ВЫЖЫВАННЕ Ў ЭКСТРЭМАЛЬНЫХ УМОВАХ. Забеспячэнне вадой і агнём
Апынуўшыся сам-насам з дзікай ці паўдзікай прыродай, чалавек трапляе ў сітуацыю, якая пагражае яго фізічнаму існаванню. Каб выжыць, трэба дзейнічаць асэнсавана.
Пачнем з асноўнага – вады і агню.
Забеспячэнне вадой
Вада для нас жыццёва неабходна. Ад абязвожвання арганізма могуць узнікнуць цяжкія наступствы: рэзка зніжаецца маса цела, памяншаецца аб'ём крыві, і яна робіцца больш вязкай. Ад гэтага павялічваецца нагрузка на сэрца, звязаная з вялікімі намаганнямі на прасоўванне густой крыві, зніжаюцца сакрэцыі стрававальных залоз. Чалавек амаль не заўважае абязвожвання арганізма, калі яно не перавышае 5% масы тулава, хаця ўжо падчас набліжэння да гэтай велічыні працаздольнасць пачынае прыкметна зніжацца.
Калі ж страты вады перавысяць 10%, то ў арганізме могуць наступіць незваротныя змены.
Узрастанне дэфіцыту вады да 20-25% прыводзіць да смерці.
Падчас доўгіх пераходаў папаўняць запасы вады ў арганізме ("ударныя" запраўкі) трэба рабіць на вялікіх прывалах. Тады можна дазволіць сабе выпіваць па 250-500 мл вады. На малых прывалах – 100-200 мл. Падчас руху па маршруце на кароткачасовых прыпынках пры наяўнасці лёгкадаступнай вады (раўчук, гідратар) дапускаецца глыток-два вады ці прапалоскванне рота.
Варта мець на ўвазе, што пры значнай стомленасці ўзнікае сухасць слізістай паверхні рота, павялічваецца гушчыня сліны, яе цяжка глытаць, і ад гэтага ўзнікае пачуццё ілжывай смагі. Каб перадухіліць гэты сіндром, варта ўзмацніць слінаадлучэнне, узбудзіўшы адпаведныя залозы прадуктамі, якія ўтрымліваюць розныя арганічныя кіслоты (яблычную, цытрынавую, журавінавую). Добра задавальняе такую смагу мятная ці кіслая цукерка (ледзянцы, карамель), долька курагі ці чарнасліву. Каб падмануць смагу, можна выкарыстоўваць і злёгку падсоленую ваду. Пры гэтым тканіны арганізма ўзбагачаюцца неабходнымі солямі. Падсолка вады, асабліва снежнай, з разліку 0,5-1,0 г солі на літр вады, амаль не адчуваецца на смак. Варта ўлічваць, што падчас вялікай стомленасці смакавыя адчуванні чалавека прытупляюцца. У такім стане нават большая колькасць солі не выклікае непрыемных адчуванняў.
Небяспекі ад ужывання вады, непрыдатнай для піцця
Незалежна ад таго, наколькі турбуе смага, не варта спакушацца на непрыдатную для піцця ваду. Захворванні, якія перадаюцца водным шляхам, з'яўляюцца найбольш небяспечнымі. Пазбягайце піць сырую ваду (акрамя крынічнай), асабліва з вадаёмаў са стаялай вадой ці па плыні ніжэй населеных пунктаў. Ваду з такіх крыніц неабходна абеззаражваць. Самы надзейны спосаб – кіпячэнне (8-10 мін). Пры моцным забруджванні кіпяціць варта паўгадзіны.
Прадэзінфіцыраваць ваду можна крышталікамі марганцоўкі (развесці з вадзе да вельмі слабой ружовай афарбоўкі і даць пастаяць гадзіну), таблеткамі пантацыду ("Акватабс", "Aduamira", "Аква-хлор", “ПанГастро” і іншыя). Калі вада моцна забруджаная, дозу абеззаражвальных сродкаў варта павялічыць. Пры гэтым каламута асядае на дно, вада святлее.
Для дэзінфекцыі прыдатны і 5%-ны раствор ёдзістай настойкі: дадаць 2-3 кроплі на 1 л вады, добра змяшаць і даць адстаяцца на працягу гадзіны. Можна ўзяць маладыя галінкі елкі, хвоі ці ядлоўца звычайнага з разліку 100-200 грам на вядро вады і кіпяціць іх 30-40 хвілін. Затым туды ж кінуць некалькі кавалкаў кары алешыны, дуба, вярбы ці бярозы, яшчэ пракіпяціць 10-15 мін, даць астыць. Пасля таго як галінкі і кара вынутыя з посуду, на дне застаецца буры, дрэнна растваральны асадак. Яго трэба зліць, ваду з ім ужываць нельга.
Згаданыя спосабы НЕ ачышчаюць ваду ад ядахімікатаў і хімічных угнаенняў.
