"ВЕЧНЫ МІР". ЦІ БЫЎ ГЭТА МІР?
"Вечны мір" паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім быў падпісаны як пагадненне пра сканченне працяглай вайны, у выніку якой загінуў КОЖНЫ ДРУГІ беларус, а колькасць насельніцтва аднавілася толькі праз стагоддзе.
У Маскве ўважліва сачылі за вайной Рэчы Паспалітай з казакамі і разглядалі украінскага гетмана Хмяльніцкага як хаўрусніка ў сваіх захопніцкіх планах. Казаччына знясільвала нашу краіну і стварала зручны момант для нападу.
Увесну 1654 году на ўсходнія абшары ВКЛ з Вялікіх Лукаў, Вязьмы і Бранска ўварваліся тры вялізныя расейскія арміі. На дапамогу ім з поўдня рушылі дасланыя Хмяльніцкім 20 тысяч казакоў. Разам сілы захопнікаў складалі блізу 100 тысяч.
Масква прыкрывалася словамі пра абарону праваслаўных ад ціску "проклятых ляхов". Напачатку абяцанні цара Аляксея Міхайлавіча, што ён захавае правы і маёмасць беларускай шляхты і забяспечыць усім праваслаўным спакойнае жыццё, мелі на памежных з Расеяй землях даволі значны ўплыў.
Вялікае Княства Літоўскае, пасля нядаўняга ваеннага ліхалецця, было дрэнна падрыхтаванае да нападу з усходу. Атрымаўшы гетманскую булаву, Радзівіл здолеў сабраць дзеля абароны краіны 10-тысячнае войска. Пад Шкловам ён выйграў вялікую бітву з непрыяцелем, страціўшы ўсяго 700 ваяроў, тым часам як маскоўцы — у дзесяць разоў болей. Але гэта не зменшыла катастрафічнасці сітуацыі.
За першыя месяцы вайны царскія войскі занялі Полацк, Магілеў, Воршу, Шклоў, Крычаў ды дзясяткі іншых гарадоў і мястэчкаў. Тыя, што адмаўляліся ад капітуляцыі, цар загадаў разбураць, а іх насельніцтва вынішчаць ці забіраць у палон. Не зважаючы на гэта, большасць гарадоў не пагаджаліся здавацца і ўпарта адбіваліся. Віцебск абараняла пераважна мяшчанства. Побач з ваярамі біліся на сценах жыхары Гомеля і Дуброўны. Тры месяцы трымалі аблогу смаленцы, паўтара года – жыхары Старога Быхава.
Захапіўшы Дуброўну, царскія стральцы спалілі горад, зруйнавалі яго валы, а ўсіх жыхароў забралі ў няволю. Найбольш страшны лёс напаткаў Амсціслаў (цяперашні Мсціслаў). Там, як сведчаць расейскія гістарычныя дакументы, "шляхты, поляков, литвы и иных служилых людей побито больше десяти тысяч". Астатніх ваявода Трубяцкой вывеў у палон, папярэдне знішчыўшы ўвесь горад. У руіны ператварыліся Рэчыца, Жлобін, Рагачоў. У 1655 годзе была ўзятая Вільня, у якой "вызваліцелі праваслаўных" пустошылі і палілі праваслаўныя храмы. Палова месцічаў загінула, астатнія пакінулі горад.
Ужо на другі год вайны амаль уся Беларусь, з выняткам Берасцейшчыны і Панямоння, апынулася пад акупацыяй. Няскоранымі заставаліся некалькі фартэцаў, у тым ліку Стары Быхаў, Ляхавічы і Слуцак, якія плячо ў плячо баранілі праваслаўныя і уніяты, пратэстанты і каталікі.
Адзінства жыхароў Вялікага Княства Літоўскага незалежна ад этнічнага паходжання і веравызнання было яскравай праяваю дзяржаўнага патрыятызму продкаў.
