February 20

Галовы львоў, прылады лесарубаў і таямнічыя надпісы: якія “сакрэтныя” сімвалы можна ўбачыць на фасадах гродзенскіх будынкаў?

Ці звярталі вы ўвагу ў час шпацыраў па Гродне на дэталі дэкору будынкаў? Сярод старых камяніц можна знайсці такія, на фасадах якіх схаваліся выявы жывёл, прылады працы або рэлігійныя сімвалы. А ў адным з месцаў Гродна можна знайсці нават подпіс караля! Мы зрабілі падборку сімвалаў на гістарычных дамах Гродна. Некаторыя з іх добра вядомыя, а некаторыя яшчэ трэба пашукаць, каб пабачыць.

“Дом лесарубаў” на Васілька

На фасадзе будынка па вуліцы Васілька, 14 размяшчацца перакрыжаваныя сякера з малатком і піла. Некаторыя гараджане называюць гэты будынак “Домам лесарубаў”. Маўляў, тут жылі цэлыя пакаленні людзей гэтай прафесіі. Таму выявы інструментаў і засталіся – як напамін.

Будынак на вуліцы Васілька, 14. Крыніца: Яндэкс Карты
Будынак на вуліцы Васілька, 14. Крыніца: Яндэкс Карты

Але гэта міф, бо першапачаткова будынак быў аднапавярховым. А другі паверх, на ўзроўні якога і размяшчаюцца інструменты, узвялі ў пачатку 1960-х гадоў.

«У дзяцінстве часта хадзіў міма гэтага дома, бо побач жылі мае дзядуля і бабуля. Дом на Васілька, тады Чапаева, у сярэдзіне 1960-х гг. паставілі на капрамонт. Частку, дзе зараз вісяць прылады, тады дабудавалі і над акном прымацавалі інструменты дрывасекаў. Яны нічога не сімвалізуюць, ніякія лесарубы там не жылі, проста стылізацыя», — расказваў краязнаўца Віктар Саяпін.

Іншая верагодная прычына з’яўлення гэтых сімвалаў — даўняя традыцыя будаўнікоў. У нас яна амаль забылася, а ў суседняй Польшчы ды многіх іншых краінах існуе дагэтуль (напрыклад, у Польшчы яна называецца “wiecha”). У час будаўніцтва дома над дахам размяшчалі сімвалы будаўнічых прафесій — пілу, сякеру, малаток і іншыя інструменты, разам з упрыгожаным вянком. Часам пасля паспяховага заканчэння будаўніцтва іх маглі замацаваць на фасадзе. Магчыма, гэты дом у 60-х перабудоўвалі акурат будаўнікі, якія яшчэ памяталі гэты стары звычай.

Будынак для “разумных”

Над вокнамі трэцяга паверха будынка па вуліцы Батанічай, 15 можна ўбачыць рэльефныя лацінскія літары TEPSIVA. Паводле краязнаўцы Наталлі Канюк – гэта скарачэнне лацінскага выразу “Табе, што праходзіш звонку, шлях да ісціны важнейшы”.

Будынак на вуліцы Батанічнай, 15. Фота: Яндэкс Карты
Будынак на вуліцы Батанічнай, 15. Фота: HH

Гродзенскі гісторык Андрэй Павач (сумесны псеўданім гісторыкаў Андрэя Чарнякевіча і Андрэя Вашкевіча) у кнізе “Легенды не старой Гародні” даваў і іншыя магчымыя тлумачэнні. Першае – надпіс з’явіўся пасля рамонту дома. Тады будаўнікі дзеля жарту змясцілі кожны па літары свайго імя. Другое – у перакладзе з фінскай мовы TEPSIVA азначае – “для разумных”.

Дом з сімвалам грузінскай знаці

Дом урача Алшыбаева на вуліцы Студэнцкай, 6 мае народную назву – “Дом з ільвамі”. На фасадзе будынка, над вокнамі, размешчаны маскароны ў выглядзе морд ільвоў.

