March 11, 2019

Ваўкавыск-Пружаны-Аранчыцы

Пачынаць распавяданне з тэмы надвор'я - хіба нешта можа быць больш банальненька, але што тут рабіць, калі з роварнымі вандроўкамі без гэтага ўвогуле ніяк - тым болей, у самым пачатку сезона. Карацей, снег і лёд за горадам у нас амаль канчаткова патаялі, але ж маразы час ад часу яшчэ завітваюць (асабліва ўначы), таму расслабляцца і супакойвацца ранавата. Суботні дзень 2 сакавіка ўвогуле па прагнозах абяцаў быць (і быў, дарэчы) марозненькім, а да крэпкага такога "мінуса" на градусніку дадаўся яшчэ і досыць моцны паўночна-заходні вецер. Але ж скатацца куды-небудзь усё роўна хацелася, таму я намаляваў сабе напярэдадні трэк з разлікам на рух пераважна з поўначы на поўдзень - і рушыў у дарогу

Трэк:

На стартавую кропку ехаў амаль пустым прыгарадным цягнічком Баранавічы-Гродна на 6.14 з Баранавічаў-Цэнтральных. Крыху больш за дзве гадзіны дарогі - і я на станцыі Ваўкавыск-Горад

У Ваўквавыску (дарэчы, за колькасцю дакучлівых гаўклівых істотаў яго смела можна было пераймяноўваць у Сабакавыск) адразу рушыў да кропкі, якая засталася тут маім доўгам яшчэ з мінулага раза, бо ў верасні скатацца туды мне не хапала часу - комплекса старых гарадзішчаў на паўднёвай ускраіне горада. Іх тут тры штукі, самае высокае - так званая "Шведская гара", вышынёй каля 30 метраў над навакольнай мясцовасцю

Гарадзішча адносіцца да 10-14 стагоддзяў, гэта дзядзінец старажытнага Ваўкавыска

Канешне ж, забраўся наверх

Адтуль адкрываецца добрая панарама практычна на ўвесь горад. Хіба што прамзоны на пярэднім плане карцінку псуюць

Касцёл святога Вацлава (1846-48 гг.)

Шматпавярховая забудова

Побач знаходзіцца старое замчышча - месца былога вакольнага сярэдневяковага горада

З адваротнага боку - сетка нейкіх азераў і папраўчая калонія №11

Яшчэ адно гарадзішча - яго называюць "Муравельнік" - знаходзіцца трошкі на адлегласці ад гэтых двух

Асфальтам еду далей. У Ізабеліне - касцёл св.Пятра і Паўла (1778 г.)

І праваслаўная царква св.Міхаіла Арханёла (кан.18 ст.)

Да Мацвееўцаў дарога не самая лепшая, але ў гэтым плане маразы мне ў той дзень, канешне, дапамаглі - усё падтаяўшае вясновае балота на дарогах падмёрзла, таму кацілася збольшага лёгка

У Мацвееўцах - файная вуліца старых вясковых хатак

А на ўскраіне вёскі - комплекс будынкаў былой сядзібы "Кабылякі". Сядзібны дом не захаваўся, але былых службовых і гаспадарчых будынкаў там шмат

Падобны комплекс мае і суседняя вёсачка Нізяны. Тут у старых гаспадарчых пабудовах нават людзі зараз жывуць. Шкада толькі, што ранішняе сонца тут стаяла так, што нармалёвыя фотаздымкі ў меня не атрымаліся, нажаль (а да таго ж там і мясцовыя "сінякі" тусаваліся, таму я не стаў на гэтым месцы затрымлівацца)

"Что ты тут фатагріруйэш?"

Ваўкавыскае ўзвышша. Па гэтым фотаздымку можна зразумець, чаму вёска Нізянамі завецца

Лясной жвіроўкі Н6995 ад Нізянаў да Верусіно (так, націск на апошнім складзе) трошкі пужаўся, бо дарога там яшчэ магла застацца ледзяной - але дарма, на шчасце. Лёд там і праўда быў, але ў невялікай колькасці і добра прысыпаны зямлёй і пылам, таму нават хуткасць можна было амаль не памяншаць

У вёсцы Верусіно ад сядзібы толькі бровар застаўся

А адтуль асфальтам хутка даехаў да Падароска

Падароск - мястэчка сярод беларускіх краязнаўцаў і аматараў гісторыі, вандровак і падарожжаў даволі добра вядомае. Упершыню ўзгадваецца ў 1522 годзе, з 1660 года Падароску было нададзена Магдэбургскае права. У Заходняй Беларусі быў цэнтрам гміны Ваўкавыскага павета, у савецкія часы стаў цэнтрам сельсавета (з паніжэнням статусу паселішча да вёскі). Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года тут жыло 602 чалавекі

