ВЫЖЫВАННЕ Ў ЭКСТРЭМАЛЬНЫХ УМОВАХ. Укрыццё ад непагадзі
Бяспечны і паўнавартасны адпачынак ва ўмовах аўтаномнага існавання ў партызанскіх ці ваенных абставінах магчымы толькі ў абсталяванай хованцы. Пагутарым пра тыпы хованак і пра тое, як і дзе іх ладзіць, а таксама па якіх прыкметах можна вызначыць, што чакаць ад надвор’я.
Абсталяванне хованак ад непагадзі
Падбіраючы месца для хованкі пад адкрытым небам, трэба ўлічваць вецер, блізасць ці даступнасць вады, адсутнасць казурак, недаступнасць для дзікіх жывёл. Разам з тым гэтае месца мусіць дазваляць весці назіранне за падыходамі і паветранай прасторай.
Выгляд хованкі залежыць ад наяўнасці сродкаў для яе пабудовы і часу. Аднак ва ўсялякім разе яна мусіць абараняць ад неспрыяльных умоў надвор'я і саграваць.
Рыхтавацца да начлегу неабходна за 1,5-2 гадзіны да наступлення цемры.
Не варта абсталёўваць лагер у паніжэннях рэльефу і на бязлесных вяршынях узгоркаў, бо ў такіх месцах даволі холадна. Варта ўлічваць, што ў яловым лесе звычайна халадней, чым у хваёвым і ліставым, і вільготнасць у ім вышэйшая.
Сховішча мусіць быць невялікім, забяспечваць воданепранікальнасць і непрадуваемасць ветрам. Не забываем пра вентыляцыю, каб не задыхнуцца ад вялікай колькасці вуглякіслага ці ўгарнага газу.
Пра наяўнасць угарнага газу ў хованцы сведчыць сіняваты колер полымя на вуглях вогнішча, пра празмерную колькасць вуглякіслага газу – жаўтаваты колер полымя.
У выпадку кароткачасовага знаходжання на адным месцы (да 7-10 дзён) майструюць найпростыя хованкі (буданы, падстрэшкі, чумы), усталёўваюць намёты, выкарыстоўваюць пячоры. Сховішчы мусяць быць замаскіраваныя і забяспечваць хуткі і непрыкметны сыход, калі іх выявілі.
Падчас спякоты не рэкамендуецца размяшчацца на адпачынак у глыбокіх ямах ці западзінах, дзе няма свабоднай вентыляцыі паветра. Лепей пазбягаць размяшчэння ў развалінах, ля мураў, у пячорах – у такіх месцах звычайна маецца шмат кляшчоў, ад укусаў якіх узнікае заражэнне.
Навес
У лесе зладзіць і замаскіраваць хованку нескладана як у зімовы, так і ў летні час. З галінак, жэрдак, наваленых дрэў майструюць буданы ці заслоны-навесы. Заслоны-навесы ўладкоўваюць па магчымасці каля дрэў, выкарыстоўваючы іх у якасці апор. На дрэвах умацоўваюць гарызантальны прагон, абапіраюць на яго нахільныя жэрдкі і робяць папярочныя латы.
Калі няма дрэў, драбы навеса абапіраюць на козлы, якія звязваюць з жэрдак. Навес пакрываюць галінкамі, чаротам, саломай ці іншымі падручнымі матэрыяламі.
На малюнку вышэй дэманструецца, як выкарыстоўваць сучкі для ўтрымання перакрыцця і галінак, якімі пакрываюць навес.!!!
Начлег пад дрэвам – самы хрэновы варыянт.
Будан
Буданы лепей за навесы абараняюць ад непагадзі, даюць больш выгод для адпачынку і ўзводзяцца на стаянках працягласцю больш за суткі. Буданы ладзяць з жэрдак, галін і галля. Яны бываюць двухсхільныя і конусныя. У зімовы час найболей прыдатныя конусныя, бо ў іх можна разводзіць вогнішчы. Калі ў будане будзе разводзіцца агонь, трэба паклапаціцца пра адтуліну для выцяжкі.
Для пабудовы будана спатрэбяцца жэрдкі. На зямлі іх выстаўляюць па коле, а зверху злучаюць у пучок. Канструкцыю накрываюць плёнкай ці тканінай. Калі іх пад рукой няма, то ў якасці матэрыялу для пакрыцця можна выкарыстоўваць кару дрэў. Яе пачынаюць укладваць знізу і змацоўваюць лазовымі прутамі.
Каркас будана можна зладзіць і вакол ствала дрэва, але ў такім разе ўсярэдзіне не варта распальваць агонь. Пры абсталяванні вогнішча ўнутры будана належыць забяспечыць прыток у жытло свежага паветра (гл. малюнак вышэй).
Снежная пячора
Нядрэннай кароткачасовай хованкай, якая адначачова забяспечвае і добрую маскіроўку, могуць быць снежныя пячоры і ямы.Для стварэння пячоры ў гурбе выкопваюць тунэль шырынёй каля 1 м. Яму накрываюць каркасам з жэрдак ці лапак і завальваюць снегам. Уваход у пячору зачыняецца снежным блокам ці плашч-намётам.