Студэнцкая, 6 – “дом з ільвамі”. Фота: Дзяржаўны камітэт па маёмасці
Студэнцкая, 6 – “дом з ільвамі”. Фота: Hrodna 11:27

Паводле кнігі “Гродна. Біяграфія вуліц”, гэты будынак у 1906 годзе пабудаваў афіцэр расійскай арміі Георгій Чэлакаеў. А Чэлакаеў – гэта зрусіфікаваны варыянт грузінскага прозвішча Чалакашвілі. Князі Чалакашвілі належалі да старажытнага грузінскага роду. Львы – любімыя сімвалы грузінскай знаці. Нават шчыт з выявай Святога Георгія на сучасным дзяржаўным гербе Грузіі трымаюць менавіта гэтыя жывёлы.

З канца 2025 года будынак перарабляюць пад гатэль з назвай Mascaron Heritage. Назва адсылае да таго самага дэкаратыўнага рэльефу на фасадзе будынка.

Льва пад карнізам на будынку пошты на Ажэшкі, 9. Фота: Яндэкс Карты

Дарэчы, гэта не адзіны ў Гродне дом з ільвамі на фасадзе. Падобныя маскароны ёсць на будынку пошты на Ажэшкі №9. Прыгледзьцеся ў час шпацыру да карнізу над вокнамі другога паверху!

Але спачатку гэтых ільвоў там не было. Морды жывёл дадалі ў пасляваенныя гады. Будынак выглядаў быў моцна разбураны і разглядалі пытанне яго зносу. Але дом захаваўся дзякуючы Мікалаю Аляксандравічу Максімцу – ураджэнцу Беластока, былому вязню сталінскіх лагераў, які праектаваў будынкі ў Гродне (праўда, жыў сам у Лідзе). Ён пастанавіў не руйнаваць дом, а аднавіць, ды яшчэ і ўпрыгожыць – дадаць медальёны з ільвамі. Магчыма, гэта нейкая асацыяцыя з ленінградскай архітэктурай, якую архітэктар Максімец вельмі любіў.

Галоўны сімвал Гродна ёсць толькі на адным будынку

Будынак на Замкавай, 16 – былы палац Храптовічаў – адзіны ў горадзе, на фасадзе якога ёсць выява герба Гродна.

Сам будынак здаўна ўпрыгожаны барэльефамі вайсковай сімволікі. Сярод ляпніны ёсць лаўровыя вянкі – сімвал славы, перамогі і міру. Можна разгледзець элементы зброі і амуніцыі, напрыклад, элементы падобныя на калчаны са стрэламі і шлем з грэбенем.

Фасад палаца Храптовічаў на вуліцы Замкавай, 16. Фота: А Kostichev, Wikimedia Commons
Фасад палаца Храптовічаў на вуліцы Замкавай, 16. Фота: А Kostichev, Wikimedia Commons

Над уязной аркай размешчаны картуш з выявай герба Гродна. Але яго размясцілі на будынку даволі позна – у 1990-х гадах. Сёння ў былым палацы Храптовічаў размяшчаецца Музей гісторыі рэлігіі.

Манаграма караля Панятоўскага была не толькі на рэзідэнцыі Станіславова

На вуліцы Церашковай, 21 размяшчаецца будынак былой рэзідэнцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Цэнтральны фасад пабудовы вылучаны паўкруглым эркерам, на атыку якога захавалася манаграма караля – SAR. Гэтае скарачэнне расшыфроўваецца як Stanislaus Augustus Rex (Станіслаў Аўгуст Кароль).

Былы палац Панятоўскага. Фота: Яндэкс Карты, F_Miklus
Манаграма караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага на фасадзе былога палаца, 2011 год. Фота: dworypogranicza.pl

Цікава, што на паркавым фасадзе рэзідэнцыі караля ў Аўгустова (сучасная вуліца Рэпіна) размяшчалася такая ж манаграма. Але да нашых часоў будынак не захаваўся.

Завод упрыгожвалі ўласнай кафляй

Адзін з будынкаў былой кафлярні князёў Друцкіх-Любецкіх на вуліцы Чырвонаармейскай упрыгожаны кафляй уласнай вытворчасці. Яе можна ўбачыць на франтоне будынка. На ёй выява трох дзяцей, якія грэюцца каля вогнішча.

Кафля на фасадзе будынка былой Станіславоўскай кафлярні. Фота: Hrodna 11:27

Цікава, што першапачаткова гэтая кафля размяшчалася пад акном. Але падчас рэканструкцыі будынка, яе размясцілі вышэй.

