Вера ў гвалт. 2024
Для нас словы "гвалт" і "рэлігія" нібыта павінны стаяць зусім не побач. Хутчэй яны нават мусяць быць антанімічныя, але сусвет настолькі складана складзены, што так казаць не атрымліваецца.
Пацвярджае іх сувязь і ўся гісторыя чалавецтва (ад паходаў крыжакоў да джыхадзістаў), а таксама ўнутраныя складнікі некаторых з рэлігій.
Мне зусім не хочацца абражаць пачуццці кагосьці з вернікаў, таму прымем гэта як факт. Некаторыя з рэлігій утрымліваюць дагматы гвалту, прымусу і падпарадкавання.
Негатыўны ўплыў рэлігійных поглядаў самога чалавека альбо яго аточання на псіхіку ў навуцы прынята акрэсліваць тэрмінам "рэлігійная траўма". Але ў гэтым хаваецца так шмат усяго, што не хопіць ніякіх артыкулаў. Таму тут я з вамі падзялюся самым яскравым прыкладам яго ў культуры і ўласным досведам.
Частка першая, альбо прычым тут вампіры
Я лічу, што большасць людзей майго пакалення дакладна ведаюць, хто такія Эдвард Кален і Бэла Свон. Найбольш вядомая сучасная гісторыя кахання "Змярканне". Дзе ён вампір, а яна.. авечка (хыхы). Некалькі частак фільмаў і кніг, сусветная вядомасць, але перад усім мармоны. Гэта рэлігійная плынь, у асноўным распаўсюджаная ў ЗША, якую далёка не ўсе лічаць сапраўды хрысціянскай. Праз сваю эпатажнасць і артадаксальнасць поглядаў прыхільнікі гэтай царквы маюць дурную вядомасць.
Справа ў тым, што аўтарка кніг Стэфані Маер па веравызнанню мармонка, а таму ў сваіх кнігах магла аднавіць толькі ідэал прыкладовай мармонскай домагаспадыні, якой і з'яўлялася. І ў гэта не складана паверыць, успамінаючы фінальную кнігу сагі пра вампіраў.
ДАЛЕЙ СПОЙЛЕР
Бэла і Эдвард бяруць шлюб адразу, як ёй спаўняецца 18 гадоў. Навошта так рана? У падлеткавым узросце не было такога пытання, а зараз з’яўляюцца. І абавязкова павінны быць дзеці. Для Бэлы гэта смерць, бо дзіцё ад вампіра мусіць забіць смяротную жанчыну.
У фільмах, канечне, усё прыўкрасней, чым здараецца ў жыцці, гераіня сапраўды памірае, але Эдвард яе ўваскрашае і робіць вампірэсай. І яна ідзе на гэты рызык, толькі каб займець дзіцёнка. Адэкватнаму чалавеку нашага гатунка складана паверыць у такое. Але імаверна такі гвалт над сабой норма ў мармонскай сям'і. Асабліва для жанчыны.
"Змярканне" зараз можна паглядзець у беларускай агучцы. Спасылка - тык
Мая хросная маці сышла ў манаства, калі мне і не споўнілася 5 гадоў. Усё свядомае жыццё я ведаю, што яна служыць Богу, а ўсе навокал хваляць яе і кажуць, што так і трэба жыць. Я імкнулася яе паважаць, як і кожнага дарослага, спрабавала зразумець.
Маці ў дзяцінстве жартавала, што я пасля таксама пайду ў манашкі. Маё жыццё круцілася вакол касцёла вельмі доўга. Усе абавязковыя сакрамэнты каталіцкай царквы я зрабіла, да споведзі хадзіла, камунію прымала. Усе ксяндзы мяне ведалі і на каленях я ў іх пасядзела.
Толькі мне гэта ўсё не падабалася. Мне было невыносна ад пытанняў, на якія не магла атрымаць адказы: Чаму Бог не паўсюль, а толькі ў касцеле? Чаму, калі Бог нас усіх стварыў, то ёсць грэшнікі? Чаму ён стварыў мяне мной і даў мне такое жыццё?
У тыя гады не было чалавека, які б слушна мог адказаць на мае пытанні. Ужо пазней мне прыйшлося самой знайсці адказы. Бо ў той час майму расчараванню не было меж.
Мая хросная маці распавядала мне, як яна мяне ненавідзіць, а маёй маці было б лепей без мяне і бацькі. Па ўсёй парафіі блукалі чуткі пра ксяндзоў, які парушылі цэлібат, ды сустракаюцца з жанчынамі. На дыяцэзных днях моладзі да мяне і сяброўкі таксама заляцаўся нейкі ксяндзок. Усё выглядала пахмура і невыносна.
Але з гэтага не было выйсця. У вялікім горадзе ты можаш не хадзіць да касцёла і ніхто пра гэта не даведаецца, у маленькім мястэчку ты ва ўсіх як на далоні. Ад прымусу і раздражнення ў мяне ехаў дах, здавалася, што я пайду і кагосьці хлопну. Мяне выратавалі ўцёкі, падалей ад івейскай хтоні.
Нажаль я вельмі добра разумела гераіню фільма "Пэрл". Я не аматарка жахлівікаў, але гэта варта ўвагі. Таму што апроч забойстваў, там вельмі падрабязна, глыбока псіхалагічна і дакладна апісана, як можа звар'яцець чалавек, які перажывае каласальны рэлігійны ціск.
Ключавое што варта адзначыць - пачуццё, што ты мусіш быць паслухмяным і зручным. Таму што толькі так можна атрымаць збавенне. Іншых шляхоў няма. Усе, хто не ідзе гэтай дарогай, для рэлігійных фанатыкаў - шлюхі і грэшнікі і іх ужо чакае кацёл у пекле.
Такім пасыл стварае балючую немагчымасць дзейнічаць. Ты мо і разумееш, што нельга жыць пад такім прымусам, але любыя спробы яго парушыць сутыкаюцца з глыбокім душэўным пачуццём уласнай бруднасці, грэхападзення. Іначай як праз псіхатэрапію і новы досвед ад гэтага не пазбавіцца.
Мой шлях вяртання да Бога быў доўгі, марудны і нярэдка балючы. Я прызнала, што мая хросная маці не лепшы прыклад рэлігійнага чалавека, а проста пакрыўджаны на жыццё чалавек. Я сустрэла людзей, якія іначай ставяцца да бога. У іх ён добры, кемлівы, ён любіць сваіх дзяцей і не лічыць іх грэшнікамі.
Цяпер і мой бог такі.