Балоцістая мясцовасць
У волкай балоцістай мясцовасці аптымальным будзе A-вобразнае сховішча, якое ладзіцца такім чынам, каб яго падлога (месца для адпачынку) знаходзілася вышэй узроўня балота на 40-60 см.
Разгледжаныя выгляды хованак па сілах абсталяваць толькі групе людзей. Для чалавека, які застаўся ў адзіноце, патрабуюцца прасцейшыя для пабудовы хованкі.
Для стварэння найпростай хованкі можна выкарыстаць паваленае ветрам дрэва з густой кронай. Каб лепей абараніцца ад дажджу і ветра, трэба дадаткова абкласці яго карой ці лапнікам.
Выварат
Хутка пабудаваць хованку з дапамогай невялікіх жэрдак і галінак дрэў можна з выкарыстаннем вываратаў і тоўстых ствалоў дрэў. Трэба адзначыць, што ў выварата ёсць два бакі: той, дзе ствол, і супрацьлеглы, які быў у зямлі. І калі ўзімку без розніцы, з якога боку прысесці ля вогнішча (бок вызначаецца так – глядзім, адкуль дзьме вецер, і выбіраем процілеглы), то ўвесну і ўвосень той бок, дзе корань, заўсёды вільготны і не вельмі прыдатны для арганізацыі прывалу.
Калі ў раёне водзяцца драпежныя жывёлы ці змеі, для бяспечнага адпачынку можна абсталяваць сховішча на галінах дрэва. Для таго каб засцерагчы сябе ад падзення падчас сну, неабходна прывязвацца да ствала дрэва.
Гэта толькі асноўныя спосабы стварэння часовага жылля, якія простыя ў вырабе і актуальныя для нашых шырот. Мы не апісваем, як ствараць рознага тыпу зямлянкі, бо ва ўмовах падвойнай акупацыі знаходзіцца на адным месцы працяглы час проста нельга ў мэтах бяспекі.
Прадказанне надвор’я
Для своечасовага планавання сваіх дзеянняў загадзя неабходна ўмець прадказваць умовы надвор'я на бліжэйшы час. Гэта можна рабіць па некалькіх прыкметах. Такіх прыкмет шмат – аптычныя з'явы ў атмасферы, характар аблокаў, тэмпература паветра, напрамак ветру, паводзіны жывёл, птушак, насякомых, раслін і многія іншыя. Чым больш прыкмет пацвярджаюць адзін і той жа стан надвор'я, тым дакладней прагноз.
Прыкметы перамены яснага надвор’я на пахмурнае:
- Тэмпература. Тэмпература паветра ў зімовы час павялічваецца, у летні – паніжаецца. Розніца паміж дзённай і начной тэмпературай памяншаецца.
- Вецер. Вецер узмацняецца, мяняе напрамак, сутачныя ваганні слабеюць ці знікаюць зусім; дым сцелецца па зямлі.
- Воблачнасць. Воблачнасць павялічваецца, з'яўляюцца пёрыста-кіпцюрыстыя ці кучавыя вежападобныя аблокі; рух аблокаў не супадае з напрамкам прыземнага ветру.
- Ноч. Сонца садзіцца за хмары, вечаровы золак чырвоны, ноччу зорак і месяца не відаць, ці вакол іх ёсць вянок.
- Ападкі на зямлі. Уначы расы няма, туман з узыходам сонца не рассейваецца.
- Іншыя прыкметы:
- жабы маўчаць;
- ластаўкі лётаюць над зямлёй, чайкі збіраюцца на беразе і купаюцца ў пыле, гукаў лясных птушак не чуваць;
- мурашкі хаваюцца ў мурашнікі, казурак у паветры і на раслінах не відаць, пчолы вяртаюцца ў вуллі, чарвякі выпаўзаюць на паверхню зямлі;
- кветкі раслін зварочваюцца, у пазухах лісця бачныя кропелькі вады;
- пахі раслін узмацняюцца;
- вуглі вогнішча ярка тлеюць, соль робіцца вільготнай.
Прыкметы перамены непагодлівага надвор’я на яснае:
- Тэмпература. Тэмпература паветра паніжаецца;
- Вецер. Напрамак ветру мяняецца, яго хуткасць памяншаецца.
- Воблачнасць. У слаістых аблоках ўтвараюцца прасветы, з'яўляюцца пёрыстыя аблокі, якія знікаюць бліжэй да вечара.
- Ападкі. Ападкі часам узмацняюцца; падчас дажджу з'яўляецца вясёлка;
- Іншыя прыкметы:
- птушкі садзяцца на зямлю, у лесе чуваць іх гукі;
- павукі ўвечары спускаюцца па сваім павуцінні, з'яўляюцца камары і мошкі;
- пчолы вылятаюць збіраць мёд;
- лісце папараці закручваецца ўніз, суквецці раслін расчыняюцца.
Акрамя гэтых прыкмет існуе шмат іншых, якія назіраюцца толькі ў асобных раёнах мясцовасці. Іх варта вывучаць і запамінаць з мэтай выкарыстання як у экстрэмальных умовах, так і ў паўсядзённым жыцці.