Раніца багоў. 2022
Яна народжвалася штораніцы. З першым сонечным прамянём багіня світанка расплюшчвала вочы. Маладая займела сваё цела. Сапраўднае і не празрыстае. Яно было ахінута ў слабыя тканіны, каб не заміналі танцаваць. Пад першымі сонечнымі прамянямі. Яе сфера ўплыву: світанак.
Ён жа бог з другой міфалогіі. Яму пакланяюцца іншыя людзі. Крыважэрныя чалавечыя ахвяры прыносяць на яго капішчы. Ён галоўны сярод сваіх, ён няшчасны сярод іх. У тым вялікім горадзе дамы дастаюць да неба.
Простыя людзі прыходзяць у яго боскі палац, не здымаючы свой брудны абутак. Хвалі сусветнага акіяна не паспяваюць злізваць сляды ад іх ног. Натравіць бы на іх сваіх воранаў, каб выгрызлі іх вочы. Ды стары трымаецца і маладзіцца.
Некалі, у часы маладосці багоў, ён прачнуўся раніцай. Ды ўбачыў, як на небе танцуе невядомая багіня. У мяккім адзенні, з сабранымі кароткімі валасамі, з заплюшчанымі вачыма. Тады ён быў двухвокім богам паэзіі і вайны. Нічога лішняга.
Бог выдраў свае валасы з галавы і зрабіў з іх прыступкі. Сівавалосая лесвіца прывяла яго на самы верх. Туды дзе сонца пячэ ў самую патыліцу. Жанчына скончыла танец, паглядзела на мужчыну. Знізу стаялі ўсе яго дзеці ад іншай багіні і трымалі лесвіцу, каб ён не зваліўся.
- Я хачу быць з табой, - зачаравана адказаў ён, разглядаючы яе маладое цела.
- Аддай мне сябе і я гэта захаваю, - прысела на кукішкі маладзіца і пагладзіла яго па паўлысай галаве.
Мужчына адкрыў рот, не доўга ён думаў. Дастаў сваё вока з вачніцы, пакуль па шчаце ўніз пацекла кроў, перадаў яго багіне. Невядомая ўзяла падарунак, уставіла сабе ў лоб. Там дзе яму месца. Вока заблішчэла і растаяла, застаўшыся ледзь бачнай плямкай.
Кроў бацькі багоў капала на ніз, а яго дзеці палічылі, што гэта дождж і падставілі свае бледныя боскія твары пад кроплі. Кроў бога багоў сцякала па іх скуры, пакідаючы чырвоныя разводы.
- Як цябе завуць прыгожая багіня? - не адчуваючы болю, усхавалявана пацікавіўся галоўны бог.
- Я - грэцкая Эас, - адказала чароўная.
І знікла, таму што скончылася раніца. Одзін застаўся з адным вокам і богам мудрасці.