July 23, 2018

Палескімі дарогамі Лунінеччыны да вусця Лані (Дзятлавічы - Кажан-Гарадок - Лахва - Сінкевічы)

Фотаальбом

Справаздача з серыі "лепш позна, чым ніколі". Амаль месяц прайшоў, а ў мяне толькі рукі дайшлі :)

У суботу 30 чэрвеня разам з victogan ладзілі вандроўку Лунінецкім раёнам, падчас якой не без прыгод дабраліся да вусця аднаго з шматлікіх прытокаў галоўнай ракі Палесся Прыпяці - рэчкі Лані. Большая частка таго маршруту была даволі лёгкай і "матраснай", але апошнія кіламетры трэку каштавалі ўсіх астатніх. Віця і Яўген, які далучыўся да нас ужо на месцы старта вандроўкі, ужо даўно напісалі свае справаздачы, мне ж не хапала часу і магчымасцяў нават дабрацца да фотачак, таму пішу толькі зараз. Недзе паўтаруся з німі, недзе мо дадам сваех ураджанняў, таму мой тэкст і фотачкі - пад катам

01. Стартавалі раннім прыгарадным цягніком (дарэчы, у той дзень ён быў надзвычай добра для першага лунінецкага запоўнены - мы нават ледзь знайшлі вагон, дзе можна было засунуць свае ровары), праз прыкладна дзве гадзіны былі ўжо ў Дзятлавічах, адкуль і пачынаўся наш маршрут. На месцы да нас далучыўся Яўген, які ў Дзятлавічах і жыве, Віця ж пайшоў займацца адной з сваіх любых спраў - фоткаць прыпынак

02. Новая царква ў Дзятлавічах. Для новабудоўлі досыць прыгожая, толькі сайдынг на вежах губіць уражанне

03. Першая сустрэча з Цной, уздоўж якой мы ў той дзень увогуле кацілі даволі доўга. Рэчка за спякотную вясну-пачатак лета надта добра абмялела

04. Толькі ад'ехалі - а ўжо прыпыначак

05. Перад вандроўкай Віця абяцаў многа асфальту (і нават недзе смуткаваў з гэтага), але ад самога пачатку нешта пайшло не так

06. Было некалькі кіламетраў пясчанага трэшу, але потым ужо пайшлі больш-менш нармалёвыя дарогі. Дакацілі да такога вось страннага ўказальніка, дзе стрэлкі паказвалі абы куды, але толькі не ў сапраўдным напрамку - ці то іх абы-як паставілі, ці то ветрам раскруціла...

07. Пасля ўказальніка пачаўся асфальт, якога далей было многа. Завярнулі да пазначанага на мапе "Клубнічнага рынку" (Палессе ж!), які ў той час быў яшчэ амаль пусты, а тусіўшыя ля ўваходу каўказцы прыйнялі нас за немцаў (што са мной за гэты год здараецца ўжо другі раз)

08. Вёска Дварэц

09. Твары

10. Зноў Цна

11. Дрэбск

12. Чыгуначны мост праз Цну ўдалячыні

13. У Дрэбску былі добрыя дажджы

14. Некуды не туды заехалі. Нарада

15. Доўга кацілі нейімі закуткамі спачатку ў Дрэбску, потым - у самім Кажан-Гарадку (гэтыя вёскі прылягаюць адна да адной)

16. І зноў Цна. Гэта ўжо сам Кажан-Гарадок

17. Там быў заліковы мосцік

18. Кацім. Вёска даволі вялікая, таму прабіраліся яе вулачкамі і завулкамі досыць доўга, адзін раз заблукалі нават (ці, калі дакладней, пазначаная дарога на трэку не выклікала даверу, пераўтварыўшыся ў нейкую стрыкотную сцежачку на беразе ракі)