Каламутная, стаялая і забруджаная вада
Калі ў навакольных водакрыніцах не знайшлося чыстай вады, давядзецца піць ваду з вадаёмаў з каламутнай і стаялай вадой, калі нават яна мае непрыемны пах. Вось што трэба зрабіць для ачысткі каламутнай вады:
- пакласці на любую шчыльную тканіну здробнены драўняны вугаль, пясок і дадаць пласт дробнага жвіру,
- прапусціць брудную ваду праз гэты зроблены вамі фільтр,
- прафільтраваную ваду пракіпяціць на працягу 10 хвілін.
Такі фільтр можна зрабіць і з простай пластыкавай бутэлькі ці фрагментаў адзення. Дайце вадзе адстаяцца 30 хвілін, пасля чаго яе можна піць.
Пошук крыніц вады
Калі паблізу няма адкрытых вадаёмаў, трэба капаць зямлю ў пошуках грунтавых вод. Узровень і запасы грунтавых вод залежаць ад рэльефу мясцовасці і характару глебы.
Камяністая глеба. Шукайце крыніцы і ключы. У вапняковай глебе крыніц больш, і яны буйнейшыя, бо вапнякі лёгка раствараюцца, грунтавыя воды ўтвараюць у іх паглыбленні.
Рыхлая глеба. У такой глебе вады звычайна больш, і яе лягчэй знайсці, чым у глебе камяністай. Шукайце грунтавыя воды ў самых нізкіх кропках далін ці там, дзе схілы пераходзяць у даліну, бо менавіта тут узровень грунтавых вод бліжэй за ўсё да паверхні. Перш чым капаць зямлю, пашукайце вакол прыкметы наяўнасці вады. Рыйце ў даліне пад стромкім схілам ці ў месцах, густа пакрытых травой, дзе ў дажджлівую пару года, магчыма, была крыніца. У лясах, якія растуць у нізінах і ў далінах рэк, узровень грунтавых вод блізкі да паверхні. Нават невялікая яма звычайна становіцца добрай крыніцай вады.
Вада атмасферных ападкаў запасіцца вышэй за ўзровень грунтавых вод і ўтварае ручаі, сажалкі і балоты. Лічыце гэтую ваду заражанай і небяспечнай.
Светлай ноччу можна збіраць расу, выкарыстоўваючы ў якасці губкі тканіну. Пры багатай расе можна сабраць каля 0,5 л воды за гадзіну. У снежных палях пакладзіце снег у якую-небудзь ёмістасць і пастаўце яе на сонца у абароненым ад ветру месцы.
Забеспячэнне агнём
Шанцы на выжыванне павялічваюцца ці памяншаюцца ў залежнасці ад таго, ці здолееце вы развесці агонь, калі гэта спатрэбіцца. Вогнішча трэба разводзіць умела. Часта ад вогнішча мала цяпла, але шмат дыму, а мусіць быць наадварот – агонь павінен даваць шмат цяпла і быць незаўважным здалёк.
Заўсёды насіце пры сабе запас запалак у воданепранікальнай абалонцы. Каб яны не намоклі, абмакніце кожную запалку ў расплаўлены воск ці парафін і, калі яны падсохнуць, складзіце ў гільзу і закаркуйце яе.
Маленькае вогнішча лягчэй разводзіць і падтрымліваць, чым вялікае. Некалькі невялікіх вогнішчаў, раскладзеных вакол, у халоднае надвор'е дадуць больш цяпла, чым адно вялікае. Старанна выбірайце месца для вогнішча. Калі вогнішча даводзіцца разводзіць на вільготнай глебе ці на снезе, спачатку пакладзіце праслойку з бярвення ці камянёў. Абараняйце агонь ад ветра экранам. Гэта дазволіць накіраваць цяпло ў патрэбным напрамку.
Існуюць розныя спосабы развядзення вогнішча.
Вогнішча "калодзеж" – паленні, складзеныя зрубам.
Вогнішча "зорнае" – з тоўстых паленаў з канцамі, складзенымі ў выглядзе зоркі. Не рэкамендуем разводзіць гэтыя тыпы вогнішчаў з прычыны іх значнай прыкметнасці і неабходнасці пастаяннай падтрымкі агню.
Вогнішча "тайговае" – на вялікае тоўстае бервяно кладуць 3-4 танчэйшых бярвенні. Бярвенне ўкладваюць толькі адным канцом з зацішнага боку. Такое вогнішча – працяглага дзеяння, яно патрабуе мала фізічных затрат для падтрымання. Дае вялікае і гарачае полымя, зручнае для прыгатавання ежы. Ад яго утвараецца шмат вуглёў, яго добра выкарыстоўваець для прасушкі адзення.
Вогнішча "дакота" – для такога вогнішча вырываюць яму, умацоўваюць (калі магчыма) сценкі паленамі ці камянямі, а на дне разводзяць агонь. Пры адсутнасці натуральнай маскіроўкі такое вогнішча лёгка прыкрыць зверху галінкамі дрэў, кавалкам бляхі ці берасты. Каб дровы ў вогнішчы добра гарэлі і не дымілі, побач трэба вырыць іншую яму з вузкім каналам да вогнішча для доступу паветра. Такое вогнішча нябачнае, не патрабуе вялікай колькасці дроў, але дае шмат вуглёў і попелу.
