"Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!"
Цягам 1772 году Расея, Прусія і Аўстрыя актыўна дзейнічалі на захоп тэрыторый, які ў гісторыі вядомы як “першы падзел Рэчы Паспалітай”. Захопнікі склалі канвенцыю аб падзеле, якую ратыфікавалі 22 верасня. Пад уладу расійскай кароны, у прыватнасці, адыходзіла частка тэрыторыі ВКЛ – сённяшняя Беларусь – да Дзвіны, Друці і Дняпра, уключаючы раёны Віцебска, Полацка і Мсціслаўля, плошчай ў 82 тыс. км² з насельніцтвам 1,3 млн чалавек.
Манархі краін-акупантаў патрабавалі ад Речы Паспалітай прызнаць страту значнай часткі сваёй тэрыторыі, каб фармальна зафіксаваць свае дзеянні як законныя. На гэтую мэту быў скліканы Вальны Сейм Рэчы Паспалітай, які пачаўся 19 красавіка 1773 году.
У дзень адкрыцця Сейма 31-гадовы дэпутат Тадевуш Рейтан сумесна з іншымі шляхцічамі, сярод якіх вылучыліся Самойла Корсак (Наваградак) і Станіслаў Багушевіч (Менск), спрабавалі перашкодзіць стварэнню канфедэрацыі. Яны аспрэчвалі працу Сейму на фармальных падставах: паседжанне мусіла праводзіцца не ў Варшаве, а Ў Гародні, і яго маршалкам мусіў быць ліцвін, а не паляк.
Калі Адаму Панінскаму, паляку-прадстаўніку прарасейскай партыі шляхты, усё-такі ўручылі жэзл маршалка, Тадэвуш наблізіўся да Панінскага, заявіў: "Я такі ж маршалак, як і вы, я ўзурпірую гэтую ўладу гэтак жа сілаю, як і вы прысвойваеце яе сабе!". Ён забраз сабе жэзл і абвясціў: "Шаноўнае спадарства! Я таксама маршалак, раблюся ім і не пакіну гэтай маёй пасады!".
Рэйтан маліў дэпутатаў не гаасаваць, не даспусціць абрання Панінскага і стварэння канфедэрацыі. Пасяджэнне не адбылося і дэпутаты разыйшліся.
Тая ж гісторыя паўтарылася і на наступны, і на трэці дзень. Калі дэпутаты ізноў разыходзіліся, нічога не вырашыўшы, Тадевуш Рейтан лег у дзвярах, спрабуючы заблакаваць выхад, і закрычаў: "Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!" (паводле іншых крыніцаў “Рубіце мяне, але не рубіце Айчыны!”, “Тапчыце мяне, але не тапчыце дзяржаву!”).
На жаль, гэты адчайны жэст шчыра адданага радзіме Рэйтана, які паходзіў са шляхетнага прускага роду, што асеў ў ВКЛ яшчэ ў XVII стагоддзі, не змяніў сітуацыю. Пад ціскам акупантаў 24 красавіка акт пра канфедэрацыю ўсё-такі быў падпісаны.
Апошнія годы свайго жыцця правёў у радавым маёнтку Грушаўцы пад Ляхавічамі, дзе загінуў у выніку няшчаснага выпадку у 1780 г. ва ўзросце 38 гадоў. Па адных звестках, пахаваны ў ляхавіцкім касцёле, па іншых – у сямейнай капліцы на тэрыторыі радавой сядзібы.
Тадэвуш Рэйтан, Самойла Корсак, Станіслаў Багушэвіч, паслы ад ВКЛ на надзвычайны сейм Рэчы Паспалітай, ужо падчас самога сейму карысталіся ўсеагульнай пашанай. У сваіх творах асобу Тадэвуша Рэйтана ўзгадвалі Францішак Князьнін, Юльян Нямцэвіч, Адам Міцкевіч (“Пан Тадэвуш”), Генрык Жавускі, Уладзімір Караткевіч і іншыя.
У 1919—1921 гадах у цэнтры Мінска існавала вуліца Рэйтана (былая Юр’еўская). А ў Баранавічах да 1939 года была не толькі вуліца Рэйтана, але і гімназія яго імя.
Пасля Другой Сусветнай вайны імя Рэйтана і яго паплечнікаў было забыта. Забытыя ў Беларусі, яны працягвалі ўшаноўвацца па-за яе межамі як “палякі”.
Памяць пра Тадэвуша Рэйтана пачала вяртацца на Беларусь з моманту, калі краіна зрабілася незалежнай рэспублікай. У газеце “Культура” ў 1993 годзе гісторык Уладзімір Емяльянчык апублікаваў пра яго матэрыял, які зрабіўся першым з шэрагу артыкулаў, якія закраналі асобу Рэйтана і пытанне захавання сядзібнага комплексу роду Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка.
Былі і спробы некалькіх асобных людзей і суполак мэтанакіравана займацца вяртаннем гістарычнай памяці пра Тадэвуша Рэйтана, Самойлу Корсака, Станіслава Багушэвіча праз артыкулы у СМІ, мастацкія фестывалі, імпрэзы, вечарыны, а таксама прапановы стварэння ў сядзібе роду Рэйтанаў дзяржаўнага мемарыяльнага музея. Па стане на 2018 год у Мінскі гарвыканкам была накіраваная прапанова аб наданні адной з вуліц Мінска імені Тадэвуша Рэйтана. Звестак пра вынік яе разгляду няма, але яго няцяжка сабе ўявіць...
Як вядома, постсаўковы прарасейскі афіцыёз на Беларусі мэтанакіравана знішчае і вычышчае памяць пра сапраўных патрыётаў сваёй зямлі – і мінулых часоў, і сённяшняга дня. Менавіта таму неймаверна важна пра іх ведаць, узгадваць і памятаць.
Відэа пра падзеі тых часоў тут: https://www.youtube.com/watch?v=MLerVNRUxuc