Пра прыгажосць
У сярэдзіне лютага ў Мінску выпаў снег. У межах цёплай, як апярэнне павы, зімы ніхто не чакаў такога. Мае зялёныя боты рыпелі, зліваліся ў агульную мелодыю натоўпу людзей, якія спяшаліся дадому. Вечаровы Мінск.
Апошні рывок - мятнага колеру трамвай, які звык адвозіць у сваім чэраве нядобразычлівых, бурлівых, злых гараджан. Хвіліны чакання - благаславенныя імгненні свежага паветра, якое тонкай плёнкай пакрывае гладкія дзявочыя шчокі. Гострымі струменямі яно ападае на плечы стомленых людзей.
З вялікай сцяны, якая нібыта належала гасцініцы “Турыст”, на мяне глядзелі вобразы, такія знаёмыя і такія далёкія. Маленькая дзяўчынка ў хустачцы, леваруч і праваруч - дзядуля і бацька, узброеныя ружжом, руля якога скіраваная высока, у неба, у поўню, якая толькі-толькі паказвала свой твар-блін з-за хмар.
А маленькая дзяўчынка ў хустачцы… Так падобная да мяне. Вялікі і шырокі лоб, вочы - веру, што блакітныя - шчокі і круглы твар. Як тая самая поўня. На мне такая ж хусткачка, каб схаваць светлыя славянскія валасы. Непадобныя так моцна да нашага сямейнага колеру.
Вялікія тоўстыя напрацаваныя жаночыя пальцы трымаюць яе руку, худзейшую, меньшую, не такую спрацаваную.
Я ўглядалася ў твар жанчыны- матулі. Сколькі трывогі, страху, перажыванняў і няпэўнасці. Зверху, знізу, збоку, ва ўсе бакі вайна. Палае, грыміць і грукаціць зброяй у руках мужчын. А ў яе… дачка. Маленькая жанчына, будучая.
На галаве такая ж хустачка, такі ж шырокі лоб і нос. Адчуваю, як па гладкаму, трошкі ружоваму ад мароза твару, распаўзаецца непаразуменне. Такая сабраная, нібыта разнастайная фактура зведзена ў адну кропку. У галаве званамі грыміць адно пытанне:
Чаму яна не плача?
Жоўта-чырвоная мазаіка падкрэслівае сухі амаль абветраны твар. Ніякага бляску, ніякага намёку на ратавальную вільгаць. А-ні-чо-га.
Мая мамуля таксама не плача. Самая прыгожая і незвычайная жанчына, якую я толькі ведала ў сваім жыцці. У моманты злосці, крыўды, гневу, калі так пасуе адпусціць слёзы, яна заўсёды акругляе свае вялікія вочы і замірае. Здаецца, што ўся яна трымціць, прадчувае, але не дазваляе сабе большага.
Вочы мамы заўсёды зачароўвалі мяне. Я нарадзілася з жоўта-блакітным пігментамі, такім распаўсюджаным у нашай частцы свету. Затое яна мае глыбокі кафейны колер, непатоўрны. Больш цёмны да зрэнак і святлейшы да цэнтру. Белыя-белыя зрэнкі. І ўсё гэта аточана чорнымі-чорнымі вейкамі. Узіраючыся ў гэтыя вочы, я не бачыла сябе, не пазнавала, я зусім не падобна да гэтага колеру. Я так хацела быць такой у дзяцінстве.
Мець гэтае поўнае цела з гэтымі віхрастымі валасамі. Працавітыя рукі, ад працы якіх усё вырастала на зямлі вакол нашага цаглянага белага дома. Мой бацька яго пабудаваў, а маці зрабіла яго нашым, родным. Я навучылася добра жартаваць, каб як мага часцей чуць яе смех, бо ніхто іншы так смяяцца не ўмее.
Як яе адзінаму дзіцёнку мне дадзена непараўнальная непаўторная звышсіла адчуваць яе прыгажосць усімі сэнсарнымі сістэмамі.
Мае цела так шчыльна прылягала да яе, калі я была самай неабароненай і маленькай. Я краналася мяккай скуры і адчувала, што схавана ад усіх нягод.
Мой нос нязменна адчувае яе гатаванні, яе хлеб і прысмакі. Як ва ўсім прыгатаваным сваім яна стварала прыгажосць, адлюстроўвала ўнутраны свей.
Мае вушы чулі першыя словы на беларускай мове з яе вуснаў. Характэрная непаўторная івейская гаворка. Мяккасць вымаўлення, якая зрабіла чуллівым і маё сэрца.
Доўгія кіламетры аддзяляюць мяне ад сямейна гнязда, дзе пануе матчына дысцыпліна і ласка. Але неразрыўная ніць усё яшчэ злучае нас. І ў хвіліны, калі я не стрымліваю слёзы, то мамуля любіць набраць мой нумар і сказаць добрае слова.