Праедуся цікавосткамі. Траецкая царква (кан.18 ст.), першапачаткова пабудаваная як уніяцкі храм

Цэнтр мястэчка

Каталіцкі касцёл у 1993 годзе перабудаваны з былога будынка клуба пажарнікаў

Тут цячэ Зальвянка - у такую пару паўнаводная, але выглядаючая тут не надта прэзентабельна

Але вядомы Падароск, канешне ж, дзякуючы свайму палацу-сядзібе (належала спачатку Чачотам, потым Бохвіцам)

Сучасныя гаспадары арганізавалі тут рэстаўрацыю і аднаўленне комплекса

Таму тэрыторыя сядзібы ўяўляе сабой вялікую будоўлю

На ўваходах стаяць шыльды з забаронай увахода/уезда на тэрыторыю, але я іх праігнараваў, канешне ж

Кіламетраж ужо пераваліў за 30, таму час паабедаць на лаўцы на беразе сажалкі (зрабіў я гэта, праўда, дарма, бо сама тут патрапіў пад той самы моцны паўночна-заходні вецер - у выніку, перакусіць перакусіў, але замёрз)

Панарама мястэчка

Наколькі я зразумеў, рыбакі - гэта якраз рабочыя з будоўлі сядзібы, бо за той час яны пару разоў паспелі пабегаць паміж лункамі і падсобкай збоку пабудовы. Дый мяне яны дакладна бачылі - то бок, праблемы з заходам на тэрыторыю, відавочна, ніякай няма. Туды, думаю, і мясцовыя ходзяць, бо на беразе возера свінтусы нейкія бутэлек з-пад піва параскідалі (ну а ты паспрабуй не пускаць мясцовых жыхароў на месца, дзе яны звыклі ўжо дзясяткі год вечарамі адпачываць!)

А вось у Красках усё куды больш сур'ёзна. Там да сядзібы Сегеняў, якая зараз таксама ў прыватнай маёмасці і на рэканструкцыі, не зайсці. Як пішуць у інтэрнэце, некаторым шчасціла патрапіць на ўладара сядзібы, і ён сам праводзіў экскурсію па тэрыторыі

Мне ж так не пашансавала, таму я паглядзеў толькі на мосцік праз Зальвянку (у гэтым месцы куды больш маляўнічую, чым у Падароску)

І на маляўнічую алею, што вядзе ад вёскі і трасы Н6016 да цэнтральнага ўвахода

Дарэчы, калі ехаць дарогай Н6016 далей на поўдзень, то з дарогі будынак усёльткі трошкі з-за дрэваў выглядвае - але летам ён дакладна будзе закрыты лісцем. То бок, лепш вернуся туды ўжо пасля сканчэння рэканструкцыі - пажадаю толькі гаспадару, каб ён яе такі давёў да канца

Яшчэ колькі кіламетраў - і царква св.Ганны (каля 1790 г.) у Задваранах

А далей пачалася доўгая-доўгая асфальтавая частка. Некалькі дзесяткаў кіламетраў мне давялося ехаць зусім нядаўна (некалькі год таму) пабудаванай трасай Р98 - гэтая дарога зігзагамі вядзе ад Камянца Брэсцкай вобласці да Свіслачы Гарадзенскай вобласці, абмінаючы межы Белавежскай пушчы. Грошай у гэтую дарогу было ўкладзена многа, адчынялі яе шумна - а на практыцы дарога выявілася мала каму патрэбная і амаль пустая. Машыны тут я сустракаў раз у 15-20 хвілін. Затое якасць асфальту тут надзвычай высокая, а да таго ж краем дарогі ідзе выдатнейшая абочына-веладарожка. Хіба што ў Гарадзенскай вобласці яна пасля сыходу снега яшчэ пачышчана ад бруду не была, але гэта ўжо пытанне часу

Мяняю вобласці. Разам з Гарадзенскай вобласцю неяк рэзка скончылася і Ваўкавыскае ўзвышша - то бок, далей пайшла роўнядзь Берасцейшчыны

Барсікі (на самой справе, Барысікі)

Далей было Лыскава - файнае і цікавае старое паселішча, вядомае яшчэ з 1504 года. Зараз тут жыве толькі некалькі соцен жыхароў, але паглядзець у вёсцы ёсць на што. Па-першае, гэта Траецкі касцёл (1763-85 гг.). Касцёл не дзеючы, зачынены, паціху скатваючыся ў стан чарговай руіны. Усярэдзіну не патрапіць, усё закалочана - дый не дарма, бо цэглы старой навокал ляжыць вельмі многа

Магіла польскага паэта (нарадзіўшагася на тэрыторыі сучаснай Украіны, пад Каламыяй) Францішака Карпінскага

