Гродзенскае “Эльдарада”: як хітры інжынер выцягнуў грошы з Нёмана і з дзяржаўнага бюджэту
“Яго дзейнасць вызначалася махлярствам, падманам і перавышэннем службовых абавязкаў са стратамі для скарбніцы дзяржавы”, - пісалі 100 гадоў таму ў Гродне пра інжынера Мар’яна Гюртлера. Авантурыст меў здабываць для дзяржавы метал, які апынуўся на дне Нёмана ў ходзе Першай сусветнай вайны. Але здабыў перад усім грошы для сябе самога, праз што трапіў у цэнтр скандалу.
Дзе ў Гродне было “Эльдарада”
У час Першай сусветнай вайны пры адступленні сапёры рускай арміі ўзарвалі два масты праз Нёман – чыгуначны і Пятрова-Мікалаеўскі (на месцы сённяшняга Старога моста). Пазней, у час савецка-польскай вайны, бальшавікі ўзарвалі часовы чыгуначны і пантонны масты, пабудаваныя немцамі. А каб запаволіць пераправу праціўніка, яны пусцілі пад адхон у Нёман некалькі паравозаў.
Так у рацэ апынулася багата металу, у тым ліку медзі і “белых” (срэбра, плаціны і золата). А ўчастак Нёмана ў межах Гродна паміж разбуранымі чыгуначным і пантонным мастамі атрымаў у мясцовых назву “Эльдарада”.
Для здабычы з гэтага Эльдарада металаў (іх хацелі выкарыстаць пры будаўніцтве новага чыгуначнага моста) Віленская дырэкцыя польскай чыгункі заключыла 9 ліпеня 1921 года дамову з інжынерам Мар’янам Гюртлерам.
“Канкістадоры” ў Гродне: хто такі Мар’ян Гюртлер
Капітан 3-га сапёрнага палка Мар’ян Гюртлер (Marjan Gurtler) нарадзіўся 11 жніўня 1885 года. У Першую сусветную вайну ён служыў у рускай арміі. Адтуль загадам Юзафа Пілсудскага ад 8 студзеня 1919 года быў прыняты ў склад Польскага войска і ўдзельнічаў у савецка-польскай вайне.
Упершыню ён трапіў у Гродна яшчэ да вайны з бальшавікамі, засвяціўся на вайсковай чыгунцы, дзе “не вызначаўся добрымі водгукамі”, вылучаўся сваім “акторствам” і здольнасцямі да маніпулявання.
Гюртлер, як і шэраг іншых вайскоўцаў, павінен быў стаць ахвярай карупцыйнага скандалу, які разгарэўся ў польскім войску восенню 1919 года. Скандал прывёў ад адхілення 13 лістапада ад кіраўніцтва Літоўскай вайсковай чыгункі капітана Хуга Хелебранта - аднак той праз два дні застрэліўся і ва ўмовах вайны з бальшавікамі паглыбляцца ў расследаванне не сталі.
Гюртлер паўторна прыбыў у горад у лістападзе 1920 года на мясцовую чыгунку, а далей заснаваў фірму для здабычы металаў на “Эльдарада”. “Ён прадэманстраваў вялікую халатнасць па службе, а яго дзейнасць вызначалася махлярствам, падманам і перавышэннем службовых абавязкаў са стратамі для бюджэту дзяржавы”, - казалі пра яго.
Як Гюртлер атрымаў права здабываць метал у Нёмане
Чаму Гюртлеру даручылі такую адказную задачу? Усё праз тое, што ён выйшаў на Эміля Ландсберга, які замяніў Хелебранта на чале Віленскай дырэкцыі Польскай чыгункі (былая Літоўская вайсковая чыгунка). Ландсберг вырашыў як мага хутчэй распачаць у Гродне будаўніцтва чыгуначнага моста і прапанаваў узяцца за расчыстку Нёмана тут на найлепшых умовах.
Паводле дамовы, дырэкцыя Віленскай чыгункі атрымлівала выцягнуты з Нёмана метал ад разбураных мастоў і затопленых цягнікоў.
Для гэтай працы Мар’ян Гюртлер заснаваў фірму “Будаўніча-прамысловы дом”. Ён абавязаўся цягам 60 дзён расчысціць Нёман паблізу старых сваяў мастоў, каб можна было ўжо пачаць будаваць новы. Астатнюю частку ракі трэба было расчысціць не пазней за 1 студзеня 1922 года.
Першую партыю металу ў 300 тон Гюртлер абавязваўся здабыць цягам двух тыдняў. Далей – па 100 тон штомесяц. Для паскарэння працаў Віленская дырэкцыя пагадзілася, што чыгун звыш пазначанага ў дамове “Будаўніча-прамысловы дом” мог прадаваць самастойна. Пасля заключэння дамовы Гюртлер атрымаў адразу 600 польскіх марак (валюта, якая хадзіла ў Польшчы ў пачатку 1920-х, да ўвядзення злотага), а за кожны здабыты кілаграм металу для яго фірмы прадугледжвалася аплата ў 10 марак.
