March 4, 2022

Мы гэта елі. 2020

Наша мясцовая кухня – гэта сжыраць людзей, пакуль у краіны не лопне жывот. У халодным краі, як у лядоўні ўсе целы ляжаць у сваіх адсеках і чакаюць сваёй гадзіны. А яна прыйдзе! Не хвалюйся, прыйдзе! Яны ўсе павязаны доўгімі вуліцамі і праспектамі па руках і нагах. Ім закрылі вочы вялікімі дамамі, каб не бачылі, калі з’ядуць і іх.


І іх з’ядаюць, пакуль не лопне жывот дзяржавы. Тыя людзі, што месціліся ў сутарэннях унутры, што блукалі па калідорах кішок, што не бачылі света застраўшы ў глотцы. Ад іх усіх папаўзе ў розныя бакі скура. Тлустная і непрыемная яна разыйдзецца і разам са смярдзючай кроўю народзіць іх наноў.


Калі вываляцца яны на лагодны доўгачаканы асфальт, збіўшы сабе ногі і галовы, то тыя, хто ўбачаць гэта скажуць, што пачалася адліга. З дахаў дамоў будзе цекчы кроў з разарванага пуза ўперамешку з вадой. За лютым абавязкова прыйдзе сакавік і ніколі не прыйдзе жнівень.


Усе мы тут нанізаны на аднолькавую алюміневую нітку эфіру. І калі радыёхвалі пераўтвараюцца ў шторм, то няма ціхіх мясцін. Я нанізана на яе думкамі, а ты, побач са мной, сэрцам. Баліць.


Брудныя людзі, што вылезлі з чужых вантробаў сыходзяць назад да сябе дадому. Яны глядзяць адзін на другога напоўабваранымі вачыма і не памятаюць дзе іх хата. Лягуць на брудную зямлю, прыціснуцца да яе голымі целамі і будуць слухаць тлум цягнікоў.


Адна разгубленая жанчына ў чыстым ладным беленькім паліто будзе бегаць сярод чырвонага натоўпа. Калі за яеным мужам прыйшлі, то яна была на працы. Будзе бегаць і шукаць яго. Адшукае і, не шкадуючы, абдыме. А муж ад стомы не пазнае каханую.
Той не дастаткова будзе сказаць тому, што ён сука, а адразу дасць па твару.

Мужчына ад гэтага прыйдзе ў сябе і зразумее, хто тут гаспадар. Бо ведаюць усе – мужчыны заўсёды б’юць жанчын. Таму што ў парэзах іх скуры вырастаюць ружы і піёны. А жанчыны застаюцца, таму што любяць кветкі.


Мужчына скалыхнецца ад холаду і забярэ ў жонкі паліто. Недзе далёка за высокай вежай з алюміневымі стужкамі волат у жалезным адзенні пачне ветрам дуць. Каб пахутчэй растапіць снягі, каб ужо пачаўся крыгаход. Іх шчокі ружовыя, а вочы бялёсыя.


Ніхто не займаецца тут працай. Усе абралі чараўніцтва. Паўсюль чары і праклён. А чырвоныя людзі разыйдуцца па гораду, як непаслухмяныя дзеці, якія выраслі са сваіх памерлых бацькоў. Пакінуць маці-краіну і сядуць у сваёй аднапакаёвай кватэры. Будуць доўга адмывацца ад яе крыві і зачэсваць валасы.


Потым на дробнай кухні, баючыся казаць пра суседа, у святле іншага пакоя пакажуць далоняй сабаку. Мізінец рухаецца, сабака гаўкае. Недзе на падлозе сядзіць жонка. Яна закрые твар далонню, каб нячутна пасмяяца. Разам прасядзяць яны, не рухаючыся.


Будуць баяцца пайсці і легчы ў ложка. Бо калі легчы спаць, то на цябе будзе глядзець сон, тут цікавей. Лепш пайсці здымаць швы з шкла. Акно перажыло яшчэ адну зіму, далей будзе цёпла. Нажніцамі чыкаць, не шкадуючы старой раны савецкага часу.


Не страшна пад вясеннім дажджом запаліць цыгарэту. Тут чалавек, які смаліць, можа спыніць гэты дождж, бо надвор’е яго спалохаецца. А для птушкаў збудавалі пускавыя аб’екты, каб тыя не гублялі сіл і ўзляталі. Тыя ўжо і рабіць гэта развучіліся.


Тут калі знойдзеш на вуліцы рубль, то два аддасі ў падатак. Хоць вокам сваім, хоць рукой, хоць дачкой. Анёлы даўно скончылі ўсё самагубствам. Тонкім ножычкам выкавыралі сабе ўсе органы. Сталі донарамі бяздоннымі.
Кожны дзень, як няўдалы мастак, пакідае на тваім целе глыбокія шнары, якія простай вадой не змыць. Усе ведаюць, што ключ ад сэрца – нож у спіну. Можна бясконца клікаць шаноўнага сябра, які схаваўся ў дрэнным месцы, але да цябе на гару ён не падымецца.


Калі доўга гадаваць дзіця, то атрымаецца дарослы. Калі доўга гадаваць дарослага, то атрымаецца пакойнік. Калі доўга гадаваць пакойніка, то атрымаецца труна. Калі доўга гадаваць труну, то атрымаецца труха. Калі доўга гадаваць труху, то атрымаецца зорка.


Стомленна зашые яна сабе жывот. Моцнай жалезнай іглой завядзе ў сябе пластыкавыя ніткі. Паляжыць трохі, пакуль не адчуе голад. Потым падымецца на стомленыя ногі і пойдзе далей тут хадзіць. Зжыраць іншых людзей, каб наесціся.