Насупраць касцёла траса Р98 пару дзясяткаў метраў ідзе старым брукам - уяўляю, як злуюцца на гэтае месца нешматлікія аўтамабілісты; і як яны лаюцца, што на дарогу колькі грошай патрацілі, а ў адзіным месцы асфальт нармалёвы не паклалі. Дый нічога, пацерпяць :) Будынак злева, дарэчы - гэта былы жылы комплекс кляштара місіянераў (да гэтага кляштара належыў і сам касцёл). Не памятаю, што там зараз - нейкая вясковая адміністратыўка, напэўна

Засталося ў Лыскаве і трошкі чаго ў памяць аб габрэйскім насельніцтве мястэчка. Да рэшткаў сінагогі не прабрацца, яе нават і знайсці не так проста (злева, у кустах - летам яна ўвогуле не бачная, напэўна)

Ажно два месцы былых габрэйскіх могілак

Мне ж яшчэ спадабаўся прыгожай формы драўляны праваслаўны храм Нараджэння Багародзіцы (1933 г.)

А яшчэ ў Лыскаве ёсць каталіцкая капліца на могілках, яшчэ трошкі якой даўніны і рэшткі гарадзішча недзе за вёскай. Я ж пакаціў далей на поўдзень

Тут пачынаецца Белавежская Пушча. Ну як пачынаецца - дарога некаторы часы ідзе афіцыйнай мяжой нацыянальнага парка, але лес амаль заўсёды з абодвух бакоў трасы. Мясцовасць малалюдная, машын зусім мала, цішыня!

Лес

Шыкоўная дарога, можна за якую-небудзь Швецыю ці Канаду фотаздымкі адсюль выдаваць. Хлопцам на шашавых ці гібрыдных роварах тут будзе хуткаснае шчасце

Канава

Прыпыніла мяне кабета на іншамарцы - памылкова паехала яна гэтай дарогай з Брэсцкай вобласці на Гарадзенскую (а калі зазірнуць на мапу, то адразу стане зразумела, што для аўтатранзіта траса гэтая за сваімі зігзагамі не падыходзіць крыху менш чым цалкам), але зразумела, што нешта тут не так. Прыйшлося тлумачыць ёй, як адсюль выбрацца (спадзяюся, Іванам Сусанінім я ў мінулым жыцці не быў, і жанчына з маімі парадамі такі дабралася да фінішнай кропкі; там і не надта цяжка было)

Выехаў з Пушчы, нарэшце. Гэта ў нас каналізаваная Ясельда. А за Ясельдай ужо павярнуў з трасы Р98 у бок Пружанаў

Удалечыні бачная Пакроўская царква ў Рудніках (кан.19 ст.). Туды таксама планаваў зазірнуць, але дарога ў той бок была зусім дрэнная, і пад канец маршрута ехаць ёй ужо не захацелася

Пружаны. Невялікі райцэнтр Брэсцкай вобласці, насельніцтвам каля 18 тысяч чалавек. Вядомы з 1487 года як Дабучын. Звычайны ціхі ўтульны дажынкізаваны (рэспубліканскія "Дажынкі" тут былі ў 2003 годзе) гарадок

Галоўная цікавостка горада - т.зв. "Пружанскі Палацык", адноўлены сядзібны будынак Швыкоўскіх (19 ст.)

Касцёл Узнесення Дзевы Марыі (1878-83 гг.)

У Пружанах знаходзіцца месца пачатку ракі Мухавец - тут рэчкі-каналы Муха і Вец (як банальна, ці не так?) аб'ядноўваюцца ў адзін струмень і далей бягуць адной ракой. Пераблытаць не складана - Муха выцякае з-пад левага маста, Вец на фотаздымку бачны з правага боку

А гэта ўжо Мухавец, фота з таго ж маста, але ў супрацьлеглы бок

У Пружанах ёсць колькі старых будынкаў

Мінулыя назвы адной з галоўных вуліц горада (Рыгор Шырма, калі што - вядомы беларускі фалькларыст, краязнавец і публічны дзеяч, ён нарадзіўся недалёка ад Пружанаў)

Злева - будынак гандлёвых радоў (1896 г.)

Сабор Аляксандра Неўскага (1866-80 гг.)

Тут я пабачыў, што магу паспець на больш раннюю электрычку, чым планаваў, таму затрымлівацца ў Пружанах больш не стаў

Далей быў вельмі хуткасны заезд да Аранчыцаў, на вакзал прыехаў нават хвілін на 15 раней з цягнік (а ляцеў жа, баючыся, што не паспею!)

Ну вось так вось, першая "стакіламетроўка" сезона, хоць і збольшага асфальтам, можна і самога сябе павіншаваць :) Дзякуй за ўвагу!