August 15, 2019

Гаўя-Мільва-ст.Нёман

Гэтым разам я распавяду вам пра сапраўды спякотную і летнюю (хоць каляндарна яна і адбылася 23 траўня - але травень у гэтым годзе атрымаўся, напэўна, больш летні за які-небудзь ліпень) вандроўку паўночна-заходнімі раёнамі. Стартаваў на станцыі Гаўя ў ваколіцах Іўя, праехаў на поўдзень у бок Мільвы-Бярэзіны і вусця Заходняй Бярэзіны, а адтуль - на паўднёвы захад, праз паўночную частку Наваградчыны, фінішаваўшы на станцыі Нёман пад Бярозаўкай. Далей - трэк паездкі і вельмі шмат фотаздымкаў

01. Пусты вагон ранішняга цягніка Баранавічы-Ліда - лепшая рэклама таго, што вандраваць значна лепей у працоўны дзень (я тады быў на вакацыях). Трошкі пасажыраў каціла ад Баранавічаў-Паўночных на лецішчы паўночнай часткі раёна, потым трошкі народу ад Наваельні да Клішавічаў (супрацоўнікі знакамітага санаторыя "Радон", відавочна), і яшчэ трошкі - ужо перад самай Лідай у райцэнтр

02. У Лідзе больш за гадзіну паміж цягнікамі, таму спачатку перакусіў у вакзальным буфеце, потым трошкі пакатаўся горадам (у асноўным, вакол замка)

03. Яшчэ адна невялічкая паездка таксама амаль пустым цягніком Ліда-Маладзечна - і я на станцыі Гаўя. Станцыя гэтая знаходзіцца недалёка ад райцэнтра Іўе, але транспартнае спалучэнне грамадскім транспартам паміж чыгункай і горадам, як і ў прынцыпе ў-ва ўсім Іўеўскім раёне, зусім дрэннае

04. Які такі яшчэ Дунай?

05. У Іўі я ўжо быў мінулай зімой, таму затрымлівацца там не стаў, проста праехаўшы праз цэнтр горада

06. Старая забудова мястэчка

07. Качу далей. У вёсцы Дуды - касцёл Нараджэння Дзевы Марыі (1772 г.)

08. Вясковыя хаткі

09. А за Дудамі - траса М6 "Мінск-Гродна", якую якраз ужо тут адчынілі пасля рэканструкцыі. Шырокая аўтадарога, а пасярэдзіне - выскаваты адбойнік. Але ехаць у аб'езд дурняў канешне ж няма, таму перабраўся як ёсць :)

10. За трасай М6 надоўга пачалося каралеўства жвіровак. Ляцеў тут лясамі і палямі міма раскіданых там-сям хутароў

11. Лясны канал

12. Дарога, відавочна, уключаная ў нейкі турыстычны роварны маршрут

13. Нарэшце прыкаціў у Мікалаева. Тут ёсць брукаванка

14. А ў цэнтры вёскі - драўляная Пакроўская царква (1923-26 гг.)

15.

16. За вёскай палямі бяжыць блакітная стужка

17. Гэта ў нас Нёман

18. Ён тут налятае на высокі бераг, разліваецца - і рэзка разварочваецца амаль на 360 градусаў. То бок, абодва стумені на фотаздымку ніжэй - гэта адна і тая ж рака, а не сутока дзвюх

19. Ціхая і шырокая затока на месцы развароту

20. Нёман я яшчэ ў гэты дзень пабачу (і не адзін раз), таму хутка качу далей. У вёсцы Барова - нядаўна рэканструянаваная закінутая раней царква пабудовы 2й паловы 19 стагоддзя

21. Доўгі (бо прамых дарог да Мільвы там, відавочна, няма - калі быць дакладным, на мапах нейкая дарога ёсць, але на спадарожніку нешта яна выглядае занадта падазрона) пераезд жвіроўкамі...