19. Кажан-Гарадок (паходжанне назвы простае - ад слова "кожа", г.зн."скура", нібыта калісці мястэчка было вядома на акругу сваімі абутнікамі; хоць я да таго як прачытаў гэты факт і напрыдумваў тэорый наконт этымалогіі гэтай назвы ад слова "кажан", гэта "летучая мышь" па-беларуску) - мястэчка досыць цікавае, там ёсць адразу некалікі кропак-цікавостак. Перш за ўсё мы накіраваліся на тэрыторыю былой сядзібы і парку да г.зв. "Кажан-Гародскіх векавых дубоў". На мапе іх было тры. Першы знайшлі хуценька

20. Ровары адпачываюць

21. Каб знайсці яшчэ два, прыйшлося пакруціцца. Адзін з іх стаіць прама на прысядзібным участку ля нейкай хаты

22. Ну і трэці, як падалося, самы вялікі з іх. Маленькі дуб і вялікі Віця

Адзін з гэтых дубоў (відавочна, той, што на апошнім фота) носіць назву "Дуб Міцкевіча" (паэт-класік прыязджаў і ў гэтыя мысціны), нібыта яму 500 год і ён нібыта самы тоўсты дуб ва ўсёй Беларусі (але ўпэўнены, што гэта дакладна не так). Дарэчы, на ОСМ пад "Дубам Міцкевіча" пазначана якраз дрэва на №19, але дрэва з №22 яўна большае па памерах, як нам падалося

23. А галоўная цікавостка Кажан-Гарадка, як па мне - вось гэтая вось "Пізанская" царква Св.Мікалая (1818 г.)

24. Чаму "Пізанская"? Дык вось чаму

Нават Віця, якому гэтыя блакітныя драўляныя цэрквы за шмат год ужо абрыдлі (і я нават яго разумею), пагадзіўся, што гэтая царква заліковая, а што ж тут ўжо казаць пра мяне...

25. А цэнтр мястэчка, як водзіцца, даволі дэпрэсіўны. Тыповае Палессе

26. На могілках. Ці то нехта непісьменны, ці проста "як кажу, так і пішу", палеская гаворка ж

27. На могілкі зазірнулі дзеля старой драўлянай каплічкі

28. І два гарадзішчы ўжо за межамі мястэчка

29. Цяжкаватай гравійкай даляцелі да Лахвы. Тут ужо цячэ не Цна, а Лань (дзякуй Яўгену за папраўку, Смердзь гэта, канешне ж, Лань мы толькі ў Сінкевічах пабачылі; за амаль месяц ужо маршрут крыху забыў, а на мапу не зазірнуў)

30. І стаіць тут царква з залатымі цыбулінкамі. Хацелі хуценька каціць далей, але я выглядзеў на Гугл-мапах на поўначы ад вёскі нейкую кропку з пазнакай "Мемарыяльны комплекс". Ну, мемарыяльны комплекс так мемарыяльны комплекс, скатаемся, і недалёка ж

31. Мемарыяльны комплекс выявіўся калектыўнай габрэйскай магілай часоў Другой Сусветнай вайны

32.

33. Яўген вывучае надпісы

34. Многа габрэйскіх імёнаў

35. Калі ўжо ўсё роўна ад'ехалі ад трэку, ды і часу пакуль хапае, дык чаго б сажалкамі Лахвінскага рыбгаса не пакатацца

36. Сажалкі ахоўваліся надзейнай сістэмай "два сабакі". Прайшлі міма іх праверанай методыкай пад назвай "Хаааарошаяяя сабааачка"

37. Сажалкі там маляўнічыя

38. А вось сцежкі нялёгкія

39. Зусім нялёгкія

40. Але ўсё тыя ж маляўнічыя сажалкі кампенсавалі ўсе складанасці

41. Яшчэ адна тэхнагенная перашкода. А як я пераадольваў гэты "мосцік" - глядзіце ў справаздачах у хлопцаў (спасылкі ў самым канцы кіну), яны актыўна фатаграфавалі гэты момант, разлічваючы, напэўна, што я зараз у вадзічку навярнуся :)

