МАКСІМ БАГДАНОВІЧ. ГІМН ЛЮБОВІ ДА БЕЛАРУСІ
Сёння, 9 снежня, круглая дата — 130 год — з дня, у які нарадзіўся Максім Багдановіч. Жыццёвы лёс знакамітага паэта, што “нарадзіўся тут”, быў надзвычай кароткім, але адметным і насычаным. Ён большую частку жыцця правёў па-за межамі радзімы і пакінуў гэты свет ва ўзросце 25 гадоў.
Аднак за сваё нядоўгае жыццё Максім Багдановіч паспеў зрабіць настолькі разнастайны і высокі ўнёсак у беларускую культуру і самасвядомасць беларусаў, што яго параўноўваюць з Шаўчэнкам для украінцаў ці Пушкіным для расейцаў. Таму ён абсалютна заслужана лічыцца класікам нашае літаратуры.
Беларусам нарадзіўся і быў
Максім Багдановіч нарадзіўся 27 лістапада (9 снежня па новым стылі) 1891 года ў Менску. У Максіма было два браты, Вадзім і Леў. Бацька, Адам Ягоравіч, быў настаўнікам і вялікім кнігалюбам, збіраў беларускі фальклор. У хаце была багатая бібліятэка, дзеці раслі сярод кніг. Акрамя таго, дом Багдановічаў заўседы быў домам, дзе збіраліся людзі, што вялі актыўнае культурнае і сацыяльнае жыццё.
Амаль адразу пасля нараджэння Максіма сям’я пераехала ў Гародню. Хлопчыку не было і пяці гадоў, калі ад хваробы на сухоты не стала яго маці Марыі, ад якой Максім пераняў прыхільнасць да літаратуры і музыкі. Адам Ягоравіч з сынамі пераехаў ў Ніжні Ноўгарад, потым у Яраслаўль. Ад сухотаў праз нейкі час памёр і адзін з братоў Максіма. Сам Максім таксама маленькім хварэў на сухоты, яго вазілі ў Ялту. Але гэта дапамагло толькі на пэўны час, і ў рэшце рэшт ён сканаў у маладым узросце менавіта праз сухоты.
Яшчэ гімназістам у Ніжнім Ноўгарадзе Максім пачаў пісаць вершы. І пісаў ён іх на беларускай мове, якой ён авалодаў па кніжках з бацькавай бібліятэкі. Дома таксама размаўляў выключна па-беларуску, чаму дзівіліся нават яго блізкія. Юнак шмат займаўся літаратурнай працай.
У 1907 годзе ў беларускай газеце “Наша ніва”, што друкавалася ў Вільні, выйшла першае яго апавяданне — “Музыка”. У 1908 годзе надрукаваныя першыя вершы "Прыйдзе вясна" і “Над магілай”.
Багдановіча заўсёды неверагодна цягнула на радзіму. Скончыўшы гімназію ў 1911 годзе, ён правёў некалькі месяцаў у Вільні, дзе ў той час квітнела беларускае нацыянальнае жыццё.
Тут ён пазнаёміўся з Вацлавам Ластоўскім, Антонам і Іванам Луцкевічами і іншымі дзеячамі беларускага адраджэння. Пад уражаннем ад наведвання музея Лучкевічаў са старажытнымі калекцыямі Максім Багдановіч піша верш "Слуцкія ткачыхі". Пасля Вільні наведаў мястэчка Ракуцёўшчына пад Маладзечнам.
Творчасць як вянок жыцця
Максім Багдановіч хацеў вывучаць гісторыю роднага краю ў Пецярбургскім ўніверсітэце, аднак клімат там не падыходзіў яму. Таму ён пайшоў вучыцца на юрыста з Дзямідаўскім ліцэі ў Яраслаўлі.
У вольны ад вучобы час Максім Багдановіч вёў вельмі замкнёны лад жыцця. Шмат пісаў, вывучаў замежныя мовы, публікаваўся ў перыёдыцы. Займаўся і публіцыстыстыкай для шэрагу газет і часопісаў — “Нашай Нівы” ў Вільні, Пецярбурга, Масквы, Кіева, і перакладамі на беларускую мову сусветнай класікі — польскіх паэтаў, Авідыя, Гарацыя, Генрыха Гейнэ, Поля Верлена, Аляксандра Пушкіна.
Прысвяціў шмат свайго часу вывучэнню і прасоўванню на старонкі кніг, газет і часопісаў беларускай мовы і культуры. Распрацаваў канцэпцыю гісторыі беларускай літаратуры, стварыўшы шэраг артыкулаў пра яе развіццё са старажытных часоў да пачатку XX стагоддзя.
У 1913 годзе пры грашовай падтрымцы Івана Луцкевіча і Марыі Магдалены Радзівіл ў друкарні Марціна Кухты выйшаў яго адзіны прыжыццёвы паэтычны зборнік — “Вянок”. Максім Багдановіч быў першым беларускамоўным аўтарам, які выкарыстоўваў такія паэтычныя формы, як санет і рондэль.
Сыход без самоты
У 1916 годзе Максім Багдановіч скончыў навучанне ў ліцэі і адразу перабраўся ў Менск. Тут, у непасрэднай блізасці ад лініі фронта, ён працаваў у Камітэце дапамогі ахвярам вайны. Адначасова займаўся творчасцю і асветніцкай, адукацыйнай і нацыянальна-рэвалюцыйнай дзейнасцю.