Ад акруговага суда да абласной пракуратуры

У будынку на вуліцы Савецкая, 31 у пачатку ХХ стагоддзя размяшчаўся Гродзенскі акруговы суд. Таму на фасадзе сярод прафіляваных філёнгаў з гірляндамі, лучковых сандрыкаў і арнаменту ў выглядзе меандр і дубовых галінак можна адшукаць слова “Законъ”.

Будынак на Савецкай, 31. Фота: Wikimedia Commons, Павел Петро

У міжваенны перыяд у гэтым будынку размяшчаліся аптэчны склад, крама галантарэі і бялізны, тытунёвая крама, а таксама крама Wina, wódka, likery i koniaki. У савецкі перыяд тут, акрамя крамы і абласнога камітэта Таварыства Чырвонага Крыжа, размяшчалася абласная пракуратура.

Паганскія матывы ў цэнтры Гродна

На франтоне драўлянага будынка па адрасе вуліцы Дзяржынскага, 10 размяшчаецца сімвал сонца. Паводле Наталлі Канюк гэта выразная апеляцыя да паганства. Гэты ж сімвал размешчаны на тарцы будынка з паўднёвага боку.

Будынак на Дзяржынскага, 10. Былы дом Вагнера. Фота: Яндэкс Карты

Дом збудаваў Леапольд Вагнер, які ў міжваенны час быў вядомым у Гродне сталяром. Ягоны сын быў таленавітым чырвонадрэўшчыкам, а ўнук Мікалай — вядомым у горадзе акцёрам драматычнага тэатра.

Крыжы абаранялі ад пажараў

На жылых будынках, якія будавалі католікі, часта можна ўбачыць сімволіку крыжа. На тарцовых сценах такіх пабудоў можна адшукаць вентыляцыйныя адтуліны ў выглядзе крыжа. Прыклад такога сімвала можна ўбачыць на вуліцы Віленскай, 14.

Крыж на фасадзе дома на Віленскай, 14. Фота: Вячэрні Гродна

Падобныя крыжы, але рамбічныя, размяшчалі на будынках лютэран. Такі можна знайсці на франтоне і тарцы дама на Антонава, 13.

Будынак на Антонава, 13. Фота: Яндэкс Карты

Дзе яшчэ можна знайсці сімвалы на будынках

На франтоне будынка пажарнага дэпо па вуліцы Замкавай, 19 размяшчаецца барэльеф каскі і двух тапароў.

На адной з вежаў будынка харальнай сінагогі выкананы барэльеф у выглядзе важнага сімвала іўдаізму – граната.

Вялікая сінагога на вуліцы Вялікая Траецкая. На правай вежы – сімвал граната. Фота: megapolis-real.by

Дом на вуліцы Паўлоўскага, 9б упрыгожаны яўрэйскімі шасціканцовымі зоркамі Давіда. У іўдзеяў гэта лічыцца сімвалам бясконцасці, зліяння мужчынскага і жаночага пачаткаў.

Зоркі Давіда на будынку па вуліцы Паўлоўскага, 9б. Фота: Вечерний Гродно

На некаторых будынках у цэнтры Гродна можна адшукаць таямнічыя надпісы GEORE. Такія нанесены на дамы па вуліцы Студэнцкай, №3 і №3а, а таксама на пабудове па вуліцы Леніна, 23а.

Надпіс «GEORE 1348» на доме №3 па вуліцы Студэнцкай. У гады апошняй нямецкай акупацыі вуліца мела спачатку назву №409, а пасля «Лотзэнэр-штрасэ». Фота: Hrodna 11:27
Надпіс «GEORE 1348» на доме №3 па вуліцы Студэнцкай. У гады апошняй нямецкай акупацыі вуліца мела спачатку назву №409, а пасля «Лотзэнэр-штрасэ». Фота: Hrodna 11:27

Што яны азначаюць краязнаўцы дасюль дакладна не ведаюць. Але гісторык Аляксандр Смалянчук выказваў здагадку, што надпісы азначалі, што будынак давялі да ладу для пражывання немцаў. GE– GEbaude – будынак, OR-ORdnung – парадак.