December 2, 2019

Палескія сцежкі: ад станцыі Ясельда да Лунінца праз вусце рэчкі Бобрык - ч.2

ПАПЯРЭДНЯЯ ЧАСТКА

01. На беразе Прыпяці быў аншлаг з рыбацкіх аўтамабіляў, ды й сам бераг капітальна, даруйце, засраны (ужо не ведаю, колькі раз выкарыстаў гэтую фразу ў сваім блогу) рыбакамі. Рыбакі, сярод вас мо і ёсць нармалёвыя людзі, але большасць з вас - зло :( Два з гэтых чалавекападобных мудакоў якраз "адыходзілі" на гэтым самым беразе пасля вечаровай алкарыбалкі каля свайго намёта. Фатаграфаваць гэтых падпіткаў я не стаў, але вось у кадр іхняе рыбацкае месца патрапіла

02. І іх транспартны сродак

03. Бачна, што з таго берага менавіта ў гэтым месцы падыходзіць грунтовая дарога. Такое супадзенне наводзіць на думку, што калісьці раней тут быў ці то паром, ці то якая іншая пераправа. На генштабаўскіх мапах 80х гадоў тут ніякай пераправы не пазначана, але стаіць метка, што тут нібыта была прыстань. Знатакі, мо хто ведае адказ!?

04. Алкарыбакі паводзілі сябе не агрэсіўна, але даставалі пытаннямі на тэму "Аткуда ты? Ты что, с самых Баранавіч сюда пріехал?", таму затрымлівацца на гэтым месцы не стаў. Вярнуўся да Маладзельчыцаў той жа самай сцежкай праз балоты.

05. Адтуль зноў рушыў прамой дарогай на Беразцы. Я, відавочна, надта нагадваў мясцовага (хаця звычайна мяне на Палессі чамусьці часцей за немца прыймаюць, гы), ці проста мясціны там такія бязлюдныя, што альтэрнатывы не было, але я выглядаў як асоба, якой нешматлікія праезджыя могуць задаваць пытанні наконт чагосьці, што знаходзіцца побач. Самае цікавае, што я нават змог на гэтыя пытанні адказаць. Магазін у Маладзельчыцах? Ёсць, толькі што праязджаў міма, але праз 10 хвілін зачыніцца, наступны мо ўжо толькі ў Гарадзішчы. Як праехаць у Кудрычы? Паглядзеў на мапе - фігова, яны на тым беразе Ясельды, мост ёсць толькі той самы, з якога я ўраніцы раку фатаграфаваў, таму каціць ажно праз Гарадзішча... Ну а вам кіну фотачку аднаго са шматлікіх тамтэйшых палёў, ляжачых, канешне ж, на месцы вялізарных асушаных балот. А каціць мне яшчэ вось да таго лесу, які ледзь можна пабачыць на гарызонце (за гэтым лесам, дарэчы, ужо знаходзіцца Лунінец).

06. Нарэшце, Беразцы. Па нашых цэнтральнабеларускіх мерках вёска таксама жылая і немалая, але па мерках палесскага "вялікавесся" - ляжачая дзесьці ў дупе свету малалюдная глухамань. Тут у цэнтры вёскі стаіць царква св.Маккавеяў. Таксама за вёскай ёсць яшчэ адзін выхад да Прыпяці, але з ім я касякнуў, не заўважыўшы яго своечасова на мапе.

07. Ад Беразцоў рушыў на поўнач. Далей цывілізацыя нават такая, якая была раней, скончылася. Увогуле, дэвізам большай часткі дня было "Дзе я?", бо прасторы там зусім малалюдныя. Пераваліўшы праз меліяратыўны канал, рушыў на поўнач, праз асушаныя меліяратарамі балоты ў даліне рэчкі Бобрык. Але да Бобрыка яшчэ каціць і каціць, а дарогі там нялёгкія...

08.

