Гэты тэкст не мае назвы, але ён, праўда, мілы
Я стаю ў адзеле пірожанак, цукерак і ўсякай такой спакусы, якая нахабна глядзіць на мяне ружовым крэмам і срэбранымі фанцікамі. Купляю вадзічку і горда пакідаю краму. Побач – кафейня. На вуліцы столікі, якія рэдка занятыя прам усе. За столікам сядзіць дама шыкоўнага ўзросту з шыньонам у стылі “маладая Брыжыт Бардо”. Яна п’е каву і круціць у другой руцэ бліскучы лак. Пэўна, толькі набыла, разглядае. Сама сабе ўсміхаецца і мае выразна добры настрой.
- Девочка, а это модный оттенок?
З дзевачак паблізу толькі варона, якая не слухае даму, а шчоўкае дзюбай, і я. Мае пазногці не маюць моднага адцення, я хаваю пальцы ў кішэні і нешта аптымістычнае адказваю даме. Яна давольна адказам. Яна сабе дзіка падабаецца. І я ёй зайздрошчу.
Спускаюся да рэчкі, каб паганяць качак. Слова “паганяць” зусім не да месца, але чамусьці я так абазначаю сваю мэту. Там, на лесвіцы, што вядзе на бераг, я вырашаю сесці і пафоткацца. Мне трэба ўбачыць, як выглядае гэты нарад у такім-та фокусе. Насамрэч, мне проста падабаецца хадзіць у сукенках з голымі нагамі, у шкарпэтачках белых і чорных туфельках. Адчуваю сябе сабой. І мне прыемна, што гэта мае ногі, мая сукенка і мой вольны час.
Качак тры чалавекі. Тры штукі. Тры, карацей. У мяне ёсць яблычак і я кідаю ім яго невялічкія кавалачкі. Кажуць, хлеб і булкі нельга. Качкі такія ладненькія: хочацца ўзяць адну, сунуць куды-небудзь і збегчы. Дзікая ідэя.
У маім заплечніку знойдзены: каштан, цукерка “Мусікі”, значок, у якім адламалася прыколка, папяровы караблік, сіні аловак для вачэй і спіс прадуктаў, якому ніхто ў выніку не следаваў. І я нічога не выкідваю, не магу. Не хачу.
Калісьці ў цэнтры ў мяне жыў сябр. Нам было па 16. Ён быў выключна сябр, Шура. Я магла прыбегчы да яго паесці, пісала яму сачыненні “на каленцы”, мы слухалі Мадонну і цалавалі постар з Бэкхемам на дзвярах. Мы яго абажалі. Аднойчы Шура мне сказаў:
- Если ты выйдешь замуж за обычного человека, я тебя убью.
Мы былі максімалісты. Дурныя, летуценныя, выпендрожныя. Ён прымусіў мяне зрабіць стрыжку як у чорненькай з тату, і мне было класна. Я прымусіла яго прачытаць “Дзікае паляванне Караля Стаха”. Аднойчы мы з ім зварылі сочыва з яблыкаў і лімона, а потым елі яго на лаўцы побач з домам. З батонам. Ува мне было 48 кэгэ дурасці і амбіцый, а яшчэ я добра жартавала. Шура гаварыў, што аднойчы я стану другой, але каб ні за што не станавілася звычайнай. Ён з’ехаў пасля школы ў другую краіну. Зараз, здаецца, у Карэе ці Японіі. Працаваў над дызайнам ваз і ўсякага такога.
Я даўно не бачыла яго. Сумую. Але ведаю, што ён дакладна не звычайны. Як і многія палачане.
У нядзелю мы ішлі з Ксюшай на прыпынак, на светлафоры сутыкнуліся з дзедам. Дзед пачаў шарыць у кішэні, я падумала, што папросіць “буквально 50 копеек на проезд”, але ён дастаў папяровую дзесятку і сказаў мне:
- Девочка, возьми грошы, иди и зашый штаны.
Я была ў дзіравых джынсах. Дзед аказаўся вяселым тролем.
А ў адным з полацкіх дворыкаў дзве бабулі апанавалі мяне з пытаннем, ці не парык на мне, і чым так мыць валасы, каб “блісцелі”. Яны далі мне тры яблычкі і сказалі, што ў пятніцу 90% зніжкі ў сэкандзе. А я ж ведаю, я стала туды хадзіць. І гэта як прыгода!
А яшчэ сустрэла школьніка, які з абсалютна безнадзейным тварам даставаў з кішэні полацкі сырок – той стаў плоскай мяккай катлеткай у сіняй абгортачцы. Хоць на хлеб кладзі. Школьнік яўна не ведаў, што рабіць з гэтай смачнай крывіцкай скрэпай, якая быццам бы пабывала ў мульціку “Том і Джэры”. Але Том, хоць і круціла/валтузіла/прыбівала яго там страшна, усё ж вяртаўся ў форму. Сырок – наўрадце. Прыйшлося адвесці вочы, бо бачыць, як гэтая ежа багоў апынецца ў сметніцы, я не магла.
З усіх бакоў ехалі аўтобусы з турыстамі. Людзі едуць у Полацк, каб прычасціцца да славутай зямлі. Ці злавіць правінцыйны вайб. Горад музеяў – ізбіта. Горад-музей – пафасна. Горад караблікаў – міла. Горад вікінгаў – гучна, нават калі і прыцягнута за вушы. Горад барадатых мужыкоў – есць такое. Горад прыгожых барадатых мужыкоў – оў, ужо можна выпускаць каляндар. Хто будзе месяцам кастрычнік? А хто снежнем? Маркетолагі б маглі і на вус матаць.
За шахматнымі сталамі, убітымі ў зямлю, сядзяць хлопцы і гуляюць каштанамі. Па-мойму, гэта вельмі складана. Яны дзіка напружаны, ад чаго яшчэ больш хочацца ўсміхацца. У аднаго з іх твар помніка-Скарыны. Гэта ўжо адбітак прапіскі, гэта перадаецца ў прасторы. Ну ці я зараз проста закруціла ў нужны мне бок, бо хачу такую рыфму. Бо мне так бачыцца.
Трэба купіць модны лак. Знайсці ў сацсетках Шуру. Напісаць яму, што я звычайны чалавек, але…Трэба ніколі не даваць дзецям сыркі ў школу і трэба пагуляць з імі (дзецьмі, не сыркамі) у шахматы. Зашываць джынсы не буду. Валасы мыю белітаўскім жоўценькім. Турыстам трэба ўсміхацца, каб Полацк яшчэ быў і горадам прыгожых жанчын.
Папяровы караблік у маім заплечніку хай не сумуе. Шура, не забівай мяне, не трэба. Я ведаю, якое жаданне загадаць, калі пушчу яго ў Дзвінку.
Калі вы чытаеце гэтае абы што і ўсміхнуліся, гэта ўжо не абы што.