November 28, 2019

Палескія сцежкі: ад станцыі Ясельда да Лунінца праз вусце рэчкі Бобрык - ч.1

У суботу 20 ліпеня зрабіў вандроўку ў паўднёва-ўсходнюю частку Брэсцкай вобласці. Стартаваў са станцыі Ясельда ў ваколіцах Пінска, далей рушыўшы на ўсход, уздоўж рэчышча Прыпяці, увечары прыехаўшы ў Лунінец. Маршрут даволі прамы і мог бы падацца не такім ужо і цікавым, калі б не вырашыў трошкі "ўскладніць" яго заездам да вусця прытока Прыпяці рэчкі Бобрык. Што з гэтага атрымалася - чытаем далей :)

01. Пінск хаця і недалёка знаходзіцца, але лагістыка да яго ад Баранавічаў так сабе. Памятаю, як на першым курсе атрымаў у свой адрас порцыю "добрых" слоў ад пінскіх аднагрупнікаў. Яны паскардзіліся, што надта доўга трэба трасціся з Пінска ў Баранавічы маршруткай. Я больш люблю цягнікі, чым аўтатранспарт, таму я часцяком забываюся (а тады я яшчэ не асабліва гэтага і ведаў), што большасць людзей паездкі прыгараднымі беларускімі "рыжскімі" цягнікамі ўспрымае цяжка, таму параіў ім з чыстым сэрцам і без аніякага падтэксту паспрабаваць скатацца дадому прыгараднымі цягнікамі праз Лунінец. Вынік і іх эмоцыі ад такой вандроўкі (а яны сапраўды паспрабавалі такі варыянт) мо і апісваць не трэба :). У маім жа канкрэтным выпадку (так, вяртаюся з 2006 года - як даўно ж гэта было! - у 2019) гэта азначала тое, што мне трэба было сесці на дызель-цягнік Баранавічы-Бухлічы на 4.53 з Баранавічаў-Палескіх, у 7.00 выйсці з вагона ў Лунінцы, прасядзець на лунінецкім вакзале амаль 3 гадзіны - і ўжо на 9.50 рушыць да Ясельды цягніком Лунінец-Брэст, дзе мяне чакала яшчэ гадзіна дарогі. Канешне ж, дурняў так рабіць не было, таму я вырашыў заняць гэтыя тры гадзіны своеасаблівым лёгкім "пралогам", праехаўшы Лунінец і выйшаўшы на станцыі Прыпяць.

02. Пра станцыю Прыпяць я калісьці раней ужо распавядаў, але хто ж тое прыгадае ўжо, дый не лянота і самому зноў напісаць. Стаіць яна пасярэдзіне глухамані практычна на беразе самой ракі, ніякага населенага пункту непасрэдна каля самой станцыі няма. Адсюль кіламетраў 5 на захад да тыпова вялікай палескай вёскі Стахава з яе гідравузлом, каля ракі ўнізе ёсць рэшткі вёскі Кораб'е, што зараз уяўляе сабой ланцужок раскіданых там-сям турыстычных аграсядзіб, а таксама рэшткі порта. У сам порт у мінулым годзе залазіў падчас двухдзённага паходу вядомы баранавіцкі турыст-раварыст Зміцер Карачун, фотаздымкі адтуль можна паглядзець тут (УПД. Ёсць і фотасправаздача Віктагана адтуль, зробленая яшчэ ў 2010 годзе: https://victogan.livejournal.com/231761.html). Яшчэ на генштабаўскіх мапах 80х гадоў гэтая мясцовасць - суцэльные балоты, "парэзаныя" толькі адной чыгункай, зараз жа прастора на захад ад чыгункі асушаная і ўяўляе сабой сетку палей і меліяратыўных каналаў. На ўсходзе ж ад чыгункі па-ранейшаму застаюцца дзікія непраходныя балоты. Мне пару год таму вельмі параілі праехацца па той мясцовасці ад вёскі Дубай да Прыпяці і потым ужо ўздоўж ракі да Кораб'я (праўда, папярэдзіўшы, што сцежкі там вельмі складаныя). Трэба адзначыць, што людзей на Прыпяці, аднак, выйшла нямала. Кантынгент - мясцовыя жыхары, накіраваўшыяся адразу ў бок Стахава (гэтыя былі ў асноўным са сваімі роварамі), рыбакі і ягаднікі.

