March 26, 2019

Слонім-Дзятлава-п.п.Клішавічы

Яшчэ адна роварная вандроўка, што адбылася ў нядзелю 17 сакавіка. Паколькі напярэдадні ўвесь дзень з перапынкамі ішоў дождж, то гэтым разам абраў маршрут асфальтавымі і жвіровымі дарогамі, не жадаючы мясіць бруд палявых і лясных грунтовак (праўда, забягаючы наперад, за ноч і раніцу ўсё паспела падсохнуць, таму нават жвіроўкі, якіх напярэдадні пужаўся, выявіліся сухімі і лагоднымі)

Трэк:

Як і на мінулым тыдні, вырашыў зноў "звязаць" сваім маршрутам ваўкавыскі і лідскі напрамкі Баранавіцкага чыгуначнага вузла, толькі з большым кіламетражам. Стартаваў дызелем Баранавічы-Гродна на 6.14 з Баранавічаў-Цэнтральных, які амаль за гадзіну давёз мяне да Слоніма

Паколькі хацелася спаць, прыйшлося ў вакзальнай краме набываць гэтую гадасць (хоць звычайна я энергетычныя напоі не ўжываю), закусіўшы яе шакаладкай - даволі смачнай, дарэчы

Слонім, як я ўжо пісаў тут не раз, з турыстычнай кропкі гледжання - мой другі любы беларускі горад пасля Пінска, таму я абавязкова хуценька якім ужо разам пракаціўся яго цікавосткамі. Гэта ў нас каналізаваная Шчара

Слонімская Ратуша; напэўна, з усіх захаваўшыхся на Беларусі будынкаў ратуш (а іх нямнога, калі што) яна - самага "нератушнага" выгляду

Касцёл бернардзінцаў (ажно 1639-45 гг. пабудовы). Зараз належыць праваслаўнай царкве, і падчас нядаўнай рэстаўрацыі яму на "галаву" звычайна ж пасадзілі тыповую "цыбуліну"

Слонімскі драматычны тэатр (так, у 50-тысячным Слоніме ёсць свой тэатр). Будынак калісьці першапачаткова будаваўся як сінагога, але ў габрэйскай суполкі фінансаў на сканчэнне будаўніцтва не хапала, таму дабудоўваў яго ўжо горад - тут у пачатку мінулага стагоддзя быў народны дом. Пазней пэўны час будынак быў часткова разбураны

У годы Агінскага мясцовы тэатр ставіў самыя модныя і свежыя пастановы. Зараз жа... Ну ладна, мастацтва для дзетак таксама патрэбнае :)

Слонім, па шчырасці, гарадок даволі супярэчлівы. Старая забудова ў цэнтры на плошчы Леніна (гістарычная назва - Рынак; на днях на сайце мясцовай газеты запусцілі галасаванку за перайменаванне плошчы ў Тэатральную, на якую адразу накідалі спасылак як "незалежніцкія", так і "пра-ўсходнія" СМІ - у выніку, галасаванка на сайце газеткі 50-тысячнага з невялікай наведвальнасцю сабрала каля васьмі тысяч галасоў, і арганізатары спынілі яе пры невялікай перавазе варыянта з захаваннем старой назвы плошчы) папсаваная кіслотнымі фарбамі і "смеццевымі" шыльдамі крамаў

Я накіраваўся на традыцыйную панарамную кропку на паўднёвым захадзе ад цэнтра горада, але гэтай раніцай краявідаў адтуль, канешне ж, не было - спачатку туман ледзь-ледзь даваў зроку "дабіць" да былога касцёла бернардынцаў

Крышачку пазней сталі бачныя і астатнія гарадскія храмы. Даліну Шчары і Ісы і ўзгоркі на гарызонце трэба дамалёўваць самім

Вось як панарама адсюль (так, крыху ў іншы бок) выглядала ўвосені

Туман, канешне, паціху адыходзіў - але часу чакаць не было, і так патраціў на Слонім больш часу чым планаваў. Будынак сінагогі працягвае развальвацца

Касцёл кляштара бернардзінак (1664-70 гг.)