Куды знікалі багацці гродзенскага “Эльдарада”
Будаваць новы чыгуначны мост павінен быў Другі маставы батальён 2-й польскай арміі. Яму 9 жніўня 1921 года інжынер Гюртлер пагадзіўся перадаць здабыты ў Нёмане метал. А менавіта: 570 жалезных стрыжняў з былога чыгуначнага моста, 80 сярэдніх стрыжняў, 35 штыфтоў шарніраў, дзевяць папярэчных бэлек формы №1, тры папярэчныя бэлькі формы “С”, 570 ланцугоў шарніраў, а таксама шайбы, каўпачкі, шрубы, вушкі да іх і іншыя дробныя жалезныя дэталі. Адных алюмініевых шайбаў было перададзена 85 кг. Праўда, падчас праверкі выявілася, што каля 20% здабытага ў Нёмане матэрыялу пагнута альбо пашкоджана.
Ад самага пачатку Гюртлер справаздачыўся аб меншых лічбах здабытага металу, чым прадугледжвала дамова. Напрыклад, з 26 верасня да 15 кастрычніка “Будаўніча-прамысловы дом” здабыў 43 тоны (або 2,27 тон штодня) і павінен быў здабыць яшчэ 235 тон. Таксама з боку Ласосны было паднята 22 тоны (па 1,16 тон штодзённа) і заставалася яшчэ 791 тон.
Пры гэтым фірма Гюртлера працягвала здабываць метал з Нёмана нават пасля таго, як 4 кастрычніка Віленская дырэкцыя Польскай чыгункі скасавала дамову. Скасавалі яе праз тое, што палкоўнік Маеўскі, кіраўнік вайсковага лагеру ў Гродне, накіраваў скаргу з пералікам больш чым 100 фактамі парушэнняў. Найперш гэта тычылася таго, што кемлівы інжынер прадаваў каштоўныя металы не дзяржаве, а розным фірмам у Гродне і Беластоку.
Віленская дырэкцыя запатрабавала вярнуць зніклыя элементы. Гэта датычыла найперш металу з паравозаў – 92 пуды медзі і 10 пудоў “белых” металаў, які 1 кастрычніка прадалі Маркусу Лапіну за 1,26 млн марак і даставілі на надворак Юдаля Марголіса.
Паліцыя, арышт маёмасці і... ніякіх сур’ёзных наступстваў
22 кастрычніка ў фірму “Гандлёва-прамысловы дом” прыйшла гродзенскай паліцыя і арыштавала маёмасць. Але паліцыя з’явілася ў Гюртлера не праз зафіксаваныя факты перапродажу здабытага металу. І не таму, што ён працягваў яго здабываць пасля скасавання дамовы. Афіцыйнай прычынай было “невыкананне ўзятых на сябе абавязкаў”. Па Гродне ж папаўзлі чуткі, што арышт з маёмасці могуць зняць, калі фірма атрымае пацвярджэнне на далейшыя працы ад аднаго з замежных банкаў.
З Варшавы накіравалі адмысловую камісію, каб праверыць фірму Гюртлера. Але той загадзя загадаў супрацоўнікам перапісаць касавыя кнігі. Над гэтым, як пісалі журналісты “у Гродне працавалі некалькі сутак”. У выніку нават відавочныя факты засталіся без увагі.
Цікава, што ў той жа дзень, калі да Гютлера прыйшлі паліцэйскія, яго памочнік Уладзімір Крэдка прадаў ад 150 да 200 пудоў з былога чыгуначнага моста фабрыцы жалезнага ліцця Фенгольда ў Гродне. А замест металу “Будаўніча-прамысловы дом” хуценька заняўся... пастаўкай драўніны для будучага гродзенскага моста. Пазней іншая камісія з Варшавы выявіла, што Гюртлер здолеў прадаць дзяржаве адну і тую ж драўніну двойчы. Пасля гэтага кемлівы інжынер вымушаны быў пакінуць Гродна. Тут яго высокапастаўленыя вайсковыя заступнікі (якія, магчыма, былі ў долі) ужо не маглі яму дапамагчы.
Распрацоўку гродзенскага “Эльдарада” фірмай Гюртлера адзін з гродзенскіх журналістаў у кастрычніку 1921 года падсумаваў так: “Фірма рабаўнічым чынам разбірала на дробныя часткі лакаматывы, якія былі скінутыя ў раку бальшавікамі [...]. Была надзея, што Гюртлер захоча далучыць да працаў людзей, якія разбіраюцца ў падняцці частак разбуранага моста і перастане практыкаваць азіяцкія спосабы працы, якія ладзяцца пад “дубінушку””.
Узвядзенне новага гродзенскага чыгуначнага моста ў выніку зацягнулася ажно да 1927 года.