June 17, 2019

Туман, балоты, ДОТы і разбураныя масты: Ганцавічы-Крывошын-Баранавічы

Перадгісторыя гэтай паездкі такая: нядаўна я набыў за ўжо не памятаю колькі рублёў скрэтч-мапу Беларусі (калі хто не ведае, скрэтч-мапа - гэта такая мапа, на якой трэба чымсьці больш-меньш востранькім, мо той жа манетай, сціраць краіны і рэгіёны, якія ты ўжо наведаў). Сціраў я яе і сціраў (заадно яшчэ і даведаўся, што новыя беларускія манеты, што прыйшлі да нас з дэнаменацыяй 2016 года, мала таго што іржавеюць хутка і пакрываюцца нейкім налётам, дык яшчэ і зробленыя з нейкага металічнага лайна, што нават ад глянцавай паперы тупіцца) - падпісаныя на маю інстаграмку нават гэты працэс больш-меньш у анлайне маглі пабачыць - і пабачыў, што у мяне чамусьці дагэтуль атрымаўся ненаведаным Ганцавіцкі раён (транзіт праз Раздзялавічы і Хатынічы і паўгадзіны чакання дызелька ў Люсіне падчас мінулагодняй вандроўкі на Выганаўскае возера я вырашыў не залічваць), а Ганцавічы - бліжэйшым да Баранавічаў горадам, дзе я яшчэ ніколі не быў (хіба што цягнічком праязджаў, але што там з таго цягнічка пабачыш). З іншага боку, глядзець у Ганцавічах асабліва і няма на што, таму ехаць туды спецыяльна будзе не надта прадуктыўна, а вось прыдумаць роварны маршрут з пачаткам у гэтым горадзе - гэта можна. Далей было ўжо справай фантазіі намаляваць стокіламетровы трэк да Баранавічаў, дадаўшы яшчэ некалькі кропак і дарог, якія таксама хацелася наведаць - штосьці пабачыць ўпершыню, кудысьці вярнуцца яшчэ раз

Трэк паездкі:

01. Дабрацца з Баранавічаў у Ганцавічы праблемы ніякай няма - гарады паміж сабой звязвае прыгарадны цягнік Баранавічы-Лунінец. Гадзіна дарогі - і я на месцы

Як я ўжо казаў, з цікавосткамі ў Ганцавічах так сабе. Гарадок адносна малады, узнік дзякуючы чыгунцы - прычым, у адрозненне ад якіх-небудзь Баранавічаў, Асіповічаў ці Жлобіна, тут не вузлавая станцыя. Проста ў 1884 годзе, з адкрыццём Палескай чыгункі, тут была заснаваная станцыя (атрымала сваю назву ад знаходзіўшагася побач фальварка, вядомага ў гістарычных крыніцах усяго толькі з 1773 года), а пры станцыі ўзнікла лесапілка і пачалася распрацоўка сыравіны дзеля вытворчасці шкла. Крыху пазней (афіцыйна - у 1898 годзе) узнікла і мястэчка-пасёлак Ганцавічы. З 1921 года пасёлак уваходзіў у склад Польшчы, з 1939 года - у БССР. Зараз гэта даволі ціхі і нічым асаблівым непрыкметны горад-райцэнтр (гарадскі статус - з 1973 года) з насельніцтвам каля 13,9 тысяч чалавек

02. З-за практычна адсутнасці цікавай даўніны (да яе, дарэчы, фармальна адносіцца і чыгуначны вакзал на фота вышэй - ён пабудаваны ў 1880я гады, але ад старога выгляду, як можна пабачыць, нічога там не засталося) проста праехаўся цэнтральнымі вуліцамі. Плошча Леніна

03. Якуб Колас тут сумуе (дарэчы, партрэт гэты бачны з вокан цягнікоў, таму доўга менавіта гэтая сцяна была для мяне адзіным, што я мог казаць пра Ганцавічы)

04. У 2011 годзе горад прыймаў Дзень беларускага пісьменства (хаця, на мой погляд, адзінае, што звязвае Ганцавіцкі край з беларускім пісьменствам - гэта некалькі год, што прапрацаваў у адной з вёсак раёна на пачатку мінулага стагоддзя Якуб Колас). Дзень беларускага пісьменства - гэта такія міні-Дажынкі з кропкі гледжання навядзення парадку ў гарадах, дзе гэтае свята праводзіцца; хіба што, як кажуць уласныя назіранні, пад гэтае свята "дажынкізацыя" робіцца больш якасна з кропкі гледжання эстэтыкі, чым пад самі Дажынкі - значна меньш усялякага агратрэшу і бязгусціцы. Магчыма, нагодай гэтаму тое, што фінансаванне пад гэтую справу даецца значна меншае

