Анжэла Міклушыс - не роўдмуві, але пра ровар, дарогу і беларускія сюжэты жыцця
Беларускамоўны інстаграм – месца асаблівае. Для снобаў і скептыкаў – так сабе, для аматараў шукаць чалавека з ліхтаром у руцэ – лепш не знайсці. Сярод фанатаў аўтэнтыкі, беларускамоўных візажыстаў, керамістаў, айцішнікаў і рэпераў я, напрыклад, знайшла Анжэлу. Яе старонка – нешта нейкае. Яна пра любоў да сапраўднай вёскі, да яе людзей і своеасаблівай эстэтыкі. Анжэла на ровары зарульвае па выходных у шматлікія вёсачкі свайго раёна, здымае там ці не кожны дамок, а потым выкладае ў сторыз. І такіх тэчак са сторызамі ўжо набралася парадкам. Ці хто яшчэ так робіць у Беларусі?
Але яна не проста так катаецца і захоўвае спадчыну на здымках і ў маленькіх назіраннях. Яна яшчэ ўпрыгожвае крыжы на ўездзе ў вёску, яна вырашае праблемы праз ЖКХ (напрыклад, рамантуе прыпынкі). І піша пасты, якія трапляюць прама ў сэрцайка. Напрыклад, пра дзевяностагадовага дзеда Жэню, які па вёсцы рассякае на мапедзе, у кепцы з надпісам BOY.
Пагаварылі з Анжэлай аб тым ды гэтым, можаце і вы з намі на ганачку пасядзець ды паслухаць дзвюх сентыментальных беларусак.
Плакаць і падсілкоўвацца, усё як мы любім
Як так атрымалася, што гарадская дзяўчына ўсё вяртаецца ды вяртаецца ў вёску? У сваіх вандроўках, тэкстах, звычках?
Не такая я і гарадская. Так, нарадзілася і вырасла ў горадзе, але з малентсва ірвалася на волю, тады яшчэ не разумеючы што яно такое – воля. У дзяцінстве тут было добра ды весела, без ўсялякай філасофіі. Але гады ішлі, я нешта разумець пра сябе пачала і дайшла да думкі, што і самыя шчаслівыя моманты майго жыцця звязаны з вёскай, і таксама, калі на сэрцы сум, я зноў жа прыязжаю сюды – проста пахадзіць, проста падыхаць.
А вёска тая – Міхневічы Смаргонскага раёна, менавіта адсюль ідзе мой род па боку таткі, і менавіта гэтая звычайная вёска – мая калыска. Тут я дома. Тут маё неба, мая зямля, мае травы, мае сосны, мой кроп, мае клубніцы, мая рэчка, дзе я танула, і мая лаўка, дзе першы раз пацалавалася. Сюды я прыязждаю лячыць душу. Тут мае ўспаміны – аб дзяцінстве, першым каханні, юнацтве, тут усё пра маю бабулю. Тут месца, дзе я прыходжу плакаць, тут месца, дзе я прыходжу падсілкавацца, каб вытрымліваць усё тое, што робіцца побач і зусім не залежыць ад мяне.
Вёска заўсёды была побач са мною, я нарадзіла дачку, ёй яшчэ і месяца не было, як я прывезла яе сюды – у самую звычайную вясковую хату, дзе тапілі печ, мылі (ці пралі) пялёнкі ля студні, дзе першы прыкорм з градкі. Дзе ставіш вазочак пад ігрушу, і сваё асаблівае сонца грые пятачкі твайго дзіцяці. Рай. Любоў да вёскі перадалася праз тое сонца і маёй дачушцы, калі ў яе атрымліваецца, яна заўсёды прыязджае сюды, як і я, дыхаць і адпачываць душою.
Пазалетась я прыдумала вандроўкі, прыехала ў суседнюю вёску, нарабіла здымкаў, пагугліла пра яе. І ахнула – цікава. Божачкі, як цікава! Потым яшчэ адна, і яшчэ. Пачала выкладаць на старонку ў Інстаграм, і атрымала нечаканую адваротную сувязь ад незнаёмых людзей, аказваецца, глядзець на паўсядзенныя вясковыя здымкі, на хаткі, платы, слупы ля веснічак – асалода для вачэй і душы для многіх. З кожнай правандрованнай вёскай, мне стала адкрывацца гісторыя майго края – Смаргоншчыны.