Менавіта такі тып вогнішча мы настойліва рэкамендуем разводзіць пры неабходнасці маскіроўкі.
Вогнішча "ноддзя" разводзяць пры неабходнасці працяглага абагравання. Для гэтага трэба тоўстае роўнае бярвенне. Два бервяны кладуць побач на зямлю, робяць у бярвёнах пазы, звернутыя ўнутр, змяшчаюць паміж імі падпалку (лепш за ўсё вуглі іншага вогнішча) і зверху прыціскаюць трэцім бервяном. "Ноддзя" разгараецца паступова, гарыць гарачым полымем (і роўна) на працягу некалькіх гадзін. Жар можна рэгуляваць, рассоўваючы ці зрушваючы ніжнія бярвенні.
У вогнішча найлепей класці пераважна бярозавыя, альховыя, хваёвыя і яловыя дровы.
Сцеражыцеся класці ў вогнішча свежую ігліцу: яна дае густы дым. Сухая ігліца дае шмат іскраў.
У дажджлівае надвор'е ўнутраная частка паваленага ствала дрэва можа даць сухую драўніну. У раёнах, дзе няма лесу, выкарыстоўвайце траву, высушаны памёт жывёл. Для распальвання вогнішча у якасці падпалкі варта браць трэскі сухога дрэва, іглічныя сучкі і галінкі, сухую траву, лішайнік, папараць, пух раслін і птушак. Перад тым як развесці вогнішча, настругайце з сухога дрэва стружак. Адсталая кара жывой бярозы таксама змяшчае смалістыя рэчывы і лёгка разгараецца. Правільна рэгулюйце гарэнне вогнішча, закрывайце вуглі ад ветра. Падтрыманне агню патрабуе меншай затраты сіл, чым здабыванне новага.
Атрыманне агню пры адсутнасці запалак
Трут. Прыгатуйце крыху вельмі сухога трута перад тым, як пачаць здабываць агонь пры адсутнасці запалак. Прыгатаваўшы яго, схавайце трут ад ветру і волкасці. Самыя лепшыя труты – корпія з матэрыі, раздробненая сухая кара, сухая парашкападобная драўніна, птушыныя гнёзды, драўняны пыл, якая ўтвараецца казуркамі, які можна знайсці пад карой засохлых дрэў.
Стальны дрот. Калі хутка перацягваць адрэзак сталёвага дрота праз драўляны брусок, дрот награваецца, і ад яго можна запаліць порах, фотастужку, іншыя лёгкаўзгаральныя матэрыялы.
“Агністы плуг”. Для здабычы агню гэтым метадам спатрэбіцца драўляная падкладка з сухога дрэва, у сярэдзіне якой выразаецца паглыбленне для стрыжня. Трэба з сілай рухаць яго ўверх-уніз. Як толькі дрэва пачне тлець, неабходна падкласці трут. Лепшыя гатункі дрэва, прыдатныя для здабычы агню трэннем – вярба, асіна, хвоя.
Крэмні і сталь. Гэта выдатны спосаб для падпальвання зусім сухога трута, калі няма запалак. Крэмень можна замяніць кавалкам цвёрдага каменя. Трымайце крэмень як мага бліжэй да трута і стукніце па ім лязом нажа ці іншым маленькім кавалачкам сталі. Ударайце так, каб іскры траплялі на самую сярэдзіну трута. Калі трут пачне тлець, асцярожна раздзімайце яго да полымя. Патроху дадавайце да трута паліва (дробныя галінкі і г. д.) ці перанясіце падпалены трут да паліва, складзенага для вогнішча. Калі не здолелі атрымаць іскру ад аднаго каменя, паспрабуйце іншы.
Порах. Калі ў вас ёсць патроны, для вогнішча падрыхтуйце ў закрытым ад ветру месцы купку сухіх раслін і галінак. Ссыпце порах з некалькіх патронаў пад купку. Вазьміце два камені і насыпце на адзін з іх порах. Затым хутка трыце камяні адзін аб другі над порахам у падножжы купкі. Ад трэння загарыцца порах на камені і ў сваю чаргу порах падпалкі.
Нагляднае відэа пра тое, як распаліць вогнішча ў цяжкіх умовах надвор'я: https://www.youtube.com/watch?v=BM6gDZRiQQk
Агонь для прыгатавання ежы
Невялікае вогнішча ў паглыбленні ці самаробная печ – найлепшы агонь для гатавання ежы. Агонь у зямлі мае адзін ці некалькі паддзімаў з наветранага боку. Яны ствараюць цягу для агню, над якім можна гатавацца ежа. У тым выпадку, калі неабходна выконваць строгую маскіроўку, гэты спосаб развядзення вогнішча найболей прымальны, бо ён значна памяншае дым, а таксама ўздзеянне моцнага ветра (гл. Вогнішча "дакота").
У наступным артыкуле разгледзім, як будаваць сховішчы ад непагадзі.