22. ...і нарэшце я ў Мільве-Бярэзіне. Вёска пакінула ўражанне поўнай глухамані, хаця прыстойна выглядаючыя хаткі там ёсць

23. Тамтэйшая цікавостка - гэта драўляны мост...

24. ...праз Бярэзіну - ды не тую, у якой у 1812 годзе танулі французы, а яе менш знакамітую заходнюю сястру

25.

26. Качу бярэзінска-нёманскімі глухаманямі далей

27. І выязджаю на маляўнічы бераг ракі, дзе зрабіў невялічкі прыпынак на абед - прыкладна 40 кіламетраў за спіной ужо

28.

29. Гэта не проста лужына пасярод дарогі, а маленькі прыток Заходняй Бярэзіны

30. А гэта - дарога поймай Нёмана і Заходняй Бярэзіны паблізу іх сутокі

31. Не ведаю як за аб'ёмам вады, але за шырынёй, як падалося, рэкі ў месцы сутокі амаль роўныя (спутнікавы здымак гэтага месца пакідае такое ж ураджанне). З паўночнага ўсходу цячэ Заходняя Бярэзіна...

32. ...а з паўднёвага ўсходу - амаль такі ж памерамі Бацька-Нёман...

33. ...і далей на захад яны цякуць ўжо практычна ўдвая шыршым агульным патокам

34. Нёман крыху вышэй. Была думка паспрабаваць прабіцца да Дзяляцічаў берагам, каб не вяртацца да Набярэжнай і не каціць у аб'езд, але там хуценька пачалося балота

35. Яшчэ адзін драўляны мост, зараз ужо праз Нёман, у Дзяляцічах

36.

37. Рака

38. Крыжаўзвіжанская царква на могілках ў Дзяляцічах (1867 г.)

39. Тут калісьці была сінагога

40. Брукаванка ў Дзяляцічах

41. Некалькі кіламетраў паганай жвіроўкі - і я ў Вераскове. Царква св.Пятра і Паўла (1896 г.) на вясковых могілках

42. У Вераскове нямала чаго засталося (але ж у дрэнным стане) ад сядзібы Брахавіцкіх 19 стагоддзя. Вось нейкая кладачка

43. А ўсярэдзіне - чыйсці агарод

44. Галоўны будынак сядзібы

45.

46. Увогуле, нейкіх руінаў па вёсцы раскідана шмат

47. Кіламетры паміж Верасковым і Усялюбам былі самым цяжкі адрэзкам маршруту - жвіроўка там цяжкая і зусім не хуткасная, рэльеф узгорысты (бо сама тут дарога праходзіць паўночнай часткай Наваградскага ўзвышша), а да таго ж праязджаў я гэты адрэзак, напэўна, самым спякотным часам таго дня

48. Але ўсё гэта - дзеля таго, каб на фінішы пабачыць перад сабой суровую постаць старажытнага ўсялюбскага касцёла

49. Касцёл св.Казіміра (да 1430 г.) спрачаецца за статус найстарэйшага ў Беларусі з ішкальдзкім сабратам - відавочна, касцёл ва Усялюбе трошкі старэйшы, але ён перабудоўваўся (вежа-званіца, напрыклад, пабудаваная толькі ў 19 стагоддзі), у адрозненне ад Траецкага касцёла ў Ішкальдзі

50. За касцёлам - могілкі...

51. ...і паціху развальваючаяся капліца-пахавальня былых уладальнікаў мястэчка О'Руркаў

52. Час ужо ішоў на вечар, і далей паціху станавілася больш прахалодна

>

53.

54. Колькі-но старых дамоў ёсць і ў цэнтры гэтага, як мне падаецца, даволі жывога мястэчка, а на поўнач ад касцёла трошкі чаго захавалася ад сядзібнага комлексу. Увогуле, месца вартае таго, каб наведаць яго, напрыклад, у камплекце з Наваградкам, які тут зусім недалёка

55.