Аднак здароўе паэта ўсё больш пагаршалася. У лютым 1917 года сябры і калегі сабралі сродкі на паездку ў Крым. Разумеючы, што яму засталося няшмат, ён працаваў літаральна на знос.
Яго не стала 12 (25) траўня у Ялце. Сярод яго папер знайшлі матэрыялы для беларускага буквара, над якім ён працаваў у апошні час. А на крэсле ля ложка — кнігу, і на ёй кароткі, у адну страфу верш. Перадсмяротнае прызнанне, унікальнае ў сваім родзе ва ўсёй сусветнай паэзіі.
У краіне сьветлай, дзе я ўміраю У белым доме ля сіняй бухты Я не самотны, я кнігу маю З друкарні пана Марціна Кухты.
Адзін з сяброў Багдановіча, А. Цітоў напісаў пра яго: “Маючы чуллівую і спагадлівую душу, ён мімаволі прыцягваў да сябе кожнага, яго любілі і паважалі ўсё, хто яго ведаў: з ім не было весела, але было цёпла, прыемна пагаварыць і падзяліцца пра ўсё, што толькі ляжыць на душы... Ён быў адным з тых людзей, якія гараць, саграваючы жыццё і асвятляючы шлях іншым, але мала клапоцячыся пра сябе”.
Мінулае не разбіць
За стагоддзе розныя дзеячы, музыкі і мастакі натхняліся самымі рознымі творамі Максіма Багдановіча. Калі ж казаць пра ўсіх беларусаў, цяжка сустрэць сярод нас таго, хто не ведае верш “Пагоня”, адзін з самых тэмпераментных і драматычных твораў паэта.
Радкі пра Пагоню выйшлі з-пад яго пяра ў Менску, дзе Максім Багдановіч жыў у перыяд з восені 1916 да вясны 1917 гадоў. Есць сведчанні, што ўпершыню паэт прачытаў гэты свой верш ў менскім народным доме “Беларуская хатка” ў канцы 1916 года. А надрукаваны ён быў ў газеце “Вольная Беларусь” у лістападзе 1917 года, калі аўтара ужо не было на свеце.
На момант свайго стварэння гэты верш, пранізаны ўвагай да спадчыны і павагай да продкаў, вяртаў чытача да гістарычнага дзяржаўнага сімвала, які быў гербам беларускага нацыянальнага руху на пачатку 20 стагоддзя.
І гэты ж верш зрабіўся ці не самым актуальным творам паэта для беларусаў сёння. На думку Сяржука Доўгушава, музыкі і арганізатара ініцыятывы “Спеўны сход”, “толькі адзін варыянт як найлепш адпавядае гімну нашай краіны, спалучае ў сабе яе мінуўшчыну, сучаснасць і прышласць. Гэта “Пагоня” Максіма Багдановіча”.
Еднасць не спыніць
“Пагоня” пад музыку Міколы Шчаглова-Куліковіча, якую прэзентавалі напрыканцы 2019 года пасля перапахавання Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў у Вільні, пакрысе ператвараецца ў неафіцыйны нацыянальны гімн. Як сказаў тады Павел Белавус, заснавальнік крамы Symbal.by, “гімн аб’ядноўвае нацыю, а яшчэ больш яе аб’ядноўвае супольны спеў гэтага гімна. Падзеі апошніх выхадных у Вільні паказалі, што беларусы ўмеюць аб’ядноўвацца і шанаваць сваіх герояў і сваю спадчыну”.
Пра тое, як сённяшні рэжым баіцца еднасці беларусаў і іх звяртання да сваіх каранёў, сведчыць той факт, што абодва самыя папулярныя відэа на YouTube, у якіх гучыць гэты гімн, адно з якіх набрала блізу мільёна праглядаў, другое — з безліччу беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі падчас працэсіі перапахавання паўстанцаў у Вільні 22 лістапада 2019 года — сотні тысяч, цяпер недаступныя. Адно з гэтых відэа можна праглядзець ў тэлеграм-канале Symbal.by. А на сайце Symbal.by можна спампаваць і абодва відэа, і аўдыё, і ноты і іншыя сыходныя файлы.
Пасля жніўня 2020 года адбылося шмат акцый па выкананні гімна як сімвала пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі ў грамадскіх месцах: ля філармоніі, у гандлёвым цэнтры, у метро. Гімн увайшоў у патрыятычны музычны альбом “Годныя песні” Вольнага хора, яго выканалі Маргарыта Ляўчук і Андрэй Павук, яго спяваюць беларусы з ўсяго свету у праекце “Годна” і сябры беларускага народу.
Будучыню не стрымаць
На сённяшні дзень радкі верша Максіма Багдановіча ўвасабляюць і духоўны свет беларускай спадчыны і гісторыі, і глыбіню любові беларусаў да сваёй краіны, і пратэст супраць цяперашняга нялюдскага самачыну і бязладдзя.
“Пагоня” адлюстроўвае не толькі тое, што адбываецца ў нашых душах і сэрцах, але і што рабіць, каб пракласці свой ўласны шлях. Шлях нацыі. “Не давайце чужынцамі быць”. Ні сабе, ні тым, што “забылі” і “адракліся”.
У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы рэсурсаў: Максим Богданович биография кратко (posmotrim.by) Максим Богданович (history-belarus.by)