February 5, 2019

Зімовы ровар: ст.Рэйтанаў-Мядзведзічы-Савейкі-ст.Рэйтанаў

Сезон роварных катанак з нашай баранавіцкай зімой - гэта такая сабе непрадказальная і нестабільная справа. У мінулым годзе я зачыніў яго ў пачатку лютага, а адчыніў у сакавіку. Гэтай жа зімой не катаюся з лістапада, але вось на мінулым тыдні вырашыў, што ўжо ўсё, хопіць, трэба вяртацца. І не казаў б, што ўжо надвор'е катанкам спрыяе - проста засумаваў па загарадных дарогах :)

Нядзеля, 3 лютага. Напярэдадні правёў невялічкі загарадны тэст, бо ў снежны перыяд я катаюся рэдка, і вопыту ў зімовым ровары маю нямнога. Праўда, у суботу было каля нуля, дарожкі былі падмерзлыя, і кацілася даволі лёгка (хоць і няхутка, бо гэта ж лёд, кожная спроба павялічыць хуткасць у выніку прыводзіла да падзення - то я пасля другога і кінуў гэтую справу). У нядзелю ж тэмпература была больш плюсавая, дарожкі інтэнсіўна таялі, і ўся мая суботняя падрыхтоўка пайшла лесам. Карацей, я ўжо ведаў, што дзесьці буду ехаць, а дзесьці ісці, бо ў мяне ніякі там не фэтбайк ці якая іншая шайтан-машына, а звычайны тайванеровар з 26мі коламі. Таму і маршрут намаляваў лагодны - смешна казаць, варыянт-мінімум (на выпадак, калі зусім усё будзе дрэнна) складаў каля 25 кіламетраў на 8 гадзін паміж цягнікамі - гэта ж увесь маршрут прайсці пехатою паспець можна! Ну, зіма ж на календары, сотню кіламетраў лупіць няма зачым, гэтым няхай больш дасканалыя раварысты займаюцца.

01. З баранавіцкіх навінаў - ганьба горада ў выглядзе недабудаванага чыгуначнага вакзала і калічнай прывакзальнай плошчы паціху сыходзіць у мінулае. Вось на вуліцы Фралянкова ўжо пераезды для ровараў намалявалі

02. Калі на календары люты, на вуліцы адліга, але ты - роварны і чыгуначны наркаман

03. Цягніком Баранавічы-Бухлічы на 8.17 пад'ехаў да стартавай кропкі. А стартаваў я са станцыі Рэйтанаў. На фота, канешне, як могуць адразу здагадацца ведаючыя падбаранавіцкую акругу, не мой цягнік, а хуценька падыйшоўшы сустрэчны з Лунінца

04. Адразу пайшла падмерзлая жвіроўка. Ураніцы яшчэ падтаяць усё не паспела, таму спачатку кацілася адносна добра, хоць і не хутка. Але за трасай Р43 пачалася ўжо менш лагодная сцежка

05. З дарогі бачны касцёл св.Пятра і Паўла (1908 г.п.) у Мядзведзічах

06.

07. Мядзведзічы

08. Хаткі. Хаткі я люблю

09.

10. Касцёл. Тут я ўжо быў у жніўні, але надта спяшаўся тады на цягнік, таму часу вывучыць вёску не хапіла

11.

12. Акрамя касцёла ў Мядзведзічах заслугоўвае ўвагі драўляны стары будынак школы, пабудаваны ў пачатку мінулага стагоддзя. Школы тут, як бачна, ўжо няма, але будынак пакуль стаіць, дажывае свой час

13.

14. Насупраць школы стаіць каталіцкая каплічка 1861 г.п.

15.

16.

17. Еду далей, "скайлайн" Мядзведзічаў

18. Зноў пайшла жвіроўка - на адкрытай прасторы падтаяўшая. У жніўні я тут ляцеў як мог, каб паспець на апошні вечаровы цягнік, зараз жа можна было ехаць супакойна і павольна

19.

20. П.п.Раманоўшчына. Але гэта яшчэ далёка не фініш

21. За чыгункай дарога пагоршылася. Гэта на фота яна выглядае нармалёва, на самой справе снег рыхлы, колы правальваюцца, ехаць напэўна хто і зможа, але я пасправабаў - і кінуў гэта, да самога Гайнінца ішоў пехатой

22. Тут - закінуты на зіму "гарадок" лецішчаў

23. Некаторыя домікі досыць каларытныя

24.

25. Тут дарогі няма, толькі ледзяная вузкая сцежачка

26. Хаткі Гайнінца. Далей можна ехаць ажно да Савейкаў

27. Савейкі. Неверагодна крутое месца. Нават не ведаю, чаму я дагэтуль тут не бываў. Адназначна вартая наведвання вёска!