05. Увогуле, я не магу казаць нічога дрэннага пра знешні выгляд гарадка - тыповая акуратная дагледжаная ціхая беларуская правінцыя, такія гарадкі звычайна вельмі падабаюцца раптоўна трапляючым сюды ўкраінцам ці расейцам, беларусы ж часцяком да такога адносяцца больш стрымана, бо ўжо звыклі і лічаць дзесьці нормай, а дзесьці - звычайнай "паказухай"

06. Малады Якуб Колас. Яго люсінаўскі перыяд жыцця і працы, як бачыце, тут адносна шырока эксплуатуецца

07. Калісьці ў мястэчку быў драўляны касцёл, вялікі праваслаўны храм і дзве сінагогі, зараз жа гэтага няма, і абодва гарадскія храмы пабудаваныя ўжо пасля распаду СССР. Гэта каталіцкі Благавешчанскі касцёл (1999 г.)...

08. ...і праваслаўная царква св.Ціхана

09. Гарадская сажалка пасярэдзіне спальнага мікрараёну

10.

11. Трошкі праехаўшы трасай Р105 (вядзе з Ганцавічаў да "бейсбольнай сталіцы Беларусі" Лагішына), звярнуў на жвіроўку Н8

12. Праехаў міма прыкрытых ранішняй імглой Боркаў

13. Далей дарога ішла гідралагічным заказнікам "Падвялікі Мох". Заказнік ўяўляе сабой вялізарнае балота, дзе-нідзе прыкрытае лесам. Яго пераразае досыць якасная ціхая (за кіламетраў 20 да першай цывілізацыі, вёскі Навасёлкі, машыны пабачыў толькі пару разоў) жвіроўка

14.

15. Большую частку шляху на балоты асабліва не паглядзіш, бо яны прыкрытыя дрэвамі

16. Каціш і каціш такім вось балоцістым лесам

17. Толькі напрыканцы адчыняецца шырокая балоцістая прастора

18. Тут цячэ каналізаваная амаль да стану нецікавасці рэчка Бобрык - адзін са шматлікіх прытокаў магутнай Прыпяці

19.

20. Уздоўж Бобрыка вядзе сцежка ўглыб балотаў - наколькі я разумею, гледзячы на спадарожнікавы здымак, гэта ўжо даўно зачыненыя і залітыя вадой торфараспрацоўкі (калі хто ведае, што гэта не так - пішыце ў каментарыях, папраўлю)

21. Тут была процьма рыбакоў, але яны былі нейкія такія незадаволеныя маім прыездам, што я іх фатаграфаваць не стаў - толькі вось вуды ў кадр патрапілі

22. Першы астравок цывілізацыі пасля "Падвялікага Моху" - вёска Навасёлкі, глухая, не зусім жывая, з мноствам закінутых хатак

23. Але жыццё тут такі ёсць, бо якая-ніякая дарога

24. Рэлікцік

25. Хутка даляцеў да Шчары. Вось ён, Вялікі Эўрапейскі водападзел паміж рэкамі паўднёвых і паўночных мораў на Беларусі ў-ва ўсёй прыгажосці: амаль зусім толькі што пераязджаў Бобрык, адносячыся да басейну Чорнага мора - і вось ужо Шчара, што нясе свае воды ў мора Балтыйскае. Прычым, трошкі вышэй, на ўсходзе, яны праз адно і тое ж балота працякаюць

26. Меліяратыўны канал побач

27. Старога маста няма (але бачна, што хтосьці калісьці дошкі клаў, каб на той бераг тут перайсці

28. Зараз я вам распавяду падбаранавіцкую прыкмету: бачыш перад сабой Шчару - шукай ДОТы, якія ў нашым рэгіёне на яе берагах усюды, бо гэта былы фронт Першай сусветнай вайны

29. Сама на гэтым месцы іх ажно некалькі

30. Чарговы рэлікцік

31. Хуценька тэлепорчуся праз вялікі і досыць людны Ліпск з яго касцёлам на паўночны ўсход. Тут пачынаюцца мясціны, знаёмыя мне па мінулагодняй вясновай катанцы ў Крывошын. Рэчка Ліпнянка