09. Шыльда "Канец населенага пункта" намагаецца схавацца :)

10. Лес ужо не так і далёка, але маршрут і мясцовыя дарогі так складзеныя, што мне да яго яшчэ каціць і каціць

11. Дарогі там пясчаныя, таму часу на іх патраціў нямала. Самае цікавае, што хаця і каціў я праз "дупу свету", далёкую ад усяго, ад чаго можна, але нават тут людзі сустракаліся: два разы сустрэў машыны - відавочна, ягаднікаў

12. Злева ад мяне былі кіламетры прадукту дзейнасці шкоднікаў-меліяратараў, а справа - жывыя і некранутыя прыпяцкія балоты

13. Нарэшце, вось ужо і сам Бобрык.

14. Рака амаль цалкам (ад вытокаў і практычна да самога вусця) забітая меліяратарамі і фактычна ўяўляе сабой вельмі доўгі меліяратыўны канал. Але, што самае цікавае, старое рэчышча тут таксама засталося. Звярнуў я на яго ўвагу толькі потым, з нагоды, ніяк не звязанай з гэтай вандроўкай, вывучаючы "генштабаўскія" мапы Лунінецкага рэгіёна і наткнуўшыся на блакітную стужку, пятляючую побач з сучасным рэчышчам, падпісаную як "Стары Бобрык". Параўнаў "генштаб" з гугламапамі - а вось гэтая стужка і зараз бачная. А што яшчэ цікава, гэтым старым рэчышчам, наколькі я разумею, яшчэ і мяжа паміж Пінскім і Лунінецкім раёнамі праходзіць - відавочна, малявалася яна яшчэ да меліяратараў

15. Від на Бобрык з маста праз раку

16. Прамой лініяй Бобрык цячэ на паўднёвы ўсход, да свайго вусця. Туды я і планаваў каціць далей

17. За шлюзам, да якога я яшчэ вярнуся і фотачку якога я яшчэ вам пакажу, дарога значна пагоршылася. Да вусця ракі ад шлюза усяго прыкладна 4 кіламетры, але яны былі даволі цяжкія

18. Перад вусцем Бобрык уходзіць уніз і становіцца нарэшце больш падобным на нармалёвую раку, чым на меліяратыўны канал

19. Спланаваў я маршрут да гэтай лакацыі не ўсляпую, а натхніўшыся справаздачай пра вандроўку сюды раварыста-вандроўніка з Лунінеччыны Яўгена Касача, больш вядомага ў гэтых нашых турысцкіх інтэрнетах як Black Stork. Саму яго справаздачу можна (і нават трэба) прачытаць тут, ад сябе ж адзначу, шо мне Яўгенавы нататкі вельмі дапамаглі. Напрыклад, дзякуючы яму я ведаў, што лепш не спрабаваць перціся сюды прамой дарогай ад Беразцоў, так спакусліва выглядаўшай на мапе. Вось як тая "дарога" выглядала на самым сваім фінішы

20.

21.

22. Вусце ўсё бліжэй. Апошні кіламетр был значна лягчэйшым за папярэднія тры

23. Вынік у мяне быў такі жа, як і ў Яўгена. Дарога выводзіць на пляцоўку каля ракі, якая знаходзіцца менш чым у ста метрах ад Прыпяці. Я нават бачыў адтуль супрацьлеглы бераг "Палескай Амазонкі" (ён і на фотаздымку ніжэй бачны - гэта тыя вось самыя дрэвы і зямля пад німі ўдалячыні) і бачыў і чуў рыбакоў, стаячых на тым беразе, але саму раку - ні-ні. Дарогу тут перарэзала старыца-затока, дно ж ракі там вязкае, а рака - самі бачыце якая. Яўген быў на гэтым месцы ў жніўні, я ж - месяцам раней, калі вады тут яшчэ значна больш. Потым я ўжо ў Баранавічах на чыгуначным вакзале перакінуўся парай слоў з яшчэ адным знаёмым раварыстам, які якраз родам з гэтага рэгіёну, і ён казаў, што да непасрэднай кропкі вусця Бобрыка з зямлі ніхто не дабіраецца

24. Бераг гэты, відавочна, выкарыстоўваюць як стартавую кропку рыбакі з лодкамі, таму ці трэба казаць, што і там грунтоўна падзасрана? А яшчэ там стаіць такі вось ужо практычна рарытэтны аўтамабіль - відавочна, калісьці ім сюды нехта заехаў, а абратна ўжо выехаць не змог...

