July 4, 2019

Паўднёвымі ваколіцамі Капыля і Клецка, ч.2 - Нагорнае-Жарабковічы

Паўднёвымі ваколіцамі Капыля і Клецка, ч.1 - Цімкавічы-Ёдчыцы-Заастравечча

Пасля Заастравечча я зноў рэзка змяніў напрамак руху, далей ужо да фінішу рухаючыся пераважна ў паўночна-заходні бок. Цяпер моцны вецер таго дня амаль увесь час падганяў мяне ў спіну, а дарогі хоць збольшага і былі неасфальтавымі, але ўжо больш не знікалі ў глухім полі. Другая палова маршруту прайшла праз пяць старых сядзіб рознага ўзроўню захаванасці

Але спачатку была вёска-мястэчка Нагорнае з файным і брутальным Крыжаўзвіжанскім касцёлам (1933-36 г.п.)

А на праваслаўных могілках тут ёсць і ўкатаная ці то пад сайдынг, ці той пад нешта іншае драўляная Спаса-Пераўтварэнская царква, якую з-за дрэваў і магіл і не сфатаграфаваць нармалёва

Трошкі затаварыўшыся ў прыдарожнай краме на трасе Р43, я прыехаў у знаходзячуюся зусім побач Цясноўку, дзе знаходзяцца руіны сядзібы Лабецкіх "Пласкавічы". Сядзібны дом тут у зусім дрэнным стане (на фотаздымках яшчэ пяцігадовай даўніны, дарэчы, ён выглядае яшчэ не так жудасна)

Яшчэ адна цікавостка, якой жыць засталося зусім нядоўга

Флігель яшчэ трымаецца патроху

На тэрыторыі сядзібы знаходзяцца будынкі нейкай навучальнай ўстановы, якія таксама выглядаюць зачыненымі і закінутымі

Знаходзячаяся зусім недалёка адсюль Чырвоная Зорка калісьці, да камунізацыі назвы, зваліся Радзівілімонтамі - і з гэтай назвы зразумела, чыя сядзіба была тут. Былая яе тэрыторыя, зараз занятая вёскай-аграгарадком, аграмадная; яшчэ далёка ад палаца турыста тут сустракаюць паркавыя сажалкі і каналы

У былых службовых пабудовах і сёння жывуць людзі

У савецкія часы тут быў, відавочна, санаторый, але і ён зараз закінуты

Пракаціўшыся паркам, я так і не знайшоў нічога, што нагадвала б велічна выглядаючы на адносна старых фотаздымках нават у выглядзе руінаў палац Радзівілаў і толькі па дарозе назад наткнуўся вось на гэты дэстрой

Відавочна, гэта ўсё, што засталося ад палаца. А яшчэ на фотаздымках 2006 (і нават 2017) года тут нават калоны стаяць

Сядзіба Бжазоўскіх ў Янавічах выглядае больш аптымістычна - нават хтосьці металічны дах зрабіў, як бачыце. Сучасны металічны дах на такіх аб'ектах - гэта, канешне ж, таксама добрае лайно, але ў параўнанні з тым, што я пабачыў на папярэдніх дзвюх маршрутных кропках, можна нават і згадзіцца з тым, што хай дом хоць і так, але жыве

І яшчэ адна старая сядзіба - літаральна праз дарогу, у вёсцы Стралкова

Краявіды

Клецк на гарызонце

Далей быў доўгі, больш чым на 20 кіламетраў, пераезд мясцовымі дарогамі да Начы. На фота, відавочна, наступствы той непагоды, што ўраніцы мяне паспяхова абмінула

Нават не памятаю ўжо, што гэта за населены пункт на гарызонце - мо і той жа Клецк, бо да Ляхавічаў яшчэ далёка, а больш ніякіх гарадкоў у тых мясцінах няма

Дарогі

Палі

Сажалкі

Прыехаў нарэшце ў Начу. Тут знаходзіцца былая сядзіба Чарноўскіх "Нача Брындзоўская". Гэтай сядзібе пашанцавала, напэўна, трошкі больш, чым папярэднім, бо галоўны будынак мясцовы калгас прыстасаваў на свой лад пад нейкае прамысловае памяшканне. Гэта сапсавала яго знешні выгляд, але хаця б палац дажыў да нашага часу

Побач - прамысловыя будынкі

І вялікі парк з камарынымі хмарамі

Бровар

Проста закінуты домік

Ад Начы першапачаткова планаваў ехаць на паўднёвы захад, каб праінспектаваць на прадмет зменаў (хаця што там змянілася за год, самому смешна) знакамітую сядзібу Рэйтанаў у Грушаўцы і фінішаваць на станцыі Рэйтанаў, але праз тое лазанне полем за Ёдчыцамі згубіў шмат запланаванага часу, таму мог ужо і не паспець на перадапошні вечаровы лунінецкі цягнік (чакаць жа некалькі гадзін апошняга зусім не хацелася). Ну ды й ладна - усё роўна, Грушаўка знаходзіцца на адлегласці вечаровай катанкі ад майго дому, таму можна скатацца туды іншым разам. Зараз жа пад'ехаў трошкі на поўнач, у Жарабковічы, дзе ў 19.20 сеў на вечаровы цягнік Слуцк-Баранавічы

Пасля гэтай вандроўкі магу афіцыйна казаць, што ненавіжу пах рапсу, як бы прыгожанька ў траўні палі гэтай расліны ні выглядалі

Дзякуй за ўвагу!