Колькі вёсак праехала і колькі наперадзе?
Смаргонскі раён складаецца з 7-мі сельсаветаў і мае 325 вёсак (гэта і звычайныя вёскі, і аграгарадкі , і хутары), пакуль я пабыла ўсяго ў 33 вёсках, засталося, значыць, 292. Шмат!
Чаму не так хутка, як хацелася? Я вандрую на ровары, усяго дзве вёскі, што я наведала, на аўто. Не ўсе дарогі даюцца лёгка, недзе больш прыходзіцца ісці, чым круціць педалі, другі раз магу заблытацца, з’ехаць не туды, бо то карты звядуць “у блуд”, то інтэрнет па лясах не цягне. Але для мяне маюць сэнс не толькі вёскі, але і гэтыя палявыя, лясныя дарогі; так, можна на аўто (дарэчы, якога ў мяне няма) – жух, і на месцы. Але ж гэта нецікава, мне падабаецца і пераадольваць сябе праз дарогу, і не проста бачыць тыя краявіды, што навокал, а няспешна за імі назіраць, не прапусціць і тую яблыньку-дзічку, і пашарпаны камень ля дарогі, і бусла ў полі, і перакінуцца парай слоў незнаёмай бабулей, што таксама некуды дае рады на ровары, не гледзячы на сталы ўзрост.
А па дарозе дамоў, я ўключаю музыку (калі еду туды – берагу зарад тэлефона), слухаю беларускія песні, часцей народныя, падтанчываю пад іх на ровары (та яшчэ карціна, калі збоку глядзець), падпяваю, альбо магу і вершы паставіць – ад настрою дарогі залежыць. Гэта ж такі рэлакс!
Ты ж звычайны чалавек – праца, сям’я, дзеці, дом. Дзе знаходзіш час на вёсачкі?
Я не скажу, што ў сям’і падзяляюць мой азарт да вёсачак, ёсць перажыванні і за бяспеку, і за здароўе, але дзякуй ім, што прымаюць мяне такой, якая ёсць, з маімі, іншы раз, дзівацкімі ўчынкамі. Што датычыцца бяспекі, я пакуль спакойна, не было выпадкаў, каб мяне напалохалі людзі, ну іншым разам сабака з-за плота нечакана аббрэша, ніколі я і п’яных ці агрэсіўных людзей не сустракала. Але аднойчы мне задаў пытанне падпісчык, што я буду рабіць, калі сустрэну маньяка, я з жартам адказала, што прыйдзецца частаваць яго цукеркамі, з таго часу і пайшло, што ў вандроўкі родныя мяне без цукерак не адпускаюць “гэта для маньякаў”.
“Не люблю словы, што вёскі паміраюць”
За чым ты едзеш? Што ты там здабываеш, у сваіх вёсачках?
Што я шукаю ў сваіх вёсках, я і сама не ведаю. Так, даволі дзіўна. Але я ведаю дакладна, што нешта там знайду. Можа ўсім здаецца, што я калекцыянер, вось, у дзяцінстве календарыкі збірала, абменьвалася з сяброўкамі, выставы хатнія арганізоўвала, а тут вёскі: пабывала – стаў галачку, і едзь у наступную.
Але хутчэй за ўсё маё захапленне Смаргонскім краем можна параўнаць з вялікім пазлам, і кожная вёсачка, кожная мясцовая каштоўнасць ( а гэта можа і знакаміты касцёл, і капліца, і хаткі, і прыдарожныя крыжы) нібыта яго маленькія дэталі, якія я шукаю.
Здабываю памяць. Не люблю словы, што вёскі паміраюць. Не, яны жывуць і будуць жыць да апошняй хаткі. Нават і назвы можа ўжо і не быць, як у Даўбучках, там, напрыклад, была вёска, татарскае больш пасяленне, засталіся могілкі, памяць пра былую самую старажытную мячэць на Беларусі. Ну і як сказаць, што не жывуць Даўбучкі , калі пра іх ёсць памяць. Так і з кожнай вёсачкай, і Ласавічы-Свірыдавічы, Пярэбнавічы, Клідзеняты і іншыя вёсачкі цяпер і трошкі пра мяне.
Можа сябе шукаю, тую, сапраўдную Анэльку, якая хоча жыць у вёсцы, бачыць бязмежнае неба, размаўляць з дрэвамі, частаваць пірагамі добрых людзей, і - пісаць, што бачу, пра тое і пісаць.