03. Я ж нікуды асабліва не спяшаўся. У маіх планах было пераправіцца паромам ад Кораб'я праз Прыпяць на іншы бераг ракі і адтуль ужо знаёмай лясной жвіроўкай паехаць на поўнач у Лунінец. Паром ходзіць з кожнага берага ўраніцы раз у гадзіну; на 7.30 я ўжо ўсё роўна не паспяваў, рэйса на 8.30 усё роўна трэба было доўга чакаць. Адмахваючыся ад камароў, пафатаграфаваў будынак станцыі (ужо зачынены, каса не працуе, а з пасажырскага сэрвісу - толькі стацыянарная сіняя будка), распакаваў ровар і, пераехаўшы чыгунку, рушыў уніз.

04.

05. Жвіроўка ад станцыі Прыпяць да Кораб'я.

06. Хутка ўжо быў каля парома. Ён стаяў на тым беразе, рыхтуючыся да рэйсу на 8.00.

07. Расклад руху, мо каму і спатрэбіцца.

08. Пакуль чакаў, перакусіў і пафатаграфаваў трошкі раку. Трэба і сапраўды калі-небудзь паехаць мо і не да самога Дубая, але хаця б паспрабаваць праехаць уздоўж Прыпяці на ўсход як мага больш (хаця спадарожнікавыя мапы нешта не абяцаюць там лёгкага жыцця і далёкіх маршрутаў).

09.

10.

11. Усё, паром ужо вярнуўся. Можна грузіцца.

12. Праз некалькі хвілін ужо хуценька імчаў на поўнач жвіроўкай Кораб'е-Лунінец. За два з паловай гады дарога, як падалося, для раварыстаў стала значна горшая - відавочна, падсыпалі жвіру, таму стала не так камфортна каціць. Праўда, самы жвіратрэш там толькі пасля парому, ужо праз кіламетр-другі можна каціць даволі хутка.

13. Большай часткай дарога бяжыць уздоўж меліяратыўнага канала, звязваючага каналы ў асушаных паўднёвых ваколіцах Лунінца з Прыпяццю. А па баках - непралазны балоцісты лес (хаця ў шырыню ён тут не такі і вялікі: некалькі кіламетраў у кожны бок - і на мапе ўжо кіламетры сеткі меліяратыўных каналаў і палёў).

14. Да Лунінца дабраўся хутка. У цэнтры - зусім трошкі старых домікаў, але ўвогуле Лунінец цяжка назваць цікавым горадам: спальнікі, аднапавярховая забудова, прамысловасць... Карацей, такое сабе індустрыяльнае Палессе.

15.

У раёне вакзала было людна: працаваў прывакзальны кірмаш, у кароткі час адыходзіла некалькі цягнікоў... Набыўшы ў райпошнай гандлёвай кропцы пару піражкоў і бутэльку "колы", схадзіў за квітком (паслухаўшы прэтэнзіі ад нейкага мужыка на тэму "Як меня ўжо дасталі гэтыя веласіпедзісты", "вездзе лезуць") і палез ва ўжо чакаючы адыходу дызель Лунінец-Брэст (пашчасціла адразу знайсці вагон, дзе было дастаткова вольнага месца ля ўвахода, каб паставіць ровар і сесці самому са сваім заплечнікам), з'еў піражкі (сам сабе зараз нагадваю donni_nina :) ) - і можна ехаць.

16. Дарогу ад Лунінца да Ясельды зусім не памятаю, бо адразу заснуў. Прачнуўся ўжо ад сігналу будзільніка, які прадбачліва паставіў на час за 10 хвілін да прыбыцця. Будынак станцыі Ясельда нічым не цікавы, а з захаду, з боку Пінска, да мяне ўздымалася цёмная хмара, якая практычна гарантавала хуткі дождж. Забягаючы наперад, пад дождж я не патрапіў, бо яна нейкім чынам прайшла міма, ды і ўвогуле я гэтай хмары быў вельмі ўдзячны за тое, што першая палова дыстанцыі (замест спякотнага дня, які абяцалі сіноптыкі) была даволі прахалоднай.

17. Няцяжка здагадацца, што калі станцыя завецца Ясельдай, то і сама рака дзесьці побач працякае. Пакаціў да яе; ці, калі дакладна, да маста трасы Р8 над ракой.

18. Унізе можна пабачыць рэшткі, відавочна, старога маста праз раку.

19. Хмары дзесьці над Пінскам.

20. Там, на месцы, мне падалося, што на гарызонце ўжо Пінск (бо ён тут сапраўды недалёка), але ўжо потым паглядзеў на мапе, што гэта толькі прыгарад "Сталіцы Палесся".

