May 2, 2019

Каўпеніцкая вузкакалейка і гонка наўздагон заходзячаму сонцу

Ужо некалькі тыдняў не мог выехаць больш-менш далёка за горад. На шчасце, скарочаны працоўны дзень перад першатравеньскім выходным дазволіў, хуценька павячэраўшы і перапрануўшыся, зрабіць 50-кіламетроўку дарогамі паўночнай часткі Баранавіцкага раёна

Маршрут паездкі:

01. Доўга выязджаў з Баранавічаў

02. Віды на горад і рэйкі з маста на Цэнтральным вакзале

03.

04. Гэта ўжо мяжа горада

05. Дарогі не заўсёды былі добрыя

06. Кіламетраў праз 15 нарэшце пабачыў шпілі сталовіцкіх храмаў. Але самі храмы я не аднойчы тут ужо паказваў (дый увогуле праз Сталовічы праязджаў ужо не адзін дзесятак разоў), таму сёння ў Сталовічах мяне цікавіў трошкі іншы аб'ект

Хаця дакладней усёльткі гэта ўжо не Сталовічы, а суседні пасёлак Кастрычніцкі - тут ёсць торфапрадпрыемства, якое я даўно ўжо хацеў пабачыць зблізку

07. Мініяцюрныя вагоны з торфам на разгрузцы

08. Тут пачынаецца вузкакалейка торфапрадпрыемства "Каўпеніца"

09. І само торфапрадпрыемства

10. Дарожкамі Кастрычніцкага

11. Гэта адзін з самых маладых (а магчыма, што і самы малады) населеных пунктаў Баранавіцкага раёна - заснаваны ён у 50-я гады мінулага стагоддзя

Цікава, што мясцовым энтузіястам даўно створаны сайт, прысвечаны Кастрычніцкаму і яго ваколіцам. Ён, праўда, апошнім часам закінуты і не абнаўляецца (расклад руху аўтобусаў на Баранавічы, напрыклад, дагэтуль ад 2012 года), але там дагэтуль можна палазіць і пачытаць гісторыю пасёлка і паглядзець старыя фотаздымкі (нават савецкіх часоў): https://october.moy.su/

12.

13. Далей я вярнуўся да вузкакалейкі, якая за Кастрычніцкім робіць невялічкую пятлю, пасля торфазавода ідучы на поўдзень і перасякаючы шашу Р5 (Баранавічы-Наваградак-Іўе) паміж Кастрычніцкім і трасай М1. Я ж так ехаць не стаў, зрэзаўшы трошкі свой трэк і прыехаўшы да чыгункі ўжо каля ўсходняга з Кастрычніцкіх разліваў

14. Разліў Сачыўкі на ўсход ад Кастрычніцкага і дарогі Р5. Яго бачыць кожны, хто праязжае трасай М1/Е30 міма Баранавічаў - гэта тая самая вялікая водная прастора трошкі не даязджаючы да першага з'езда на Баранавічы; яна звычайна здзіўляе тых, хто пабачыў яе ў першы раз. У ваколіцах Кастрычніцкага такіх разліваў некалькі, але Сачыўкі, напэўна, самы маляўнічы (хаця такі і не самы вялікі) з іх. Назву такую ён носіць, відавочна, дзякуючы невялічкай вёсцы Сачыўка, што знаходзіцца недалёка ад усходняга берага - хаця магчыма, што там і рэчка з такой жа назвай калісьці была. Гэта месцы былых тарфяных балот, якія калісьці былі цалкам распрацаваныя кастрычніцкім торфапрадпрыемствам, а пасля залітыя вадой (торфапрадпрыемства ж пераключылася на больш далёкія дзялянкі на поўначы)

Я захацеў як мага больш праехаць уздоўж вузкакалейкі - але, па шчырасці, лепей б канкрэтна тут гэтага не рабіў, бо сцежка ўздоўж чыгункі хутка знікла, звярнуць жа на праходзячую побач (але аддзеленую канавай з бруднай вадой) грунтоўку доўга было немагчыма. І да таго ж, менавіта на гэтым адрэзку лёталі хмаркі дробнай машкары, ад якой ніяк было не выратавацца

15. Рэйкі там, канешне, у такім жа дрэнным стане, як і ўся беларуская тарфяная прамысловасць. Дзе-нідзе зусім, відавочна, дабітыя кавалкі чыгункі даволі груба адрамантаваныя

16.

17. Пры першай жа магчымасці выехаў на грунтоўку (перад гэтым фактычна прайшоўшы, бо ехаць было там вельмі цяжка, больш за кіламетр), якая потым хутка сама выйшла і да чыгункі, і да разліва

18. Тут ёсць невялічкі раз'езд

19. Многа рыбакоў

20.

21. А з іншага боку дамбы, якая аддзяляе Сачыўкі ад суседняга разліва - ужо амаль сапраўднае балота

22. Тут вузкакалейка пераехала грунтоўку (падзяліўшы яе на два кавалкі, паміж якімі аўтатранспартам можна праехаць толькі далёка ў аб'езд; бо пераезду там ніякага няма і рэйкі для аўтамабіля занадта высокія) і павярнула на поўнач. Далей ехаць уздоўж рэйкаў было значна больш прыемна - відавочна, жыхары суседніх вёсак з таго боку таксама ходзяць сюды на рыбалку, таму сцежка збольшага існавала

23. Водная прастора, якая на мапах пазначана як асобнае возера Сачыўка (усё тая ж аднайменная вёска якраз дзесьці за дрэвамі на гарызонце). Гэтым возерам цячэ рэчка Смалянка, якая адразу за возерам, яшчэ перад дрэвамі, робіць сутоку са Шчарай

24.