А адчуваю, што ў гэтым ёсць сэнс не толькі для мяне, можа для майго рода – цяжка пакуль адказаць, а можа і для тых, хто згубіў ужо тое месца, з якім звязаны пупавінай, тую вясковую хатку, дзе прайшло дзяцінства, дзе некалі жылі продкі, але мае вандроўкі дапамагаюць думкамі таксама пачаць падарожжа туды, дзе некалі было жыццё.
Усе мы тут дзеравеншчыны
Раскажы, ці шмат людзей падзяляюць твае захапленні і такі жыццёвы стайл? Увогуле, колькі вакол цябе беларускацэнтрычных людзей?
У рэальным жыцці не шмат, пра сям’ю я ўжо казала. Мне пашанцавала ў жыцці з сяброўкай, яна часам мяне падштурхае рабіць тое, што падабаецца, і вось у маіх вясковых ці беларускіх справах менавіта яна дае тую падтрымку, якая натхняе і беларусіць і вандраваць. Думаю, для большасці маіх знаёмых я дзіўнаваты чалавек, і яны, калі і назіраюць за тым, чым я жыву, не разумеюць навошта мне гэта ўсё. Я без крыўды, усе мы з сваім прыбамбахам, галоўнае самой атрымліваць асалоду ад сваіх заняткаў.
Але падобнае ўсё ж такі прыцягвае падобнае, я сустрэла аднадумцаў тут, у павуціне інстаграма, што па тэме вёсак гэта было даволі нечакана. Помню, як выклала першую вандроўку (гэта была вёска Амеліна і тады я яшчэ не разумела, што гэта будзе калекцыяй майго жыцця) і атрымала неверагодную адваротную сувязь на простыя фотаздымкі з вясковымі хаткамі, слупкамі ля веснічак, кубачак, забыты на стале каля пакінутай хаткі. А потым далей і далей... Людзі пішуць словы ўдзячнасці на мае вандроўкі, дзеляцца сваімі гісторыямі , фотаздымкамі – я абажаю разбіраць дзірэкт пасля вандровак.
Мы ўсе з вёсак, некаму пашанцавала і яны і зараз маюць там бабулечак, некаму засталася хатка як лецішча, нехта там дзіцячымі ўспамінамі… Глядзі, вялікая Смаргоншчына з 325 вёсак, а раней яшчэ было больш, і ўсе буялі, колькі людзей яны пусцілі ў свет, і так жа па ўсёй краіне. Таму, усе мы тут – дзеравеншчыны.
Інстаграмныя аднадумцы пераходзяць у сапраўднае жыццё, так я пазнаёмілася з сям’ёй з недалекай ад мяне вёскі Гарбачы, маю і яшчэ запрашэнні. Гэта для мяне як нечаканы скарб, знаходзіць такіх людзей .
Ёсць думкі сабраць гэта ў нешта большае, чым старонка інстаграм, я думаю пра кнігу.
Вось, можа, падкажаш. Калі лічыць, што ў чалавека ёсць свая місія. І во сядзіць такі чалавек, любіць наш край, гісторыю, людзей. Праўда любіць. Глядзіць на ўвесь гэты інстаграм з з вандроўцамі, захавальнікамі традыцый, з белмоўнымі блогерамі, захапляецца, і думае: недзе ж тут ёсць і для мяне месца. Але дзе? Я не ведаю. Як жа знайсці яго?
Дакладна, месца ёсць для кожнага. Каб знайсці яго, трэба жыць тым, што табе падабаецца. Рабіць тое, што прыносіць радасць і зацікаўленнасць менавіта сабе. Тады гэта атрымаецца шчыра і праўдзіва. І на гэтую шчырасць прыйдуць людзі. Нечым падобныя на цябе, некаторыя з іх нават стануць сябрамі. Гэта могуць быць вандроўкі, кнігі, гісторыя, звычайнае жыццё. Вось яно тое месца – там, дзе табе добра і цікава самаму.
Нясіце цяпло, рабіце гэты свет лепшым!
Усякія пытанні (амаль бліц)
Ой, праўда. Усё адгукаецца. Гаварыла б і гаварыла б, але ж хто чытае доўгія тэксты (а ну чытайце!!) А давай напрыканцы невялічкія пытанні. Самае любімае беларускае надвор’е?