Ленін паказвае дарогу да храма :)

Ніякага гумару тых, хто ставіў помнік, тут няма - Спаса-Пераўтварэнскі сабор пабудаваны тут нядаўна, на месцы старога зруйнаванага храма, у 1994-2005 гг. У 90я гады беларусы яшчэ ўмелі будаваць, культавыя будынкі таго перыяду звычайна выглядаюць досыць цікава і я ўпэўнены, што праз некалькі дзясяткаў год будуць лічыцца добрай старой архітэктурай. І куды гэта ўсё дзелася за 10-20 год?

Шчыра, калі б не ведаў гады пабудовы сабора, то лічыў бы, што гэта якая-небудзь стогадовая цікавостка - трошкі аблупленыя сцены нават і дапамагаюць так думаць :)

Выяўленчае мастацтва ў стылі "мінімалізм" ад Белпошты

Тэатр Агінскага ў тыя часы быў дзесьці тут, на беразе Шчары. Зараз жа на гэтым месцы выступаюць, відавочна, калектывы некалькі іншага мастацкага ўзроўня

Трошкі мастацкага афармлення гарадскога парка на беразе Шчары. Такі вось карабель, з абавязковай жоўценькай шыльдай (гэта Беларусь, дзетка!) ззаду, абяцаючай страшэнныя пакаранні таму, хто залезе на карабель (прычым, ён ужо зроблены з лаўкамі для сядзення ўсярэдзіне)

Шчара (а вы мне паверыце, што бабулька ў сінім у правай частцы фотаздымка перад гэтым круцілася ў гэтым парку на трэнажоры?)

А гэта ўжо цякучае побач старое рэчышча Шчары. Звычайна яно слабапраточнае, але ў паводку трошкі падобнае на сапраўдную рэчку

Усё, хопіць Слоніма. Здаецца, непафотканага тут і не выкладзенага сюды ў мяне нічога ўжо не засталося

За Слонімам быў досыць доўгі пад'ём ад даліны Шчары да навакольных узгоркаў. Асфальт тут дастаткова добры, а машын ураніцы амаль не было

Сумныя цікавосткі

Хуценька даехаў да Дзераўной, дзе ўжо быў тыдзень таму

Шыльда на ўездзе ў Дзераўную. Як бачна ў левым верхнім вуглу, тут таксама нешта праспансавана Эўрасаюзам. Мазгоў тым жа, хто сапсаваў мясцовую стогадовую царкву (глядзі папярэдні артыкул), нажаль, Эўрасаюз праспансаваць не паспеў

Усё тая ж традыцыйная беларуская вясковая сажалка, з традыцыйным сталым рыбаком; а рыбак - са спрадвечнымі для беларускіх вяскоўцаў пытаннямі: "Што ты тут фатаграфіруйэш? Шпіён ці проста так, дзелаць няма чаго?" :)

Скатаўся да альтанкі, альтанка зачыненая

Мясцовае гарадзішча "Старажавая гара" трошкі за вёсачкай. Прычым, тыдзень таму я праехаў зусім побач з ім (вунь той жвіроўкай, што ў правай частцы фотаздымка бачная), нават не задумаўшыся, што гэта за незвычайны ўзгорак такі пасярод поля - толькі потым ужо даведаўся

Далей быў яшчэ адзін перагон - да Казлоўшчыны. Кіламетраў на пяць тут нават была жвіровачка - але досыць лагодная. Тут жа і памяняў раён - далей да самога фініша буду я ехаць Дзятлаўшчынай

Больш чым стогадовая царква Узвіжання Крыжа ў Вайневічах была сюрпрызам - падчас падрыхтоўкі маршрута я яе нейкім чынам прапусціў. Добра, што дарога перад вёскай праходзіла ўзгоркамі, а сама царква трошкі ў нізіне - дзякуючы таму я яе і пабачыў за дрэвамі

