May 2

Роўны да роўнага. 2024

https://www.pinterest.com/pin/351912465190788/

На канферэнцыі гештальтыстаў была тэма, цікаўнасць да якой мяне і саму трошкі здзіўляла, гэта - псіхалагічная падтрымка анкахворых. Наўпрост я з гэтай тэматыкай не звязаная аніяк. Мне спатрэбілася два абмеркаванні і адзін важны тэрмін, каб раскласці ўсё па паліцах.

Роўны кансультант - чалавек, які паспяхова пераадолеў жыццёвыя цяжкасці, дзеліцца сваім досведам і дапамагае іншым прайсці праз падобныя падзеі.
Самае галоўнае, чым валодае такі чалавек - досвед. Уласны, непадроблены. Асаблівасцю гэтага досведу будзе яго аформленасць з дапамогай інфармацыі наконт станоўчай негвалтоўнай камунікацыі і базавых момантаў псіхалогіі.

Цяпер гэты рух вельмі распаўсюджаны ў сферы падтрымкі анкахворых і праблем сацыялізацыі падлеткаў. У тэму другога можна адзначыць - беларускае адзяленне ЮНІСЕФ выпусціла паўнавартасны даведкі на тэму роўнага кансультавання ў нашай краіне. Праўды, на рускай мове. Альбо можна паглядзець у фармаце відэа.

Я не ведаю гэтага дакладна, але маю падставы лічыць, што ідэя сучаснага роўнага кансультавання заснавана на базе архетыпа "паранены лекар" Карла Юнга. Паплечнік Зігмунда Фрейда распрацоўваў ідэю т.з. архетыпаў - ідэй універсальнага калектыўнага зместу, якія вядомыя, напрыклад, праз казкі ўсяму чалавецтву.

Паранены лекар прайшоў свой шлях, перажыў свой досвед, вынес свае высновы і цяпер яго дапамога можа быць карыснай і рэлевантнай у чужой гісторыі. Такі чалавек не асудзіць, не пасмяецца, не зняважыць, бо ён такі самы.

https://www.pinterest.com/pin/31947478592402006/

Чаму гэта важная для мяне?

Я адбываю пакаранне, якое перадусім звязана з пазбаўленнем мяне звычайнай чалавечай свабоды і магчымасцяў. Недасяжнасць нармальных рэчаў - шпацыраў ноччу, падарожжаў за Мінск, паходаў у госці - разбалансуе ўсё ўнутры. Той факт, што шмат у каго не так, не дазваляе прыняць нейкую дапамогу і падтрымку нават ад блізкіх людзей.

Прыводзіла іншым такое параўнанне: мне, як хвораму чалавеку, не могуць дапамагчы словы здаровых, якія гэтага не разумеюць. Тады я пачала свой пошук. І стала відавочна, што я не адна на свеце, хто сядзіць на хіміі, каму гэта нялёгка даецца і хто церпіць пакуты рознага градусу ў сувязі з такім становішчам.

Так я пайшла прасіць дапамогі ў сваіх жа. Дазволіла сабе размаўляць пра цяжкія рэчы з іншымі хімікамі на адзнацы, з калежанкай, якая таксама адбывае тэрмін, і г.д. Я параненая пайшла прасіць дапамогі ў сваіх "лекараў", адначасова лекуючы іх, выпадкова, ненаўмысна і нязмушана.