На абшарах Княства разгарнуўся партызанскі рух. На Смаленшчыне, а таксама ў ваколіцах Полацка, Віцебска, Магілева і на Амсціслаўшчыне. Узімку з 1654 на 1655 год, калі наш гетман Януш Радзівіл вёў паспяховае контрнаступленне, партызаны рабілі засады на дарогах, вынішчалі дробныя расейскія аддзелы, узялі ў палон некалькіх варожых ваяводаў. Поплеч з сялянамі, што складалі аснову супраціву, ваявала і шляхта, з асяроддзя якой выйшла большасць партызанскіх камандзіраў.
У 1657-1658 гг. народнае змаганне з захопнікамі пашырылася на Менскае і Наваградскае ваяводствы. Партызаны фактычна трымалі пад кантролем усю Магілеўшчыну. Імкненне вызваліцца ад захопнікаў і прынесеных імі азіяцкіх парадкаў ахапіла і беларускія гарады. Па іх пракацілася цэлая хваля антымаскоўскіх паўстанняў.
Каб канчаткова падпарадкаваць няскораную краіну, увосень 1659 году Аляксей Міхайлавіч даслаў сюды вялікую армію пад камандаю князя Івана Хаванскага. Як заўсёды, выкарыстоўваючы на нашых абшарах тактыку выпаленай зямлі, царскія стральцы дайшлі да Горадні і захапілі Берасце.
Аднак пасля падпісання ў 1660 годзе міру з Швецыяй на акупантаў рушылі занятыя раней у вайне на поўначы харугвы Вялікага Княства на чале з гетманам Паўлам Янам Сапегам, у якога было 8 тысяч ваяроў. На дапамогу Сапегу прывёў 4-тысячную польскую дывізію Стэфан Чарнецкі. Злучанае ліцьвінска-польскае войска вызваліла Слонім і пайшло на дапамогу абаронцам Ляхавіцкага замка, які Хаванскі трымаў у аблозе.
Бітва адбылася 25 чэрвеня 1660 году каля мястэчка Палонка. У бітве пад Палонкай загінула 16 тысяч маскоўцаў. Гэта быў поўны разгром галоўнай царскай арміі, якая тады дзейнічала ў Вялікім Княстве. Перамога засведчыла пераход стратэгічнай ініцыятывы да войска Рэчы Паспалітай.
Працягам гэтай перамогі стаўся яшчэ адзін разгром князя Хаванскага ў 1661 годзе пад Кушлікамі паблізу Полацка. Неўзабаве была адваяваная Вільня. Ход вайны карэнным чынам змяніўся, бо з’явілася магчымасць перанесці ваенныя дзеянні на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы.
Дзве знясіленыя вайной краіны пачалі перамовы, якія завяршыліся стварэннем у 1667 годзе у вёсцы Андрусава пад Смаленскам замірэння на трынаццаць з паловай гадоў, якое было канчаткова замацаванае падпісаннем ў Маскве ў 1686 годзе. Да Масквы адыходзілі ўсходнебеларускія землі – Смаленшчына і заходняя Браншчына. Аднак захопленыя паўночныя абшары і інфлянты вярталіся Вялікаму Княству. Расеі не ўдалося дасягнуць асноўнай мэты – знішчэння дзяржавы.
Тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага паменшылася з 370 да 312 тыс. км². Праз пяць гадоў маскоўскі ўрад перадаў Вільні беларускія Невель, Себеж і Вяліж, пасля чаго мяжа паміж расейскай дзяржавай і Вялікім Княствам заставалася амаль нязменнай да канца XVIII ст.
Вялікае Княства выйшла з той вайны з катастрафічнымі стратамі. Насельніцтва беларускіх земляў зменшылася больш чым напалову: з 2,9 мільёна чалавек у 1648 годзе да 1 мільёна 350 тысяч у 1667-м. Загінуў ці пад прымусам пакінуў Бацькаўшчыну кожны другі. У ваяводскім Менску засталося ўсяго 170 жыхароў. Даваеннай колькасці насельніцтва Беларусь дасягнула толькі праз стагоддзе, але страты ў вышэйшых пластах ліцьвінскага грамадства – шляхце і мяшчанстве, якія пацярпелі найбольш, – так і не атрымалася аднавіць.
Фільм тэлеканала Белсат "Крывавы патоп" глядзіце па спасылцы