25. Ад вады ў гэтым месцы ішоў вельмі непрыемны смурод, таму затрымлівацца там я не стаў і хутка пакаціў назад. Дарэчы, адсюль літаральна пара кіламетраў (ці, калі быць больш дакладным, крыху больш за 4) прама да п.п.Журавінка на чыгунцы Лунінец-Удрыцк-Сарны, але нават калі і знайсці спосаб пераправіцца праз раку, то далей пачнуцца непралазныя балоты - то бок, дарогі няма, толькі ўжо ў сам Лунінец каціць. А стартавая кропка майго ранішняга "пралога", станцыя Прыпяць, тут увогуле практычна праз раку - да яе 2 кіламетры, але гэта таксама толькі для тых, хто мае крылы

26. Дзесьці на кіламетровай адлегласці ад вусця ёсць такое вось скрыжаванне; я пакінуў сабе ў галаве пазнаку, што мо правая дарога вывядзе да Прыпяці (а яе берагам - ужо да Бобрыка) - толькі правяраць гэта ў мяне ўжо не было часу. Потым дома я такі вывучыў спадарожнікавыя мапы і прыйшоў да высновы, што гэтай дарогай можна прабрацца хіба што да адной з прыпяцкіх старыц.

27. Было ўжо вельмі спякотна, таму я прыгаворваў гэтай хмарцы: "Ідзі, калі ласка, сюды, я ўжо і на дождж згодны!"

28. Назад той жа самай дарогай каціць звычайна чамусці менш нудна, таму гэтым разам я не заўважыў, як пераадолеў гэтую чацвёрку кіламетраў і хутка быў ужо каля шлюза, якім пераправіўся на іншы бераг

29. Над шлюзам Бобрык дастаткова мнагаводны

30. Пад шлюзам жа вады адразу становіцца значна менш

31. Ад Бобрыка на Лунінец вядзе жвіроўка, але Black Stork (вяртаемся да яго нататак) у тым годзе яе раскрытыкаваў, таму я вырашыў, згодна з яго парадамі, каціць сцежкай праз асушаныя палі ўздоўж меліяратыўнага канала. Зрабіў я гэта, відавочна, дарма, бо дарога там не самая лепшая. Спачатку - такі вось бугрысты "траўнік" (каціць мне, дарэчы, вось да таго лесу далёка-далёка на гарызонце).

32. Потым пачаліся пяскі (а лес усё ніяк не набліжаўся)

33. А калі нарэшце дакаціў, то за паваротам пачаўся ўвогуле аццкі ад. Яшчэ і спякотна, і вада скончылася...

34. А самае крыўднае, што жвіроўка, якую ўсёльткі на пэўным кавалку ніяк не абмінусь, выявілася нармалёвай. Ці то самы трэш знаходзіцца бліжэй да ракі, ці то за год яна проста "прыкаталася" і стала больш якаснай. У любым выпадку, хутка на гарызонце ўжо былі шматпавярхоўкі Лунінца

35.

36.

37. Прыватным сектарам заехаў у горад, а потым пракаціўся нешматлюдным цэнтрам у бок вакзала

38. На Палессі - свае скарбы

Кірмаш увечары, канешне ж, быў ужо зачынены, але знайшлася крама, у якой я набыў пітво і дробны перакус на дарогу дадому - цягніком мне каціць да Баранавічаў яшчэ тры гадзіны. Хутка падышоў дызель Удрыцк-Баранавічы, забіты беларусамі, катаўшыміся на закупы ў гэтае памежнае ўкраінскае мястэчка, да якога даходзяць беларускія цягнікі. Частка выйшла ў Лунінцы, але многа хто каціў далей, і паціху разыходзілася гэтая публіка ўжо ажно да Ганцавічаў. Што здзівіла, чамусьці "хітом продажу" ў той дзень былі карыты і тазы - практычна ўсе выходзілі з вагону з німі :)

Ну, а я ў Баранавічах быў ужо дзесьці пасля заходу сонца - такі вось атрымаўся доўгі дзень. Дзякуй за ўвагу!