Камень нехта ля дарогі кінуў

Наступная кропка - касцёл Сэрца Іісуса (1822 г.) ў Нянадавічах

Ян Павел Другі

Тут мне пашчасціла патрапіць на якраз збіраўшагася ад'язджаць (пасля нядзельнай імшы, відавочна) ксёндза, таму я пабываў і ўсярэдзіне

А ўжо хутка прыехаў у Казлоўшчыну. Тут я больш-менш падрабязна палазіў у мінулым годзе, таму многа часу на мястэчка траціць не стаў

Сядзіба "Падол". Нічога за год не памянялася, канешне ж

Маршрут пераваліў за 40 кіламетраў, таму тут я перакусіў, прысеўшы на школьным стадыёне. Дарэчы, менавіта ў Казлоўшчыне патрапіў пад невялічкі дождж

А далей - зноў жвіровачка. Дарэчы, на гарызонце калісьці зусім нядаўна быў будынак сядзібы "Урбаноўшчына", але цяпер там бачная новая пабудова лякарні

Яшчэ колькі кіламетраў - і я ў Явары

Напэўна, немагчыма павандраваць вёскамі Наваградскага ўзвышша (якое дзесьці тут спалучаецца са Слонімскім) і не патрапіць дзе-нідзе на вясковую брукаванку

Тыповыя ранневясновыя беларускія краявіды

Царква Нараджэння Багародзіцы (1926 г.) у Явары

Тут таксама выпадкова патрапіў на святара, пабываў усярэдзіне (праўда, моманту фатаграфавання ён не бачыў), атрымаў некалькі буклецікаў і запрашэнне прыехаць сюды зноў на свята... Карацей, жадаеце трапляць усярэдзіну вясковых храмаў - вандруйце ў нядзелю ўраніцы

Яшчэ на ўскраіне вёсачкі калісьці быў будынак вадзянога млына, але цяпер тут пуста. Мінус яшчэ адна цікавостка на турыстычных мапах Беларусі

Палазіўшы ў траве, знайшоў рэшткі падмурку

Сумнае вадасховішча на рэчцы Пад'яварцы

Чарговая царква - св.Пятра і Паўла (1825 г.) у Вензаўцы

Да Дзятлава прыйшлося ехаць трасай М11. Тут ужо сапраўдныя велічныя ўзгоркі, адсюль нават бачныя наваградскія вятракі

Праехаўся і самім Дзятлавым. У Дзятлаве быў раней толькі наскокам і ў цэнтры, таму гэтым разам горад вывучаў больш дасканала. Вось, напрыклад, палац Радзівілаў (18 ст.), знаходзячыся на тэрыторыі раённай лякарні

Старая (таксама 18 ст.) і новая царквы ў адным кадры

Маднявы і трошкі для Беларусі незвычайны будынак выканкама

Птушачкі

Помнік "Беларускаму Сусаніну" Іосіфу Філідовічу - падчас Другой сусветнай непадалёк адсюль ён завёў нямецкіх карнікаў замест ляснога партызанскага шпіталя ў балоты Ліпічанскай Пушчы

Трошкі каталіцкай матывацыі

Раённы Дом культуры

Усё, можна ехаць да чыгункі. Вядомы ў вузкіх кругах стары мост праз рэчку Моўчадзь

(не, у майго ровара сінія фарбы не злезлі, гэта такія наступствы барацьбы з дапамогай Лайтрума з надзвычай гадкай штукай, званай "храматычнымі аберацыямі", і заўважыў я гэта занадта позна)

Рэчка Моўчадзь

А гэта ўжо Клішавічы

Тут і фінішаваў

Яшчэ і гадзіну цягніка на 17.18 чакаў

Дзякуй за ўвагу!