіць мінусавыя тэмпературы. Яшчэ адзін неблагі варыянт – літый-іённы (li-ion), ён не мае эфекту памяці. Рацыю з нікель-кадміевым (nicd) акумулятарам лепей не браць, ён хутка страчвае рэсурс. Карыснымі гаджэтамі будуць паўэрбанк для зарадкі радыёстанцыі і дадатковая антэна для павелічэння радыусу дзеяння.

АНАЛАГАВАЯ ЦІ ЛІЧБАВАЯ?

Якасць сувязі залежыць ад тыпу радыё. У лічбавай радыёстанцыі яна вышэйшая. Акрамя таго, лічбавая прылада мае менш фонавых шумоў, перашкодаў, лепшую якасць гуку, аднак у яе меншы радыус дзеяння. Лічбавая сувязь шыфруецца, і ёсць магчымасць стварыць канферэнцыю па адным канале. Аналагавая радыёстанцыя не мае гэтых пераваг (акрамя страмбліравання, то бок шыфравання), аднак яна таннейшая.

ПАНЭЛЬ КІРАВАННЯ

Рацыя можа быць з экранам і клавіятурай ці без іх. Клавішы неабходныя для прамога ўводу частаты: не трэба выбіраць з перадусталяваных каналаў. Наяўнасць клавіятуры не заўсёды азначае наяўнасць прамога ўводу частаты. Здараецца, што яна прызначаная проста для пераключэння каналаў.

Калі няма клавіятуры, канал пераключаецца паваротам ручкі. Гук перадаецца падчас націскання кнопкі. Пры наяўнасці функцыі Vox кнопку націскаць не трэба. З ёй рацыя выходзіць у эфір, як толькі пачуе голас. Знік голас – спыняецца і перадача ў эфіры.

ДЫЯПАЗОНЫ ЧАСТОТ

Дыяпазоны частот, якія можна свабодна выкарыстоўваць:

CB (Citizen Band) – 27 МГц, магутнасць выхаднога сігналу да 4 Вт. Выкарыстанне прыёма-перадатчыкаў магутнасцю больш за 1Вт у Беларусі для бытавых патрэб забароненае, а атрымаць дазвол досыць складана.

Дыяпазон LPD (Low Power Devices) – 433 МГц, выхад магутнасць 0,01 Вт. Дазволены да выкарыстання убудаваныя ненакіраваныя антэны.

Дыяпазон PMR446 (Private Mobile Radio) – 446 МГц, выхадная магутнасць 0,01 Вт. Дапускаецца выкарыстанне ўбудаваных ненакіраваных антэн.

ВАЖНА

Для радыёстанцыі можа спатрэбіцца спецыяльная «прашыўка» для пэўнага дыяпазону. Калі вы не можаце зрабіць гэта самастойна, варты набываць рацыю, якая ўжо наладжаная на пэўны дыяпазон. Перад купляй радыёстанцыі важна пракансультавацца з прадаўцом ці спецыялістам, які дапаможа падабраць аптымальную мадэль і растлумачыць, як наладжваць частоты і карыстацца прыладай.

Таксама варта памятаць пра параметр ступені абароны. Шукайце рацыю з абаронаю IP68, якая не прапускае бруі вады і можа працаваць пад вадой на глыбіні да 2 метраў. Такая ступень абароны забяспечыць таксама захаванне працы пры падзенні на бетон з вышыні 2 метраў.

УВАГА: Брэнд Motorola з ужо ўсталяваным бітным шыфраваннем AES256 карыстаецца найбольшым попытам ва ўкраінцаў, якія сёння абараняюць краіну на перадавой.

Для выканання звычайных тылавых задач выкарыстоўваюцца больш простыя радыёпрыёмнікі, бо бяспека тут не з'яўляецца прыярытэтам. Адсутнасць дадатковай ступені шыфравання значна зніжае цану рацый, таму можна купляць больш і выдаткоўваць менш.