Лета, сонца, спякота – гэта пра мяне. Нават ёсць такое адчуванне, што жыву я на тую самую поўную менавіта ўлетку, а астатні час яго чакаю. Але спёка мне патрэбна менавіта вясковая, якая пахне пылам палявых дарог, клубніцамі і кропам, а не гарадскай гарачынёй. Выбралася я аднойчы па вёсках на ровары па адному далёкаму маршруту, назад прыйшлося вяртацца каля паўдня: сонца высока, ехаць дадому яшчэ кілометраў пяць, вакол палі, гравейка, пот цячэ – а я такая шчаслівая, сілы няма, я на абочыну села, нос да сонца паставіла, цукерку з’ела, букет кветак назбірала. Канешне, апасля, дома, звалілася ад сонечнага ўдару, але ж у памяці той момант шчасця будзе назаўсёды.
3 самыя галоўныя беларускія смачняшкі
Бліны, таўстыя, пажадана з печы, а да іх патэльня смажаных яек (свойскіх!), шкварак і цыбулі, потым туды добрую лыжку смятаны – і ў рай! Гэта з дзяцінства ідзе, ад бабулі, няма для мяне пажаданей ежы, чым гэткія блінцы.
На другім месцы хай будзе халаднік з буракоў, упрыкуску са смажанай бульбай, усё гэта шчодра прысыпаць зелянінай, а на дэсерт – жыжка ад салату з памідораў са смятанай.
Ну і смаргонскае марозіва – форэвэ. Я ж на ім вырасла, малая яшчэ лётала ў краму, тады яго прадавалі ў папяровых стаканчыках на развес, а калі пашанцуе сабраць пабольш грошаў, то брала сур’ёзную тару – літровы слоік, потым дома ў трохі падталае марозіва я дабаўляла ці шчэпаць какавы ці любое варэнне, ела маленькай ложачкай, расцягваючы асалоду. Зараз яно лічыцца дэфіцытам, але не для Смаргонскага раёна, у кожнай вясковай краме ёсць, я скупаю адразу па порцый 10.
Хм. Мая рамантыка немагчыма без вёскі, толькі тут я магу адкінуць трэвожны знешні фон, у якім нам прыходзіцца жыць, і адчуваць ўзнёсласць, прагу да жыцця, натхненне. Я дыхаю волей і прыгажосцю, назіраю, хачу жыць, і магу не думаць. Таму мая рамантыка – гэта ехаць на ровары насустрач сонцу ды ласкаваму ветру, збіраць палын у пукі, каб паразвешваць потым ад нячысцікаў па кутах хаты, чытаць, лежачы пад белым налівам ды момантамі пазіраць на аблокі, усміхацца суседскаму кату на плоце ды нават драпаць тую паганую траву на маміных градах.
А калі рамантыку разглядаць у плане адносін, то ў мяне ўсё празаічна:
- Чуеш, Караткевіч ў падарункавым выданні “Дзікае паляванне караля Стаха” з’явіўся?
- Ты чуеш, падарункавае выданне!
Мець блізкіх побач, працу, якая прыносіць здавальненне, цёплы дом з пахам пірага з духоўкі, паліцу з кнігамі, цёплую коўдру і філіжанку ў валошкі. Усё, як ва ўсіх. Я маю гэта ўсё, але калі падыходжу да акна, маё хюгге знікае, таму хочацца завесіць фіранкі і яшчэ больш паглыбіцца ў свой маленькі сусвет, на які я магу неяк уплываць, і рабіць свой сусвет яшчэ больш цяплейшым: звязаць дыванок пад ногі (усё збіраюся, нават кручок набыла!), знайсці новы рэцэпт тварожнага печыва, зварыць кампот, купіць яшчэ адну кнігу, абавязкова пра Смаргоншчыну, насіцца па хаце за сабакам з воклічамі “Федзік, Федзік, мой салодкі піражок, я цябе з’ем”, нарэшце схадзіць з мамай у тэатр, ці ўвосень купіць летнюю сукенку з рамонкамі, а яшчэ ўспамінаць бабуль, дзяцінства, пераглядаць старыя фотаздымкі, шукаць у крамах беларускамоўны прадукт (было, яблыкі працёртыя выглядзела, некалькі слоікаў купіла, нам не асабіва патрэбны, але ж этыкетка па-беларуску).
Таму, такое наша хюгге беларускае – жыць, як ёсць і рабіць магчымае, каб атрымліваць асалоду.