56. Сайдынгізаваная праваслаўная царква Міхаіла Арханёла (1838-40 гг.) пасля касцёла неяк увогуле ніяк не ўраджвае

57. Традыцыйны савецкі жаўнёр на ўскраіне вёскі

58. Далей за першапачатковым планам я павінен быў каціць кудысьці на паўднёвы захад і фінішаваць альбо на п.п.Яцукі, альбо ў Клішавічах, але паглядзеўшы на гадзіннік зразумеў, што яшчэ хапае часу скатацца ў Бярозаўку і зрабіць сабе вячэру на беразе ракі каля станцыі Нёман. Прыкінуўшы маршрут на мапе, я пакаціў на захад, як мне падавалася тады, трасай Н6315, якая кіламетраў праз 10 павінна была вывесці мяне на трасу Р11, што ідзе ад Нясвіжа да Тарнова Лідскага раёна, праходзячы праз Бярозаўку. Чаму я не праверыў свой шлях, адразу ад'ехаўшы ад Усялюба, а супакойна кінуў падключаны да паўэрбанка разрадзіўшыся тэлефон у заплечнік (каб не грэўся на сонцы) - і не пытайце...

59. Жвіроўка бегла ўдалечыню, да заходзячага за гарызонт сонца...

60. Лясны струмень быў прыняты мной за рэчку Крамушоўку, пра якую я павінен быў якраз пераехаць

61. Зразумеў, што нешта не так, я ўжо калі за глухой вёсачкай з шыльдай "Журавельнікі" жвіроўка рэзка пераўтварылася ў такое

62. Дастаю тэлефон, адчыняю мапу - так, не той дарогай пакаціў... Вяртацца далёка, каціць на паўночны захад у Васілевічі і Пудзіна, адкуль больш-менш добрая дарога на Бярозаўку - таксама далекавата плюс пясочак... Вырашыў працягваць каціць прама праз лес намаляваным на мапе лясным пункцірчыкам. Часам дарога набывала такі пясчаны выгляд, як на фота ніжэй, але больш мяне непакоіла ўжо сапраўдная рэчка Крамушоўка наперадзе - ці будзе праз яе мост?

63. Дарма непакоіўся - мост быў

64. Сама Крамушоўка

65. Далей яшчэ порцыя лясных дарог - і нарэшце траса Р11, якой я ўжо хуценька ўязджаў у Бярозаўку. А ў Бярозаўцы - "Эўраопт" з півам і смакоткамі :)

66. На ўскраіне горада нешта будуюць

67. Традыцыйная маляўнічая панарама Нёмана з маста каля Бярозаўкі

68. Пасля сутокі з Заходняй Бярэзінай Нёман прыняў воды Гаўі, Дзітвы, Плісы і шмат якой іншай дробязі - і тут ужо значна пабольшаў

69. Вось гэтая хмара на той момант мяне непакоіла - магла сапсаваць міні-пікнік на фінішы

70. Ужо якім разам (па-мойму, пятым ці шостым) за не такую ўжо і доўгую гісторыю катанак праязджаю маляўнічай дарогай уздоўж ракі ад Сяльца да Агароднікаў

71. Вось тут можна і прыпыніцца - чыгунка побач, да цягніка больш за гадзіну, месца маляўнічае

72. Хай і фотачка гэтага берага без ровара будзе, усё адно артыкул ужо занадта вялікі выйшаў

73. Хмара прайшла міма, як вы зразумелі ўжо, напэўна

74. Вечар...

75. Цішыня. Той бераг выглядае больш дзікім, але калі верыць мапам, там ёсць нейкія пляцоўкі, да якіх таксама ад п.п.Яцукі можна даехаць - мо калі-небудзь праверу

76. Час ехаць на цягнік. ДОТ схаваўся

77. Заход сонца і станцыя Нёман

78. Мой дызелёк МордарЛіда-Баранавічы. Дома быў ужо ўначы

Дзякуй за ўвагу!