42. Стаміліся. Прывал і кароткі перакус

43. І яшчэ адзін складаны кавалачак амаль трапічным зараснікам. Як выявілася, гэта была толькі трэніроўка перад тым, што нас чакае на самым канцы дыстанцыі

44. Далей доўга не было нічога цікавага. Спачатку мы супраць ветру ляцелі да М10, потым доўга ляцелі ўжо па самой М10 (канешне, "Транспалеская магістраль" з яе насычаным рухам і грузавікамі - не самая лепшая дарога для ровараў, але альтэрнатывай было спачатку вырульваць на трэк мясцовымі дарожкамі, а потым доўга-доўга каціць нейкай гравійкай). Зрэшце прыехалі ў Сінкевічы

45. "Катэджавая" царква

Праз Сінкевічы дакацілі да Лутавені, там закупіліся ў мясцовай краме - і ўсё, вось і пачынаецца тое, для чаго і кацілі ўсе гэтыя кіламетры. Да вусця Лані заставалася кіламетраў 7, дарога невядомая, на спадарожніку мясціны гэтыя выглядаюць страшнавата, а словы прадаўшчыцы ў лутавельскім сельпо пра тое, што рыбакі мясцовыя катаюцца на Прыпяць іншай дарогай, аптымізму не дадавалі

46. Пачалі хуценька, але дарожка ўсё пагаршалася і пагаршалася, пакуль не пераўтварылася ў нешта такое

47. Як бачыце, да нас калісці да ракі спрабавала прабрацца нейкая машына, і мы ўжо проста кацілі яе слядамі, бо сцежкі там амаль адразу пайшлі не так, як мы планавалі

48. Час ад часу станавілася крыху лепей

49. Часцяком даводзілася пешыць, і ў гэты момант нас адразу атакавала процьма галодных камароў

50. У выніку закацілі-зайшлі на нейкае балота, стала зразумела, што гэтым шляхам нікуды мы не праездем. Яшчэ адна палявая нарада

51. На гэтым месцы нават падумалі, што прыйдзецца здавацца і каціць назад, да Лутавелі, але дзякуй Віці - зарыентаваўся і знайшоў дарогі да Лані. А ўздоўж ракі ўжо заставалася пара кіламетраў да Прыпяці. Была там самотная вузкая сцежка, кацілася там павольна, але менавіта што кацілася. Ды й камары зніклі адразу як мы пакінулі той лес

52. Ура! Прыпяць на гарызонце!

53. Лань

54. Дабраліся. Віця нават паплаваў там (казаў, што ў Прыпяці вада вельмі цёплая), я толькі ногі памачыў

55. Рыбакі

56. Фота Віці і Яўгена на памяць. Фотачкі мяне глядзіце ў іх справаздачах

57. Прасядзелі там амаль гадзіну, але трэба ўжо і назад ехаць - да цягніка не так і многа часу. Адтуль кацілася значна прасцей, чым туды - тым болей, ужо зразумелі логіку, што трэба максімальна каціць на поўнач уздоўж Лані, а дзесьці ля Лутавелі звярнуць у лес і шукаць там дарогу

58. Аўтэнтычныя палескія моманты

59. Дакацілі. У Сінкавічах затаварыліся ў краме, Яўген пакаціў дадому ў Дзятлавічы сваім ходам, мы ж паехалі ў Баранавічы цягніком

60. Чакалі нас чатыры з паловай гадзіны (з улікам перасадкі ў Лунінцы) прыгарадных цягнікоў да самых Баранавічаў

Дарэчы, веткай Лунінец-Жыткавічы прыгарадным цягніком праехаў упершыню

61. Прывакзальнае добраўпарадкаванне ў Лунінцы

Усё! Дзякуй за ўвагу

Справаздача ад Віці ТУТ

Справаздача ад Яўгена ТУТ

("Блогераў развялося тут, а хто працаваць будзе, калі ўсе блогераць?" *злы смайлік*)