32. Тэлевізар купаецца

33. Комплекс былой сядзібы Патоцкіх "Рэпіхава". Сам сядзібны дом не захаваўся, а вось шыкоўны парк стаіць дагэтуль, хоць і дужа запушчаны

34. Я тут быў год таму, ранняй вясной - і паабяцаў сабе прыехаць сюды яшчэ раз у больш цёплы перыяд

35. У траўні там было файненька - ужо ўсё зялёнае, не так яшчэ моцна зарасло ды няма камароў. Прама зараз, у чэрвені, калі пішуцца гэтыя радкі, там, верагодна, камарыны ад і трава ледзь не па пояс

36. Можна пасядзець, паабедаць і адпачыць трошкі ў цішыні

37.

38.

39. Вярхоўе Крывошынскага вадасховішча на Ліпнянцы

40. Птах

41. А каля трасы Н794 у кіламетры ад Крывошына стаіць камень

42. Усталяваны ў 1988 годзе ў памяць аб удзельніках паўстання Кастуся Каліноўскага, 9.06.1863 г. меўшых на гэтым месцы бой з расійскімі царскімі карінікамі

43. Крывошын у Баранавіцкім рэгіёне (гэта я не пра раён - адміністратыўна ён тут Ляхавіцкі) шырока вядомы дзякуючы псіхіятрычнай бальніцы (прапанаваць жыхару Баранавічаў скатацца ў Крывошын - гэта тое ж самае, што адправіць мінчука ў Навінкі, ці, напрыклад, жыхара Львова ў Кульпаркіў), але калі адбросіць народны фальклор, то галоўная цікавостка Крывошына - гэта былы іезуіцкі касцёл 1740 года пабудовы (у 19 стагоддзі, пасля падтрымкі касцёлам нацыянальна-вызваленчага паўстання Каліноўскага, пераданы праваслаўнай царкве і перабудаваны)

44. Пасля Крывошына маршрут у мяне не быў жорстка распланаваны - яшчэ напярэдадні ўвечары вырашыў, што буду глядзець на ўласны стан і надвор'е (а быў той дзень вельмі спякотны). На месцы ўзнікла жаданне прабіць патэнцыйна цікавую дарогу Н804 заходнім берагам Шчары, якой мне калісьці ўжо раілі пракаціцца

45. Яшчэ адно балота, і таксама з рыбакамі

46. Каля вёскі Цыгань выехаў да Шчары. На гугламапах тут пазначаны (удакладненне: яшчэ нядаўна быў пазначаны, цяпер ужо выправілі) мост праз раку, але я ўжо ведаў, што ніякага маста менавіта ў нашыя часы тут няма, таму проста пад'ехаў паглядзець, што ад яго засталося

47. А засталося нямнога. Калісьці на тым беразе была прамая лясная дарога на Мядзведзічы, але зараз праз адсутнасць маста яна зарасла

48. Чарговая порцыя палявых ДОТаў

49. Адзін нават каля дарогі стаіць

Яшчэ адзін разбураны мосцік ёсць дзесьці пад Мялехамі, але месца, дзе ён пазначаны на мапе, ад мяне аддзялялі хутар і поле, таму прабівацца я туды не стаў

50. Сямі Мялехі - гэта некалькі раскіданых па тэрыторыі маляўнічых хутаркоў

51.

52. Гэта якія такія яшчэ Ганцавічы?

Адносна распаўсюджаны на беларускіх прасторах тапонім, але ж

53. Яшчэ адзін ДОТ схаваўся прама на беразе вялікага Ляхавіцкага вадасховішча на ўсё той жа Шчары

54.

55. Рапсавыя краявіды

56. Яшчэ адно поле ДОТаў (тры ў кадры - адзін трошкі схаваўся на самым правым краю фотаздымка; і яшчэ пара у кадр не трапіла, здаецца) - рака тут унізе за тымі кустамі

57. Апошнія дзясяткі кіламетраў, якія атрымаліся трошкі цяжкімі праз спякоту і тое, што агульны кіламетраж ужо падыходзіў да сотні

58. Гэтыя рапсавыя палі на фотаздымках выглядаюць прыгожанька, але каб вы ведалі, як хутка надакучвае і становіцца непрыемным пах гэтай расліны!

59. Ужо і Баранавічы на гарызонце

60. Усё, фінішная кропка. Нягледзячы на тое, што апошнія 20-30 кіламетраў фізічна атрымаліся даволі цяжкімі, маршрут мне спадабаўся

Дзякуй за ўвагу!