Савейкі каму толькі не належалі, але сядзіба мясцовая вядомая менавіта як сядзіба Навіцкіх, хоць і ёсць версія, што пабудаваны сядзібны палац тут яшчэ да таго, як маёнтак перайшоў у рукі гэтага малавядомага роду

28. У савецкія часы тут паставілі помнік нейкаму лысаму барадачу - нават не ведаю, хто гэта такі, беларуская гісторыя такіх барадачоў не ведае :)

29. Шыльда

30. Зубр

31. Палац

32. У савецкія часы тут быў санаторый (Удакладненне: спачатку санаторый, а потым - мясцовая амбулаторыя). Гісторыя палаца такая, што ён быў разбураны падчас Другой сусветнай вайны, але потым адноўлены ўжо ў 50-я

33.

34. З іншага боку

35. Пасля закрыцця санаторыяамбулаторыі аб'ект перайшоў у рукі нейкай мінскай фірмы, якая планавала зрабіць тут турыстычны аб'ект, але справа ўжо колькі год стаіць - уладары мо (калі яны яшчэ дагэтуль існуюць) і забыліся пра гэтую сваю маёмасць. А шкада, пакуль што стан будынка знешне такі, што выратаваць і захаваць комплекс можна. На мясцовую ўладу, канешне, разлічваць цяжка - яны з сядзібай Рэйтанаў у Грушаўцы (цікавостка нумар 1 Ляхавіцкага раёна - хоць і больш з гістарычнай, а не архітэктурнай кропкі гледжання) колькі год не могуць нічога распачаць рабіць, хоць размовы аб яго рэстаўрацыі ўжо колькі год ідуць

36. Колькасць кіламетраў перайшла за 20 (дадавайце сюды і два сеансы ляснога пешынгу), таму час перакусіць

37. Дрэнна бачна (бліжэй з-за снега не падступіцца было), але гэта мішкі п'юць мёд з бочкі. Што звяры, што барадач - спадчына ўжо санаторнага перыяду

38. Уздоўж паркавай сажалкі ідзе "вуліца" з камяніцамі. Былы сядзібны жылы будынак

39.

40.

41. І будынак бровара

42.

43.

44.

45. Цікава, што суб'ектыўны рэйтынг "Глобуса Беларусі" надае Савейкам усяго трэцюю катэгорыю з чатырох ("убачыць па дарозе"), я б смела даў яму другую (да першай такі гістарычная значнасць і стан не даюць дацягнуць)

Абавязкова наведаюся сюды летам, у "зялёны" час тут павінна быць вельмі прыгожа (як і ўвосені: вельмі файныя асеннія фотаздымкі абавязкова паглядзіце ў azarkinm, яна ж і падрабязна распавяла пра гісторыю сядзібы). Дарэчы, за палацам яшчэ была і сетка невялікіх сажалак - не ведаю толькі, у якім яна зараз стане, а крыху за вёскай ёсць капліца-пахавальня; у такое надвор'е не прабрацца было ні туды, ні туда

46. Самотнае дрэва-волат

47. Тальмінавічы. Цэнтр калгаса, цэнтр сельсавета, цэнтр цывілізацыі - у такі зімовы час вельмі дэпрэсіўны

48. Тыповыя савецкія домікі

49. Праграма-мінімум была нават трошкі перавыкананая, а да цягніка заставаліся дзве гадзіны. Падумаў яшчэ паехаць у тую ж Грушаўку і фінішаваць потым альбо ў Ляхавічах, альбо ў Жарабковічах, але жвіроўка з Русінавічаў у Рачканы была такая, што ну яго. На фота яшчэ выглядае не так ужо і дрэнна, але на самой справе там цяжкаватая каша з пяску і вады, ехаць якой хоць і можна, але я ўжо не захацеў. Вернуся лепш у Русінавічы

50. Там знайшоў сабе альтанку і сеў даядаць свой абед

51. Русінавічы хоць вёска і вялікая, але глядзець там няма на што

52. Адліга. У населеных пунктах у такое надвор'е горш за ўсё

53. Даядаю бутэрброд з мяскам - і адчуваю, што нешта не так. Павярнуўся - а на мяне (ці не на мяне, а на мяска) глядзяць два вокі

54. Станцыя Рэйтанаў. Цягнічок на Лунінец падыйшоў

55. Шок-кантэнт - сушу боты ў будынку станцыі. Цягніка чакаць яшчэ гадзіну

56. Сонейка выглянула - ужо шчасце. Прачытаў нядаўна, што ўвогуле за лістапад-студзень гэтай зімой у Беларусі было на 20 сонечных дзён меней, чым належыць па кліматычных нормах

57. Людзі ў горад пасля выходных паціху збіраюцца. Але цягнік на 16.12 забітым яшчэ не быў, я нават са сваім роварам у салон увапхнуўся - забітымі будуць тыя, што ўвечары пойдуць :)

Дзякуй за ўвагу!