July 2, 2019

Паўднёвымі ваколіцамі Капыля і Клецка, ч.1 - Цімкавічы-Ёдчыцы-Заастравечча

Водпуск - гэта такая файная рэч, падчас якой у будны дзень, калі ўсё прагрэсіўнае насельніцтва краіны спяшаецца на працу, ты можаш супакойна сабраць свой заплечнік і з роварам накіравацца ў бок вакзалу, каб абкатаць які-небудзь чарговы цікавы маршруцік. Так у панядзелак 20 траўня я вырашыў праехаць трэк, асноўныя рысы якога былі пазначаныя мной ужо даўно. Гэта быў даволі насычаны маршрут цікавосткамі Капыльскага, Клецкага і Ляхавіцкага раёнаў, ляжачымі на поўдзень ад невысокіх, але часам даволі маляўнічых узгоркаў Капыльскай грады. Паколькі навокал была раўніна, а вялікіх рэкаў там няма (бо водападзел побач), то краявідаў будзе нямнога - вандроўка была збольшага арыентаваная на архітэктурныя цікавосткі, якіх там нямала. А паколькі фотачак з паездкі сабралася даволі многа, то справаздачу я падзяліў на дзве невялікія часткі

Трэк паездкі:

Стартаваў прыгарадным дызелем Баранавічы-Слуцк адпраўленнем на 7.40. У 9.13 быў у Цімкавічах

Цімкавічы ўжо былі вывучаныя мной два гады таму падчас роварнай паездкі ў Капыль і Грозава, таму гэтым разам затрымлівацца тут не стаў, проста праехаўшы праз вёску на паўднёвы-захад. З пабачаных зменаў - "адэўрарамонцілі" браму-званіцу каля мясцовай царквы

Першыя кіламетры паездкі былі цяжкія, бо ехаў супраць моцнага паўднёва-ўсходняга ветру. Недалёка ад Цімкавічаў - вёска Лешня з царквой св.Георгія (пач.ХХ ст.)

Рэчка Мажа (прыток Морачы, басейн Прыпяці і, адпаведна, Дняпра) ў ваколіцах вёскі Кіявічы

А на могілках ў Кіявічах - Узнесенская царква (1882 г.п.), перажываючая зараз нялёгкі перыяд рэстаўрацыі

У вёсцы Сямежава. Ужо потым я даведаўся, што дзесьці побач з гэтым будынкам павінен быць мемарыяльны крыж удзельнікам Слуцкага паўстання 1920 г., але ў падрыхтоўцы да паездкі я гэты момант прапусціў

Вёска (на беларускім канцылярскім "новоязе" падобныя населеныя пункты называюць "аграгарадкамі") жыла сваім жыццём

Пасля Сямежава я павярнуў на захад, вецер цяпер дзьмуў трошкі збоку і ў спіну, таму ехалася значна лягчэй. На гарызонце на паўднёвым захадзе прайшла вялікая і цёмная хмара, але мяне яна, на шчасце, не зачапіла, прайшоўшы міма (а вось Баранавічы ў той дзень добранька заліла)

Чырвоная Дубрава (у гістарычных крыніцах вядомая з 16 стагоддзя як Макраны)

Тут мяне чакаў сюрпрыз у выглядзе руінаў царквы св.Георгія (1866 г.), пра якую я не ведаў і якую падчас падрыхтоўкі да паездкі таксама прапусціў. А яшчэ дзесьці ў вёсцы, як выявілася потым, ёсць рэшткі (будынак былога малочнага завода, парк і пахавальня) сядзібы Вайніловічаў "Макраны"

Файненькай грунтовай дарогай прыехаў у Кунцаўшчыну. Там можна пабачыць рэшткі яшчэ адной сядзібы Вайніловічаў

А таксама - маленькую драўляную вясковую царкву Казанскай іконы Божай Маці (19 ст.)

Ад Кунцаўшчыны да суседняй кропкі трэку, вёскі Урведзь, можна было праехаць на захад некалькі кіламетраў файным асфальтам, але ж мне належала зрабіць круг на поўнач

Рапсавыя палі

Вёска Лазавічы

Трэк прывёў мяне ў Ёдчыцы, дзе знайшлася брукаваная вуліца, што ідзе праз усю вёску

Сюды я ехаў дзеля таго, каб пабачыць драўляную Пакроўскую царкву (сяр. 19 ст.), што знаходзіцца на заходнім краі вёскі

Каля царквы можна і ў баскетбол пагуляць, як бачыце

У трэці (і не апошні) раз гэтым днём перасёкшы трасу Р43, вяртаюся на поўдзень. З Ёдчыцаў да Урведзі прыйшлося ехаць мясцовымі дарожкамі...

...якія раптам проста скончыліся

Прыйшлося прабірацца рапсавым полем

Былая дарога, якой я спрабаваў ехаць, але яна хутка выявілася зарослай, таму праз поле каціць і ісці было ўсё роўна значна прасцей

І ўсё гэта - дзеля таго, каб у Урведзі здалёк (прабрацца бліжэй праз распаханае поле мо і можна было, але надта шкада часу і абутку) пабачыць рэшткі ветрака

Комлеўшчына

Тут знаходзяцца рэшткі драўлянай царквы 19 стагоддзя

Сумнае месца

Ніхто яе аднаўляць, канешне ж, ужо не будзе

Тым болей, царква ёсць ў недалёкім адсюль Заастравеччы. Тутэйшы храм св.Дыянісія (1933 г.) прыбралі ў сайдынг, таму асаблівай цікавасці ён ужо не мае; я нават падбірацца бліжэй да яго часу пашкадаваў, проста зфатаграфаваўшы здалёк праз двары

Заастравечча было прыкладна пасярэдзіне майго маршруту, таму на гэтым месцы зраблю паўзу і пра астатнія пяць дзясяткаў кіламетраў распавяду наступным разам
Дзякуй за ўвагу!