21. Станцыя Ясельда знаходзіцца побач з вялікай вёскай-мястэчкам над назвай Гарадзішча (фармальна вакзал знаходзіцца ў іншым населеным пункце - Зарэччы, але гэта ўжо дэталі). Галоўная "фішка" Гарадзішча - гэта два возеры прама пасярэдзіне вёскі. На фота - меншае з іх, на мапах яно падпісана як Святое возера. Яно, як бачыце, зусім не маляўнічае, аточана прыватным сектарам, трасай і прамзонай (на тым беразе знаходзіцца Гарадзішчанская мэблевая фабрыка - нават не ведаю, ці працуе яна зараз).

22. Большае возера - Гарадзішчанскае - мае на мапе выгляд літары V і падзяляе мястэчка на тры часткі. То бок, у Гарадзішчы нават свой паўвостраў ёсць! Праўда, не ўсюды да берага возера выйсці можна, але нейкае падабенства пасялковага пляжу я знайшоў. Праз кароткую пратоку яно звязана з Ясельдай, што працякае прама за вёскай (але погляд на спадарожнікавыя мапы не даў вялікіх надзей, што ад вёскі да ракі прабрацца можна).

23.

24. Архітэктурных цікавостак на гэтым маршруце было мала, першая (і, напэўна, самая цікавая) з іх - гэта жылы будынак былога комплексу кляштара бенедыктынцаў у самім Гарадзішчы. Больш ад самога кляштару, відавочна, нічога не засталося - зачынілі яго пры "мураўёўшчыне" у сярэдзіне 19 стагоддзя, а стаяўшы тут касцёл святой Ганны разбураны ў 1944 годзе. Зараз будынак стаіць на тэрыторыі вясковай лячэбніцы. Спачатку дабраўся да яго звонку, з боку возера.

25.

26. А потым трошкі абнаглеў - і паехаў прама праз бальнічны двор, міма здзіўленых медыкаў і пацыентаў лячэбніцы.

27. Усё, і так многа часу на Гарадзішча патраціў, трэба ехаць далей. Амаль за самой вёскай звярнуў з трасы Р8 на захад - і чакала мяне далей многакіламетровае "жвіровачнае каралеўства" (з парай перапынкаў на асфальт у вёсках). Дарога ад Кліна на Сушыцк - аццкі ад. Жвіроўка там уяўляла сабой шчыльна раскіданыя каменчыкі не ведаю з якога матэрыяла, каціць якімі было вельмі некамфортна. Да таго ж, быў адрэзак, дзе здвалася, што вось наперадзе пачынаецца асфальт (хаця адкуль яму ўзяцца тут), але калі пад'ехаў бліжэй, то пабачыў, што там усё тое ж самае каменне.

28. У Сушыцку - драўляная каплічка на могілках.

29. Можна зазінуць праз шкло ўсярэдзіну.

30. І побач - больш новая "сястра" капліцы.

31. Транспартная інфраструктура.

32. Часам сюды нават аўтобус з райцэнтра прыходзіць.

33. За Сушыцкам "камнетрэш" вярнуўся, але ўжо не надоўга (хаця пара кіламетраў думак на тэму "А ці не вярнуцца мне ў Пінск і не папіць піва на беразе Піны замест гэтага ўсяго?" у мяне тут была, прызнаюся).

34. Ужо ад Астровічаў мяне чакала роўная і адносная хуткасная (хаця і не вельмі якасная) прамая дарога ажно да Беразцоў, што ідзе шырачэзнай сумеснай далінай Ясельды і Прыпяці (дзесьці тут іх сутока - і мне вельмі цікава, ці можна прабрацца туды зямлёй).

35. Дзесьці не так ужо і далёка ідзе дождж.

36. На гарызонце - пад'ём ад даліны Прыпяці.

37. Нагадваю, што гэта быў канец ліпеня, таму на палях можна было сустрэць і сельскагаспадарчую тэхніку.

38.

39. Каціў так палямі да Маладзельчыцаў, а ў Маладзельчыцах звярнуў на поўдзень і праз вёску рушыў да Прыпяці - недалёка адсюль ёсць адна з нешматлікіх на гэтым беразе кропак, да якіх можна дабрацца сваім ходам прама на бераг ракі.

40. Дарога станавілася ўсё горшай і горшай, але была праезжая. І вяла яна поймай ракі праз сумныя і пахмурыя ў гэты час балоты.

41.

42.

43.

44. Прыпяць ужо дзесьці за гэтымі дрэвамі на гарызонце.

Але пабачым мы яе ўжо ў наступнай частцы.

Дзякуй за ўвагу/

ПРАЦЯГ