25. Хаткі вёскі Загор'е. Бачыце суслікаШчару (вадзічка на пярэднім плане - гэта яшчэ возера, калі што)? І я не бачу. А яна тут ёсць, дзесьці яшчэ перад хатамі працякае

26. На кароткі час вузкакалейка становіцца лясной, але ўжо ў Сударах сцежка ўздоўж яе зноў знікае, таму трэба ехаць на поўнач жвірам

27. Шчара ў выглядзе маленькага бруднага каналу

28. У Торчыцах развітваюся з вузкакалейкай - яна ідзе далей на поўнач, да торфабазы каля Калдычэўскага возера. Дарэчы, паўночным яе кавалкам я праехаўпрайшоў у лістападзе

29. Далей мне трэба было ехаць праз ужо ўздымаючыся на гарызонце лес...

30. ...але дарога, якая спачатку ідзе ўскраінай поля, зараз перапаханая. Лясныя ж дарогі крыху далей не выклікалі даверу - імі яўна даўно ніхто не карыстаўся. Прыйшлося ехаць на поўнач ускраінай лесу

31. Даехаў да "Трох крыжоў" - не планаваў іх сёння пабачыць, але ўжо як атрымалася...

32. Я пра іх ужо пісаў не раз, але ўсё роўна хто-небудзь у каментарах запытае, таму напішу зноў: дакладная гісторыя гэтага, напэўна, самага цікавага помніка Баранавіцкага раёна невядомая, але хутчэй за ўсё гэта польскі помнік у гонар трох польскіх паходаў на Маскву

Кіламетраж тут пераскочыў за трыццаць, а другая палова маршрута (які давялося перапісваць з-за таго, што прыйшлося ехаць іншай дарогай, а таксама таму, што патраціў на разлівах больш часу, чым планаваў) не абяцала нічога складанага, акрамя свяціўшага прама ў твар яркага заходзячага сонца, таму перакусіў "прызавымі" снікерсам і колай - і пакаціў далей

33. Арабаўшчына. Ад Арабаўшчыны можна шашай дакаціць кіламетраў 15 да Баранавічаў, але гэта не наш метад :)

34. Жвіроўкай на захад. На гарызонце ўздымаецца прыгожы лясны масіў Маляроўшчына, які я даўно жадаю даследаваць, і якім планаваў ехаць першапачаткова, але ехаць праз лес амаль што ўначы ўжо жадання не было

35. Сціплы мемарыял на месцы пагібелі першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата

36. З Вікіпедыі:
23 мая 1996 года Карват выконваў навучальна-трэніровачны палёт па практыкаванню 314 «Курса баявой падрыхтоўкі знішчальнай авіяцыі» на самалёце Су-27 з нумарам 29. У практыкаванне быў уключаны палёт у аблоках з вялікімі вугламі крэну з адпрацоўкай тактычных прыёмаў паветранага бою ў аблоках на малай вышыні ў складаных метыяўмовах уначы.Палёт пачаўся ў 22:44:31. У 22:52, калі самалёт знаходзіўся на вышыні 900 метраў, на хуткасці 540 км/г, Карват паведаміў, што загарэлася табло падзення ціску ў першай гідрасістэме. З зямлі загадалі неадкладна вяртацца на базу. Праз 29 секунд паведамленне пра непаладкі ў першай гідрасістэме знікла, але амаль адразу пачалі з'яўляцца паведамленні пра іншыя паломкі. На вышыні 600 м і хуткасці 440 км/г перастала працаваць сістэма кіравання.Лётчык атрымаў загад катапульціравацца, але ў гэты час самалёт знаходзіўся над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча, і Карват да апошняга спрабаваў адвесці самалёт у старану. У 22:54, праз 14 секунд пасля паведамлення пра тое, што самалёт стаў некіруемым, СУ-27 разбіўся за кіламетр ад Арабаўшчыны.
(Крыніца)

Гэта ўжо потым званне "Героя Беларусі" пачалі даваць усялякім дырэктарам калгасаў і біятланісткам

Калі пабачыў, што замест Навасёлак прыехаў у Смалянку, зразумеў, што ў Арабаўшчыне звярнуў не там. Каб усёльткі не ехаць Маляроўшчынай і не вяртацца ў Арабаўшчыну, прыйшлося ехаць ускраінай лесу - дзякуй хаця б, што дарога там была

37. Дзікіх жывёлаў там, канешне ж, хапае

38. Навасёлкі на гарызонце

39. Сонца ўсё ніжэй і ніжэй

40. Гарадзішча ўдалечыні. Але мне не туды

41. Даехаў да асфальтавай дарогі з Гарадзішча на Жалезніцу - і адсюль яшчэ 12 кіламетраў да чыгункі

42. Гірмантоўцамі і Жалезніцай (на фота - жалезніцкая сажалка на Мышанцы) ехаў ужо практычна ў цемры

43. Але ад Жалезніцы да аднайменнага прыпынка на чыгунцы яшчэ кіламетраў пяць каціць спачатку асфальтам, потым жвірам, а напрыканцы - палявой грунтоўкай

44. На дамінуючай кропцы, пазначанай на мапе як гара Маяк (нажаль, краявіды там нецікавыя). Ліхтарык удалечыні - гэта ўжо пераезд праз чыгунку, ад якога яшчэ пара соцен метраў направа (на ОСМу адразу за пераездам пазначана сцежка ўздоўж рэйкаў, але на самой справе ніякай сцежкі там няма - трэба ехаць праз агародны кааператыў) да п.п.Жалезніца

45. Вось і фінішная кропка. Але цягнічок яшчэ не мой - гэта неўзабаве пад'ехаўшы трошкі спазніўшыся дызель Баранавічы-Ліда на 21.31, цягніка на Баранавічы ж чакаць яшчэ прыкладна гадзіну

Дзякуй за ўвагу!